Андрэй Дудко. Няме мяна. Мармытанні на падмурку выдавецтва.

Новая генерацыя беларускіх выдаўцоў дачакалася сваіх хранікёраў, фанатаў ды хэйтараў. І тае бяды, што часам гэта тыя самыя людзі. Да актуальнага літпрацэсу ставіцца сур’ёзна немагчыма, не заўважаць цяжкавата, ухваляць не выпадае. Што застаецца? Бурчэць ды мармытаць. Дзяліцца імпрэсіямі на ганку няўцямнага заўтра. Дудко смяецца. Альбо трызніць. Мяркуй сам, даражэнькі чытач.

Гісторыя выдавецтва “Мяне Няма” пачалася on the road, але без бензедрыну ці іншых вытворных амфетаміну, у невялічкім туры кніжных прэзентацый. Павел Анціпаў паклікаў прэзентаваць у Варшаве мой раман, што было надта выёбіста для мяне і для рамана, таму я прапанаваў Паўлу шпарка друкануць па маім спосабе ягоную кніжку і правесці прэзентацыю сумесную. Скрыжаваць, што называецца, шпагі. Вядома, так весялей, таму мы самі не заўважылі, як гарадоў стала чатыры, а ў кампаньёнах апынуўся Макс Жбанкоў. І вось, дзесьці пасярод бяскрайняй прасторы-часу, паміж польскай Далінай Смерці і Карпата-Апалачамі small talk усярэдзіне аўтоўкі, што імчалася насустрач літаратурным прыгодам, пра невыносную лёгкасць выдання кніжак (адправіў макет у тыпаграфію — забраў наклад) прывёў Паўла да вар’яцкай думкі, што муціць выдавецтва не так і складана, як падаецца.

— Можна будзе выдаць усё, — седзячы за стырном, марыў ён, як Дзін Марыярці ў летуценным прыходзе. — І цябе, і мяне, і поўны збор нявыдадзеных раманаў Адамовіча, — яго вочы заблішчэлі, адбіваючы касы сонечны прамень. — Адамовіча мы выдадзім адзіным боксам. Абмежаваны наклад у дваццаць асобнікаў. Патаемная беларуская літаратура. Тая самая, якой “няма”.

Такім чынам вызначыліся патрон (Валянцін Акудовіч), назва выдавецтва і першая кніга (“Мяне няма”), хоць, па шчырасці, не разумею, навошта перавыдаваць ужо выдадзенае, калі яшчэ нявыдадзенага акіян. Я адразу параіў звярнуць увагу на збор тэкстаў Сяргея Краўчанкі, новую кнігу Уладзіміра Сцяпана, раманы Канстанціна Сцешыка і Канстанціна Чарухіна.

Зараз, праз амаль два гады пасля той падзеі, я трымаю пяць кніжак. Вось яны злева направа: Акудовіч, Краўчанка, Прылуцкі, Казлоў, лашдэн. Аднолькавы дызайн, мінімалістычнае бляклае ці нават чорна-белае афармленне, файна кладуцца ў рукі, разгортваюцца, чытаюцца. Мне падаецца слушным рашэннем звярнуць увагу не толькі на знешні, але і на “ўнутраны” дызайн: у кніг вельмі прыемная рытмічная вёрстка, што прымушае чытача лепей сачыць за тэкстам, а вока — радавацца.

На беларускім кніжным рынку сапраўднай падзеяй у свой час было з’яўленне выданняў “Янушкевіч” на файнай паперы. Іх было прыемна браць у рукі, разгортваць і чытаць, але іх дызайн быў і застаецца больш для масавага чытача, з яскравымі малюнкамі на вокладках і адпаведнымі найменнямі, — вынік закладзенага камерцыйнага складніку. У выпадку “Мяне Няма” дызайн робіцца больш індывідуальным і пасуе таму чытачу, хто шукае ціхіх, незаўважаных, але “сваіх” шэдэўраў, хто прагне чыстай літаратурнай асалоды, кубак празрыстай чыстай вады замест бляшаначкі мандарынавай фанты. Ці не вады, а густой, як нафта, чорнай кавы. У любым выпадку чагосьці больш натуральнага, але мне падаецца, што кніжкі “Мяне Няма” больш падобныя на кубкі з вадой, — паглядзіце толькі, як вада праламляе фотаздымак на вокладцы “Забыть в электричке”.

