Марыць пра лепшае — банальна ды нецікава. Значна цікавей ўяўляць катастрофы і мроіць катаклізмы. Тым больш, што менавіта з імі мы выдатна навучыліся суіснаваць. Антыўтопія — спроба адмяніць чорнае заўтра вербальным гонам. Нават калі насамрэч яно ўжо тут. Наш аналітычны аддзел развінчвае беларускі літдэпрэсняк на часткі. Каб даведацца, ці ёсць там нешта большае за словы.
ДЗЕЦІ КАСАНДРЫ
Антыўтопія ў беларускай літаратуры
Пятро Васючэнка казаў, што ва ўсёй беларускай літаратуры ёсць толькі адна ўтопія. Ён меў на ўвазе сон Юрася Братчыка ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Ідэальная вёска са швайцарскім духам: дагледжаныя кароўкі, зялёныя лугі, вясёлка — карцінка, якую намаляваў Караткевіч, апярэдзіўшы дызайнераў айчынных бігбордаў.
Што да антыўтопій, іх намнога больш.
Бо антыўтопія — легальны спосаб заняцца ўлюбёнай справай: паскардзіцца на жыццё і сачыніць гісторыю. Пашанцуе — праслывеш прарокам. Хаця абавязкова знойдзецца занудны чытач, які скажа, што ніякі ты не прарок, а проста ўважлівы назіральнік.
I. У СЭРЦЫ ЦЕМРЫ: БАГАТАЯ СПАДЧЫНА
Сёння самая вядомая нашая антыўтопія, напэўна, “Ноч” Віктара Марціновіча. Але тэкст гэты не толькі не наватарскі, але далёка не першы. У гісторыі беларускай літаратуры процьма прыкладаў, чаму і прысвечана дысертацыя Марыі Аммон, даследчыцы з Гомеля.
Гісторыя антыўтопіі — частка гісторыі фантастыкі. Да 1930-х гадоў белліт засвойваў сусветныя традыцыі. Тэксты, напісаныя ў той час, прадказальна не выклікалі ў савецкіх крытыкаў захаплення: “Вызваленне сіл” Астапенкі, “касмічная” проза Драздовіча, “Апошняя арбіта” і “Зорны камень” Шыціка, “Лабірынты” Ластоўскага.
Затым фантастаў “замарозіў” сацрэалізм: хто не замаўчаў зусім, сышоў у дзіцячую літаратуру, як Янка Маўр. Толькі ў 1970-я ўдалося вярнуцца да сур’ёзных пытанняў (“Брама неўміручасці” Крапівы).
Даследчыца заканчвае перыядызацыю на 1980-х, хаця ў дысертацыі піша і пра Мінкіна з пакалення “Тутэйшых”, і пра Мінскевіча з “Бум-Бам-Літа”, і пра змрочнага Станкевіча. Таму дадамо чацвёрты этап — сучаснасць. Тыповае для перыяду: расце колькасць навуковай фантастыкі і фэнтэзі (імпульс далі экранізацыі “Уладара пярсцёнкаў” Толкіна і з’яўленне патэрыяны); з’явіліся прыклады альтэрнатыўнай гісторыі (“1813” Садоўскага); і, канечне, развіваецца антыўтопія (Квяткоўскі, Бахарэвіч, Марціновіч, Станкевіч).
З вялікай колькасці тэкстаў, пра якія расказвае Аммон, ёсць некалькі асабліва цікавых.
Гуманіст Алесь Адамовіч зламаўся на “Апошняй пастаралі”. Аповесць расказвае пра апошнія дні чалавечай цывілізацыі. На ідылічным астраўку засталіся трое: Ён, Яна і Трэці. Пакуль свет гіне, яны разважаюць пра прычыны дэградацыі чалавека і спрабуюць знайсці выйсце. Высокія размовы скончыліся фіяска — дуэллю мужчын за права валодаць жанчынай.
Герой апавядання Алега Мінкіна “Карова” жыве ў вёсцы і трымае карову, як вы здагадаліся. Гэта строга забаронена: “Тыя непакорныя, якія адважыліся не пагадзіцца з бесчалавечнымі законамі жыцця, яго штучнасцю, легкадумнасцю ў адносінах да заўтрашняга дня, і захаваць хаця б цьмяную сувязь з самабытнай прыродай, адзін за другім знікаюць у астрогах”. Як некалі Олдас Хакслі, Мінкін сумняецца, што навуковы прагрэс азначае прагрэс чалавецтва.
