Нелюдзі ды красаўцы. Аналітычная служба пра трасянку ў белліце.

Жыццё прамаўляе не па-кніжнаму. Нармальны рэжым нашай камунікацыі — мікс вывучанага, замежнага, канцылярскага ды прастамоўнага. Практыкаванні ў стылістычным шматгалоссі. Каб заўважыць дзівацтва моўных раскладаў, трэба збочыць — і замест персанажа зрабіцца аўтарам. Здольным выкарыстаць моўнае як прыём. Каб зрабіць “памылковае” важкім. Трасянка лайно? А вось і не! Дастаяніе рэспублікі.

ТРАСЯНКА: АД ЧАЎНІ ДА ПАНАЦЭІ

Пра “няправільнае” ў белліце — з любоўю і ўважэніем.

Як яе толькі не называлі! Лексічны маркер дэмакратызацыі. Моўны сурагат. Жвачка. Дземянцееўка. Лінгвістычны інцэст. Трасянка — жалезабетонны факт рэчаіснасці, аб які разбіваюцца мары пра Сапраўдную Беларусь. Замест яе маем Беларусь Настаяшчую, у якой замест бусла — голуб на сметніцы, а замест фермера ў вышыванцы — дзядзя Толя з “NZ” у залатых зубах.

ШТО ЭТА ВАБШЧЭ ТАКОЕ

Першую спробу абазначыць з’яву тэрміналагічна зрабіў Вацлаў Ластоўскі ў 1930-х: назваў моўную мяшанку чаўнёй (ад дзеяслова “чаўпці” — несці лухту). Але першым тэкстам на трасянцы, блізкай да сённяшняй, лічыцца “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча, напісаная ў 1866 годзе.

Агаворка “блізкай да сённяшняй” важная: відавочна, што змяшэнне моў — такая ж старая з’ява, як наяўнасць саміх моў. Напрыклад, тэксты Францыска Скарыны нейкі лінгвіст назваў “адным з самых ранніх выпадкаў фіксацыі беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі”. А нібыта польскамоўны “Дыярыуш” Мікалая “Рыбанькі” Радзівіла напісаны насамрэч на польска-беларускай трасянцы.

“Пінская шляхта” — першы тэкст у беларускай літаратуры, які выкарыстоўвае беларуска-рускае змяшэнне моў. Ці называць яго трасянкай — пытанне: сучасны тэрмін увёў толькі у 1980-я Зянон Пазняк. Ён разумеў трасянку як з’яву прарасейскую і благую, прадукт русіфікацыі. Кансерватары падзяляюць гэты погляд і сёння.

Процілеглы пункт гледжання — трасянка як з’ява прабеларуская, прыступка да літаратурнай беларускай мовы і нават форма ейнага існавання. Гэта не толькі нястрашна, але і карысна. А часам нават весела. Гэтую пазіцыю падзяляюць Алег Трусаў, легендарны перакладчык Васіль Сёмуха, нават акадэмік Аляксандр Лукашанец.

Выглядае так, што ацэнка залежыць выключна ад светапогляду. Чым менш у чалавеку пачуцця гумару, радасці жыцця і разумення яго шматмернасці, тым больш ён схільны да строгай сістэматызацыі. Яму неабходна цвёрдая глеба пад нагамі і штосьці Непарушнае як аснова быцця. Іначай — страшна.

Агрэсіўнае стаўленне да трасянкі ды яе носьбтаў (і твораў на ёй / з ёю, адпаведна) — рэакцыя на небяспеку. Але: калі трасянка бачыцца абаронцу моўнай чысціні небяспекай, гэта значыць, што ён лічыць саму мову слабой, непаўнавартаснай. І наадварот: людзі, якія спакойна ставяцца да трасянкі, пацвярджаюць сваю ўпэўненасць у сталасці беларускай мовы.

Трасянка — тэст на моўны пурызм. Трасянка — вобласць спектра паміж полюсамі беларускай і расейскай літаратурных нормаў, а не ізаляваны сектр дыяграмы.

