Працягваем друкаваць нататкі Ганны Янкуты з экзістэнцыяльнай аргентынскай вандроўкі наўздагон чужому мінуламу і ўласнай ідэнтычнасці. Лёс — гэта сухое лісце і блёклыя фоткі, блытаныя размовы і кульгавы слоўнік. Ды твой апошні аўтобус невядома куды.
Частка 1.
Частка 2.
Дзве полькі ў Карлас Пас
Барташ
Мы сядзім у гданьскай кавярні, з маёй паездкі ў Кордабу і Карлас Пас мінула чатыры месяцы. Я ўжо вярнулася ў Еўропу і паціху працую над нататкамі. Дамаўляючыся з Барташам сустрэцца, я пішу яму, што буду ў чорным паліто і каляровым шаліку: толькі так мы можам знайсціся.
З таго дня, як я атрымала ад яго першае паведамленне, мы абмяняліся вялікай колькасцю інфармацыі — лістамі, фотаздымкамі, аўдыязапісамі, спасылкамі. Мне здаецца, што я ведаю яго даўно, — і пры гэтым не ўяўляю, як ён выглядае.
Барташ Байкаў (Bartosz Bajków) — польскі даследчык, які займаецца гісторыяй жыцця Фларыяна Чаршынэвіча, піша яго двухтомную біяграфію. Цяпер да друку рыхтуецца першы том “З-над Бярэзіны да Ла-Платы”, які Барташ напісаў разам з Дыянай Максімюк.
Да пандэміі ён пабываў у Беларусі, дзе знайшоў нашчадкаў роду Чарнышэвічаў, а пра Карлас Пас расказвае так, быццам абышоў там усе вуліцы, хаця насамрэч меў магчымасць пабачыць іх толькі на street view. Дзякуючы яго аповедам пра тамтэйшую польскую супольнасць мне здаецца, што я ўжо таксама зрабілася яе часткай, што палякі Карлас Пас — мае знаёмцы і далёкія сваякі.
Амаль не выязджаючы з Гданьска, Барташ здолеў дацягнуцца да ўсіх, хто мае хоць нейкае дачыненне да пісьменніка: да яго раскіданых па свеце родзічаў і сяброў, іх дзяцей і ўнукаў. Але яму не ўдавалася пагаварыць з Крыстынай — бо ў яе няма ні электроннай пошты, ні тэлефона. Замест яго гэта зрабіла я.
Пытаю ў Барташа, чым яго зацікавіў Чарнышэвіч. Аўтэнтычна адлюстраванымі ў яго раманах рэальнымі драматычнымі лёсамі, адказвае ён, а таксама прысутнай у кожным творы тугой па роднай зямлі і глыбокім патрыятызмам. Гісторыя жыцця пісьменніка моцна ўзрушыла Барташа і падштурхнула ўзяцца за даследаванне і падрыхтоўку біяграфіі. А яшчэ — мовай: знаёмячыся з прозай “надбярэзінца”, палякі часта зачароўваюцца гаворкай, на якой ён піша, — яна ўвабрала ў сябе гукі і сэнсы колішняга жыцця.
Гэта мова, у якой шмат беларусізмаў. Пачуць такую гаворку цяпер немагчыма: яна знікла разам са светам, які на ёй размаўляў. У гэтым і ёсць адна з функцый літаратуры — захоўваць тое, што неўзабаве перастане існаваць. Бібліятэкі ў гэтым плане мала адрозніваюцца ад музеяў.
Але менавіта з такіх выпадкова ацалелых аскепкаў потым збіраецца новы свет.
Мне цікава адсачыць чараду выпадковасцяў, дзякуючы якім працяг гэтай гісторыі зрабіўся магчымым. Спасылку на мой допіс у сацыяльных сетках Барташу скінула наша агульная знаёмая. На той момант я, расчараваная няўдачай, ужо змірылася з тым, што ў маёй гісторыі Чарнышэвіча лакунаў будзе больш, чым адкрыццяў. Рэшту часу ў Кордабе я збіралася патраціць на паездкі ў ваколіцах горада, дзе месцяцца былыя езуіцкія місіі.
Атрымаўшы паведамленне, я не адразу адмовілася ад гэтага плана – усю нядзелю я хадзіла па карцінных галерэях Кордабы, адначасова перапісваючыся з Барташам. Паводле яго словаў, на той момант ён ужо даўно чакаў, калі нехта зможа паразмаўляць з Крыстынай. Таксама яго цікавілі могілкі: ён ведаў, што жонка Чарнышэвіча Станіслава пахаваная не разам з ім. Але дакладнае месца яе спачыну нідзе не пазначалася. Тады я пастанавіла з’ездзіць у Карлас Пас яшчэ раз, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Выглядала, што паездка можа мець плён.
Цяпер, калі я ў Гданьску і да цягніка на Варшаву засталося зусім мала часу, мне трэба задаць Барташу яшчэ адно пытанне.
— Ці магу я расказаць пра цябе ў сваёй гісторыі?
— Вядома, можаш, — ні секунды не вагаючыся, гаворыць ён.
Карціны Кордабы
Я ў карціннай галерэі ў Кордабе, гляджу чужое мастацтва. Больш за ўсё мяне цікавяць пейзажы. Некаторыя з выстаўленых краявідаў я ўжо бачыла ўжывую, таму магу параўнаць свет чыёйсьці і ўласнай уявы.
“Чароўныя горы” Мануэля Кутарэ — гэта каляровыя скалы ў вёсцы Пурмамарка, правінцыя Хухуй. Мастак нарадзіўся ў той частцы Аргентыны, у Тукумане, такія горы былі рэальнасцю яго дзяцінства. Малюючы сваё атачэнне, ты быццам паказваеш: я ёсць — гэтым мне пейзаж і цікавы. Праз мастацтва робіш свае цуды сапраўднымі, прымушаеш іншых паверыць, што маеш права на існаванне. Так і я, шукаючы нешта сваё ў чужых краях, кажу: мы ёсць, нават выгнанне нас яшчэ не сцерла. Лаўлю кароткі момант паміж тым, што было, і тым, што будзе.
Вобразы балюча чапляюць, прывязваюць да карцін, мне цяжка адысці ад кожнай. Даводзіцца змушаць сябе, каб зрабіць наступны крок. Санцьяга Веласка, “Вуліца Куска”. Мастак тутэйшы, але пейзаж перуанскі: ламы, каляровыя понча, характэрныя капелюшы, лініі крышачку быццам з мульціка. На другім плане чалавек нясе труну, магчыма, сваю. Але гэта не экзотыка, гэта жыццё, пражытае.
Без мастацтва немагчыма ўявіць, як насамрэч выглядаюць сцежкі, якімі ходзяць іншыя і якімі ходзіш ты, убачыць іх па-новаму, без імглы штодзённасці. Марыа Відаль Лазана, “Белая зямля”. Што мне да ягонай белай зямлі? Аднак зямлю тут я ўспрымаю як краіну, геаграфічна. Зямля як прывязанасць, прыналежнасць. Вязьмо. Шурпатыя зямныя паверхні — але дзе зямля можа быць па-сапраўднаму белай?
Здаецца, я пачынаю пазнаваць тутэйшых мастакоў, калі бачу ў чарговым музеі іх карціны.
