Гапееў не меў рацыі. Ваня Жыгал пра танец пакалення Вікі Біран.

Кожны з крытыкаў жадае ведаць, дзе жыве верабейка гаварушчы. Яны гатовыя развінціць твор у пошуках крытычнага бога, але на руінах тэксту нічога няма. Ні шчасця, ні сонца, ні ўцямнага сэнсу. “Я танцую”, — кажуць крытыкі, бо больш ім нічога не застаецца, як выдаць сваю хаду па коле за танец. Жыгал аджыгае пра Біран, але да чаго тут Валер Гапееў у абдымку са Стасем Карпавым?

Сэлфі на фоне эпохі

(невялікі тэкст на палях кнігі Вікі Біран “Я танцую”, напісаны з такой жа пяшчотай, з якой канібал глядзіць на немаўля)

На стварэнне гэтага тэксту мяне падштурхнулі дзве прычыны. Першая выклікана неабходнасцю пераадолець супярэчлівыя пачуцці ад твора. Другую ж прычыну завуць Валер Гапееў. Перайначваючы бартаўскую тэорыю фатаграфіі пад літаратуразнаўчыя патрэбы, можна сказаць, што калі першая прычына ляжыць у сферы punctum — таго, што ўдарае і коле, выклікае эмацыйны водгук і дазваляе ўсталяваць асабістыя адносіны з творам, то другая прычына належыць сферы studium — таго, як твор упісваецца і ўспрымаецца ў кантэксце культуры, якая яго вырабіла, і што гэты твор можа сказаць пра гэтую самую культуру.


Punctum

Першы “ўкол” ад кнігі Вікі Біран, да пакалення якой я належу, быў звязаны з анонсам, які абяцаў гісторыю экзістэнцыяльнага “супрацьстаяння розным сістэмам: візавай, падатковай, памежнай, паліцэйскай, гвалту, традыцыяналісцкай і г. д.”. Здавалася, у сітуацыі недахопу аўтасацыябіяграфічных тэкстаў у беларускай літаратуры тэкст Біран можа стаць кропкай суаднясення з уласным досведам супраціву і сутыкнення з усімі гэтымі сістэмамі. Другі ж “укол” быў уколам расчаравання, выкліканым той неадпаведнасцю паміж заяўленымі аўтаркай мэтамі і вынікам, які атрымаўся. Вядома, тут будзе цалкам дарэчным успомніць беньямінаўскую тэзу пра тое, што твор — гэта заўсёды пасмяротная маска задумы. Іншымі словамі, заўсёды будзе прысутнічаць неадольны разрыў паміж жывой пульсуючай думкай і чорнымі літаркамі, якія кладуцца на паперу. Аднак гэта не адмяняе таго факта, што “Я танцую” ў большай ступені сведчыць пра саму аўтарку, чым пра сістэмы, з якімі ёй даводзіцца ўзаемадзейнічаць.

Не маючы на мэце дэвальваваць досвед Вікі Біран у яе барацьбе за шчасце, і нават наадварот — аддаючы яму належную павагу, я не магу пазбавіцца ад адчування, што аб’екты яе барацьбы не маюць выпукласці і глыбіні. Ствараецца ўражанне, што ў сваім тэксце аўтарка не даследуе сацыяльныя структуры і жыццёвы свет, у якія яна ўцягнутая, але толькі адзначае іх прысутнасць у якасці перашкоды для пераадолення. Машынерыя беларускай дзяржавы ва ўсіх яе праявах, няхай гэта будзе пошта ці турма, беларускі патрыярхальна-традыцыяналісцкі ўклад, свет заходнееўрапейскай бюракратыі, — усё гэта статычныя ці ў лепшым выпадку малапаваротлівыя дэкарацыі ў тым спектаклі жыцця, у якім удзельнічае аўтарка. І гэта гуляе не на карысць крытычнага пасылу тэксту Біран, паколькі замест разгляду механікі парадкаў прыгнёту яна, хутчэй, абмяжоўваецца іх найменнем: выказванні тыпу “радзіма — гэта сацыяльны канструкт” не тлумачаць амаль нічога.

На крытычным пафасе “Я танцую” адбіваецца таксама мова, якой аўтарка апісвае сваю барацьбу і ліхтугі. Сваё жыццё да трыццаці гадоў Віка Біран разгортвае перад чытачом як скокі з аднаго праекта на іншы і як бесперапынную актывісцкую дзейнасць. І піша пра гэта мовай неаліберальнага капіталізму. Мова гэта падпарадкоўвае багацце і шматграннасць жыццёвага досведу ідэалам эфектыўнасці і максімізацыі “прыбытку” ў тых ці іншых яе формах, а чалавечую суб’ектыўнасць трансфармуе ў аб’ект менеджменту і сэлф-менеджменту — яркім прыкладам гэтаму можа служыць тое, як аўтарка даволі неіранічна апісвае свае пятнаццаць сутак у турме летам 2020-га года ў катэгорыях “пункта ў актывісцкім рэзюмэ” і “магчымасці патрэніраваць навыкі стрэсаўстойлівасці”. Удала справіўшыся з усімі выпрабаваннямі і цяжкасцямі (што можа толькі цешыць!), аўтарка апавядае пра іх мовай неўратычнага неаліберальнага суб’екта. Суб’ект гэты лёгка ўзбуджальны, вельмі ўразлівы і эмацыйны — ён у пастаянным стрэсе, але разам з тым і ў пастаянных пошуках устойлівасці, ён “заганяе сябе як каняжка”, але каб пачувацца “крутышкай”.

