Смех у зале. Аналітычны аддзел пра сатыру ў белліце.

Здольнасць смяяцца — адна з базавых рысаў чалавека. А выкарыстаць права на смех — святы абавязак блазнаў ды разумнікаў. Гумар робіцца чорным, калі застаецца апошнім патронам у абойме твайго розуму. І працуе адпаведна — як зброя ці лекі. Сёння наш аналітычны спецназ разбірае айчынную сатыру як жанр, форму і творчую оптыку.

ГУМАР ШРОДЫНГЕРА: ДУРКА БЕЛАРУСКАЯ

Скажы мне, з чаго смяешся, і я скажу, хто ты.

Здольнасць да абстрактнага мыслення дазваляе сістэматызаваць з’явы жыцця. Крытычнае мысленне — выяўляць у сістэме хібы. Пачуццё гумару — мера інтэлектуальнага патэнцыялу.

Чым больш развіты чалавек, тым больш абсурдных дробязяў ён бачыць у дадзенай нам рэчаіснасці.

Урэшце, самыя разумныя немінуча прыходзяць да высновы, што ўласна існаванне чалавека і самасвядомасць — пацешная выпадковасць. Да скону дзён такі “першаадкрывальнік” будзе жыць з іранічнай усмешкай — ці не смяяцца зусім.

Перафразуючы папулярную фразу Эйнштэйна, ёсць толькі два спосабы пражыць жыццё: першы — нібыта смешнага не існуе, другі — быццам смешна ўсё на свеце.

*

Чым далей на ўсход ад Імперыі Каралінгаў, тым менш людзі звяртаюцца да абстрактнага. Тым меншае адчуванне абсурду. Тым больш зямны гумар. Абсурд і гумар філалагічны (як смех з субрэчаіснасці) развіваецца там, дзе закрыты базавыя патрэбы чалавека.

Літаратуру можна ўявіць як чалавека з пэўным грамадзянствам: калі ты ангелец, можаш спакойна іранізаваць з хібаў чалавечай прыроды агулам; калі беларус — мусіш думаць пра выжыванне і гумар твой найперш скіруецца на грамадскі лад.

Народны гумар беларуса нічым не адрозніваецца ад народнага гумару любой іншай краіны: карнавал, нізавое, плоцевае, ніякіх табу. Адзіная тэрыторыя, дзе можна разгуляцца. Найлепш гэта адлюстраваў Барадулін у “Здубавецці”. Нездарама ён сябраваў з Караткевічам — другім вялікім смехуном. Трэцім у тусоўцы быў Брыль — аўтар “Ніжніх Байдуноў”.

Смешнае-жыццярадаснае (у супрацьвагу смешна-трагічнаму) у беларускай літаратуры паходзіць з народнага. Асобна варта сказаць пра трасянку — соль мовы, з якой тэкст можна зрабіць ці смачным, ці няўежным.

Літаратурны смех — т. зв. смешна-трагічнае — часта выкрывальніцкі. Гэта і не смех насамрэч, а замаскіраваны плач. Павёўшыся на гэгі і каламбуры, даверлівы беларус трапляе ў пастку экзістэнцыйнага крызісу (што дэманструе “Песня пра Цімура” Адамовіча).

Асобны падвід літаратурнага смеху — калі аўтар працуе па прынцыпе “з каго смеяцеся? з сябе смеяцеся”. То бок саркастычна (а то і злосна) выказваецца пра калегу.

Адсюль тры традыцыі смехавога ў беларускай літаратуры. Постнародная наўпрост працягвае народны гумар. Другая бярэ пачатак ад непераўзыдзеных “Запісак Самсона Самасуя” Мрыя — гэтую плынь назавём класічна-сатырычнай. І трэцяе ідзе ад “Сказа пра Лысую гару” Францішка Ведзьмака-Лысагорскага (ён жа Ніл Гілевіч); гэтая традыцыя паклікана высмейваць сябе самога і бліжняе (унутранае) кола, напрыклад, пісьменніцкае.

Сатыра і яе менады

Задумваўся гэты тэкст як разгляд сатырычнага рамана ў белліце. Пакуль не высветлілася, што падобных тэкстаў вобмаль. Узорныя “Запіскі...”, пазней — кніга Плескача “Шоу працягваецца”, пасля 2020-га — “Свінні” Чарнухі.