БАЛЬШОЙ БРАТ НА СВЯЗІ

Андрэй Хадановіч сказаў: “Трасянка, на мой погляд, вымагае фантастычнага вуха і пачуваньня стылю”. А таксама назваў выкарыстанне трасянкі ў літаратуры барочнай з’явай, маючы на ўвазе спалучэнне высокага і нізкага.
І гэта чыстая рацыя.

Трасянка — экспрэсіўны, гучны, дамінанты мастацкі сродак. І даволі новы: не так часта яе выкарыстоўвалі ў белліце. Адпаведна, як мастацкі прыём трасянка яшчэ не згубіла вастрыні. Яна гучыць свежа.

Трасянка — заўжды характарыстыка героя: маркер прыналежнасці да пэўнай культуры, мясцовасці, сацыяльнага слою. Часам характарыстыка рэзка адмоўная. Такое сустракаецца ў творах сатырычных, парадыйных.

Ва ўжо згаданай “Пінскай шляхце” на трасянцы размаўляе Кручкоў — прадстаўнік варожай імперскай сістэмы. У ягоным маўленні змешваюцца не толькі дзве культуры, але і мова сістэмы, гвалту: “Угалоўнае прэступленне, Сібірам пахне”.

Трасянка бывае або народная, або “дзяржаўная”.

Першая існуе “ў гарызанталі”: паміж людзьмі аднаго сацыяльнага ўзроўню, у адным культурным полі. Людзі твораць яе штодзень, і ўзнікае яна натуральна, змешваючыся з мовай суседа негвалтоўна, проста па факце суседства.

“Дзяржаўная” трасянка развіваецца вертыкальна — ад прывілеяванага носьбіта да яго падначаленых і далей, у народ. У Беларусі “пацыентам 0” стаў А. Г. Лукашэнка. Але і ён падначалены свайму Узору — абстрактнаму Вялікаму Расейцу. Бальшому Брату. Там — выгоды, там — багацце, таму руская мова — правільная.

Герой, які размаўляе на трасянцы, бо лічыць іншую мову лепшай, заўжды адмоўны. Кручкоў у Дуніна-Марцінкевіча. Пан Адольф Быкоўскі ў “Паўлінцы” Купалы (замест расейскай — польская мова). Мікіта Зносак — у “Тутэйшых”.

У “Родных дзецях” гэтую з’яву высмейвае Ніл Гілевіч. На трасянцы размаўляе Мікіта Рэпа, брат героя:

Бывае, выйдзеш вутрам з хаты —
Так благавухае сярэнь —
Аж нос зрываюць араматы!
Здаецца б, нюхаў цэлы дзень!

Персанаж падаецца як чалавек варты жалю, “непамяркоўны, грубы, злы”, яшчэ і інтэлектуальна не развіты. Гэта мастацкі пралік Гілевіча (зрэшты, тэкст у цэлым неглыбокі). Бацька Мікіты сышоў з сям’і, калі хлопчыку было пяць. Малы рос з крыўдай, недалюбленым. У школе да яго прыляпілася мянушка Абіззян: ён вырашыў, што калі ёсць абіззяна, дык самец мусіць называцца так, па аналогіі з гускай і гусаком. Хлопчыка высмеялі. Адсюль траўма: трэба гаварыць на правільнай мове, каб цябе любілі. Ён шукае моцную фігуру наўзамен бацьку, і ёю стаў Бальшой Брат. Яго Мікіта капіруе.

У рамане раскрыцця персанажа няма: Гілевіч абмяжоўваецца высмейваннем.

ЖОПА ГАРАЦКОВА ЦІПА

Ёсць дзве функцыі трасянкі: дакументальная і мастацкая.

Дакументальная перадае сапраўдную мову персанажа. Гэта тэкст-стэнаграма, тэкст-транскрыпцыя. Мастацкая трасянка характарызуе персанажа, стварае камічны эфект, малюе эпоху і абставіны дзеяння.

Першая ў выкананні прасцейшая. Другая, як слушна сказаў Хадановіч, патрабуе тонкага слыху — як любая мастацкая імітацыя.

Майстра такой імітацыі — Сяргей Прылуцкі, сур’ёзны драматычны паэт, які ў 2009 годзе выдаў ядзерную кніжыцу “Йопыты двух маладых нелюдзяў” пад псеўданімам Сірошка Пістончык (у суаўтарстве з Уласікам Смаркачом).