У выніку ўся гэтая таропкая (на хуткасці x1,5 ці нават больш) рэфлексія пісьма Біран падштурхоўвае да думкі аб тым, што яе тэкст — гэта своеасаблівае сэлфі на фоне. Аўтарка сэлфі па змоўчанні прысутнічае, тады як фон, нават калі ён і адыгрывае важную ролю, аказваецца затушаваны. Віка Біран перамяшчаецца па розных лакацыях і кантэкстах, спрабуе паведаміць пра іх нешта важнае, але робіць гэта занадта паспешна і даволі нядбайна — і асабіста мяне гэта пакідае з пачуццём незадаволенасці ад яе тэксту.


Studium

Разам з тым сам факт наяўнасці гэтага сэлфі з’яўляецца важным, паколькі яно праблематызуе беларускую рэальнасць і яе нармальнасць. Калі дапусціць, што літаратары з’яўляюцца прадуктам і адлюстраваннем кантэксту, які іх сфармаваў, то рэакцыя пісьменніка Валера Гапеева на кнігу Біран можа падштурхнуць да таго, каб задумацца і паразважаць пра норавы беларускага грамадства, прынамсі, яго бачнай часткі. Пісьменнік і стваральнік праекта “Новыя беларускія кнігі”, мэта якога — збіраць водгукі блогераў, крытыкаў і простых чытачоў на навінкі сучбелліту, прачытаўшы ўрывак з кнігі Біран напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што хоць ён і за шчырасць, але шчырасці Біран не прымае, а таму своеасаблівым чынам выкрэслівае яе кнігу з поля беларускай літаратуры: “Чытаў кавалак. З вуснаў дзяўчыны мацерныя і брудныя слоўцы гучаць у разы... Гучаць проста пахабна. Я за шчырасць, але не за такую. Чытаў водгукі. Уразілі. З майго боку гэта, канешне, будзе няправільным, але ўключу самадурства і не буду нічога публікаваць пра гэту кнігу на сайце. Для мяне яна нечым брудная”. (Што праўда, калі кніга Біран патрапіла ў лонг-ліст Прэміі Гедройца, Гапееў напісаў, што можа “варта забыцца на сваё самадурства” і прачытаць усю кнігу цалкам, але невядома, ці атрымалася ў яго гэта).

Улічваючы, што Валер Гапееў — аўтар твораў для падлеткаў, у вусны якіх ён укладае вельмі спрэчныя развагі пра “ненармальнасць сэксу мужчыны з мужчынам і жанчыны з жанчынай” і пра тое, што для сэксу патрэбны не “палавы партнёр”, а “каханы чалавек” (чытайце аповесць “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання”, 2008), то выпад Гапеева ў адрас Біран выглядае даволі падазроным. Міжвольна складваецца ўражанне, што 34-гадовая аўтарка, якая калісьці (тэарэтычна) была мэтавай аўдыторыяй Гапеева і якая на старонках “Я танцую” сакавіта мацюкаецца і піша пра сваю “пізду” і лесбійскі сэкс, выглядае для беларускага пісьменніка як натуральны вораг.

Вось толькі праблема ў тым, што ўмоўны канфлікт “Гапееў-Біран” не пакаленчы і не эстэтычны, але этычны. Гэты канфлікт выходзіць за рамкі беларускай літаратуры і ўрываецца на прастору беларускага жыцця ва ўсёй яго складанасці і праблематычнасці, датычыцца беларускага грамадства і яго будучыні, а таксама каштоўнасцяў, на якіх будзе будавацца гэтае грамадства і гэта будучыня. У цяперашняй беларускай айкумене занадта шмат “гапеевых” і праяў таксічнасці (прыгадаем, напрыклад, сумнеўныя развагі Стася Карпава пра фемінізм), і кніга Біран, у якой праз асабісты досвед апісаныя “недзіцячыя турботы трыццацігадовых у аўтарытарнай краіне”, можа служыць цудоўнай ілюстрацыяй таго, што можа існаваць іншая Беларусь, роўна аддаленая як ад зануранага ў паўсядзённыя справы беларускага абывацеля, так і ад сярэднестатыстычнага каментатара “Нашай Нівы”, які гнеўна рэагуе на засілле “лявацкай” павесткі на Захадзе і яе пранікненне ў беларускія справы. З гэтай жа прычыны нядзіўна, што кніжка Біран, прадстаўніцы супольнасці ЛГБТК+ і актывісткі, якая вядзе барацьбу супраць патрыярхальна-традыцыяналісцкіх установак, прысутных у беларускім грамадстве, а таксама супраць дзяржаўнага гвалту, атрымала прызнанне сярод леваарыентаванай чытацкай беларускай публікі.

Закранаючы такія тэмы, як ненарматыўная сэксуальнасць і фемінізм, змяшчаючы гэтыя тэмы ў даволі непрыязны да іх беларускі кантэкст, аўтарка спрабуе калі не падарваць гэты кантэкст, то хаця б расхістаць. Яе слова становіцца актывісцкім дзеяннем, а проза — сведчаннем. “Я танцую” — гэта маніфест і здымак эпохі. Часам гэтага недастаткова для таго, каб стаць добрай літаратурай, аднак спробу змяніць хоць нешта можна толькі прывітаць.

Ваня Жыгал — гісторык Усходняй Еўропы, філосаф культуры, эсэіст. Нарадзіўся ў 1993 годзе ў Казахстане. Вывучаў гісторыю заходніх славян, крытычную тэорыю, філасофію, усходнееўрапейскія і балканскія даследаванні ў Мінску, Клужы, Варшаве і Фарлі. Публікаваўся ў выданнях “Неприкосновенный запас”, “Post(non)fiction”, “Абдзіраловіч”, “Krytyka Polityczna” и “Nowa Europa Wschodnia”.