Сатырычны погляд прысутнічае ў большай колькасці тэкстаў, але погляд — яшчэ не жанр.

Чаму так? Сатырычны раман — жанр надзвычай складаны, калі казаць пра поспех у ім. Няма нічога больш простага, чым штосьці высмеяць. Але зрабіць гэта смешна — няпроста. І зусім складана — у межах мастацкага выказвання. То бок адкрыўшы новае вымярэнне мыслення або эстэтычнага асэнсавання тэмы.

Сатырычны раман так моцна прывязаны да аб’екта крытыкі, што падняцца над ім — сапраўдная праца. Трэба ўсведамляць умоўнасць усяго, у тым ліку ўласнай крытыкі, і пры гэтым не ненавідзець аб’ект, а бачыць яго ў развіцці і ўзаемадачыненні з іншымі аб’ектамі рэчаіснасці. Разумець.

Напрыклад: можна напісаць сатырычны раман пра беспрацоўнага махляра, высмейваючы ягоную бескарыснасць, — і атрымаецца пасрэдны памфлет. А можна напісаць пра крывадушнае грамадства ў момант змены ідэалогіі і адчайнага чалавека, які на іх фоне будзе выглядаць разумным і вынаходлівым, бо толькі ён бачыць сапраўдны стан рэчаў, — і атрымаецца “Дванаццаць крэслаў”.

Другая складанасць: сатырычны раман у чыстым выглядзе наўрад ці можа існаваць у эпоху метамадэрнізму. У рэалістычную эпоху сатыра была формай яскравага выказвання. Перажыўшы нігілізм постмадэрну, сатыра ў чыстым выглядзе выглядае ніякавата. Як цётка з начосам і сінімі ценямі ў эпоху натуральнага макіяжа: калісьці гэта было эфектна, цяпер — недарэчна.

*

Возьмем сатырычны раман Плескача “Шоу працягваецца”. Адна лінія — жыццё раённай газеты, лінію рухае карэспандэнт, узброены іроніяй і сарказмам. Другая — жыццё школы са змаганнем за гадзіны, шалёным завучам і абыякавасцю ўсіх да абсурду сістэмы. Па выніку сістэма перамагае. Чалавек слабы. Пляскач правільна бачыць, але пры гэтым не выходзіць за межы банальнай канстатацыі. Аўтар застаўся ў сістэме свайго героя, ідзе ўпоравень з ім. І раман не стаў чымсьці выбітным.

Супрацьпаставіць можна Паўла Касцюкевіча. “План Бабарозы”, “Бульба ў райскім садзе”, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” — гэта смешна, бо праўдзіва. Гэта праўдзіва напоўніцу, бо не абмяжоўваецца крытыкай. Кожны сказ Касцюкевіча напоўнены любоўю і шкадаваннем — наўзамен выкрывальніцтва. Гэта робіць яго мастаком, а не суддзёй.

Парадаксальная рэч, але менавіта любоў робіць мастака аб’ектыўным. Нянавісць не дае тлумачэнняў, крыўда не дае разумення, гэта тупік мыслення і, адпаведна, аналітыкі. А любоў, не засцячы крытычнае мысленне, дае глыбокае разуменне з’явы, аб’екта, чалавека — чаго заўгодна. Спагада, здольнасць чуць, паставіць сябе на месца героя — усё гэта даецца з любоўю. І таму тэксты, узведзеныя на гуманізме, лічацца ў чалавецтва найвялікшымі.

Сатырычны раман спалучыць з любоўю складана — як паяднаць дыянісійскі і арфеічны пачаткі. Плоцевае і духоўнае. Аб’ект і ідэя.

Менавіта спадарожніцы Дыянісія, жарсныя менады, знішчылі Арфея.

З любоўю, Касцюкевіч

Касцюкевіч не піша чыстую сатыру, бо яна завузкая, штучна акрэсленая, такі сабе від пракруставага ложа.

Узяць “План Бабарозы”: аўтар назваў кнігу сямейнай сагай. Ён выступае героем і апісвае дзяцінства, юнацтва і нават сталасць у шчыльным атачэнні бабуляў і дзядуль. Верхаводзяць жанчыны: “Матрыярхат па поўнай праграме, без права перапіскі”. Галоўная над імі — баба Роза, якая насамрэч — Руф, жанчына біблійнага маштабу ва ўсім, ад любові да правасуддзя.

