Сяргей Прылуцкі. Выбранае з Армагедону.

Катастрафічны панк-лірызм Сяргея Прылуцкага жыве на мяжы баявых сводак і побытавага алкагалізму. Глыбіня аўтара вымяраецца болевым парогам. Штодзённая жахаўка тэатра ваенных дзеянняў дадае сапраўднага трагізму багемнай штодзённасці і вырабляе вершы з адчаю, пустэчы і прагі рэтрыту. З гэтага бункера ўцячы няма куды. Але яшчэ магчыма заспяваць. Прапануем вершы з новай кніжкі Сяргея Прылуцкага “Гіброіды” (2024).

Біл і Бол

Правадары духоўнасьці, браты Біл і Бол,
учора выкрылі перад народам нашу таемную арганізацыю.
Усіх ужо насадзілі на метафарычны кол.
Заўтра зробяць метафарычную кастрацыю.

Наша крэда — максімум разьдзяўбайства.
Мінімум аўтарытэтаў і працы.
Такіх, як мы, у грамадзтве
можна пералічыць на пальцах.

Паводле адэптаў духоўнасьці кожны павінны
ведаць сваё месца:
песьціць здаровы глузд, паводзіцца сьмірна
і ня верыць уласнаму сэрцу.

Ад усяго гэтага сьмярдзіць, як ад шкарпэтак.
Як пісаў Бадлер: “Вашу маць!”
Я — сучасьнік эпохі пафаснага свалачызму, яе сьведак.
У якую, напэўна, прыйдзецца і падыхаць.

А хочацца ж бачыць людзей вясёлых,
каб знутры — шаленства сьвяціла.
Але навокал адны болы,
што нараджаюць выключна білаў.

Лямагазінная элегія

Час ляціць, як пляшка ў галаву гопніка.
Прыемна назіраць за часам.
Праўда, у вачэй псуецца оптыка.
Але пазітыўных момантаў — маса!

Бягуць хвіліны, як алкаголікі
да закрыцьця кас у магічнай краме.
Я ўжо заняў найлепшае месца за столікам:
сяджу, па-дзіцячы матляю пад ім нагамі.

Пляшку жыцьця варта выпіць хаця б дзеля таго,
што наперадзе — найсмачнейшая чарка.
Усім ледзь не адразу блага стае ад яго.
Але асабіста я з асалодай хлябаю змалку.

Мае ныркі і сэрца — мой мінімум-пантэон.
Ім да сракі рухі планет, катаклізмы, эпохі...
Час моцна б’е ў галаву, нібы самагон.
І чым далей, тым больш усё робіцца похуй.

***

Паэт Антон паўгоду сядзеў бяз працы,
праядаючы жончыну зарплату,
але ўрэшце яму ўдалося ўладкавацца —
фестывальным аўтарам першага разраду.

Офіс канторы “Ні дня без ямба”
месьціўся ў падвале хрушчоўкі.
Куратар Антона — прыгожая баба,
прыхільніца складанай рыфмоўкі.

У штаце фірмы — дваццаць сатырыкаў,
паўсотні абкураных верлібрыстаў,
як сабак — тонкіх ранімых лірыкаў.
Усяго набіралася чалавек трыста.

Паводле складанай працоўнай дамовы,
паэт павінен ствараць арэол:
каб публіка ведала: гэты — факір словаў,
а той — трагічны п’еро-піздабол.

Работа — пякельная: на выступах кожны
павінен выкладвацца на ўсе сто.
Норма ў месяц — чатыры дэбошы
і роўна столькі ж прыездаў мянтоў.

Ва ўсе дэталі Антон вырашыў не ўдавацца
і падчас турнэ дзейнічаў наўздагад.
Аднойчы ён адправіў у рэанімацыю
жывога класіка, чым зарабіў падвойны аклад.

Ён аб’ехаў усю краіну, мэнэджары фестываляў
лічылі яго віртуозам у стварэньні праблем.
Мянты яму нават ордэнаў надавалі
за раскрыцьцё ў вершах бандыцкіх тэм.