Могілкі II
Насуперак маім сумненням, наступны раз нехта з Беларусі трапіў на могілкі Карлас Пас вельмі хутка. Гэта адбылося ўсяго праз дзень пасля маёй суботняй паездкі: я вяртаюся туды ў панядзелак. І першым чынам іду да кветкавага кіёска — ён зноў адчынены. Выбар невялікі, прадаецца ў асноўным пластык. Я збіралася набыць ружы, але патрэбных мне колераў ёсць толькі гваздзікі. Купляю тры штукі — два белыя і адзін чырвоны. Гэта добрае спалучэнне, палякам яно таксама пасуе.
Сёння я больш дзелавітая, чым у суботу, раскісаць няма калі. Падыходжу да офіса ля ўвахода і разумею, што спазнілася: час працы — да 14.00, цяпер 14.15. Але на паркоўцы яшчэ нехта ёсць, жанчына сядае ў машыну. Бягу да яе, пытаю, ці можа яна дапамагчы: я хачу разабрацца, дзе пахаваны польскі пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч і яго сям’я. Супрацоўніца могілак разумее, пра каго гаворка, і ахвотна выходзіць з машыны, разам са мной вяртаецца ў офіс. Уключае камп’ютар. На кожную магілу, тлумачыць яна, у іх заведзеная свая картка, дзе пазначаецца не толькі хто і калі там пахаваны, але і хто аплачвае арэнду. Калі аплата нейкі час не паступае, неўзабаве на тым месцы могуць пахаваць кагосьці яшчэ.
Спачатку я прашу супрацоўніцу пашукаць нябожчыкаў з прозвішчам “Чарнышэвіч”. У рэестры толькі адна картка — на самога пісьменніка. З яе вынікае, што разам з ім у магіле ляжыць яго дачка. У адной, а не побач. Пахаваннем займаўся Wenceslao Zychowicz — Вацлаў Жыховіч, так завуць мужа Уладыславы. Станіславы Чарнышэвіч у рэестры няма. Тады я пішу Барташу з просьбай скінуць мне яе дзявочае прозвішча. “Płosko”, — імгненна прыходзіць адказ. Набіраем яго ў могілкавым камп’ютары.
І, на шчасце, такое пахаванне ў рэестры знаходзіцца. З карткі вынікае, што займаўся ім таксама Жыховіч і што ў 2006 годзе там жа ў зямлю паклалі некага на імя Атавія Ліна Піва, які пражыў 57 гадоў. Зрэшты, ужо ў 2012-м яго перазахавалі недзе ў іншым месцы. Супрацоўніца дазваляе мне сфатаграфаваць картку, дзе ёсць каардынаты, — пасля з іх дапамогай мы будзем шукаць магілу Станіславы.
А пакуль шукаем, дзе пахаваны сам Жыховіч. Ён памёр 27 красавіка 1991 года, і, як сведчыць картка, разам з ім у зямлі ляжаць яшчэ тры чалавекі: мужчына і дзве жанчыны. Іх імёны ні пра што мне не гавораць. Дзяцей у Жыховічаў не было, пахаваннем Вацлава і яго сумагільнікаў займаўся Карлас Даніэль Рандот.
Гэта сусед Жыховіча, піша мне ў адказ на дасланую інфармацыю Барташ. У канцы жыцця Жыховіч застаўся адзін, і Рандот ім апекаваўся, а той, відаць, пакінуў яму ў спадчыну дом. Запісваю адрас суседа: вуліца Ідальга, некалькі кварталаў ад Арыстобула дэль Вашэ.
Барташ просіць пашукаць у рэестры яшчэ аднаго паляка, якога звалі Атон Савіцкі. Зрэшты, у год смерці Чарнышэвіча яму было 28 гадоў, ён яшчэ можа быць жывы. Мы ўводзім імя, і вось перад намі чарговая картка: памёр у 1978 годзе. Адчуваю нешта дзіўнае, бачачы дату пахавання чалавека, які хвіліну таму быў яшчэ нібыта мёртвы не да канца, знаходзіўся ў памежнай зоне. Хвіліну таму амаль жывы — і ўжо сорак пяць гадоў як у іншым свеце, час і ўяўленне здольныя кпіць з нас вельмі выкшталцонымі спосабамі.
Я прашу супрацоўніцу пазначыць мне на аркушы, як яе завуць. Хачу запомніць яе імя і потым напісаць падзяку — няважна дзе: у будучай кнізе ці проста ў архівах памяці. Яна выводзіць яго роўнымі друкаванымі літарамі — “Marisa”, — і дадае электронны адрас на выпадак, калі ў мяне з’явяцца новыя пытанні. Гэта адрас могілак, не яе прыватны: відаць, у сённяшнім свеце можна звязацца ці не з любымі могілкамі, каб удакладніць, хто і дзе пахаваны. Так выглядае адваяваная прагрэсам у небыцця сувязь з памерлымі. Але пакуль не сутыкнешся з гэтым наўпрост, ніколі пра такое не думаеш. Я хаваю паперку, а Марыса тым часам выходзіць з офіса і кліча аднаго з далакопаў, каб ён дапамог мне адшукаць магілы.
Малады хлопец у рабочай робе вядзе мяне праз гэтае царства мёртвых. Вацлаў Жыховіч ляжыць далёка ад Чарнышэвіча і Уладыславы. Яго пахаванне ніяк не падпісанае: гэта проста бетонная пліта, ля якой цвіце календула. Прах Атона Савіцкага захоўваецца ў калумбарыі, у вазачцы — пластыкавыя кветкі, яны выглядаюць досыць свежымі, пластык таксама бывае свежым, не выцвілым і не пыльным. Гляджу на сябе збоку: цягаюся па могілках і радуюся, калі знаходжу чарговага паляка, — як так увогуле сталася? Цяпер чарга Станіславы Плоска. Мы выходзім з калумбарыя і рухаемся ва ўжо вядомым мне кірунку — у бок дамкоў-пахавальняў. Далакоп лічыць шэрагі, блытаецца, пачынае спачатку — і ўрэшце ўпэўнена паказвае на непадпісаную магілу побач з чорным крыжам Чарнышэвіча, на якой усё яшчэ ляжыць металічная шыльдачка Уладыславы: “Гэта тут”. Пазл склаўся: дачка пахаваная разам з бацькам, а побач з імі ляжыць яго жонка.
Кладу на магілу Чарнышэвіча кветкі, вырываю з нататніка аркуш, каб пазначыць, што яны ад беларусаў. Так і пішу — “ад беларусаў” — на трох мовах: па-беларуску, па-польску і па-іспанску. Прыціскаю цыдулку каменьчыкам, каб не знесла ветрам. Сёння ён моцны і халодны, па скуры ад кожнага парыву бягуць дрыжыкі. Потым бяру шыльдачку Уладыславы — яна не прымацаваная, — адпраўляю фота Барташу. Мабыць, раней была на помніку Чарнышэвіча, выказвае здагадку ён. А калі помнік рамантавалі, рабочыя знялі лішнюю, на іх меркаванне, дэталь і паклалі побач, не ведаючы, што з ёй рабіць.
Я таксама не ведаю. У мяне мільгае думка, што месца шыльдачкі — у музеі. Але які музей, польскі ці аргентынскі, прыме такі экспанат?
“Хай застаецца дзе ёсць”, — адказвае Барташ.
Крыстына
Пасля могілак вяртаюся ў цэнтр горада, каб адшукаць сеньёру Крыстыну. Робіцца яшчэ халадней — пасля нядаўняй спёкі холад здаецца рэзкім. Адчуваю, як зябну: сёння я адзетая не па надвор’і. Чарнышэвіч у 1955 годзе пісаў: “Тут ёсць такая прымаўка, што хто перажыве agosto, той можа пражыць яшчэ год. Жнівень тут — вельмі здрадлівы пераход ад зімы да вясны”. Але гэты жнівень мы, на шчасце, перажылі, ужо верасень. Сам Чарнышэвіч памёр 18 жніўня 1964 года.