mnnm-00001: Валянцін Акудовіч “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”

Першая кніжка, аўтарства патрона выдавецтва, не патрабуе дадатковай рэкламы. Яна ўжо стала культавай і нарадзіла знакаміты мем. “Роздумы на руінах чалавека” — ад чалавека ў кніжцы сапраўды засталіся адно руіны, пасярод якіх спадар Валянцін Васільевіч уладзіўся на хісткім зэдліку, папыхваючы цыгарэтай і пацягваючы з таямнічага мярзаўчыку нейкую каштоўную вадкасць. Што гэта за вадкасць, нам невядома — магчыма, чыстыя думкі. Валянцін Васільевіч пачынае прамаўляць, і з першай фразы захоплівае нас — ужо незразумела, гэта чужы тэкст ці нашыя азарэнні. “На палітычнай мапе Еўропы Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам”, — кажа ён, адкручваючы пробку і працягваючы мярзаўчык чытачу-слухачу, які ў аняменні робіць глыток і захлынаецца жывой вадой.

Кожны сказ як апошні, думкі выкладзены сцісла, лаканічна, толькі так, як і маглі быць. Мы любім Акудовіча за яснасць мыслення, за тое, што ён, шчыра кажучы, не мысліць хуйні, бо як у мастацкім тэксце могуць быць непрыгожыя сцэны, апісанні і г. д., так і ў мысленні здараюцца непрывабныя і неабавязковыя думкі і разважанні, якія можна рашуча выкідаць з тэксту. З-за такіх разважанняў, напрыклад, немагчыма чытаць Салжаніцына. У Акудовіча ж кожная думка — гатовы афарызм, ды і мова такая пекная, што варта вучыцца.

“Крыга Беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз XX стагоддзе, на вачах драбнее — крышыцца па краёх, худнее ў сярэдзіне... На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век гэтага трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадворот — пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэклямаваць на развітанне што-кольвек пафасна-рытарычнае”.

Ці змянілася ў кагосьці разуменне прыроды чалавека пасля гэтай чытанкі? Колькі чытачоў зайшло далей назвы? Дагэтуль рэцэнзенты напаўжартаўліва пішуць, што Акудовіч — філосаф, які сцвярджае, што яго няма. Але ж ніводнага з нас няма як “Я”, і калі ўсіх нас няма, то хто мы? І як казаць пра нас, калі нас няма?

Метафізік, філосаф будавання беларускай нацыі Валянцін Акудовіч, як той Караткевіч, быў, ёсць і будзе самым актуальным беларускім пісьменнікам яшчэ шмат гадоў. Зоркай беларускага мыслення і эсэістыкі, нашымі дэлёзам-гватары-фуко-бадрыярам ды невядома кім яшчэ, пасярод руін чалавека, на самотным і вельмі хісткім зэдліку. Таму кожнае выданне ці перавыданне ягоных тэкстаў знойдзе свайго чытача, але ж мне, як асобе, якая заўжды чакае ад кніжкі чагосьці новага, гэтае выданне падаецца адно эмблемай заяўленых планаў маладога выдавецтва.

Валянцін Акудовіч
“Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”
Набыць

mnnm-00002: Сергей Кравченко “Забыть в электричке”

Сяргея фб-карыстальнікі і аматары слова ведаюць даўно за прыгожыя, далікатна-ўзнёслыя пасты, што нагадваюць мне глыбокае прыслухоўванне да радыёэфіру з адначасовым кручэннем ручкі прыймача, каб знайсці канчатковую хвалю, на якой нарэшце можна будзе сказаць — “да!” Бясконцыя пошукі нюансіроўкі для больш дакладнага ўвасаблення рэальнасці. Акрамя гэтага, ён аўтар манументальных трэвел-лонгрыдаў “Як гэта любіць”, якія таксама склалі б неблагі томік, але сёння гаворка пра фэйсбучную частку тэкстаў.