Тэксты Андрэя Паўлухіна даволі рэалістычныя: у “Сальта над алюмніевым лесам” транснацыянальныя карпарацыі “замяшчаюць” дзяржаву і валодаюць палітычнай, эканамічнай і ваеннай сілай. У “Стальных арлах” і “Крыві і восені” паказаныя гранічнае расслаенне соцыуму на ўсемагутную эліту і “біямасу”. Поўны заняпад маралі і дэмакратыі, гульні з генетычным самаўдасканаленнем.
Янка Сіпакоў уварваўся ў 1990-я з аповесцю “Блуканні па іншасвеце”. Герой шукае выйсце з паралельнай рэальнасці і наведвае шэраг краін: Зэмія і Талямалія знішчылі ўсё жывое дзеля тэхнічнага прагрэсу, Жалезны Хаос стаў прытулкам робатаў, у Дурбудзіі пануюць абсурд і сімулякры: “На пытанне, дзеля чаго сотні людзей стаяць у бясконцай чарзе, адказ, што ў гэтым заключаецца асноўны занятак: “Трэба людзей нечым заняць. Вось і паставілі іх у чаргу”.
Пра несумяшчальнасць чалавека і дэмакратыі задумаўся ў “Смуце, альбо ХІІ фантазіях на адну тэму” Андрэй Федарэнка. На прыкладзе эксперыментальнай гімназіі ён развіў тэзу культуролага Элвіна Тофлера: “Чалавек будучыні можа пацярпець не толькі праз адсутнасць выбару, але і праз ейны паралізатарскі лішак”.
І безумоўны прызёр змрочнага марафону — Васіль Быкаў. У прыпавесці “Мурашы” ён апісаў гісторыю чалавецтва ад Адама і Евы да поўнага вымірання. У быкаўскай будучыні няма кахання, галоўная каштоўнасць — нянавісць. Як адзначае Аммон, Быкаў увогуле не верыць у магчымасць дасягнення гармоніі: сама прырода людзей гэтаму не спрыяе, а “кафіцыент карыснага дзеяння чалавека імкнецца да нулявой адзнакі”. Адзіны спосаб уратаваць Зямлю — поўная і непазбежная анігіляцыя “хома сапіенса”.
Класік быў не ў гуморы.
II. ШТО ПІШУЦЬ ЦЯПЕР?
Галоўнай страшылкай 1990-х і 2000-х стаў навуковы прагрэс з “усімі гэтымі” аўтаматызацыямі, лічбавым кантролем і кланаваннямі. Як паказваюць найноўшыя антыўтопіі белліту, з’явілася яшчэ нагода для “радасці” — пагроза існаванню нацыі.
Віктар Марціновіч: антыўтопія як шлях да поспеху
Класічны прыклад — “Мова” Марціновіча. Беларусь зноў стала Паўночна-Заходнім краем (ці Тэрыторыяй, калі трымацца тэксту), а мова (беларуская, натуральна) існуе выключна як наркотык: за спажыванне даюць 10 гадоў, за гандаль — смяротнае пакаранне. Існуе супраціў, які ведае сапраўднае значэнне мовы і спрабуе яе адрадзіць. Фінал сумны.
У 2018 годзе Марціновіч выдаў “Ноч”, штосьці паміж раманам-катастрофай і антыўтопіяй. Аўтар адышоў ад нацыяльнага пытання і пераключыўся на глабальнае: што стане з планетай, калі аднойчы не ўзыдзе сонца? Герой жыве ў Мінску, так аўтар мае магчымасць паказаць верагодную будучыню горада пры прыродным катаклізме: ён распадаецца на мікрадзяржавы, у кожнай свой лад, соцыум пераходзіць на “закон джунгляў”. Новай валютай робяцца энергазапасы, пітная вада і іншыя парэшткі цывілізацыі. Верх бярэ звярыная натура чалавека: схільнасць да гвалту, ашуканства і нажывы.
Раман атрымаўся эклектычны і нагадвае калекцыю кінаклішэ, што адначасова парадавала чытача — лёгкасцю, займальнасцю і “радасцю пазнавання” — і абурыла крытыкаў. Зрэшты, апошнім не спадабалася і “Мова”: упікалі за павярхоўнасць у адлюстраванні нацыянальнай культуры.
Тут трэба сказаць, што Марціновіч адпачатку цаляе ў масавую аўдыторыю, абіраючы лёгкі жанр і “кіношнасць” апавядання. Яго тэксты будуюцца на візуале і дзеянні — у першую чаргу. У другую — на вастрыні тэмы. “Ноч” складзена з аскепкаў масавай культуры, найперш — блакбастараў-постапакаліпсісаў. Антыўтопія ўвогуле прыдатны для кіно жанр: відовішчнасць у тэксце, якую аўтар стварае для застрашвання, натуральна перакладаецца на візуальную мову.
