Новая генерацыя беларускіх выдаўцоў дачакалася сваіх хранікёраў, фанатаў ды хэйтараў. І тае бяды, што часам гэта тыя самыя людзі. Да актуальнага літпрацэсу ставіцца сур’ёзна немагчыма, не заўважаць цяжкавата, ухваляць не выпадае. Што застаецца? Бурчэць ды мармытаць. Дзяліцца імпрэсіямі на ганку няўцямнага заўтра. Дудко смяецца. Альбо трызніць. Мяркуй сам, даражэнькі чытач.
“Колдун Тамат ” — раман Андрэя Дудко пра пісьменніка, які, кіруючыся творчай мэтай, затварыўся ў старым доме ў беларускай правінцыі. Доўгая адзінота і самакапанне адкрываюць ключ да схованак душы і глыбіняў творчасці, якія як лавіна закручваюць пісьменніка ў чараду ірэальных падзей. І выводзяць на свет дзіўныя рэчы, якіх ніколі не было.
Макс Жбанкоў — чалавек з мінулага. Гаваркая істота няяснага статусу. Тубылец архіпелага Беларусь. Аскепак дзіўных часоў свядомага ракенрола, моўнага дысідэнства, інтэлігенцкага вулічнага алка-драйву і залатой эпохі друкаваных індзі-медыя. Цяпер такіх не чытаюць. Цяпер пра іх пішуць. Легенду развінчвае на складнікі Андрэй Дудко.