Барташ напісаў мне, што заходзіць у хостэл няма патрэбы, бо Крыстына жыве ў доме, які туліцца да яго агароджы. Стаю цяпер перад ім. Гэта белы аднапавярховы будынак — другі паверх пачаты, але недароблены, працу кінулі на паўдарозе. Зверху на вуліцу глядзяць пустыя закратаваныя вокны, тыя, што на першым паверсе, завешаныя шчыльнымі шторамі. Пляцоўка перад домам выкладзеная пліткай, на ёй стаяць вёдры з раслінамі. Некаторыя з іх зусім сухія.
Як мяне сюды занесла, думаю я, гледзячы на будынак. Я хутчэй па справах мёртвых, не жывых, на могілках я пачуваюся больш упэўнена. Шкада, што гэтая гісторыя трапілася мне, баюся, я не здолею ёй нармальна распарадзіцца. Мне яшчэ ніколі не даводзілася распытваць незнаёмых людзей пра тое, што было ў іх мінулым. На вуліцы, якая вядзе ад берага ўглыб квартала, пуста, няма нічога, што дазволіла б адтэрмінаваць момант, калі давядзецца грукаць.
Калі гук ад удараў маіх касцяшак па дрэве дзвярэй раствараецца ў цішы, амаль хвіліну нічога не адбываецца. Гэтая хвіліна здаецца мне вязкай і паўзучай, але ўрэшце я чую, як у доме пачынаецца варушэнне. Дзверы рыпаюць, і на парозе з’яўляецца жанчына. У той жа момант я разумею, што бачыла яе раней.
— Сеньёра Крыстына? — пытаю я.
— Так, — здзіўлена адказвае яна.
Гэта яна выносіла з дома смецце, калі я мінулым разам сядзела на лаўцы ля возера. Гісторыя сапраўды праходзіла тады міма мяне, мы ледзь не размінуліся. Чаму я не пагрукала тады ці не распытала людзей, якіх вынесла мне насустрач?
Крыстына — гэта рэальнасць, якая разбівае мае ўяўленні і пазбягае дакладных акрэсленняў. За гэтыя дні я паспела ўявіць дзясяткі розных Крыстын, але яна аказалася непадобнай ні на адну з іх. Яе доўгія попельныя валасы ляжаць неахайна, як у даўно закінутай у кут лялькі Барбі. Фігура хударлявая і добра складзеная. Твар: яе твару я цяпер прыгадаць не магу, у памяці засталося толькі ўражанне. Праз колькі месяцаў пасля падарожжа я гляджу на здымкі, і тое, што на іх бачу, мяне здзіўляе: у памяці ўсё захавалася зусім не так. Калі я ўбачыла яе тады, яна аказалася не такой, як я чакала, і калі я гляджу на здымкі цяпер, яна зноў іншая — не такая, якой я яе помню.
А тое, што я помню, — гэта вялікая рана на яе ілбе, там, дзе пачынаецца лінія валасоў. Кроў ужо запяклася, але відаць, што рана неапрацаваная. Рана, якая адразу забірае ўвагу. Можна было б падумаць, што гэта алкаголь, але я адразу разумею: такое тлумачэнне занадта простае і падманлівае. Насамрэч Крыстына не выглядае як асоба, што п’е, — хутчэй, як тая, што ўжо не да канца арыентуецца ў рэальнасці, правальваецца ў яе ямы. Бо рэальнасць для кожнага з нас выбудоўвае свае небяспечныя лабірынты, і заблукаць у іх лягчэй, чым здаецца на першы погляд.
Я звяртаюся да яе па-іспанску: ці ўсё з ёй добра, ці можа яна размаўляць. Так-так, яшчэ дзівячыся мне, адказвае яна. З ёй усё добра, ніякай дапамогі не трэба. Тады я пытаю, ці можам мы перайсці на польскую. Яна варушыць вуснамі, быццам ўспамінаючы ці нават вынаходзячы мову нанова. Мова, на якой ты доўга не гаварыла, робіцца непрадказальнай. Не ты адказваеш на пытанні, адказвае сама мова, але ці можна ёй давяраць? “Не ведаю, ці атрымаецца, — урэшце кажа Крыстына, — я ўжо гадоў трыццаць не размаўляла па-польску”. У яе атрымліваецца.
Мне здаецца, яна рада мяне бачыць. Але ў дом не пускае: мы стаім на парозе, адкрытыя халоднаму ветру. Расказваю пра сябе — што я з Польшчы і мяне цікавіць Фларыян Чарнышэвіч, яна яго, напэўна, памятае. Так-так, ківае яна. Пераклады і Беларусь вырашаю не згадваць, каб не ўскладняць сітуацыі. З Польшчы дык з Польшчы.
Выходзіць, што Карлас Пас — адзіны ў свеце горад, дзе я — полька. Аднак польская для мяне замежная, я гавару з акцэнтам. Ці не вылічыць Крыстына мой падман? Спрабую будаваць сказы правільна, сачу за словамі, каб не рабіць сваіх тыповых памылак. Але яны ўсё адно праскокваюць — мову не падманеш.
Маці Крыстыны звалі Хільдэгарда, бацьку — Браніслаў. Яна нарадзілася на Слёнзку, ён — недзе на ўсходзе, тады гэта была Расійская імперыя. Пазнаёміліся падчас вайны. У бацькі была віза, ён з’ехаў першы, маці мусіла да яго неўзабаве далучыцца, але захварэла на туберкулёз. Давялося больш за год чакаць, каб ехаць здаровай. Гэтая гісторыя скончылася шчасліва.
Крыстына гаворыць вельмі паволі, блытаючы польскія і іспанскія словы. Польска-іспанская трасянка, адна з моваў эмігрантаў і іх нашчадкаў. Як у “Лёсах пасынкаў” Чарнышэвіча — там таксама шмат іспанскіх словаў, або напісаных паводле правілаў іспанскай граматыкі. З кожным словам занураючыся ў мову, як у памяць, Крыстына сіліцца прыгадаць, што за вобраз стаіць за тым ці іншым спалучэннем гукаў. І мова, ці памяць, падтрымлівае яе, сэнсы складаюцца, ёй самой на дзіва. “Гэта ж я гавару па-польску”, — ускліквае яна.
Маці па прыездзе не ведала, як называць рэчы на кастэльяна, і ў краме ёй паказвалі розныя прадукты, а яна казала: не. І яна столькі разоў сказала “не”, што ўрэшце яе папрасілі ткнуць пальцам. “Мама не ведала, як сказаць, а цяпер я не ведаю”. Разнамоўе і згубленасць у мовах перадаецца ў спадчыну.
— Вам не холадна? — пытаю я.
— Не-не.
Адчуваю ўсю сваю наскрозь прамерзлую скуру.
Яе расказы абрывістыя, праз іх праходзяць здані людзей. Я з цяжкасцю складаю з гэтых аскепкаў гісторыю чужога жыцця, якая дасталася мне так чароўна і нечакана. Часта ў эпізодаў, якія прыгадвае Крыстына, няма пачатку і канца, яна скача з аднаго на другое ці надоўга замаўкае. Я не магу размежаваць праўду і туман, часам пра адно і тое ж яна расказвае супрацьлеглае, часам, пасля доўгага занурання ў маўчанне, бездапаможна гаворыць: не помню. Ай-яй-яй, гаворыць яна, калі не можа нешта прыгадаць.