Марціновіч звяртаецца да антыўтопіі як да інструмента для паспяховай рэалізацыі тэксту, не замахваючыся на складанае. І гэта цалкам укладаецца ў парадыгму развіцця жанра: паводле даследчыкаў, з 1950-х гадоў антыўтопія з альтэрнатыўнага выказвання робіцца часткай маскульту.
Крытычнае выказванне ўжо не смеласць, а трэнд.
Юрый Станкевіч: антыўтопія як скарга
Зусім іншая карціна ў скандальнай кнізе Станкевіча “П’яўка”. Ён звярнуўся да жанру ў класічным ключы: раман застрашвае і папярэджвае, у ім аўтар пражывае ўласныя трывогі. І калі ў Марціновіча антыўтопія інструмент да здабыцця папулярнасці, то ў Станкевіча — ідэалагічная зброя, скіраваная ў знешні свет. Страшная карцінка мусіць пераканаць чытача ў аўтарскай рацыі, зрабіць яго аднадумцам.
Задача даволі складаная, калі чытач ад пачатку не з’яўляецца “радыкальным кансерватарам”. Папярэджваючы пра расавую нецярпімасць, Станкевіч сам яе дэманструе.
Палохае празаіка і фемінізм, а кампліменты жанчынам ён робіць арыгінальныя: напрыклад, ацэньваючы мемуары адной аўтаркі, кажа, што ў той “не па-жаночы востры і дапытлівы зрок”.
На ЛГБТК+ супольнасць Станкевіч звальвае віну за гуманітарную катастрофу: ён шчыра верыць, што чалавек можа змяніць сексуальную самаідэнтыфікацыю пад уплывам прапаганды. Адпаведна, як толькі людзей разбэсціла поўная свабода, тыя кінуліся ў шэрагі “геяў, лесбіянак і транссексуалаў”. Нараджальнасць сярод “белых” знізілася, і чалавечая папуляцыя засталася як від дзякуючы “каляровым” (перапрашаю за фармулёўкі, яны ўзятыя з першакрыніцы).
Станкевіч стараецца падмацоўваць развагі навуковымі спасылкамі, напрыклад, згадвае ген “VLDLR-рэцэптара ліпапратэіну, размеркаванага ў 9-й пары храмасомаў”, які адказвае за прамахаджэнне чалавека: у свеце “П’яўкі” людзі дэградуюць і пачынаюць хадзіць на чатырох канечнасцях. Нескладана знайсці корань гэтага страху Станкевіча: у 2008 годзе выявілі той самы ген, а журналісты з нагоды сталі пісаць пра адну сям’ю, якая перасоўваецца на карачках. Выпадковую мутацыю пісьменнік зрабіў заканамернасцю.
Аўтар адчувае пагрозу з боку з’яў, якіх не разумее. Выхаваны ў традыцыях патрыярхальнага свету, дзе галоўны — мужчына, а жанчына яму падпарадкоўваецца, дзе сумнеў маскуліннасці роўны смерці (адсюль жах перад прадстаўнікамі ЛГБТК+), ён цалкам упэўнены, што гэта і ёсць рацыя, гэта правільна. Свет змяніўся, чалавек выйшаў за межы строгай бінарнасці і абавязковага месца ў сістэме (прынамсі, рухаецца ў гэты бок), а гэта значыць, старая карціна свету знішчаецца, што выклікае паніку. Агулам “П’яўка” не выглядае як страшная пагроза. Гэта раман-скарга на перамены ў свеце.
І не столькі страшная будучыня, якую апісвае Станкевіч, колькі тое, што пісьменнік у ХХІ стагоддзі можа разважаць такім чынам.
Альгерд Бахарэвіч: антыўтопія як сеанс тэрапіі
Раман “Сабакі Эўропы” прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Гэта першы мастацкі тэкст у найноўшай беларускай літаратуры па-за законам.
Незаконнага там, вядома, няма нічога. Раман стандартны і ў параўнанні з іншымі тэкстамі Бахарэвіча, і ў параўнанні з тэкстамі іншых беларускіх аўтараў той жа “вагавай катэгорыі”. Відавочна, справа не ў тэксце, а ў вядомасці аўтара і ягонай гуманістычнай пазіцыі, якая асобнымі людзьмі ўспрымаецца як антырасейская, а значыць, антыдзяржаўная.