Касцюкевіч пакеплівае з забабонаў і страхаў ваеннага пакалення, высмейвае звычкі аўтарытарных жанчын і другараднасць мужчын на постсавецкай прасторы, але ўсё гэта — без злосці. Спагада і вялікая цярплівасць дазволілі аўтару ўбачыць сутнасць з’явы, а не толькі чалавечыя заганы. За прымхамі і чарадой прыкметаў, якіх трэба трымацца, стаяць дні, у якія бабулі і дзядулі не ведалі, ці дажывуць на наступнага світання. За жаданнем накарміць унука да непрытомнасці — голад. За прагай кантраляваць — поўнае бяссіле і безабароннасць. Траўмаванае пакаленне траўмаванай нацыі — сапраўдны герой кнігі, такой смешнай на першы погляд.

“У поспеху бабулі і дзяды ўжо наперад бачылі руйнаванне, у багацці — банкруцтва. Апошнія гізунты выцягне бессэнсоўная беганіна. Грашовыя багацці зжарэ інфляцыя. Маёмасць і каштоўнасці, як мы ўсе ведаем з нашага тутэйшага досведу, адцяпае сквапная дзяржава. А калі дзяржава будзе ў даважак дэспатычная, дык выме і жыццё. Паратунку няма”.

Гумар Касцюкевіча адметны, і цяжка перамагчы спакусу назваць яго габрэйскім. Сумная ўсмешка наўзамен плачу. Дзе Алексіевіч піша трагічны шматтомнік, Касцюкевіч абмяжоўваецца смешным апавяданнем, пасля якога, аднак, будзе больш сумна, чым пасля “Галасоў утопіі”. Касцюкевіч са свайго “габрэйства” пакеплівае: “У мяне ад габрэяў толькі падвышаная валасатасць на нагах, і няма цікавага прозвішча і імені. Стуль я ніколі не зведаў ніякіх прыцісканняў. І адпаведна, паўнавартасным габрэем я не стаў”.

Асабліва цешыць смех Касцюкевіча з кардоннага нацыяналізму: “Нават Беларусь была далёка. Недзе там, за курапацкім лесам, Усходнімі могілкамі, садова-дачнымі таварыствамі, палямі і непралазнымі пушчамі. Недзе там, далёка-далёка, дзе цячэ напаўфантастычны Нёман, на чыіх берагах жывуць сяляне (“цёмен сам, белы вус”). Яны размаўляюць без трасянкі, ходзяць у ільняных кашулях з арнаментам і шмат стагоддзяў жывуць дзядоўскім манерам. Ось там і адбываецца ўсё сапраўдна-беларускае”. Вы можаце сказаць, што гэта смех з іншаземных стэрэатыпаў на наш конт: у такім разе мы раім заглыбіцца ў фэйсбучныя спрэчкі беларускіх эмігрантаў.

Што да іншаземцаў, ім таксама дастаецца: “Расійцам падабаецца рахманы малодшы брат, які гадуе ніцыя вусішчы і спявае пра Алесю, Палессе і белага бусла ў дадатак... Так і еўрапейцы. З вашага кутка Еўропа чакае аповед пра нялюдскія зверствы ці неверагодныя дзівосы. Патрабуецца дасціпна расказаная гісторыя пра цывілізацыю палескіх індзейцаў, якія дагэтуль размаўляюць на стараідышы ці парушніцкім лемезе, штодня жэняць Цярэшку ды жывуць у бязмежных рэзервацыях з кракадзіламі ў абдымку сярод Герадотавага мора балотаў. Табе патрэбны экспартны варыянт тваёй краіны, але версія “экзатык”. Што-небудзь з прысмакам архаікі і запеклай крыві”.

Зрэшты, акурат такое “што-небудзь” выдала Ева Вежнавец, трапіўшы ў самае сэрца германцаў (што не робіць раман кепскім).

Цытаваць Касцюкевіча можна бясконца, але лепш яго чытаць без перабівак крытыка. Атрымаеце паўнамаштабную карціну беларускай рэчаіснасці, дасціпную, нязлую і лёгкую для разумення.