“Йопыты” — назва самаіранічная: гэта першы досвед кнігі ў беларускай літаратуры, напісанай цалкам на трасянцы. “Нелюдзямі” аўтары сябе бачаць праз опытку моўных пурыстаў.

Кнігу складаюць апавяданні з жыцця берасцейскіх маргіналаў, пралетарыяў, людзей, што называецца, “простых” — ад наркамана да прадавачкі. Усіх яднае мова — трасянка. Абагульнены партрэт яе носьбіта: беларус без вышэйшай адукацыі, у лепшым выпадку — сярэдняя спецыяльная; знаходзіцца на мяжы з беднасцю ці ўжо за ейнай рысай; карані вясковыя (гараджанін у першым ці другім пакаленні); жыве ў спальным раёне з сумніўнай славай; праца не вымагае інтэлектуальных высілкаў. Гэта людзі трывушчыя, вынаходлівыя, скептычна настроеныя, некамунікабельныя, бо заўжды чакаюць падвоху. Палёгку пры такім ладзе жыцця шукаюць у шкодных звычках і “жарсным забыцці”.

“Лідзія Данілаўна жыла ў жопе. Жопа была гарацкова ціпа. Маленькая і ціхая. А Данілаўна наадварот — агромная як кантрабас і громкая як сьвістулька. Яна работала ў калгасе даяркай. Дзёргала па вечарах каровам сіські. А па начах мужыкам піські”.

Трасянка герояў Пістончыка — беларускі аналаг кокні, лонданскага прастамоўя прадстаўнікоў рабочага класа. Англамоўныя акторы часам імітуюць гэтае маўленне, каб стварыць камічны эфект, і фальшывы акцэнт атрымаў назву “мокні” ад ангельскага to mock — насміхацца. Па аналогіі, трасянку чыноўнікаў у белліце можна назваць петрасянкай.

Вельмі істотна: Пістончык сваіх герояў не асуджае. І не рамантызуе. Ён іх разумее і раскрывае іх свет іхняй жа мовай. Ён першы ў сучбелліце ўбачыў у электаральнай адзінцы чалавека.

НА МІФІЧАСКІМ ХАЛМЕ

Дзяніс Хвастоўскі — паэт з 1990-х, які трагічна загінуў у 25. Гісторык, культурны хуліган і геній.

Умоўны лад заўжды ўмоўны, аднак датычна Хвастоўскага рызыкнём сцвярджаць: калі б ён не загінуў, то сёння быў бы адным з вядучых аўтараў Беларусі. У Хвастоўскага быў той унікальны, непадробны тып таленту, калі ўсё, да чаго дакранаецца паэт, ажывае — ад купальскай ночы да пыласоса.

Дзяніс Хвастоўскі, William Butler Yeats, Борис Рыжий — мастакі аднаго шэрагу.

Цалкам натуральна, што паэт такой велічыні чуйна ставіўся да трасянкі — жывой мовы народа. У вершах Хвастоўскага трасянка губляе адмоўную канатацыю і гучыць як варыянт нормы, як мова мастацтва. Хвастоўскі любіў Пушкіна і гэтаксама вольна пачуваўся ў народнай стыхіі. “Тапелец” Пушкіна гучыць у Хвастоўскага як “Тарас на Парнасе” ў сучаснай аранжыроўцы:

На трупіну свеціць сонца,
Дужа сіняя яна.
Ці ты хлопца-бізнэсоўца
Прыняла рака сп’яна;
Ці то бедны заканчэнец,
Ці рыбар, узяты дзе;
Можа, нейкі адраджэнец
Плыў у свіслацкай вадзе…

Хвастоўскі быў закаханы ў фальклор, асабліва — кельцкі. Палітычную сітуацыю 1990-х ён перастварыў у народны сказ на народнай жа мове:

На міфічаскім халме,
У індыйскае чалме
васьсядаў вялікі пан,
занімаў пачотны сан.

Хвастоўскі перайначваў свет на свой капыл, і свет заставаўся жывы. Падшыў жабцы крылы — і яна паляцела.