Маем тыповы антыўтапічны набор: сумная будучыня, крытыка грамадства, безвыходнасць. Адрознівае яго ад Марціновіча ці Станкевіча мова. Для Бахарэвіча антыўтопія — сродак тэрапіі. Прыгнечаны сумнай перспектывай для сябе і сваіх каштоўнасцяў, аўтар пражывае страх бяспечным і даволі эфектыўным спосабам — загаворваннем.
Раман Бахарэвіча пісаўся для яго ж самога: мова аўтара як унутраны маналог, шматлікія люстраныя адбіткі ў персанажах — як быццам адзін і той жа страшны сон — пражывае наноў адзінокі, занураны ў песімізм і безабаронны перад сістэмай чалавек. І, маючы чалавечую годнасць, востра пражывае прыніжэнні з яе боку.
Калі казаць пра змест, дзеянне адбываецца ў будучыні, якая можа наступіць, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі павернецца найгоршым для тытульнай нацыі бокам. Свайго роду працяг “Раскіданага гнязда” з ухілам у фантасмагорыю.
Антыўтапічны эпас Бахарэвіча — гэта дзіцячы кашмар, намаляваны нараніцу дрыготкай рукой на аркушыку, які пасля спаліш.
Севярын Квяткоўскі: антыўтопія як сатыра
У “Каларадскай пушчы” Квяткоўскі дэманструе антыўтопію сатырычную. Ён таксама выступае з перасцярогай, але замест страшылак Станкевіча і песімізу Бахарэвіча абірае гумар як апірышча.
Калі прыбраць сатырычную канву, сюжэт выглядае так: пасля Вялікага Выбуху, які знічтожыў адну з буйных сталіц свету разам з жыхарамі, узровень вады ў свеце падняўся на некалькі метраў. Беларусь ператварылася ў шэраг астравоў. Мінск падзелены на часткі, у адной з якіх кіруюць таталітарныя ўлады, у іншай — нацыянал-дэмакратычныя. Тыя і другія засяроджаны на сабе. Насельніцтва вымушана харчавацца сінтэтычнай ежай і тым, што ўдасца здабыць у дзікай прыродзе. Навокал блукаюць драпежныя мутанты, чыімі ахвярамі робяцца людзі.
Гумар мяняе карцінку: насамрэч, Вялікі Выбух — гэта ўдар расейскай ракеты, якую “ўранілі” самі на сябе. Мутанты — шаблязубыя зайцы. Таталітарныя ўлады — гратэскны вобраз постсавецкага чыноўніка. Словам, Квяткоўскі ўсе страхі (даволі рэалістычныя, трэба сказаць) давёў да абсурду і высцябаў, так што замест жаху аповесць зараджае чытача з’едлівым настроем.
Сумна робіцца, калі Квяткоўскі апісвае Мінскае Падполле і дэмакратычны ўрад. У гэтых партрэтах з лёгкасцю пазнаеш “нацыянальныя палітычныя эліты”, якія замест захаплення нярэдка выклікаюць расчараванне. Тут і хаваецца сапраўдная антыўтопія: страшнае не грамадства пасля катаклізму. Страшна, што нічога не зменіцца ў нацыянальным асяродку. З такімі элітамі, што называецца, не трэба і агрэсараў.
Ганна Севярынец: антыўтопія як урок белліту
“Дзень святога Патрыка” Севярынец — помнік настаўніцкай апантанасці і самы незвычайны тэкст у нашым аглядзе.
Яна пачынае з самага страшнага: “Такім чынам, Камісія ўхваляе рашэнне аб тым, каб прызнаць яе мёртвай”. “Дваццаць пяць стэлажоў па чатыры метры ў вышыню”, — усё, што засталося ад беларускай мовы і літаратуры.
Раман назваць антыўтопіяй у поўным сэнсе нельга; тут прысутнічае антыўтапічны матыў, прывязаны да нацыянальнай тэмы: “Газет няма, часопісаў няма, справаводства няма, адукацыі няма, апошняя кніжка была надрукавана дваццаць два гады таму”. Сітуацыя выглядае цалкам рэальна, і перадумовай да яе Севярынец абазначае нашу цяперашнюю рэчаіснасць: “Існавалі, канешне, нейкія інтэлектуальныя беларускамоўныя сем’і, купкі, гурткі… напэўна, было чалавек пяцьсот, якія ўсім гэтым сапраўды цікавіліся. Нават кніжкі беларускамоўныя тады пачалі выдавацца менавіта такім сакраментальным накладам — па пяцьсот”.