“Мне ж ужо семдзясят два гады, — спрабуе яна знайсці прычыну свайму здранцвенню. — Словы ўцякаюць ад мяне”. Я не да канца разумею, пра мову цяпер вядзецца ці пра памяць.
— Можа, скажыце па-іспанску?
— І па-іспанску ўцякаюць.
Дзяцінства Крыстыны звязанае з гэтымі ваколіцамі. Спачатку яны жылі ў Малагенья, гарадку, паварот на які я мінала па дарозе сюды, але на выходных прыязджалі ў Карлас Пас да цёткі Марыі, сястры Браніслава. Калі Крыстыне было дзесяць, яны перасяліліся сюды, яна тады была ў пятым класе. Скончыла тут пачатковую школу, пасля — secundario. Братоў і сясцёр у яе няма. Маці хацела, каб дачка не засталася адна, але бацька казаў, што яго заробкаў хопіць толькі на адно дзіця. Ён хацеў, каб яна была ўсім забяспечаная.
— У якім годзе вы нарадзіліся?
— У 1951-м.
Пералічваю гады, каб пераканацца, ці правільна яна памятае. Усё супадае.
Польская мова была яе першай, спачатку яна вывучыла польскую, потым — кастэльяна. “Я хачу ўсё ўспомніць”, — гаворыць яна. Але мінула так шмат часу. Ці бывала яна ў тыя гады ў доме Чарнышэвічаў? Так-так, гаворыць яна. З якой нагоды? Гэтага ўжо не памятае. Але там збіралася шмат старэйшых людзей. Ці памятае яна самога Чарнышэвіча? “Ён быў стары і любіў размаўляць, але не так весела, як іншыя. Стараўся быць прыемным”. Я ведаю, што перад смерцю Чарнышэвіч доўга хварэў. Калі ён памёр, Крыстыне было трынаццаць. Адзінае, што яна кажа з пэўнасцю, гэта тое, што Чарнышэвіч любіў матэ. “Там шмат пілі матэ, як сапраўдныя аргентынцы. Але Стася піць матэ не хацела, адной трубачкай-бамбішай з усімі астатнімі. І мая мама не хацела”, — шчасліва смяецца Крыстына.
Яна ведала, што ён пісаў. Але кніг не чытала: яны выходзілі ў Буэнас-Айрэсе. Датуль далёка, як зазначаў сам Чарнышэвіч: ад Буэнас-Айрэса да Карлас Пас — больш за 700 кіламетраў.
— Вам не холадна? Яшчэ захварэеце.
— Я ніколі не хварэю. Ні кашлю, нічога, nada.
Крыстына смяецца, калі заўважае ў сябе іспанскія словы. Яна размяжоўвае мовы, бачыць паміж імі адрозненне — аказваецца, гэта таксама можа прыносіць радасць.
Потым Крыстына паступіла ва ўніверсітэт у Кордабе на медыцыну. Рэальнасць зноў падсоўвае мне сюрпрыз: я і ўявіць не магла, што Крыстына — доктарка. Яе спецыяльнасць — медыцына працы і таксікалогія. У тыя гады яна жыла на два гарады: з вучобы ў Кордабе ездзіла штодня дадому, да бацькоў. Потым уладкавалася на працу, выйшла замуж. Пасля смерці Чарнышэвіча ў яго доме больш не бывала, са Стасяй і Уладзяй не сутыкалася. Яно і не дзіўна: што ёй было да гэтых нашмат старэйшых за яе жанчын, калі наперадзе чакала цэлае жыццё?
Ці стасавалася з імі яе маці? Часам яны бачыліся, але не сябравалі. Стася і Уладзя шмат не выходзілі, гаворыць Крыстына, але любілі прыемна прабавіць час. А яна сама “згубіла гісторыю” (менавіта так яна і кажа), бо яе быт ужо круціўся вакол Кордабы.
Вуліца тым часам жыве сваім жыццём — крычаць птушкі, ходзяць людзі, шуміць вецер. Міма праязджае машына, з яе праз гукаўзмацняльнік у паветра лятуць агітацыйныя лозунгі: ідзе перадвыбарная кампанія, неўзабаве Аргентына будзе выбіраць прэзідэнта. З суседніх дзвярэй вызірае досыць малады мужчына — яго я таксама бачыла, у той прыезд ён курыў на парапеце. Вітаецца са мной, потым распытвае Крыстыну — ці ўсё ў яе добра, ці не хоча яна есці. Мне здаецца, ён за ёй прыглядае. Крыстына кажа, што дом належыць ёй, гэта яе арандатар.
— Вам не холадна?
— Не-не.
Ад холаду баліць скура. Добра, што Крыстына апранутая нашмат цяплей за мяне.
Яе бацька памёр у 1975 годзе, Крыстына тады яшчэ вучылася. Універсітэт яна скончыла ў 1981 годзе, але я не ведаю, мае яна на ўвазе асноўны курс ці аспірантуру, postgrado en Cordoba.
— Як гэта будзе па-польску? — пытае яна ў мяне, бо не можа прыгадаць слова.
Я таксама не ведаю, не помню. Прыехала з Польшчы — і не магу адказаць. Згубленасць у мовах перадаецца ў спадчыну.
У пачатку 90-х Крыстына пераехала ў Парагвай, а ў 1994 годзе памерла яе маці. Яны абое, і Хільдэгарда, і Браніслаў, пахаваныя тут, у Карлас Пас. Шкада, што я не падумала адшукаць і іх пахаванні таксама. Калі аднойчы траплю сюды зноў, абавязкова знайду. Мабыць, я буду адзінай, хто прыйдзе на магілы тутэйшай польскай сям’і. Калі яны, вядома, яшчэ захаваліся.
Крыстына не можа прыгадаць, калі і як памерлі Стася і Уладзя.
— Але ж хутка я змагу гаварыць па-польску, — смяецца яна.
— Вы ўжо даўно гаворыце па-польску.
“Жыць у Парагваі было прыемна. За трыццаць гадоў ніхто нічога не скраў, ні на вуліцы, ні дома. А тут крадуць і крадуць”. У Крыстыны скралі тэлефон, цяпер ёй ніхто не можа пазваніць.
Яна хацела і далей жыць у Парагваі. Але потым яе муж памёр, дзяцей у іх не было. І яна засталася адна, як баялася яе маці. Сюды вярнулася шэсць гадоў таму, бо дом стаяў пусты. Як і яна, адзін — яна так і гаворыць: “Dom był sam”.
У Парагваі не было нікога, з кім яна магла размаўляць па-польску. І тут ужо таксама няма. Яна — апошняя полька ў Карлас Пас.
Мы з ёй — дзве полькі ў Карлас Пас.
Ніколі ў жыцці Крыстына не была ў Польшчы. “Як Польшча выглядае?” — пытае яна мяне. Я абяцаю адправіць ёй паштоўку з відам Варшавы.
Наша размова разам з маўчаннямі і пустотамі доўжыцца больш за дзве гадзіны. Калі мы развітваемся, я разумею, што ўжо нічога не адчуваю.