Зноў сітуацыя, у якой складана казаць, ці то кніга — новы, арыгінальны твор, ці то — перадрук старых матэрыялаў, бо калі вы сачылі за творчасцю Сяргея, вы ўсё гэта ўжо мусілі чытаць. Але як тое бывае з музычнымі альбомамі, колькасць уплывае на якасць, канцэнтрацыя невялікіх тэкстаў прыводзіць да вылучэння новага элемента, які немагчыма атрымаць у адным ці двух кавалках.

Нягледзячы на ўвесь мой скептыцызм наконт выдання фэйсбучных тэкстаў (бо пішуцца яны зазвычай, каб выклікаць імгненны водгалас, зняць ураджай лайкаў ды сысці ў нябыт, і таму няёмка бачыць, што хто-кольвек разлічваў акрамя мімалётнага “выцягвання лайкаў” на нешта большае), я з захапленнем бачу пазітыўную рэакцыю, якую выклікае кніга, і гэта звязана не толькі з тым, што ў Сяргея шмат прыхільнікаў. Чытачам падабаецца “непрэтэнцыёзнасць” прыведзеных тэкстаў, адметная “сувязь з каранямі”. Магчыма, сучаснасць патрабуе менавіта такіх формаў, ці проста сучаснаму чалавеку лепш заходзяць малыя формы.

“На фоне общего апокалипсического надрыва инфопотока последних лет, акварельная эстетика случайных разговоров, по-житейскому мудрых соседей и экспедиций ... затягивает”, — піша Вольга Бубіч. Менавіта за тое мы і любім жанр дзённікаў і нататак, але далей яна піша: “Но ... я вдруг ловлю себя на злости за то, что, убаюканная березами и полифонией электрички ..., позволила заразиться «смуткам» ностальгии, поддалась нео-хипстерскому раскладу… Хождения рассказчика начинают казаться монологом заблудившегося путника. ... Когда же, наконец, опушка, просека, встреча с реальностью...? Нет ведь ни в алкоголизме всех этих самопальных мудрецов ни пророчеств, ни рациональных зерен, ни, наконец, юмора”.

Галоўнай, як на мяне, рысай кнігі Сяргея, і яе галоўнай вартасцю, з’яўляецца менавіта непадымная спроба ўжыцца з усім існуючым. Не толькі давесці, што вакол нас жывуць самапальныя мудрацы-алкаголікі без прароцтваў, рацыянальных зерняў і гумару, але і ўжыць іх з чытачом, прынамсі, хаця б у межах адной кнігі. Што, канешне, не адпавядае стану грамадзянскай інфавайны ўсіх супраць усіх, дзе належыць толькі даводзіць сваю правату, ды і ўвогуле поза вечна правага, пакрыўджанага, і адпаведна, злога патрабуе гэткай жа позы ад усіх астатніх.

“Забыть в электричке” даводзіць усё што заўгодна, акрамя ўласнай праваты. Напрыклад, тое, што кніга — гэта заканамернае ўвасабленне ўсіх магчымых тэкстаў, і няма аніякіх тэкстаў, якія б не заслугоўвалі кнігу, акрамя дрэнных.

Сергей Кравченко
“Забыть в электричке”
Набыць

mnnm-00003: Сяргей Прылуцкі “Гіброіды. Вершы мірных, ваенных і постапакаліптычных часоў”

Гэтым разам цалкам арыгінальнае выданне, бо калі асобныя вершы ці нават усе вершы паасобку траплялі ў сеціва, пісаліся яны не ў фэйсбук і ўтвараюць арыгінальны цыкл. Прылуцкі ўжо гуляў з цыкламі (“Патрыятызм для чайнікаў”), гэтым разам перад намі паўстае патафізічна-фантастычны сусвет, замешаны на маргінальна-алкагольнай тэматыцы.