*

Яшчэ прыклад трасянкі ў паэзіі — вершы Анкі Упалы ў дэбютным зборніку “Дрэва энталіпт”. Збольшага кнігу склаюць абсурдысцкія апавяданні. Вершаў тут усяго чатыры. Гэта сатырычныя тэксты, з якіх самы яркі — “Красны дзень календара”. Упала саркастычна выказвае стаўленне да савецкай спадчыны:

Пціцэфабрыке первай спасіба скажам
За яйца, за патрасаюшчых курыц,
За чэлавечаскае вніманіе.

КРАСАТА Ў ГЛАЗАХ СМАТРАШЧАГА

Сенсацыяй 2018 года стала Каміла Цень — невядомы аўтар/аўтарка першага дэтэктыва на трасянцы “Я прыду за табой у аўгусце”. Увесь тэкст — маналог кантралёркі Зінаіды Юр’еўны, свайго роду паказанні па крымінальнай справе.

Зінаіда Юр’еўна — тып наіўна-прастадушны. Простая і чэсная жанчына, якая не разбіраецца ў абстракцыях кшталту палітыкі ці мастацтва. Але ёсць у ёй штосьці большае, чаго нестае пыхлівай інтэлігенцыі, — безумоўнай дабрыні. Зінаіда Юр’еўна чуйная да чалавека. Па-народнаму дасціпная праз сваю назіральнасць і непасрэднасць у выказваннях.

“Для мяне самае страшнае аскарбленіе, наверна — кагда гаварат, што мне большэ ўсех нада. Мне якраз нада ат этай жызні очэнь нямнога. Меньшэ другіх, я бы дажэ сказала. …Ва-первых, штоб дома была чыста і спакойна. Ва-ўтарых, штоб мір был. І ў трэціх, штоб людзі былі вежлівыя і давольныя. …Нет, жыць у Беларусі можна. Па крайней мерэ, на талончык у каждага хваціт. …Асталась толька па-чэлавечэскі атнасіцца друг к другу. Эта жэ так проста. А аказываецца, эта і есць самае труднае”.

Як некалі Прылуцкі, Каміла Цень паглядзела на “электарат” безацэначна. Проста як на чалавека. Зінаіда Юр’еўна горача падтрымлівае дзяржаўны лад — але не гвалт, хлусню і ўзаконенае рабаўніцтва. Іх яна не бачыць па сваёй прастадушнасці. Зінаіда Юр’еўна падтрымлівае парадак, чысціню, працавітасць і ўзаемападтрымку — тое, у што верыць.

“Мы жэ ўсе граждане, у адным горадзе жывём, у адной стране. Відзіш непарадак — устрані. Замеціў несправядлівасць — пазвані куда нада. Можаш памоч — памагі. Не можаш — не мяшай. А ані ўсё на гасударства спіхівают. Піхуны”.

Каміла Цень вуснамі гераіні крытыкуе не інтэлігенцыю як такую, але крывадушнасць, пыху і іншыя нізкія якасці асобных ейных прадстаўнікоў, разам з тым пасмейваючыся са слепаты і наіўнасці “простага народа” — нязлосна, шкадуючы.

Як дэтэктыў “Я прыду за табой у аўгусце” слабы, асабліва што датычыць псіхалагічнай матывацыі злачынцы. Але дэтэктыўная лінія тут патрэбная толькі для структурызацыі тэксту, на ёй трымаецца маналог Зінаіды Юр’еўны.

На хвалі ажыятажу вакол літаратурнай загадкі з’явіўся другі дэтэктыў “Сакрэт фірмы”, гэтым разам шматмоўны: ахвяра размаўляе па-беларуску, злачынца — па-руску, Юр’еўна — на трасянцы. У гэтай кнізе дэтэктыўная лінія мацнейшая: “Сакрэт фірмы” — паўнавартасны жанравы твор.

МЫ ХУТАР, НАМ УСЁ ДА ЛЯМПАЧКІ

Самы свежы на сёння тэкст з трасянкай — “Не адчайваемся” Васіля Грыня. Аўтар жыве на хутары, развівае турыстычны бізнес і вядзе бяседы з суседам Браніслававічам.