Сатыра як мова

У сатыры як метаду больш шанцаў на жыццё, чым у сатыры як жанру.

“Песня пра Цімура” Андрэя Адамовіча сатырычна падсвечвае жыццё беларускай інтэлігенцыі, чым падобная да “Плана Бабарозы”. Адамовіч, як чалавек здольны да крытычнага мыслення, ясна бачыць сутнасць еўраэкспарту белкульту. Адсюль іронія, з іроніі — гратэскныя карцінкі, такі сабе дэкамерон варшаўскага прадмесця. Любоўныя перыпетыі ў гета і патрыятызм як сувенір на продаж. З такой карцінай свету выбар вузкі: трагічна заламаць рукі і пісаць нарцысічныя эсэ на “Абдзіраловіча” (якія ніхто не чытае). Або ўзброіцца смехам і на злом галавы кідацца ў сэрца цемры.

З другога можна штосьці атрымаць. Хоць бы паездку на Готланд.

Касцюкевічу застацца ў межах сатырычнага рамана не даў гуманізм, а Адамовіча падвёў да экзістэнцыйнай прорвы рамантычны склад душы. Кругом абсурд, а ў цэнтры яго — дзірка ад бубліка, Нішто. Вось і ўся песня.

Юлія Шарова ў “Вяртанні Ліліт” выкарыстоўвае сатыру як інструмент выкрыцця, то бок па прамым прызначэнні. Аўтарку раздражняе самазадаволенасць мінскага “бамонду”, абмежаванасць, адсутнасць крытычнага мыслення, эгацэнтрызм, які маскіруецца пад прыгожыя рэчы накшталт змагання за праўду ці патрыятызму. Але гэта толькі частка рамана, адна з нот, якая часам гучыць мацней, часам — знікае. Пры ўсім тым “Вяртанне Ліліт” застаецца гарадскім містычным раманам. (Роўна як сатырычныя ноткі ў “Майстры і Маргарыце” не робяць раман сатырычным).

Севярын Квяткоўскі ў “Каларадскай пушчы” выбраў сатыру як мову антыўтопіі. Ён узводзіць у абсалют праявы сучаснага беларускага грамадства: з аднаго боку — росквіт калгаснай культуры бальшавіцкіх нашчадкаў, з іншага — недасяжны Алімп Сапраўдных Беларусаў. Недзе між імі таўчэцца народ — Квяткоўскі лакалізуе яго ў Серабранцы і раскідае па глухіх астравах-хутарах.

*

Асобна стаіць “таксічны раман” Паўла Анціпава “Краткая история премии Г.” Асобна з дзвюх прычынаў.

Першая — тэкст рускамоўны, а ў нас дасюль рускамоўныя тэксты са скрыпам адносяць да белліту (не цураючыся польскамоўных Пільштыновай, Міцкевіча і Пясецкага, — але “это другое”).

Другая — раман і не разглядалі як раман. Рэакцыя грамадскасці (найперш літаратурнай) на тэкст звялася да гневу і паталагічнай цікаўнасці, прычым цікавіліся не мастацкімі якасцямі рамана, а зместам — падрабязнасцямі з кулуараў белліту. Вуайерызм як нацыянальнае хобі.

Разглядаць “таксічны раман” як нон-фікшн нельга: аўтар і ёсць герой, і ў тэксце, і ў жыццёвай першааснове. Суб’ектыўнасць сваю ён не толькі не хавае, але падкрэслівае. Ва ўсім бачна стаўленне Анціпава — да людзей, да працэсаў, да рэгалій, да жарсных стасункаў з “культурным Захадам” і г. д. Інакш кажучы, глядзець на “Кароткую гісторыю прэміі Г.” як на дакументальнае сведчанне гэтак жа абсурдна, як разлічваць на фатаграфічную дакладнасць у работах экспрэсіяністаў.

“Гісторыя прэміі Г.” працягвае лысагорскую традыцыю на новым узроўні: па-першае (дзякаваць богу) — не ў рыфму; па-другое, не ананімна. Эпітэт “таксічны” ў аўтарскім вызначэнні можна з лёгкасцю замяніць на “сатырычны”. Так бы яно і было, калі б мы не жылі ў час, дзе нерафінаваная крытыка расцэньваецца як “таксічнасць”.