Але ў фестывальнага аўтара век нядоўгі.
“Што далей?” — задаўся пытаньнем Антон.
І ў выніку ў падвале роднай хрушчоўкі
адкрыў паэтычны прытон.

Цяпер там пасьля цяжкіх будняў
паэты прапіваюць геніяльныя радкі,
а бармэнша, паэтэса Люда,
складае анталогію “Мудакі”.

Крызіс амаль сярэдняга веку

Ты вырасьцеш аднойчы і памрэш —
расступяцца, нібы пялёсткі, сьцены.
І тое, што ніяк не назавеш,
увойдзе ў вены.

Густое рэчыва пад назваю “нішто”
ты спажываў з маленства з асалодай.
Лічыў вугольле спаленых мастоў
віном і мёдам.

Забудуць гэты парк і ліхтары
цябе і рэшту выпадковых персанажаў.
Куды ты ўрэшце трапіш, хер стары,
ніхто ня скажа.

Таварыш Гадо

Кола сяброў Адама Шчакавіны —
творчая багема з дамешкам прафесуры.
Ягоны брат — вытворца крафтавай вяндліны,
а бацька — класік раённай літаратуры.

Адарваныя ад народа, як пятая нага ад сабакі,
па вечарах зьбіраюцца ў бары “Залаты Рэпост”.
У прадчуваньні важнага містычнага знаку,
існуюць пад дэвізам “наша жыцьцё — кампост”.

І пакуль офісны планктон корміць краіну,
а працоўны клас вядзе барацьбу сам з сабой,
пакуль цьвіце пад акном шыпшына —
багема перажывае творчы застой.

Віртуоза Глушко не слухаецца піянінная педаль.
Да перформера Гены раўнадушныя нават у Еўрасаюзе.
Вядомы ў вузкіх колах скульптар Віталь
лепіць гаўно — яго таксама пакінула муза.

Атмасфера накаляецца, быццам прас.
У паветры пахне шкарпэткамі і навальніцай.
Але вось-вось у бар прыйдзе да нас
таварыш Гадо і дасьць усім папусьціцца.

Бар “Апакаліпсіс”

У цені высокай лякарні
гадзюшнік прыгожы стаяў —
там інтэлігенты бухалі
і просты рабочы бухаў.
Адных забіралі жонкі,
другіх забіралі багі,
а трэція проста згаралі
недзе ў сузор’і Тугі.
Авангардыста Алега
і метафізіка Саню
там неаднойчы білі
ўдзельнікі розных кампаній.
Часам туды прыходзіў
міністр культуры Сяргей —
вядомы ў вузкіх колах
эратаман і гей.
Яшчэ там былі арабы,
габрэі і п’яныя бабы,
палешукі, гуманоіды,
сьлесары і андроіды,
садысты, бамжы, геданісты
й вясёлыя кантрабандысты.
Стаяў там сарцір незвычайны —
у ім нават дзьверы былі.
Мы па-малым туды бегалі
і па-вялікім ішлі,
каб потым зь лёгкай душою
і зь песьняю пад губой
вярнуцца ў пакойчык цёмны
на бітву з самім сабой.
Гудзелі, як пчолы, войны,
апошні растаў ледавік —
народ прапіваў біткойны
і ўсё, да чаго прывык.
Гады, як маторы, шумелі,
аблокі ў вырай плылі.
І толькі сябры і пахмельле
побач заўжды былі.
Гарэў угары астэроід,
апошні міргаў сьвятлафор.
Нязмушана і павольна,
усе мы ляцелі да зор.
У хмельным тарнада кружлялі,
пілі, бы ў апошні раз.
І нейкая дзеўка бясконца пытала:
“А можна і мне да вас?”

***

Там, за лесам, гараць агні.
Штосьці гучна крычаць нябачныя людзі.
Можа, выйшаў нехта на шашлыкі.
Можа, паляць старыя масты ілюзій.

Гэты горад дурны ніяк не засьне,
пераблытаўшы кроплі для сну з пургенам.
Тут адным адчай выядае нутро,
а другім — бесклапотна і ахуенна.