Трасянка ў кнізе Грыня — дакументальная, і, строга кажучы, гэта нават не трасянка, а маладзечанскі дялект беларускай мовы. Яшчэ стражэй — прамежкавы варыянт паміж класічнай трасянкай і рэгіянальным дыялектам.

Ад трасянкі ў тэксце маем русізмы ў беларускай аранжыроўцы (“ніпрыемная ніпрыятнасць”, “радзіва”, “міталаскаціль”, “амікдота”) і перакручаныя неалагізмы (“у Зраілю адзін чалавек быў завёўшы кракадзілу”, “камлютар”, “планіцяне”, “прапелліра”). Ад дыялекту — рэгіяналізмы. Паказальны фрагмент:

— Набівай во сюды, на шчыліны, румштукі.
 — Чаго?
 — Набівай, кажу.
 — Ой, ты так па-сваёму гаворшы, што я ні панімаю!
 — Чаго ты ні панімаіш?
 — Ну, во што ты тока сказаўшы: штук нешта набіваць.
 — Ну, што набіваць! Румштукі на шчыліны.
 — Бланкі?
 — Чаго?
 — Можа, бланкі набіваць?
 — Якія бланкі?
 — Бланкі на шчыліны!
 — А, бляха, што за бланкі?
Прараб: “Што вы, хлопцы, яб…цеся?! Набівайця нашчыльнікі!

Рэгіянальнасць — сутнасць Браніслававіча і сацыяльнай групы, якую ён уяляе, — беларусаў правінцыі. Для іх не існуе адзінай Беларусі, але ёсць іх Зямля, іх Мова і іх Людзі. Пра гэта пісаў яшчэ ў 1990-я Акудовіч (“Архіпелаг Буларусь”), і праз 30 гадоў сітуацыя не змянілася. Больш за тое: у ёй нічога страшнага няма. Тая ж Італія пасёння размаўляе на дзясятках дыялектаў, а п’емонтцы, напрыклад, з пагардай ставяцца да лянотных сіцылійцаў.

Той жа думкі Браніслававіч:

“«А Божа мілы! Вот ты як падап’еш — усё мяне пра нацыю пытаіш. Гэны Шыбут усё дужацца лезя, а ты – пра нацыю! Ну, цырка на дроці з вас абыдвух!» – абураецца Браніслававіч. «Ну нейкай я мясцовай нацыі». – «Вот мянтуз! Якой мясцовай!» – «Ну, ці та польскай, ці та беларускай, ці та дзе та блізка. Тутыка вабшчэ Літва была! Некалі, за царом! Ён, казалі, у Лоску ў крыніцы купаўся! А ты гэткае ці чуў? Такі ты гісторык, а такую гісторыю ні знаіш! Ідзі аблягайся!»”

Грыня хвалюе неадпаведнасць афійцыйнай белмовы — народнай, штодзённа-побытавай.

“А знаіш, як я, як у дзісятую школу пашоўшы, сачыненія пісаў быў? Што я рабіў летам… Я пішу: «Катаўся на ровары на рэчку». А настаўніца мне будзя казаць: «Памылка! Па-беларускаму ні ровар, а веласіпет!» Ну, як ні ровар, калі ровар!”

Сапраўды, было б няблага, калі б вясковым першакласнікам на першым уроку роднай мовы тлумачылі, чаму школьная “белмова” будзе адрознівацца ад іхняй. Зрабіўшы літаратурную норму больш зразумелай і зняўшы адчуванне штучнасці. І тым самым — зменшыўшы верагоднасць, што гэтыя дзеці стануць рускамоўнымі.

Трасянка ў беларускай літаратуры:

Анка Упала “Дрэва энталіпт”
Васіль Грынь “Не адчвайваемся”
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч “Пінская шляхта”
Дзяніс Хвастоўскі “Лугназад”
Каміла Цень “Я прыду за табой у аўгусце”, “Сакрэт фірмы”
Ніл Гілевіч “Родныя дзеці”
Сярошка Пістончык, Уласік Смаркач “Йопыты двух маладых нелюдзяў”
Янка Купала “Тутэйшыя”