У нашыя вясёлыя часы замежнасць — не мара, а чэлендж і трабл. Бо з краіны сінхронна вылятаюць заможныя і не вельмі, разумныя і не надта, адчайныя і разгубленыя, героі і коцікі, інтэлектуалкі і фаварыты дыскатэк. Транзітная беларускасць — расцярушаная лапікавая коўдра. Якая зараз спрабуе зрабіцца тэкстам.
Чужыя гарады — як чужыя планеты. Куды трапляеш як адвечны чужаніца, нібыта граматычная памылка ў выказванні іншага аўтара. З якімі спрабуеш дамовіцца ды паразумецца — каб лепш адчуць, наколькі ты і яны непадобныя ды розныя. А потым — распавесці пра гэты досвед. З надзеяй уцямна адбіць плыню эмоцый у вербальных канструктах тваёй вандроўнай свядомасці.
Як казаў той Нік Кэйв, “Death Is Not the End”. І гэта не вера ў парадайз. Гэта вера ў чалавечнасць. Бо застаецца памяць. Застаецца свет. Застаецца любоў. Маша Шмель ведае пра гэта, здаецца, амаль усё. І мае талент проста казаць аб істотным.