Геаграфія паводле Карлас Пас
Крыстына расказала мне пра польскі дом у Кордабе, куды яны ездзілі на святы і сустрэчы. У яе часы дом вельмі дарэчна мясціўся на вуліцы пад назвай Польшча, calle Polonia. Гэта раён Генерал Пуэйрэдон на паўночны ўсход ад цэнтра. Гляджу на карту — польская арганізацыя ёсць там і цяпер. Яна паўстала ў 1918 годзе і з таго часу займаецца распаўсюдам ведаў пра Польшчу і захаваннем польскіх традыцый сярод эмігрантаў. Знаходжу іх старонку ў сацыяльных сетках: інфармацыя пра традыцыйныя святы і стравы, фота і відэа з танцавальных і спеўных выступаў у народных касцюмах, абвесткі — усё па-іспанску. Адзінае польскае слова, на якое я натрапляю — “święconka”, “свянцонае”, як казалі ў маім дзяцінстве ў Гародні. Допіс прысвечаны святкаванню Вялікадня.
Паралельна з вуліцай Польшча ў Кордабе ідзе вуліца Украіна, якая крыху далей перасякаецца з Літвой. У нейкім сэнсе такое суседства выглядае досыць лагічным, хаця мне на гэтым памежжы адной краіны не хапае. Яшчэ непадалёк можна знайсці вуліцу Мексіка, і на гэтым геаграфічныя найменні заканчваюцца. Зусім іначай выглядае карта Карлас Пас. Тут таксама ёсць вуліца Польшча, і вакол яе дзеецца сапраўдная геаграфічная фантасмагорыя.
Вуліца Польшча ляжыць у Карлас Пас на поўдні ад вуліцы Чылі, дзе месцяцца могілкі, досыць далёка ад цэнтра горада. Паралельна з Польшчай ідзе вуліца Індыя, і яе перасякаюць вуліцы Францыя, Філіпіны, Аўстралія і Германія. Польшча таксама ўкліньваецца ў Філіпіны, і далей абедзве вуліцы плаўна пераходзяць у Рэспубліку Сірыю. З іншага боку Філіпіны сутыкаюцца з вуліцай Роўнасць. Калі адправіцца далей на поўдзень, можна прагуляцца вуліцамі Балгарыя, Аўстрыя, Нарвегія і Швецыя (гэтыя, як і варта чакаць, ляжаць побач) — бачанне свету, якое прапануе сетка вуліц Карлас Пас, магло б зрабіць пераварот у геапалітыцы. А што было б, калі б Польшча і Індыя сапраўды суседнічалі, мімаходзь думаю я. Далей пачынаецца раён кветак — вуліцы Магнолія, Ружа, Фіялка і гэтак далей.
Перамесцімся на ўсход. Тут пачынаюцца больш звычайныя для лацінаамерыканскага горада найменні: Гандурас, Куба, Калумбія, Перу (з вуліцы Перу выцякае завулак Куска). І зноў нечаканая сустрэча: вуліца Фінляндыя. Ніжэй за яе, праз раку Сан-Антоніа, пачынаецца раён еўрапейскіх гарадоў. Цяпер рухаемся на поўнач. Там натрапляем на ўжо знаёмую вуліцу Чылі, паралельна якой ідуць Парагвай і Партугалія. Далей — Нікарагуа, Эквадор і, раптоўна, Егіпет, які ўпіраецца ў вуліцу Ніл, — адзіныя афрыканскія госці на лапікавай коўдры гэтага незвычайнага свету. Цікава, ці адрознівалася б яго гісторыя ад нашай? Бразілія пераходзіць у Афіны, Балівію перасякае Данія — такім чынам, увесь скандынаўскі камплект сабраны.
Яшчэ далей на поўнач, ужо бліжэй да цэнтра горада, але ўсё яшчэ на адлегласці ад яго, ляжаць вуліцы, па якіх можна вывучаць назвы аргентынскіх гарадоў і правінцый (некаторыя з іх абазначаюць і горад, і правінцыю адначасова): Барылочэ, Вогненная Зямля, Неўкен (крывуліна, якая ломіцца ў некалькіх месцах і апісвае паўкола), Рыа-Негра, Фармоса, Мендоса, Хухуй, Катамарка, Місьёнес (самы паўночны і вільготны рэгіён Аргентыны, які заканчваецца вадаспадамі Ігуасу на мяжы з Бразіліяй), іншыя.
Вуліцы хаатычна перамяшаныя, нібыта нехта ссыпаў тутэйшыя адміністрацыйныя адзінкі ў адзін слоік і добра ім патрос. Вуліца Мальвінскія астравы, якія, як напісана на кожным кроку, належаць Аргентыне. Вуліца Антарктыда — хаця паводле прынятай у 1959 годзе канвенцыі Антарктыда нікому не належыць, шэраг краін, у тым ліку Аргентына, мае на яе тэрытарыяльныя прэтэнзіі. На ўсход да адміністрацыйных адзінак дадаюцца меншыя геаграфічныя аб’екты — вуліцы ў гонар аргентынскіх рэк, азёр, гор і паўастравоў. Сваё бачыцца выразна, да драбніц, суседняе вымагае пэўных абагульненняў, тое, што далёка, — хаос і невядомасць.
Вуліцы Беларусь на гэтай карце няма, нават сімвалічнай шыльды. Відаць, беларусы — тыя, якія б так сябе называлі, — сюды асабліва не дабіраліся. Эмігранты пашыраюць свет, не толькі для сябе. Зрэшты, іншых нашых суседзяў, апроч Польшчы, я тут таксама не знаходжу.
(Не)магчымасць вяртання
Усю ноч па вяртанні ў Кордабу я не сплю, пракручваю ў галаве падзеі мінулага дня. Мне здаецца, што я ўсё зрабіла не так: няправільна скіравала размову, не задала патрэбных пытанняў. Размаўляць з жывымі — зусім не тое, што з мёртвымі. Жывыя — непрадказальныя. Але не толькі гэта не дае мне заснуць.
Магчыма, я — апошняя, хто гутарыць з Крыстынай пра колішніх палякаў Карлас Пас, паўночы думаю я. І хто можа пагаварыць з ёй па-польску.
Бліжэй да раніцы замест езуіцкага гарадка Альта Грасія вырашаю ехаць у Карлас Пас трэці раз. Гэта мой апошні дзень у Кордабе, потым я вяртаюся ў Буэнас-Айрэс. Пішу Барташу — ці няма ў яго яшчэ пытанняў. Складаю спіс.
Выйшаўшы з аўтобуса, думаю, што было б добра ісці да Крыстыны не з пустымі рукамі. Набыць ёй кветак, нешта дробнае і прыемнае. Але крамы па дарозе зачыненыя: сіеста, усё адчыніцца толькі праз некалькі гадзінаў. І ў Крыстыны зачынена: колькі я ні грукаю, ніхто не адказвае. Можа, яна спіць? Я разгубленая, зноў не ведаю, што рабіць: часу не так і шмат. Сядаю на знаёмую лаўку ля возера.
Хвілін праз пяць да возера падыходзіць жанчына, і я не заўважаю, як паміж намі завязваецца размова. Яна пачынаецца з абмеркавання надвор’я. І вось ужо я расказваю ёй, што прыехала з Польшчы (я ўсё яшчэ полька) і шукаю сляды тутэйшай дыяспары.
Яе завуць Хуана, з выгляду ёй гадоў шэсцьдзясят. Яна слухае мяне з надзвычайнай цікавасцю, вельмі добразычліва — жыхары такога турыстычнага горада, як Карлас Пас, звыклыя да чужаніц. А потым гаворыць, што можа мне дапамагчы.
