Беларускасць не выдумляюць, а жывуць. Кожны/ая па-свойму. Кожны/ая сваю. Наша эміграцыя — адначасова страта і набытак. Іншы досвед асабістых разлікаў з радзімай — і нязбыўных рахункаў, па якіх канчаткова расплаціцца немагчыма. Літаратура ў выгнанні — экзістэнцыяльны выклік і іспыт на трываласць. Лепшае тут працуе як мікс адчаю і ўпартасці. Таму і пісьменства адпаведнае — бескампраміснае і шчырае. Як наша сённяшняя суразмоўца.
Андрэй Хадановіч не першы год нязменна паспяхова бароніць свой статус нацыянальнага здабытку і літаратурнай суперзоркі. Яго так шмат, што часам хочацца адпачыць ад гэтай бурлівай дзейнасці. Але ж не! Аўтара не спыніць, не стрымаць. Варта чакаць новых цудаў. Бо дагэтуль, побач з арыгінальнымі вершамі, ужо здарыліся пераклады Боўі і Коэна, перапевы “Ласкового мая”, мантажны распіл канона белліту, сеткавыя лекцыі, “Купалінка” a capella і оперныя лібрэта.…
Шлях ад панка да літаратурнага аўтарытэта лёгка кладзецца ў асабісты лёс аднаго з найбольш значных ды спрэчных герояў (пост)сучаснага белліту. Спачатку — дзёрзкі дэнс і шалёная энергетыка, далей — канцэптуальны выклік і сістэмны нонканфармізм, потым — паслядоўная адбудова ўласнай медыйнасці, далей — манументальны opus magnum, мемуары, дзіцячая кніжка… І самы час патлумачыць, як гэта ўсё з табой адбылося.
Калі рэчаіснаць з’язжае з глузду, а штодзённасць робіцца цікавейшай за нашыя прыдумкі, надыходзіць час аўтафікшн. І гэта тая салодкая пастка, пазбегнуць якой надзвычай цяжка. Бо за знешняй лёгкасцю руху ўздагон падзеям хаваецца запыт на глыбіннае разуменне наяўнага. І спакуса сысці ў танную публіцыстыку. Як дасягнуць дакладнага балансу асабістага і глабальнага? Ці не ёсць аўтафікшн чарговай формай аўтарскага самападману? Разбярэмся з Юляй Арцёмавай.
Зараслава Камінская піша нязмушана і свабодна. Здаецца, яна можа ўсё: зрабіць байопік наіўнай мастачкі, выдаць калекцыю настальгічных страў ці стварыць беларускі гатычны раман. Але колькі каштуе падобная творчая свабода і адкуль прыходзіць натхненне? Зараслава адкажа за ўсё.
15 кастрычніка будзе сто год першаму маніфесту сюррэалізму. З гэтай нагоды да “Супердудко” завітала таямнічая Вера Бакстэр — галоўная рэдактарка выдавецкай ініцыятывы Nadja. Праект паўстаў у Мінску гэтым летам. Nadja збіраецца быць архівам сюррэалісцкага пісьма: пераклады, меркаванні і гэтак далей. Мы распыталі, чаму менавіта Nadja, чаму менавіта сюррэалізм і хто быў першым і адзіным беларускім сюррэалістам.
Цікавей за ўсё з літаратар/камі, якія не ведаюць, што яны літаратар/кі і мусяць выдаваць тэксты. Чалавек проста жыве як можа. Спявае што хоча. Ладзіць маленькія спектаклі. Вырабляе песенькі — то смешныя, то няшчасныя, розныя. Танчыць пад свой унутраны джаз. І раптам кніжка. А потым яшчэ. І ты нібыта пісьменніца. І час адказваць за базар. Света Бень — фантастычная Бенька — сёння распавядзе, як усё так выйшла.
Сёння ў найсуб’ектыўнейшым падкасце пра беларускую літаратуру — аўтарка Наста Манцэвіч. У 2012 годзе яе дэбютны зборнік “Птушкі” выклікаў шмат розгаласу за натуралізм, эмацыйную вастрыню і непадробную шчырасць. Неўзабаве выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм” мае выдаць другую кнігу пісьменніцы. Наша размова — пра доўгія паўзы ў пісьме, адсутнасць ідэнтычнасці паэткі ці празаіка, і чаму цэнтральная метафара зборніка “Птушкі” такая злая і трывожная.
“Спачатку было Слова…” Ёсць спакуса менавіта адсюль весці адлік існавання пісьмовага выказвання. І бачыць пісьменнікаў носьбітамі найвышэйшых сэнсаў. Але не ўсё так проста. Бо слова ратуе і забівае. Будуе ды разбурае. Лямантуе і праклінае. Што з ім рабіць? Як быць пачутым? І ўвогуле — ці захаваліся хрысціанскія каштоўнасці ў літаратуры часоў глабальных катастрофаў? Пра гэта — наша размова з айцом Андрэем Кратом.
Літаратурны блог — адчайнае прадпрыемства без гарантый поспеху. Бо, здаецца, каму патрэбныя словы пра словы? Але ж не. У нашай лапікавай культурніцкай прасторы востра не стае жывых меркаванняў, шчырых фідбэкаў ды вострых водгукаў. Блог крочыць па вузкай сцяжынцы паміж наіўным меркаваннем і дасведчаным разборам, каб навучыць нас чытаць. І размаўляць пра чытанку. Натхнёна і неабыякава.
Хто робіць кніжкі? Вядома, райтары. А яшчэ? Рэдактары. Друкары з выдаўцамі. Чытачы (разумныя). І, натуральна, дызайнеры. Дызайнер — перакладчык ды сааўтар. Саўдзельнік падзеі чытання. Таму што дызайн — не абгортка для тэксту, а ягоная падтрымка і прамоцыя. Дадатковае вымярэнне аўтарскага выказвання. І школа зроку для тых, каго вабіць нябачнае. Хочаш больш? А вось паслухай!
Ганна Янкута — гэта пісьменства адкрытых магчымасцяў і непрадказальных перспектыў. Кожным разам здаецца, што з аўтаркай усё ясна, — але ж не. Ганна любіць рызыкаваць. Пасярод нашай расхістанай самавызначальнасці і сумнеўнага геапалітычнага прызначэння, магчыма, так і трэба рабіць літаратуру: штораз стартаваць упершыню. Упарта не пагаджацца з уласнай абмежаванасцю. І час ад часу яе перамагаць.