Авангардны гумар, вядомы па ранейшых кнігах паэта, і нігілістычны погляд на светабудову працінаюць гэты сапраўдны гібрыд, ці “гіброід” з мноства вядомых жанраў і сусветаў — ад філасофскай лірыкі да гумарыстычных вершаў “дзеяння”.
Мая галоўная прэтэнзія да цэлай плеяды нашых паэтаў плюс-мінус аднаго пакалення (Хадановіч, Мартысевіч, Прылуцкі, Адамовіч, Рудак і г. д.) — гэта аднолькавая інтанацыя. Халера ведае, скуль яны яе ўзялі, але гэтая інтанацыя, што качуе з верша ў верш, як аднойчы знойдзены ўдалы прыём, пасля прачытання сотні падобных адзін да аднаго тэкстаў ужо не выглядае такой удалай. Выглядае ўжо нейкай старой і зацёртай і не адпавядае ні наяўнаму стану рэчаў, ні запытам літаратуры нашага часу. Дадатковай праблемай менавіта гэтага зборніка з’яўляецца “штучнасць” вырабленага сусвету, бо, у адрозненне ад больш жывых, лірычных, прасякнутых асабістымі пачуццямі вершаў папярэдніх зборнікаў, рыфма перастае быць інструментам пошуку (паводле Шаламава) сапраўднай эмоцыі ва ўнутраным стане аўтара і робіцца каталізатарам залішняй выпадковасці ці нават неабавязковасці цэлых кавалкаў тэксту. Што, канешне, зніжае вартасць вершаў з прэтэнзій на факт мастацтва да выдатных практыкаванняў на тым полі, дзе аўтар умее граць і ўжо даўно ўсіх выйграў. Мне, як чытачу, больш каштоўна сачыць за тым, як аўтар развіваецца і штораз здабывае новае.

Тым не менш, калі аднесціся да зборніка без дадатковых прэтэнзій, гэта “стары добры” Прылуцкі з усімі наступствамі. У патафізічна-сюрэалістычным вымярэнні сваёй паэзіі. З ілюстрацыямі Андрэя Пакроўскага. Можна ўзяць кніжку ў вячэрні парк, усесціся з ёй пад ліхтаром і, дастаўшы з кішэні той самы падораны Акудовічам мярзаўчык, павольна, пакрысе, па адным вершы, у выпадковым парадку, прычасціцца паэзіі.

Ты вырасьцеш аднойчы і памрэш —
расступяцца, нібы пялёсткі, сьцены.
І тое, што ніяк не назавеш,
увойдзе ў вены.
Густое рэчыва пад назваю “нішто”
ты спажываў з маленства з асалодай.
Лічыў вугольле спаленых мастоў
віном і мёдам.
Забудуць гэты парк і ліхтары
цябе і рэшту выпадковых персанажаў.
Куды ты ўрэшце трапіш, хер стары,
ніхто ня скажа

Сяргей Прылуцкі
“Гіброіды. Вершы мірных, ваенных і постапакаліптычных часоў”
Набыць

mnnm-00004: Владимир Козлов “Варшава”

Гэтым разам нарэшце раман — мой любімы жанр літаратуры, але зноў перавыданне. Варта адзначыць вельмі ўдалую вокладку — павага дызайнерам. Аўтар з самай першай кнігі (славутыя “Гопнікі”) вынайшаў пругкі стыль, які добра, шпарка чытаецца, не надта напружвае мозг звышдэталямі ці разважаннямі, часам нават хацелася б, каб напружваў крыху болей. Стыль падкрэслена візуальны: напрыклад, замест “бутэлька ліманаду” аўтар абавязкова напіша “бутэлька з этыкеткай «Orange»”, быццам сцэна апісваецца праз відашукальнік відэакамеры — нездарма Уладзімір Казлоў стаў кінарэжысёрам.

Мне падаецца, менавіта першыя кнігі (“Гопнікі” і “Школа”) зрабілі аўтару рэпутацыю “рускага Ўэлша”, “рускага Букоўскі” і г. д., бо тыя творы былі перанасычаны натуралізмам — амаль на кожнай старонцы сустракаліся мат, сэкс і гвалт, а ўжо пачынаючы з “Варшавы” “брудны рэалізм” робіцца меней брудным, “падшытым рэалізмам”, у якім з дапамогай таго ж пругкага стылю распавядаюцца куды больш банальныя гісторыі. Аўтар адмовіўся ад шокавага складніка і выбраў шлях не пошуку творчых прыёмаў і іх удасканальвання, а мінімізацыі выразных сродкаў, “акуклівання” ў межах уласнага стылю. Здабыўшы адзін прыём, Казлоў працягвае яго тыражаваць, хаця прыём ужо даўно вычхаўся, як тое піва “Крыніца” ў паўтарашцы без пробкі. Свядомасць чытача проста перастае здзіўляцца і рэагаваць на адзін і той самы прыём. Таму новыя раманы працягваюць выходзіць, а розгаласу ад іх усё меней — тую аўдыторыю, што ў яго ёсць, Казлоў сваім прыёмам “мінімалістычнай візуальнасці” насыціў. Навошта чытаць пятнаццаць раманаў, калі ўсё зразумела з двух?