— Вы ведаеце сеньёру Крыстыну?
Хуана не ведае, затое яе сяброўка, мясцовая старажылка Бланка, ведае тут усіх. І палякаў таксама. Ці не хачу я зазірнуць да яе на гарбату? Якраз сёння яна чакае Бланку ў госці.
Прапанова бянтэжыць мяне — я не ведаю, у колькі вызвалюся і ці будзе ў мяне час. Але адмовіцца ад нітачкі, якую мне чарговы раз падсоўвае горад, не магу.
— Можа, пасля шасці? — гавару наўгад.
Хуана задаволеная, расказвае, як знайсці яе дом. Ён тут, на гэтай жа вуліцы, зусім блізка. Потым яна ідзе далей, і я думаю, што мне таксама трэба некуды ісці. Я апошні раз прыехала ў Карлас Пас, у мяне тут шмат справаў.
Мінаю дом Чарнышэвіча на дэль Вашэ. У двары нікога няма, драўляныя жалюзі апушчаныя. Збочваю са свайго звычайнага маршрута: хачу зірнуць на дамы Жыховіча і Рандота на вуліцы Ідальга. Калі іду міма іх, ля ганка паркуецца машына, з яе выходзіць мужчына. Брама агульная: цяпер два дамы пад рознымі нумарамі аб’яднаныя ў адну гаспадарку, агароджы паміж імі няма. Зрабіць здымак не рашаюся. Далей рухаюся ў цэнтр, каб набыць магніцікаў для людзей у Беларусі і Польшчы, якія займаюцца Чарнышэвічам: турыстычныя крамы і прадуктовыя шапікі адчыненыя нават у час сіесты. Але кветак там няма. Праз гадзіну паварочваю да дома Крыстыны, яшчэ на падыходзе заўважаю яе постаць, якая плыве па вуліцы. Бягу за ёй, нібы баючыся, што яна знікне, растане ў паветры. Наганяю ўжо на падворку.
— Я вярнулася.
— Так хутка? — павярнуўшыся да мяне, пытае Крыстына з нейкая іншасветнай, ад якой у мяне дрыжыкі па скуры, іроніяй. Але гэтая іронія гучыць толькі ў маіх вушах, твар Крыстыны застаецца сур’ёзным. У яе руках — пакет з прадуктамі: відаць, хадзіла ў краму. Злавіўшы мой погляд, яна неяк па-дзіцячы, быццам апраўдваючыся, тлумачыцца:
— Піцу вось сабе купіла.
Піца ў Аргентыне — булка з расплаўленым сырам.
Мы гутарым на падворку, яна трымае ў руках пакет. Я прапаную занесці прадукты ў дом, хаця б паставіць пакет на парапет, але яна не рухаецца з месца: усё добра, мне зручна. Сёння я цёпла апранутая, і ветру амаль няма, Крыстына выглядае гэтак жа, як учора. Мы стаім пад халодным сонцам, навідавоку ва ўсяго свету, і мяне агортвае неспадзяванай пяшчотай. Я тут, зноў у Карлас Пас — краіне духаў, маёй краіне яшчэ нядаўна невядомага мне ўчора. Усё ж мая спецыялізацыя — справы мёртвых, не жывых.
Крыстына расказвае пра рэстаран, які трымалі яе бацькі. Ён мясціўся тут, у гэтым будынку, там, дзе цяпер пакоі, сама сям’я жыла ў задняй частцы дома. Называўся “La sirena” — у гонар Крыстыны, якая ў дзяцінстве не вылазіла з вады.
— Дык гэта вы сірэна?
— Так-так, — смяецца яна.
У рэстаран хадзіла шмат людзей, давалі абеды, вячэры. Турыстам ён падабаўся. Прыходзіла і шмат палякаў. Барташ піша, што ў 1967 годзе, праз тры гады пасля смерці Чарнышэвіча, тут ладзілі ўрачыстасць з нагоды адкрыцця помніка на яго магіле.
Ежа ў рэстаране была пераважна польскай. “З польскай кулінарнай кнігі”, — гаворыць Крыстына.
— А хто гатаваў? Маці?
— Больш цётка Марыя. Усё рабілі самі.
“Вясёлыя былі палякі”, — гаворыць яна. Збіраліся на Каляды, Вялікдзень, шмат танчылі, любілі спяваць. Крыстына прыгадвае, як у сем гадоў спявала на адной такой імпрэзе:
Чыжык-пыжык, гдзе ты быў,
На Фантанцы водку піў.
— Па-руску спявалі ці па-польску?
— Па-руску. Нехта навучыў.
Выпіў румку, выпіў две,
Закруціло ў голове.
З’яўленне рускай мовы дзівіць мяне толькі ў першы момант. Тамтэйшы свет, апісаны Чарнышэвічам, быў надзвычай стракатым, шматмоўнасць была яго натуральнай рысай. Межы паміж мовамі ахоўваліся яшчэ не так зацята, на іх не ўзводзіліся муры. І руская мова ўжо тады ўсюды прабівала сабе дарогу. “My nie ponimajem! Mów po rusku! Po rusku mów!” — чуюць польскамоўныя героі рамана “Лёсы пасынкаў”.
— Гэта быў Новы год ці нешта такое, — гаворыць Крыстына. — Усе шмат смяяліся. Людзі былі з’яднаныя.
Я па крупінках складаю з яе словаў гісторыю палякаў Карлас Пас. Ніколі не ведаеш, у якую кнігу цябе занясе. Можа, Крыстына — гераіня ненапісанага твора Чарнышэвіча? Вядома, што незадоўга да смерці ён падумваў узяцца за апавяданне, прысвечанае жыццю ў Карлас Пас. Ці згадаў бы ён там дзяўчынку, якая жыве на беразе возера і якую ўлетку не выцягнуць з вады? Гэтая гісторыя існуе цяпер толькі для мяне. І я хачу пераказаць яе свету ва ўсіх драбніцах. Хачу і не магу, бо нельга падзяліцца перажытым цалкам, нешта важнае заўсёды застанецца ў цені.
Пісаць варта так, каб шмат чаго заставалася недагавораным.
Усе гэтыя палякі прыехалі сюды пасля вайны. Ці памятае яна іх? Так-так, памятае. Але Фларыяна — зусім злёгку, горш за іншых. Дзе яны жылі? Крыстына падлічвае кварталы: у трох адсюль — Сікорскія, у чатырох — Савіцкія. Там, дзе цяпер хостэл, жылі Малынічы: цётка Марыя і яе муж Юльян. Барташ піша, што Юльян Малыніч паходзіў з Навагрудка, у 1930—1931 гадах ён быў дэпутатам у Сейме ІІ Рэчы Паспалітай, пазней — навагрудскім бурмістрам. Памёр у 1975 годзе ад інфаркту: ішоў з рыбалкі, упаў і больш не падняўся.
Сама цётка пасля гэтага вярнулася ў Польшчу, бо ў Аргентыне ёй ужо не падабалася. Яна памерла і пахаваная там. Я пытаю, дзе менавіта, але Крыстына не памятае. Малынічы памерлі, гаворыць яна, Сікорскія памерлі, Савіцкія памерлі. Усе памерлі.
— Быў яшчэ адзін паляк, — раптам прыгадвае яна, але тут жа зноў кудысьці занураецца. — Не помню, — урэшце быццам абуджаецца яна.