Пасля 2020-га

Два тэксты найноўшага часу як знарок ілюструюць дзве парадыгмы развіцця сатыры — няўдалую тупіковую і перспектыўную, калі казаць пра мастацтва.
Першая — “Свінні” Аляксандра Чарнухі. Другая — “Супердада” Андрэя Дудко.

*

Невядома, ці напраўду кожны журналіст марыць напісаць раман, але Чарнуха напісаў. Былы аўтар буйнога інфапартала ператварыў уражанні ад паездак па Беларусі ў дэбютны сатырычны раман. Звышсмела: дэбютаваць у прозе адразу з раманам, ды яшчэ і сатырычным. Да таго ж Чарнуха ў прадмове піша, што аддаў на працу ўсяго 7 месяцаў. Гэта ўражвае.

Але і вынік адпаведны. У мастацкім сэнсе тэкст прайграе любому з ужо названых: кампазіцыя непрадуманая, сюжэтныя лініі зліваюцца ў шэрую масу, увагу не трымаючы зусім, — толькі маючы трэніраваную сілу волі, можна прасунуцца далей за першы раздзел. Гісторыя мёртвая, драматургія падпёртая змушанасцю: штосьці адбываецца, бо так трэба аўтару.

Стыль можна было б назваць эклектычным, але на справе гэта спроба скапіяваць стыль рускай сатыры 1920-х, калі пісалі маладыя Ільф, Пятроў, Булгакаў. Для гэтага Чарнуху не хапіла вастрыні ў адчуванні смешнага — калі казаць пра фактуру; самакрытычнасці і густу — калі казаць пра мову. Там, дзе ў класікаў свежасць і вастрыня, у Чарнухі — вялая другаснасць.

Самае страшнае, што рыторыка аўтара сугучная пасквілям і поўным жоўці перадавіцам “Мінскай праўды”.

Чаму так? Таму, што Чарнуха застаўся паверхневым, не зразумеўшы розніцу паміж пісьменнікам і журналістам. Ён піша не з пазіцыі гуманіста, а з пазіцыі выкрывальніка. Там, дзе трэба зразумець з’яву, ён намагаецца арыгінальна яе абсмяяць. Гэта заўжды гучыць кепска, нават калі ты майстар слова. А Чарнуха ім пакуль не з’яўляецца.

Злы смех рэдка бывае таленавіты. Калі б Сервантэс быў злы, яго раман быў бы шараговай пародыяй на рыцарскі эпас. Што да стылю:

“Ответственные люди готовы были скрыть этим сайдингом дыры в асфальте и бюджете, душевные раны и собственные косяки. Уложили бы заподлицо так плотно, что внешний порядок заслонил бы своим пластиковым телом всю жизнь. Но прогресс не поспевал за мыслью чиновников, поэтому приходилось как-то крутиться”.

Стылістычныя “перапады” не ствараюць камічны эфект, таму што аўтар карыстаецца прыёмам бязмэтна, праз увесь тэкст, чым нагадвае дзіця, якое, вывучыўшы новае слова, паўтарае яго бясконца. Тое ж з канцылярызмамі: як мастацкі прыём яны працуюць толькі ў выпадку, калі для іх знаходзіш арыгінальны ракурс, а не механічна пераносіш з плоскасці побытавай у мастацкую. Шмат у чым Чарнуха паўтарае памылкі Марціновіча, але ў таго, прынамсі, моцныя рэдактары.

*

Андрэй Дудко — маргінальны самародак, і ў гэтым яго шчасце. Руская мова абараніла яго ад шчупальцаў нацыяналізму, якія ўчэпіста хапаюцца за таленавітых неафітаў і зацягваюць іх у балота беларушчыны. Адпаведна, Дудко абмінуў лёс ненавідзець усё расейскае і любіць усё польскае, паважаць Някляева і маліцца на Зянона і г. д. Ён робіць, што хоча: трапна парадыруе вядомых аўтараў, змешвае абсцэнную лексіку з высокім пафасам, крытыкуе ідэі, якія ўчора былі вялікімі.

