Каталагізацыя звышнатуральнага — справа важная і патрэбная. Бо кожнае спатканне з нячысцікам непазбежна патрабуе абгрунтаванага разумення: хто гэта, навошта і што з ім рабіць? Аўтар відавочна рушыць па слядах знакамітай борхесаўскай калекцыі чароўных жывёл, але дадае сваім даследаванням выдатны лакальны каларыт. Трэба чакаць працягу працы — бо сённяшняя беларуская чартаўня таксама вартая годнай рэпрэзентацыі.
Кажуць, перакладчык — здраднік, бо знішчае арыгінальны голас аўтара. Здараецца і так — але, калі пашчасціць, пераклад дадае твору дадатковую якасць. Запазычанае іншамоўнае кладзецца ў нечаканы кантэкст і робіцца свойскім для новай публікі. Бо пераклад — не механічны перанос сэнсаў, а змястоўны рэмікс і гульня зместаў. Рэканструкцыя кайфу. Перакладчык/ца — заўжды саўдзельнік/ца чытацкай прыгоды. І мае права на свой сціплы аўтарскі трыумф. Шляхі да яго вядомыя Кацярыне Маціеўскай.
Віктар Жыбуль — культурная анамалія. Бо паснулай краіне ты без патрэбы. Фармалісту цяжка — бо стабільна трапляеш у нефармалы. Абсурдысту млосна — бо краіна шызее лепш. Можна шчэ сысці ў дзяціннасць — але ты ўжо забыўся, як гэта робіцца. Тады застаецца хістацца і збочваць. Блытаць сляды. Мармытаць пад нос ды спяваць абы-што. Каб ніхто не распазнаў у тваёй хваробе свой боль. Каб вершык кульгаў далей.
“Супердудко” ў суперсэнсэя! Наш падкаст завітаў да мысляра Валянціна Акудовіча — зоркі айчыннага вольнага мыслення, нефарматнага разумніка і ўзорнага інтэлектуальнага правакатара. Спадар Валянцін не будзе сілкаваць ілюзіі чытачоў ды слухачоў і з бязлітаснай дакладнасцю давядзе, што ўсе раманы падманваюць, а эпоха тэксту даўно скончылася. Акудовіч думку закруціць — а нам далей з гэтым жыць і натхняцца.
Кожнаму вершыку патрэбны свой Бураціна. Каб сядаць бяскрылымі птушкамі на ягоных плячах. Каб збіраць з драўляных далоняў крохкія метафары і раптоўныя сэнсы. Каб практыкаваць стыхійную пяшчоту. І разам расчароўвацца ў магчымасці вымяраць паэтычнае патэтычным. Сэнс роднай бураціннасці — у нязгодзе застацца дрэвам і няздольнасці выбіцца ў таты Карла. Вершыкі паўстаюць замест жыцця, бо на жыццё шкада драўніны. І, пэўна, хтосьці палічыць іх амаль сапраўднымі. Бо… (гл. пачатак).
Працягваем друкаваць нататкі Ганны Янкуты з экзістэнцыяльнай аргентынскай вандроўкі наўздагон чужому мінуламу і ўласнай ідэнтычнасці. Лёс — гэта сухое лісце і блёклыя фоткі, блытаныя размовы і кульгавы слоўнік. Ды твой апошні аўтобус невядома куды.
Памяць — гэта рух праз падзеі і сітуацыі, з якіх мы наўздагон таму, што адбылося, складаем пэўныя патэрны. І лічым іх мінулым. Кожны крок па-за межы відавочнага — прыгода з непрадказальным фіналам. Кожная спроба паразумецца з чужым жыццём — рызыкоўны досвед асабістага самавызначэння. Дык што і каго шукае Ганна Янкута ў чужой аргентынскай зямлі? Запытайцеся ў мрояў Борхеса. Ценяў на могілках. Старых архіваў. Ці запіленай кружэлкі з тваім эмігранцкім танга.
Макс Шчур — сакрэтны еўрапеец сучаснага белліту. Ён жыве на мяжы моваў, стыляў ды трэндаў — і праходзіць іх наскрозь. Пражскі жыхар і шчыры rock’n’rolla, майстар ментальнага фрыстайла і алдовы фанат Канчэўскага з Кэралам — Шчур заняты прыватным дызайнам іншай беларускасці. Яна не мае шанцаў адбыцца мэйнстрымам. Затое, безумоўна, належыць будучыні. Новы раман — адначасова прыватныя мемуары, інтымны дзённік, шумы ў эфіры і партрэт эпохі. Як той казаў, “хутка ў продажы!” А пакуль –…
Альтэрнатыва завецца Пукст. Шматгадовы ўнутраны эмігрант краіны вечназялёных агуркоў вылецеў па-за межы роднага заапарка — каб зразумець свой новы статус праз ягоную адсутнасць. І прыняць гэта як чарговую перазагрузку прыватнага плэйліста ды новы чэлендж для шыбанутага рокмэна. Што там бачна ў нашых акулярах? Кэптэн Пукст і сорак мяхоў Дабра.