Як бы ў інтэрв’ю ні даводзілі пра актуальнасць гэтага перавыдання, я да канца не зразумеў, у чым яна канкрэтна палягае. Быццам дзевяностыя (час, апісаны ў рамане) — менавіта тыя часы, калі “ўсё павярнула не туды”. Але гэтай тэмы, “куды” і “што” павярнула, раман не кранае, адно што ўразлівы чытач здольны сам дадумаць гэта праз мінімалістычна акрэслены “zeitgeist”. З іншага боку, актуальнасці мала не бывае, “Мяне няма”, “Забыть в электричке” і “чорны лес” таксама актуальныя, кожная па-свойму.

“Год назад я ходил с Антоном в ДК «Химволокно» на «Коррозию металла». Я слушал тогда только металл, от «Кино» и «Наутилуса» затащился уже в конце одиннадцатого. За месяц до концерта весь город был обклеен афишами — «убойное трэш-металл-секс-шоу», билеты расхватали моментально.

Я думал — на концерт придут одни «металлисты», а привалила толпа «основных пацанов» с разных районов, все в штанах защитного цвета и свитерах Boys. Мы посидели две первых песни на своих местах, потом пошли к сцене «долбиться». Секс-шоу никакого не было, и вообще никакого шоу — только вынесли на сцену мужика в гробу, он попрыгал и убежал за кулисы. «Основные пацаны» разозлились и после концерта били металлистов на улице, отбирали пластинки — там седой волосатый мужик продавал «Коррозию» по пятнадцать рублей и «Э.С.Т.» по тридцать. Нас с Антоном не трогали — наверно, потому, что мы выглядели обычно: ни сережек в ушах, ни длинных волос”.

Ёсць нейкі шарм перавыдаць “Варшаву” ў Варшаве, ды і кніжка з “зайчыкам” вельмі прыемна трымаецца ў руках, той выпадак, калі беларускае выдавецтва перасягнула ў дызайне славуты Ad Marginem, няхай нават і “ранні”, але, падаецца, выдавец вырашыў выдаць любімага аўтара без дай патрэбы, каб акрэсліць кола сваіх густаў.

“Даруйце”, “калі ласка”, “мноства” “двукоссяў” “у гэтым” “фрагменце”, “гэта” “амаль” “ненаўмысна”.

Владимир Козлов
“Варшава”
Набыць

mnnm-00005: тони лашден “чорны лес”

“Черная стена дыма мерно колыхалась. Памежница стала неловко тыкаться плоской мордой в границу. Она царапнула угольную кладку порога, отошла на несколько шагов — и с силой пихнула границу боком.

Граница не поддалась”.

З’яўленне гэтай кнігі у выдавецкіх планах “Мяне Няма” выклікала ў мяне сапраўднае здзіўленне, бо гэта не проста перавыданне, а перавыданне электроннай кнігі, якая выйшла ўжо некалькі месяцаў таму, і якую я паспеў прачытаць. Выхад розных фарматаў у розных выдавецтвах выглядае даволі дзіўна і хаатычна-непрадумана. Прыкладам, як аўтар дасылае твор ва ўсе магчымыя часопісы і яго друкуюць адразу ў двух адначасова.

