Наш новы нон-фікшн — ужо не пра мабільную летуценнасць, гламурнае спажыванне, траблы айцішнікаў, побытавы фемінізм ды ўсе гэтыя смузі-мафіны. Чарговая генерацыя трапіла ў чарговы замес. Бягучы слоўнік: тэрор, смерць, вайна, эвакуацыя. Новыя аўтары — тыя, хто здолеў адбіць сваю траўму ў тэксты. Юля Арцёмава жыве праз вайну. Без пафасу ды гістэрык. Як прысутная ў сэрцы катастрофы ды райтарка, здольная казаць пра невыноснае.
Кніжная справа — дзіўная рэч. Ці то праца. Ці то лёс. Адным — лёгкае чытво. Іншым — эмацыйны прытулак і псіхалагічнае прыстанішча. А яшчэ ёсць асалода чытання і здольнасць пра гэта казаць. Наста Карнацкая ведае, як гэта ўсё спалучыць.
Самавызначэнне — заўсёды трабл і выклік. Бо непазбежна трапляеш у пастку хісткай мовы, недадуманай ідэнтычнасці і невідавочнага прызначэння свайго расцярушанага жыцця. Магчыма, гэта прага свабоды. Магчыма, так выглядае дэкаланізацыя. Ці штосьці яшчэ. Чужыя маркеры не спрыяюць агучцы (не)прамоўленага. Але што я без іх? Таму і агляд чарговай складанкі атрымаўся адпаведны: шматмоўны шэпт агульнага лісця. Абяры сабе цытату.
Памежжа — наша другое імя. Паміж трансам і трызненнем. Паміж кайфам і лайфам. Паміж моўнымі плынямі і скрозь вайну слоўнікаў. Ад мары да пахмелля. І наадварот. Часам здаецца, што пісьменства скончылася. Часам здаецца, што яно толькі пачалося. Нармальны аўтар ненармальных часоў: шаленец, шаман, візіянер. Творца трывожных тэкстаў. У якіх лёгка пазнаць сябе. Мы самі сабе хвароба. І самі сабе ратаванне. А літаратура — сведка і саўдзельнік. Як вось тут.
Навошта слухаць літаратурнага коўча — прафесійную гандлярку словамі? Ды яшчэ і турынскую жыхарку (нібыта) несур’ёзнай творчай арыентацыі? Але менавіта тут хаваецца самае важкае: Кацярына Оаро выкладае не прафесію, а адбудову асобы. Драматургію існавання, уцямнасць пачуццяў, вербальны дызайн. Аўтарка адкажа за базар. Аўтарцы можна верыць. Бо ўсё тут найперш выпрабавана на сабе.
Кожная генерацыя наноў вучыцца гаварыць. І гэта заўжды трывожна. Бо страшна схлусіць. Няёмка збочыць. А застацца ў матрыцы — яшчэ горш. Сталець у эпіцэнтры шызы — справа амаль невыносная. Аднак непазбежная. Новыя галасы гучаць скрозь шумавыя плыні лайкаў і фэйкаў, агучваюць банальнае, каштуюць недасканалае, жывуць другасным. Каб аднойчы — як пашчасціць — стацца падзеяй.
Нармальны шлях, лагічны зрух сэнсаў: спачатку моўныя гульні, далей экзістэнцыяльны адчай, потым — разлікі з краінай ды эпохай. Піжонскае блюзнерства сыходзіць у бестэрміновы адпачынак на карысць самотнага самурайскага руху ў неспрыяльнай прасторы. Наш белліт — стэндап з лязом у кішэні. Анка Упала? Не спрабуйце ратаваць.
Вольга Бубіч жыве на мяжы прыватнага і канцэптуальнага, публічнага ды асабістага. Яе тэксты пазбягаюць канвенцый. І акурат таму прыцягваюць увагу і чапляюць вока. Гэта можа быць даследчыцкі артыкул, аўтарская калонка альбо вострае эсэ — у любым выпадку прамінуць не атрымаецца. Бо ў нашай прысутнасці адбываецца істотнае.
На кожнага Стывена Кінга знойдзецца свой Гутэнберг. На кожнага Бахарэвіча — свой Янушкевіч. Каб стаць падзеяй, кніжкі мусяць трапіць у друк і зрабіцца накладам артэфактаў. Выдаўцы ды рэдактары — ваяры нябачнага фронту, агенты новага зроку і рэжысёры творчых трыумфаў (альбо параз). Сёння запрашаем на бэкстэйдж кніжнай справы — у сэрца “Гутэнберг Паблішэр”.
Артур Клінаў — прадукт дзіўнай эпохі. Асоба з адметных часоў пераходу нацынал-рамантызму ў прыват-капіталізм. Герой свайго рамана. Мастак, фатограф, літаратар, поп-мемуарыст, культурніцкі авантурыст, майстар (сама)рэкламы, фасонны даўншыфтар, анарха-сцэнарыст і (каля)кіношны дызайнер. Прасцей сказаць, дзе яго (пакуль) не было. Вось хто ведае пра кніжкі амаль ўсё. Ці, прынамсі, заўжды гатовы выказацца. Слухаць гэта (часам) цікава. А як ставіцца да пачутага — вырашайце ўжо самі.
Новае — заўсёды ўскраіна сэнсаў. Паштоўкі з памежжа банальнага і невыноснага. Яны не паўстаюць, а здараюцца. І калі пашчасціць, ты ацалееш пасярод гэтага джаза. І калі атрымаецца — не пашкадуеш аб гэтым. Новыя аўтар_кі нязграбныя і нязручныя. У іх свае разлікі з часам, сабой і краінай. Іх ніхто не замаўляў і мала хто чакаў. Але новыя шурпатыя прарастаюць праз адчай, шызу і дэпрэсняк, каб давесці галоўнае — спакою няма. А вось “Пакой” цяпер ёсць.
Жыццё прамаўляе не па-кніжнаму. Нармальны рэжым нашай камунікацыі — мікс вывучанага, замежнага, канцылярскага ды прастамоўнага. Практыкаванні ў стылістычным шматгалоссі. Каб заўважыць дзівацтва моўных раскладаў, трэба збочыць — і замест персанажа зрабіцца аўтарам. Здольным выкарыстаць моўнае як прыём. Каб зрабіць “памылковае” важкім. Трасянка лайно? А вось і не! Дастаяніе рэспублікі.