Калі рэстаран закрыўся? Гэта адбывалася паступова: нехта з’язджаў, нехта старэў. Людзі старэлі, танцаў было менш, сама Крыстына з’ехала спярша ў Кордабу, потым — у Парагвай. Лакалізаваць той момант у часе, калі дзверы рэстарана зачыніліся пасля апошняга наведніка, у нас не атрымліваецца. Крыстына гаворыць, што шмат тагачасных здымкаў ёсць у чатырох альбомах, якія засталіся ёй у спадчыну ад маці. Кожнае фота падпісанае: год і імёны тых, хто там выяўлены. Магчыма, яны дапамаглі б узнавіць дэталі. Тады я пытаю, ці можна гэтыя альбомы паглядзець, хаця б адзін здымак, хаця б мамін. Але Крыстына адказвае, што там гармідар, падчас пераезду з Парагвая ўсё паблыталася. Яна навядзе парадак і тады пакажа, калі-небудзь потым. Калі я прыеду наступны раз.
Барташ просіць яшчэ распытаць Крыстыну пра помнік, ці памятную шыльду, якую ў 1984 годзе паставіў у гонар польскіх салдатаў зяць Чарнышэвіча Вацлаў Жыховіч. Дзе ён мясціўся, невядома, на гугл-картах яго няма. Крыстына прыгадвае, што помнік сапраўды быў. “Не ведаю, зрабіў ён яго праз Монтэ-Касіна ці праз вайну”. Жыховіч быў палякам, гаворыць яна, але палякаў там не згадаў, помнік прысвечаны soldados desconocidos, невядомым салдатам з усяго свету. Я не магу зразумець, дзівіць яе гэта ці захапляе. Яна не ведае, ці захаваўся ён дагэтуль: “У той бок я не хаджу”.
Калі мы развітваемся, я спрабую адшукаць гэты помнік. Крыстына, сярод іншага, згадвала сквер за два кварталы ад вуліцы, якой ходзяць аўтобусы, іду цяпер туды. Знайсці зялёны лапік з лаўкамі і клумбамі няцяжка, ён ёсць на карце. На ім стаіць аліўкавага колеру пліта з шыльдай “Сквер Рэспублікі Эквадор”, ніжэй — жоўтая пляма з дзірачкамі ад шрубаў, быццам яшчэ не так даўно да пліты было прыкручанае яшчэ нешта, а цяпер яго няма. Я зазіраю ў суседнія крамы, пытаю прадаўцоў і людзей на вуліцы — ніхто не ведае, ці быў у гэтым месцы помнік невядомым салдатам. Мы тут зусім нядаўна, раз за разам чую я ў адказ.
Карлас Пас і праўда вельмі малады горад. І цяпер перада мной у яго чароўным люстэрку быццам мільгае адзін з варыянтаў маёй будучыні. Гэты горад паглынуў эмігрантаў, яны растварыліся ў ім, не пакінуўшы пасля сябе дзяцей і слядоў. А калі і пакінулі, то дзеці ўжо даўно раз’ехаліся, куды хацелася ім самім, а сляды паволі блякнуць, заціраюцца і рассыпаюцца ў пыл або робяцца гістарычна-культурнай спадчынай горада Карлас Пас.
Хуана і Бланка
Да дамка Хуаны я, як і абяцала, дабіраюся каля шасці. У невялікай старасвецкай кухні, куды гаспадыня вядзе мяне праз заняты аўтамабілем унутраны дворык, за сталом сядзіць сеньёра гадоў васьмідзесяці. Гэта Бланка. Пазнаёміўшы нас, Хуана ставіць на пліту чайнік і пытае, што я буду піць. Прашу гарбаты. На пакрытым акуратнай цыратай стале ўжо выстаўленыя размаітыя слодычы: кавалкі пірага, печыва, альфахорэс і, вядома, вялікі слоік дульсэ-дэ-лечэ, варанага згушчанага малака.
У тыя часы я знала некалькіх палякаў, пачынае Бланка, якой ужо паведамілі, дзеля чаго я тут. Яна не ўдакладняе, у якія, і я не пытаю. У яе незвычайная мова, непадобная на мову Хуаны, і мне трэба напружвацца, каб не страціць ніць размовы. Яна расказвае пра польскую сям’ю, якая жыла на Арыстобула дэль Вашэ. Але ў першы момант узрадаваўшыся, я хутка расчароўваюся: яе палякі разводзяцца. Муж з’язджае ў Кордабу, а жонка застаецца тут з сынам-падлеткам. Я не ведаю, хто гэта можа быць, у маю гісторыю яны не ўпісваюцца. Хіба што ў зносцы дробным шрыфтам.
— Я ведаю, што гэта былі палякі, бо пра іх так заўсёды казалі, — гаворыць Бланка.
— З цукрам ці без? — перарывае яе Хуана.
Яшчэ адзін паляк жыў непадалёк адсюль проста насупраць дома Бланкі. Яго жонкі яна не ведала, а вось яго самога бачыла рэгулярна. Але таго дома больш няма, цяпер там пустка. Я пытаю, як даўно яна жыве ў Карлас Пас. Бланка адказвае, што пераехала сюды, калі выйшла замуж. Ёй тады было дваццаць пяць. Прыкладна канец шасцідзясятых, у думках падлічваю я. Чарнышэвіч ужо памёр, але яшчэ жывыя Стася і Уладзя, Браніслаў і Хільдэгарда, Марыя і Юльян. І Атон Савіцкі таксама.
Ці помніць Бланка, як тых палякаў звалі? Яе памяць не захавала ніводнага імені. Тады пытаю пра помнік невядомым салдатам — абедзве сеньёры ніколі пра яго не чулі. Два гэтыя сусветы існавалі зусім побач, ледзь не ўсутыч, і ўсё ж амаль не перасякаліся.
Хуана падсоўвае да мяне слоік з дульсэ-дэ-лечэ, любімы аргентынскі ласунак. Я расказваю, што на маім краі свету згушчанку таксама любяць, толькі яна ў нас не вараная і таму не такая густая. Не паста з прытарным карамельным смакам, а вязкі соус у бляшанках, які тонкім цурком сцякае з лыжкі і ўсмоктваецца ў порысты мякіш батона.
“Канцэнтраванае малако”, — робіць выснову Хуана, і я рашуча матляю галавой. Мне хочацца расказаць ім пра вечную беларускую спрэчку пра Глубокае і Рагачоў, у якой я, вядома, маю сваю пазіцыю, але разумею, што для гэтага мне спатрэбіцца занадта шмат словаў, якія ў гэтай сітуацыі здаюцца нясвоечасовымі. Ад дульсэ-дэ-лечэ адмаўляюся і, каб не пакрыўдзіць гаспадыню, бяру кавалак пірага.
Тут жыло шмат палякаў, гаворыць Бланка. І не толькі палякаў, падтаквае ёй Хуана. У яе жылах таксама цячэ эмігранцкая кроў. Прабабуля з трыма дзецьмі набыла зямлю ў правінцыі Энтрэ Рыас — “паміж рэкамі”, калі перакласці даслоўна, і менавіта гэтыя рэкі, Парана і Уругвай, зліваюцца на поўнач ад Буэнас-Айрэса ў адно, утвараючы эстуарый Ла-Плата. У Энтрэ Рыас тады пуставала шмат земляў, бо рэгіён быў ізаляваны. Каб трапіць у суседнюю правінцыю Санта-Фе, даводзілася плыць паромам праз шырокую Парану. Гэта цяпер там пабудавалі трохкіламетровы падводны тунэль і ўзвялі на поўдні два масты.
