Кожная генерацыя наноў вучыцца гаварыць. І гэта заўжды трывожна. Бо страшна схлусіць. Няёмка збочыць. А застацца ў матрыцы — яшчэ горш. Сталець у эпіцэнтры шызы — справа амаль невыносная. Аднак непазбежная. Новыя галасы гучаць скрозь шумавыя плыні лайкаў і фэйкаў, агучваюць банальнае, каштуюць недасканалае, жывуць другасным. Каб аднойчы — як пашчасціць — стацца падзеяй.
Нармальны шлях, лагічны зрух сэнсаў: спачатку моўныя гульні, далей экзістэнцыяльны адчай, потым — разлікі з краінай ды эпохай. Піжонскае блюзнерства сыходзіць у бестэрміновы адпачынак на карысць самотнага самурайскага руху ў неспрыяльнай прасторы. Наш белліт — стэндап з лязом у кішэні. Анка Упала? Не спрабуйце ратаваць.
Вольга Бубіч жыве на мяжы прыватнага і канцэптуальнага, публічнага ды асабістага. Яе тэксты пазбягаюць канвенцый. І акурат таму прыцягваюць увагу і чапляюць вока. Гэта можа быць даследчыцкі артыкул, аўтарская калонка альбо вострае эсэ — у любым выпадку прамінуць не атрымаецца. Бо ў нашай прысутнасці адбываецца істотнае.
На кожнага Стывена Кінга знойдзецца свой Гутэнберг. На кожнага Бахарэвіча — свой Янушкевіч. Каб стаць падзеяй, кніжкі мусяць трапіць у друк і зрабіцца накладам артэфактаў. Выдаўцы ды рэдактары — ваяры нябачнага фронту, агенты новага зроку і рэжысёры творчых трыумфаў (альбо параз). Сёння запрашаем на бэкстэйдж кніжнай справы — у сэрца “Гутэнберг Паблішэр”.
Артур Клінаў — прадукт дзіўнай эпохі. Асоба з адметных часоў пераходу нацынал-рамантызму ў прыват-капіталізм. Герой свайго рамана. Мастак, фатограф, літаратар, поп-мемуарыст, культурніцкі авантурыст, майстар (сама)рэкламы, фасонны даўншыфтар, анарха-сцэнарыст і (каля)кіношны дызайнер. Прасцей сказаць, дзе яго (пакуль) не было. Вось хто ведае пра кніжкі амаль ўсё. Ці, прынамсі, заўжды гатовы выказацца. Слухаць гэта (часам) цікава. А як ставіцца да пачутага — вырашайце ўжо самі.
Новае — заўсёды ўскраіна сэнсаў. Паштоўкі з памежжа банальнага і невыноснага. Яны не паўстаюць, а здараюцца. І калі пашчасціць, ты ацалееш пасярод гэтага джаза. І калі атрымаецца — не пашкадуеш аб гэтым. Новыя аўтар_кі нязграбныя і нязручныя. У іх свае разлікі з часам, сабой і краінай. Іх ніхто не замаўляў і мала хто чакаў. Але новыя шурпатыя прарастаюць праз адчай, шызу і дэпрэсняк, каб давесці галоўнае — спакою няма. А вось “Пакой” цяпер ёсць.
Жыццё прамаўляе не па-кніжнаму. Нармальны рэжым нашай камунікацыі — мікс вывучанага, замежнага, канцылярскага ды прастамоўнага. Практыкаванні ў стылістычным шматгалоссі. Каб заўважыць дзівацтва моўных раскладаў, трэба збочыць — і замест персанажа зрабіцца аўтарам. Здольным выкарыстаць моўнае як прыём. Каб зрабіць “памылковае” важкім. Трасянка лайно? А вось і не! Дастаяніе рэспублікі.
Здольнасць смяяцца — адна з базавых рысаў чалавека. А выкарыстаць права на смех — святы абавязак блазнаў ды разумнікаў. Гумар робіцца чорным, калі застаецца апошнім патронам у абойме твайго розуму. І працуе адпаведна — як зброя ці лекі. Сёння наш аналітычны спецназ разбірае айчынную сатыру як жанр, форму і творчую оптыку.
Калі трывожна — дык Кафка. Калі страшна — Оруэл. А вось калі адчайна святло — тады, пэўна, Толкін. Лепшыя мроі і легенды мінулага стагоддзя даследуюць межы чалавечага і глядзяць у бездань несвядомага. Побач з намі. Разам з намі. Каб не было так самотна. Не кажы “візіянеры” і “белетрысты”. Кажы “дыягносты ды ратавальнікі”.