Пакажы мне, сябра, сваю далонь,
на якой не відно аніякіх ліній.
Мы ня маем спакою. Ужо даўно.
І ад жаху кроў ніяк не застыне.

***

У маім воку — начная ілюмінацыя,
у тваім — вочка ад кулі.
Ня ведаю, як называецца гэтая сітуацыя, —
ведаю, што мы розным дэманам прысягнулі.

Ты скардзіўся на жыцьцё, хадзіў у вячэрнюю школу.
Я таксама скардзіўся, хадзіў бесклапотным нябогам.
У выніку ніхто не пачуў нашых словаў.
Так, браце, ніхто, наогул.

На сьвеце тым, пэўна, усё таксама ня тое:
пра што марылася, ад чаго не было спакою.
Браце, пакуль у жывых нас было двое,
нехта паблізу ўжо рыхтаваў набоі.

Ня важна, колькі грам на душу багі выдаюць сораму,
колькі літраў нянавісьці заліваюць у вены,
усё адно ходзім бясконцымі коламі
праз агонь, праз ваду і ўяўныя сьцены.

Усё наўкол спынілася і змоўкла.
І толькі сэрца, працаголік стары,
гудзе, быццам шалёная мікрахвалёўка,
і выгарае знутры.

Сэрца, сэрца, кажу, утаймуйся, вось табе лекі,
а яно маўчыць і далей дрыжыць ад трывогі.
Нібы Арфей на памежным кантролі зь пекла.
Нібы Эўрыдыка, што запаволіла крокі.

Docudays

Кінатэатр “Жыцьцё” працягвае паказы:
там і любоў, і танкі, і бог, і мудакі.
Вось мірны акупант нясе культуру ў масы —
шкада, што мінкультуры зацерла мацюкі.

Вось там — гарыць душа, там — нелегальны рынак.
Ілюзіі, масты і шапкі — усё гарыць.
На гэтым белым сьвеце, чорным, як бацінак,
цяпер усё нагамі дагары.

Выходзіш на балкон, а там няма балкона.
Сунеш руку ў кішэню — і ўжо няма рукі.
Суседзі завялі ката Армагедона
заўчора, а сягоньня адкінулі канькі.

Нібы ў рацэ, уваччу плывуць бярвеньні трупаў.
За тое, што ня ўмёрлі, давай кульнём па сто.
Няруская вясна нахабна і падступна
на яблынях і грушах разьвешвае лісьцё.

Будні эвалюцыі

Мала хто з нас высьлізьне з клеткі
ў гэты паўцёмны шматклеткавы сьвет,
дзе выжываюць нават крэветкі,
дзе арытмія і арыфметыка
граюць супольны жывы канцэрт.

Лезуць на бераг з бруднае пены
сястра інфузорыя й братка малюск.
Перажывуць часы пераменаў,
што пачаліся яшчэ з плейстацэну,
толькі найлепшая гніль або гнюс.

Жыць у вяках і пладзіцца амёбам!
У парадызе расьлін і зьвяроў
з патрыярхальнаю сьветлаю злобай
зондэркаманды зондэрмікробаў
зноў акупоўваюць глебу і кроў.

Вечна расьсеяным алказаўрам,
нам не прайсьці натуральны адбор.
Там, у агнях вялікага «заўтра» —
новыя барбары рэжуцца ў карты.
Пахне кагор, пахне кагор...

Сяргей Прылуцкі — паэт, празаік і перакладчык. Нарадзіўся ў 1980-м у Берасці. Аўтар кніг прозы “Йопыты двух маладых нелюдзяў” (2009), “Дэгенэратыўны слоўнік” (2014) і паэтычных зборнікаў “Дзевяностыя forever” (2008), “Герой эпохі стабільнасьці” (2014), “Патрыятызм для чайнікаў” (2016), “Далоў дарослых” (2017), “Эўрыдыка не азіраецца” (2021), “Нічога нястрашнага” (2024), “Гіброіды” (2024). Жыве ва Украіне.

Замовіць кнігу на сайце выдавецтва “Мяне Няма”.