У рамане Севярынец свет ахапіла “ўніфікацыя моўнай прасторы”. Чалавецтва імкнецца да адной мовы, а адмысловая камісія ААН прызнае нацыянальныя “маленькія” мовы мёртвымі. Калі развіць гэтую тэму і дадаць яшчэ пару ліній, атрымаецца класічная антыўтопія, але Севярынец робіць адваротнае: перыядычна кідае гэтую лінію і пачынае або ўрок беларускай літаратуры, або эсэістычныя развагі пра жыццё. Тэкст распадаецца на тры часткі.
Незвычайна, што Севярынец не вінаваціць у смерці мовы каланізатарў і іх палітыку: смерць мовы — натуральны працэс.
І яшчэ адна асаблівасць: “Дзень святога Патрыка” адначасова антыўтопія і ўтопія. З аднаго боку, беларуская мова памерла, а чалавецтва рушыць да моналінгвістычнай мадэлі свету. З іншага — як толькі мову прызналі памерлай, белліт аказаўся патрэбны. На базе цэнтра “кансервацыі” мовы адкрываецца санаторый, дзе дэпрэсію лекуюць “індывідуальным падборам літаратуры для тэрапеўтычнага чытання, афірмацыямі на роднай мове, пастаноўкай моўнага апарату дзеля сакральнай сувязі з падсвядомасцю”. Класіку белліту выпісваюць як лекі і бяруць за гэта немалыя грошы. Калі гэта не ўтопія — то што?
Кніга Севярынец суму не выклікае зусім. Фінал трагічны, як належыць, аднак пасля сябе ён пакідае толькі спакой: усё прадвызначана, хоць і здаецца з маленькай чалавечай перспектывы іначай.
Чаму так? Відавочна, Севярынец не мела на мэце напісаць антыўтопію. Яна проста хацела зноў расказаць пра Дубоўку, Коласа і Багдановіча. Забаўна, што ў антыўтапічнай плоскасці рамана нечакана з’яўляецца “Мова” Марціновіча. Гераіня разважае, якія тэксты заслугоўваюць быць захаванымі: “Што рабіць, напрыклад, калі мы маем глыбокі змест, але неахайную форму? У выпадку з «Мовай» Марціновіча што рабіць бібліятэкару? (…) дзе набрацца месца пад сотні і тысячы гэткіх жа кніжак, сумнеўных з пункту гледжання высокай літаратуры? Без «Мовы», напрыклад, Марына не ўяўляла сабе сваё генеральнае сховішча”.
Беларуская рэальнасць стварае для антыўтопіі ўмовы самыя спрыяльныя: фактуры хопіць на цэлую бібліятэку. І гэты ж фактар з’яўляецца галоўнай складанасцю для аўтара: як напісаць эфектны твор, калі само жыццё — геніяльны крэатар?
Адпаведна, перспектывы антыўтопіі бачацца такімі:
– або антыўтопія канчаткова знівелюецца да жанру масавай літаратуры і забаўкі (што таксама патрэбна, асабліва калі казаць пра беларускую літаратуру з абмежаваным колам чытачоў);
– або мы дачакаемся стабілізацыі сітуацыі ў беларускай культуры (і Беларусі ўвогуле, канечне). То бок змрочныя прароцтвы (сцэнарыі Бахарэвіча, напрыклад) спраўдзяцца, перажывуцца і пераадолеюцца, застануцца ў мінулым. І, перажыўшы нарэшце крызіс, які цягнецца з 1731 года, пісьменнікі змогуць прыдумаць іншыя, дасюль нябачаныя страхі. Каб пражыць іх у сваіх тэкстах.
Што чытаць, калі цікавіць беларуская антыўтопія:
Алег Мінкін “Карова”
Алесь Адамовіч “Апошняя пастараль”
Алесь Асташонак “Ахвяра”
Андрэй Паўлухін “Сальта над алюмніевым лесам”, “Стальныя арлы”, “Кроў і восень”
Андрэй Федарэнка “Смута, альбо ХІІ фантазій на адну тэму”
Васіль Быкаў “Музыка”, “Мурашкі”
Віктар Марціновіч “Ноч”, “Мова”
Альгерд Бахарэвіч “Сабакі Эўропы”
Ганна Севярынец “Дзень святога Патрыка”
Змітрок Астапенка “Вызваленне сіл”
Раіса Баравікова “Памылка Малой галактыкі”
Севярын Квяткоўскі “Каларадская пушча”
Юрый Станкевіч “Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн”, “П’яўка”, “Эрыніі”
Янка Сіпакоў “Блуканні па іншасвеце”