Дарэчы, у Энтрэ Рыас таксама былі палякі, спахопліваецца Хуана, відаць, заўважыўшы на маім твары нецярпенне. Аднаго яна нават ведала: ён трымаў цяслярскую майстэрню і ўмеў выдатна працаваць з дрэвам. Яго справу пераняў сын, а пасля — і ўнук.
Лаўлю сябе на думцы, што час ідзе, а я нават не ведаю, у колькі з’язджае апошні аўтобус на Кордабу. Хуана падкладае мне пірага, далівае гарбаты — адмовіцца немагчыма. Мне здаецца, што я трапіла ў пернікавы палон: мяне завабілі сюды і цяпер зачастуюць да знямогі. Хачу ветліва развітацца. Але не паспяваю ўставіць і слова паміж рэплікамі аргентынак, якія чым далей, тым больш адыходзяць ад нашай першапачатковай тэмы.
Замежнікі сюды едуць і едуць, гаворыць Хуана, раней пераважна з Еўропы, цяпер — з суседніх краін. Універсітэты ў Аргентыне бясплатныя і заўсёды знойдзецца праца для тых, хто хоча працаваць. Людзі прыязджаюць і жывуць шчасліва, а аргентынцы добра ўсіх прымаюць. Вы ж бачыце, як мы рады замежнікам, глядзіць на мяне Хуана.
Але справы ў Аргентыне ідуць кепска. Паводле яе словаў, урад раскідваецца грашыма і ахвотна дае эмігрантам з поўначы грамадзянства, яны гэтым карыстаюцца. Для Аргентыны поўнач — гэта Парагвай, Балівія, Перу. “Праблема нашага ўраду ў тым, — падсумоўвае Хуана, — што яны раздаюць занадта шмат грошай, каб за іх потым галасавалі. І гэта мусіць спыніцца: мне ніхто нічога не даваў, а я не прасіла і не хацела. Хацела зарабляць сама”.
Спаслаўшыся на позні час, ратуюся з пернікавага дамка ўцёкамі. Гаспадыня выходзіць следам за мной, яна мяне праводзіць. Вечарэе, і да вакзала далекавата, але нам туды і не трэба, мы будзем лавіць аўтобус на прыпынку. Перабягаем шырокую вуліцу без святлафораў — адна б я на такое не рашылася — і калі неўзабаве аўтобус на Кордабу сапраўды спыняецца побач, Хуана перадае мяне пад апеку кіроўцы, у якога, на шчасце, ёсць вольныя месцы.
Плачу за білет і сядаю, над уваходам вісіць абвестка: “Набываць білеты ў кіроўцы за наяўныя забаронена”. І ніжэй — “з першага верасня”, год не ўказаны. Махаю ў акно Хуане, яна пасылае мне паветраны пацалунак. Я яшчэ паспяваю кінуць апошні позірк на возера, якое бліскае між пагоркаў, і разгледзець у сутонні чырвоныя лапікі Антонія Гаўчыта Хіля. Калі аўтобус уязджае ў прыгарад Кордабы, свет ужо ахутаны халоднай цемрай.
Паштоўка
Праз некалькі месяцаў, вярнуўшыся ў Варшаву, я шукаю калядную паштоўку для Крыстыны. Хачу, каб было нешта і святочнае, і тыпова варшаўскае. У выніку знаходжу тое, што трэба: на паштоўцы — упрыгожаная ёлка ля Каралеўскага палаца, калона Жыгімонта, фрагмент Старога горада, і ўсё засыпана снегам. Гэта акварэльны малюнак, а не фотаздымак. Снегу ў Варшаве пакуль няма, зіма толькі пачынаецца. Я ведаю, што адказу на паштоўку не прыйдзе, але вельмі спадзяюся, што яна дабярэцца да адрасаткі.
Стоячы ля касы, думаю, што было б някепска адправіць паштоўку яшчэ і Хуане. Але гэта немагчыма: я не ведаю ні яе прозвішча, ні адраса. Я без праблем пазнаю яе дамок, калі зноў траплю ў Карлас Пас, аднак не ўяўляю, якім спалучэннем лічбаў і літараў апісаць яго месцазнаходжанне.
І, паколькі ў адрасе Крыстыны я таксама не ўпэўненая, на адваротным баку канверта пішу падказку для паштальёна: “Белы будынак, другі ад возера, справа ад хостэла ***”.
*
Праз некалькі месяцаў з базы звестак пра імігрантаў, якія ў розныя гады прыбывалі ў Аргентыну, я даведалася, што бацька Крыстыны, Браніслаў Масойць, нарадзіўся ў Навагрудку. 16 сакавіка 1949 года ён прыплыў караблём “Энтрэ Рыас” з брытанскага Саўтхэмптана, з ім была яго сястра Марыя, тады яшчэ незамужняя. Маці, Хільдэгарда, якая на той момант ужо была жонкай Браніслава, бо мела яго прозвішча, прыбыла ў Аргентыну караблём “Хайлэнд Брыгейд” з Лондана на год і пяць месяцаў пазней, 29 жніўня 1950 года.
***
Дзякуй Марысе Руэда, супрацоўніцы муніцыпальных могілак горада Карлас Пас, якая дапамагла мне разабрацца з пахаваннямі сям’і Фларыяна Чарнышэвіча і іншых палякаў і цярпліва шукала са мной усю патрэбную інфармацыю, нягледзячы на тое, што я звярнулася да яе з такой просьбай пасля заканчэння яе працоўнага дня.
Gracias a Marisa Rueda, la trabajadora del Cementerio Municipal de Carlos Paz, quien me ayudó a liderar con las tumbas de la familia de Florian Czarnyszewicz y otros polacos y buscaba pacientemente toda la información necesaria conmigo, aunque vine a pedirle cuando ya terminó su jornada laboral.
Крыніцы
Фларыян Чарнышэвіч. Надбярэзінцы: раман у трох частках, заснаваны на рэальных падзеях / Пераклад з польскай К. Маціеўскай, А. Пятровіч, М. Шоды, Г. Янкута; пад рэдакцыяй М. Мартысевіч; прадмова А. Пашкевіча. — Мінск: А. Янушкевіч, 2017.
Florian Czarnyszewicz. Losy pasierbów. — Łomianki: Wydawnictwo LTW, 2023.
Эміль Цяўлоўскі. Беларусы ў Аргентыне // Запісы 32. Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Нью-Ёрк — Мінск, 2009. — С. 73—84.
Эміль Цяўлоўскі. Беларуская Аргентына ў лістах і допісах / Падрыхтоўка да друку Н. Гардзiенка і Л. Юрэвiча // Запісы 38. Беларускі інстытут навукі й мастацтва. — Нью-Ёрк — Мінск, 2016. — С. 138—163.
Bartosz Bajków. Florian Czarnyszewicz: przyczynek do biografii // Arcana, № 138, listopad — grudzień 2017. — S. 107—132.
Diana Maksimiuk. „Społecznik” z Argentyny // Arcana, № 138, listopad — grudzień 2017. — S. 133—138.
Ганна Янкута — пісьменніца, перакладчыца, літаратуразнаўца. Аўтарка кнігі “Час пустазелля” (2023), паэтычнага праекта “Геалогія”/”Канстытуцыя” (2022), твораў для дзяцей (у тым ліку серыі пра ката Шпрота і аповесці “Марта і яе мара пра снег”), шматлікіх артыкулаў і эсэ. Перакладае прозу і паэзію з польскай і англійскай моваў.