Пэўна, гэта самая цяжкаапісальная кніжка з усіх пяці, не з-за асаблівай складанасці тэксту, а, хутчэй, з-за нязладжанасці эстэтычнай сістэмы. Мноства недакладных метафар і апісанняў кшталту: “куст одуванчика”, “барабанить ногтями”, “замшелые трещины” нагадвае развалены рускі мадэрнізм. З нашых аўтараў прыгадаўся Андрэй Дзічэнка (ці піша ён штосьці зараз?), з тым адрозненнем, што постмамлееўшчына (хаця, верагодна, гэты ўплыў таксама прысутнічае) пераўтварылася ў мудрагеліста-фантасмагарычнае ажыўленне метафар-траўм. Псіхадэлічны адказ на “выклікі часу”, як кажа Жбанкоў.

У “чорнага лесу” шмат прыхільнікаў, якія згадваюць пра “агульны нацыянальны боль”, сканцэнтраваны ў кнізе. Такім чынам, гэта амаль антыпод “Забыть в электричке”. Кнігі ўдала дапаўняюць адна адну ў каталогу выдавецтва і перамігваюцца з розных бакоў люстра.

З васьмі апавяданняў я, пасля першага чытання, запомніў адно (“Земля мертвых”). У тым сэнсе, што добрая проза запамінаецца незалежна ад высілкаў яе запомніць. Калі мы казалі пра актуальнасць папярэдніх кніг, то “чорны лес” — ці не самая актуальная з усяго каталога, яна нават звышактуальная, бо наўпрост рэагуе на падзеі апошніх гадоў. Насамрэч, у перспектыве гэта тлусты мінус, бо чым далей у часе мы ад тых падзей, тым менш зразумелай і патрэбнай будзе рабіцца кніжка. У падмурак яе даўгавечнасці закладзены гадзіннікавы механізм exploitation’у “пазнаванняў і прыгадванняў”, як казаў Пукст, знаёмых гістарычных падзей і растыражаваных інфанагод. Кніга мацае тыя раны, якія наносіць нашай калектыўнай істоце эпоха бога Марса, які зараз пануе на планеце. Ад сябе скажу, што таксама ніколі не быў фанатам гэтага бога, мае корышы — Венера, Апалон і Бахус. На месцы астатніх багоў я б даўно гэтага Марса атруціў, такі ён ужо даўбаёб.

Невядома на якой глебе, нарцысізму ці звышуразлівасці, але культура шкадавання сябе і сваіх траўм набірае магутнасць, і тоні лашдэн намагаецца быць у авангардзе гэтай з’явы на беларускім фронце.

тони лашден
“чорны лес”
Набыць

*

Такім чынам, мы пакуль не бачым арэчаўленне сапраўднага “няма”, адно толькі змяшчэнне фокусаў і акцэнтаў на збочыну літпрацэсу. Магчыма, гэта і ёсць стварэнне новага, альтэрнатыўнага літпрацэсу, але вельмі рана пра тое казаць.
Перад намі выдавецтва дваццаць першага стагоддзя, якое будзе даваць голас усім “героям у цені”. Невялікі крафтавы буцік, як любімая крафтэрня з дваццаццю сартамі індыйскага бледнага элю на кранах і лядоўняй з найлепшым выбарам вострага таматнага гозэ ў бляшанках. У гэтым зазоры паміж альтруізмам і камерцыяй выдавецтву наканавана існаваць далей.

Мяркуючы па колькасці выдадзеных кніг на адзінку часу, муціць выдавецтва — не такая і лёгкая справа, як пра тое марыў летуценны Павел-Дзін Анціпаў-Марыярці за стырном магутнага рухавіка ўнутранага згарання з поўным бакам бензіну, аж выліваецца. Але пажадаем выдавецтву поспехаў і шмат кніг наперадзе. Ад сябе пажадаю менш перавыданняў і болей раманаў. А нам — сачыць, купляць, чытаць і абмяркоўваць прачытанае. Бо літаратура створана найперш, каб яе чыталі. Як той голы эксгібіцыяніст, што бегае па лесе на Ангарскай і марыць, каб яго заўважылі, літаратура, шчыльна запакаваная ў кнігі і файлы, марыць адно пра тое, каб яе прачыталі. Галоўная мара кожнай, нават найсціплейшай кнігі на сорак старонак, каб яе прачыталі ўсе людзі на планеце. То давайце здзяйсняць кніжныя мары! Бо ўсё астатняе — як і гэты мой тэкст — адно паразіты на бясконца светлым акіянічным целе літаратуры.