Новае — заўсёды ўскраіна сэнсаў. Паштоўкі з памежжа банальнага і невыноснага. Яны не паўстаюць, а здараюцца. І калі пашчасціць, ты ацалееш пасярод гэтага джаза. І калі атрымаецца — не пашкадуеш аб гэтым. Новыя аўтар_кі нязграбныя і нязручныя. У іх свае разлікі з часам, сабой і краінай. Іх ніхто не замаўляў і мала хто чакаў. Але новыя шурпатыя прарастаюць праз адчай, шызу і дэпрэсняк, каб давесці галоўнае — спакою няма. А вось “Пакой” цяпер ёсць.
Жыццё прамаўляе не па-кніжнаму. Нармальны рэжым нашай камунікацыі — мікс вывучанага, замежнага, канцылярскага ды прастамоўнага. Практыкаванні ў стылістычным шматгалоссі. Каб заўважыць дзівацтва моўных раскладаў, трэба збочыць — і замест персанажа зрабіцца аўтарам. Здольным выкарыстаць моўнае як прыём. Каб зрабіць “памылковае” важкім. Трасянка лайно? А вось і не! Дастаяніе рэспублікі.
Здольнасць смяяцца — адна з базавых рысаў чалавека. А выкарыстаць права на смех — святы абавязак блазнаў ды разумнікаў. Гумар робіцца чорным, калі застаецца апошнім патронам у абойме твайго розуму. І працуе адпаведна — як зброя ці лекі. Сёння наш аналітычны спецназ разбірае айчынную сатыру як жанр, форму і творчую оптыку.
Марыць пра лепшае — банальна ды нецікава. Значна цікавей ўяўляць катастрофы і мроіць катаклізмы. Тым больш, што менавіта з імі мы выдатна навучыліся суіснаваць. Антыўтопія — спроба адмяніць чорнае заўтра вербальным гонам. Нават калі насамрэч яно ўжо тут. Наш аналітычны аддзел развінчвае беларускі літдэпрэсняк на часткі. Каб даведацца, ці ёсць там нешта большае за словы.
Замежны погляд заўжды цікавы. Ён вызначае нечаканае і чытае паміж радкоў. Пазбаўляе звычайнай зорнасці і пераглядае рэпутацыі. Але ж калі ўхваляе — дык таксама па гамбургскім рахунку. Украінскі крытык Юры Валадарскі гэтым разам дае нырца ў (не)містычныя аповесці Уладзіміра Арлова.
Калі ты ляціш у бездань, а спадахрон не раскрыўся, застаецца ці то звар’яцець, ці то мроіць. Лепшае з белліту апошніх часоў — нататкі візіянераў, зацемкі аркестрантаў з “Тытаніка”. Ментальная міграцыя з шалёнай лякарні, якую ўжо не атрымаецца разбачыць. Украінскі крытык Юры Валадарскі дэгустуе “пераходнага” Бахарэвіча — паміж “Сабакамі” і тэкстамі з новай эміграцыі.
Рэгулярна даводзіцца чуць “Ну, гэта ж суб’ектыўна!” І шчыра не разумець, у чым праблема. Суб’ектыўнасць — гэта асабіста і неабыякава. Гэта пазіцыя (хай часам і поза). Гэта вострая думка ў форме, спрыяльнай да аспрэчвання. Таму друкуем нязручнае. З павагай да ягонай зухаватай шурпатасці.
Калі чалавек засынае, абуджаецца ягоная падсвядомасць. Гэта кіно без цэнзуры, тэкст без рэдактара, нататкі з патаемнай шуфляды прыватнага досведу. “Плынь свядомасці” вынайшлі не амбітныя авангардысты, а пейзане нападпітку ды знясіленыя хатняй працай бабулькі. Не верыце? А вось вам доказ! Паэтка Сабіна Брыло знайшла пшэпустку ў беларускі народны сон.
Ці можа выжыць прыўкраснае пісьменства падчас татальнага калапсу? Калі выказванне ад першай асобы ператвараецца ў грамадскую пазіцыю? Як казаць пра трагічнае ды невыноснае? Ёсць прыклады. Ёсць варыянты. Наша аналітычная служба разбірае механізмы праблемнага графічнага рамана.
Літаратурныя бліц-агляды — рызыкоўная справа. Гэта як дыскатэка ў ліфце: трэба быць істотным/-ай у відавочна абмежаванай прасторы. Дрэнная навіна: можна не ўхапіць галоўнага. Добрая навіна: чытач, верагодна, проста не здабудзе арыгінала і не зразумее, у чым ты памыляўся/-лася. У любым выпадку маем выдатную магчымасць першаснай арыенціроўкі. А што далей — вырашайце самі.
Макс Шчур — крытычны інтэлектуал, цынічны лаўрэат, саркастычны будыст, апантаны меламан і выдатны паэт — перыядычна развітваецца з прыўкрасным пісьменствам, каб зноў трапіць на старыя рэйкі. Бо так, як Шчур, не робіць ніхто. Таму гэтыя тэксты варта чытаць і перачытваць. Натуральна, праз прызму нашых асабістых незавершаных гештальтаў.
Белліт — адбітак часу. Нават калі летуценна гуляеццца ў ратаванне прынцэс альбо размаўляе з жабкамі. Дзеткі зараз маюць тое, што маюць: дырэктыўна-маралізатарскае чытво, праз плыню якога цудам прабіваюцца годныя кніжкі. Прэмія Цёткі — добрая нагода ўзгадаць пра ўсіх. Аналітычная служба Літрадыё раздае адзнакі.