Людзі на балоце — не прысуд і не дыягназ. Свет ускраін, адбудаваны на мяжы культурніцкіх трэндаў ды моўных плыняў, жыве адкрытым адразу ва ўсе бакі — і стварае непаўторную шматмернасць маргінальнага існавання, якую карціць палічыць сутнаснай беларускасцю. Найлепшае з новага паўстае акурат так — калі тваё памежжа выспявае ў твой тэкст. Ева Вежнавец скажа пра гэта больш.
Пісьменніца Ева Вежнавец у звычайным жыцці — журналістка і даследчыца Святлана Курс. Але ў размове з ёй адразу разумееш, што насамрэч ўсё ейнае жыццё — літаратурнае: яна быццам дыхае вобразамі, з яе ліюцца гісторыі.
Пры гэтым спадарыня Ева — з тых пісьменніц, якія даткліва ставяцца да слова і лічаць, што ў тэксце, як у аўтамаце, не можа быць лішніх дэталяў. Яна аўтарка дзвюх тонкіх, але важкіх кніжак, кожную з якіх пісала 10 гадоў, — “Шлях дробнай сволачы” і “Па што ідзеш, воўча?”. Апошнюю ўжо называюць адным з найважнейшых твораў сучаснай беларускай літаратуры. Напісаны ў жанры “балотная казка”, гэта канцэтраваны і палынна-горкі экскурс у гісторыю 20 стагоддзя, якая ненажэрным ваўком бясконца прыходзіць па жыхароў беларускай глушы.
Акурат у маленькай вёсцы на Любаншчыне прайшло дзяцінства пісьменніцы, з якога яна памятае гарбузовыя палі і велічэзнага быка, стогадовых бабуляў, якія сталі для яе галоўнымі ўніверсітэтамі, і смерць, што з малых гадоў была навідавоку. Менавіта з дзяцінства ў пісьменніцы засталося пачуццё адчужанасці ад людзей і любоў да балотаў і “задуп’яў”.
У новым выпуску падкасту Ева Вежнавец дзеліцца важнымі момантамі дзяцінства, а таксама распавядае, як зрабіла выбар “піць або жыць”, як закахалася ў мужчыну з фігурай Давіда, чаму з асцярожнасцю піша пра магію ды іншасвет і як яна, быццам скульптарка, з глыбы нататак і матэрыялаў выцясала свой самы значны на сёння твор.
Слухаць падкаст на іншых платформах:
Spotify
YouTube
Apple Podcasts
Google Podcasts
Castbox
TuneIn