Сёння ў найсуб’ектыўнейшым падкасце пра беларускую літаратуру — аўтарка Наста Манцэвіч. У 2012 годзе яе дэбютны зборнік “Птушкі” выклікаў шмат розгаласу за натуралізм, эмацыйную вастрыню і непадробную шчырасць. Неўзабаве выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм” мае выдаць другую кнігу пісьменніцы. Наша размова — пра доўгія паўзы ў пісьме, адсутнасць ідэнтычнасці паэткі ці празаіка, і чаму цэнтральная метафара зборніка “Птушкі” такая злая і трывожная.
Рэжысёрка-аніматарка Наста Лісавец пайшла гуляць з сабакам, а трапіла ў апавяданне. Пра тое, адкуль бяруцца дзеці, і пра мацярынства да трыццаці. А ў дадатак — два шпацыры па вечных гарадах.
“Спачатку было Слова…” Ёсць спакуса менавіта адсюль весці адлік існавання пісьмовага выказвання. І бачыць пісьменнікаў носьбітамі найвышэйшых сэнсаў. Але не ўсё так проста. Бо слова ратуе і забівае. Будуе ды разбурае. Лямантуе і праклінае. Што з ім рабіць? Як быць пачутым? І ўвогуле — ці захаваліся хрысціанскія каштоўнасці ў літаратуры часоў глабальных катастрофаў? Пра гэта — наша размова з айцом Андрэем Кратом.
Няма няправільных аўтараў. Бо не можа быць канонаў шчырасці, стандартаў таленту ды алгарытмаў летуценнасці. Ёсць прага выказвання. Ёсць прадчуванне мовы. Ёсць энергетыка прамаўлення і адвечны дэнс на мяжы шызы і цуду. Ігар Саўчанка гэтым разам адмаўляецца ад улюбёнай справы. Выдатны фатограф танчыць басанож на вуголлі “літаратурнасці”. Дык далучайся!
Літаратурны блог — адчайнае прадпрыемства без гарантый поспеху. Бо, здаецца, каму патрэбныя словы пра словы? Але ж не. У нашай лапікавай культурніцкай прасторы востра не стае жывых меркаванняў, шчырых фідбэкаў ды вострых водгукаў. Блог крочыць па вузкай сцяжынцы паміж наіўным меркаваннем і дасведчаным разборам, каб навучыць нас чытаць. І размаўляць пра чытанку. Натхнёна і неабыякава.
Тэксты Юлі Шатун — постпаэзія і калякіно. Востры мантаж, спрэчныя рытмы, плынь алюзій. Правінцыя, няздольная адпусціць. І цэнтр, у якім адны скразнякі. Усё, што можа і ведае аўтарка — экранная праца, вербальны кураж, ціхія сантыменты, пошукі стылю і адмова ад позы, — складаецца тут у небанальны пазл. Дзе кожны лапік нібыта трохі неістотны — і аднак не знайсці анічога няважнага. Зрэшты, хопіць гуляцца з вызначэннямі. Проста пакаштуй.
Хто робіць кніжкі? Вядома, райтары. А яшчэ? Рэдактары. Друкары з выдаўцамі. Чытачы (разумныя). І, натуральна, дызайнеры. Дызайнер — перакладчык ды сааўтар. Саўдзельнік падзеі чытання. Таму што дызайн — не абгортка для тэксту, а ягоная падтрымка і прамоцыя. Дадатковае вымярэнне аўтарскага выказвання. І школа зроку для тых, каго вабіць нябачнае. Хочаш больш? А вось паслухай!