У выніку такіх эксперыментаў з’явілася “Супердада” — самы смешны і складаны для масавага чытача тэкст “пострэвалюцыйнай” пары. Дудко закумуляваў усе засвоеныя гуманітарныя веды, прымерыў іх да сучаснасці, адзначыў недарэчнасці — багі ў культурным кодзе — і ўсё перакуліў дагары нагамі.

Аб’ект сатыры ў Дудко маштабны: культурны багаж як такі — у плоскасці эстэтычнага; палітычная і сацыяльная будова свету — у плоскасці ідэйнага. Крытыкуюцца адначасова чалавечая маса — пасіўная, пустагаловая і інертная (якую памылкова называюць грамадствам) і т. зв. палітычныя эліты, феномен дзяржаўнасці. Важна: “Супердада” — больш чым крытыка пэўных уладаў. Гэта поўная дэструкцыя самога панятку Улады.

Тэкст нарадзіўся з крызісу постмадэрнізму, які сябе вычарпаў. Абсурд у Дудко даводзіцца да абсурду. Гэта метаабсурд, які паказвае, што ўсё, чым людзі ў вежах са слановай косткі ганарыліся, зводзіцца да прымітыўнай схемы, якую няважна чым напаўняць, — засталася толькі форма.

Гэта адзіны тып сатыры, які можа развівацца паўнавартасна ў мастацкім сэнсе, — крытыка ідэі, а не аб’екта.

З нявыдадзенага

Тым не менш ужо анансаваны два сатырычныя раманы традыцыйнага кшталту. Яны мусяць быць апублікаваныя ў межах праекта “33 кнігі для іншай Беларусі” (рэалізуецца ў Германіі).

Раман “Радзіна” Слупоўскага раскажа пра некалькі пакаленняў беларусаў, якія перажываюць розныя навалы: рэвалюцыю, калектывізацыю, вайну, Халакост, перабудову і г.д. “У гульнявой манеры аўтар выкрывае розныя стэрэатыпы, дагэтуль пашыраныя ў беларускім грамадстве, і з страшнаватым гумарам дэманструе, што ў беларускай гісторыі не было простых ліній, так што, калі ёсць жаданне наблізіцца да праўды пра гэтую прастору, непазбежна давядзецца акунуцца ў вір цёмных гісторый”.

Словам, чакаецца ўзорны экспартны прадукт. Яшчэ і з прысмакам містыфікацыі: Збых Слупоўскі — псеўданім, хто рэальны аўтар — невядома. Даецца толькі прыдуманая біяграфія аўтара, якая сама гучыць сатырычна: нарадзіўся ў 1971-м на Баранавіччыне ў яўрэйска-польскай сям’і, вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, каб наладзіць дабрабыт на вёсцы. Абараніў у Акадэміі навук дысертацыю аб апладненні жывёл ва ўмовах радыёактыўнага забруджвання. Працуе ў Інстытуце аграрнай біяфізікі НАН РБ, маючы больш за 100 навуковых прац і пасведчанняў аб паспяховым правядзенні апладнення жывёл.

А вось Касцюкевіч анансуе раман “Гісторыка-культурны бардэль адваката Веліноўскага”: студэнт Зянон Пашталенка знаходзіць працу ў амбасадзе старажытнай Грэцыі ў Рэспубліцы Беларусь. Раман мусіць раскрыць карціну мінскага культурнага жыцця ў “шчаслівым” дзесяцігоддзі — з 2010 па 2020 год. Да ўсяго, робіцца спроба зразумець “рэвалюцыю” 2020 года.

Што чытаць, каб (часам) пасмяяцца:

Аляксандр Чарнуха “Свінні”
Андрэй Адамовіч “Песня пра Цімура”
Андрэй Дудко “Супердада”
Андрэй Мрый “Запіскі Самсона Самасуя”
Ніл Гілевіч “Сказ пра Лысую гару”
Павал Касцюкевіч “План Бабарозы”, “Бульба ў райскім садзе”, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”
Павел Анціпаў “Краткая история премии Г. Токсичный роман”
Рыгор Барадулін “Здубавецце”
Севярын Квяткоўскі “Каларадская пушча”
Сяргей Пляскач “Шоў працягваецца”
Юлія Шарова “Вяртанне Ліліт”
Янка Брыль “Ніжнія Байдуны”