Мегафлэшбэк-2024: слушныя падкасты, чытэльныя тэксты.

На календары — снежань, а ў нас — вялікі гадавы #флэшбэк!

Рупліва падлічылі ўсе прагляды і праслухоўванні, каб зразумець, хто быў у топах гэтага года на “Літрадыё”.

І вось яны — тэксты і падкасты, якія мы з вамі чыталі і слухалі найбольш (хто на якім месцы — у нашых сацсетках!:)

  • Нацыі патрэбныя замежнікі. Каб прачытаць нечытэльнае. Каб аспрэчыць відавочнае. Каб патлумачыць нам саміх сябе. Праблемных. Спрэчных. Недадуманых. Жывых. Замежнік — заўжды назіральнік. Часам — даследчык. Перыядычна — чужаніца. І калі пашчасціць — зацікаўлены тонкі суразмоўца. Генрых Кіршбаўм — акурат той самы выпадак.

    Чытаць далей

  • Альтэрнатыва завецца Пукст. Шматгадовы ўнутраны эмігрант краіны вечназялёных агуркоў вылецеў па-за межы роднага заапарка — каб зразумець свой новы статус праз ягоную адсутнасць. І прыняць гэта як чарговую перазагрузку прыватнага плэйліста ды новы чэлендж для шыбанутага рокмэна. Што там бачна ў нашых акулярах? Кэптэн Пукст і сорак мяхоў Дабра.

    Чытаць далей

  • Катастрафічны панк-лірызм Сяргея Прылуцкага жыве на мяжы баявых сводак і побытавага алкагалізму. Глыбіня аўтара вымяраецца болевым парогам. Штодзённая жахаўка тэатра ваенных дзеянняў дадае сапраўднага трагізму багемнай штодзённасці і вырабляе вершы з адчаю, пустэчы і прагі рэтрыту. З гэтага бункера ўцячы няма куды. Але яшчэ магчыма заспяваць. Прапануем вершы з новай кніжкі Сяргея Прылуцкага “Гіброіды” (2024).

    Чытаць далей

  • Кранальная адсутнасць істотнага — наш нармальны расклад. Кардонныя панкі, шумавыя барацьбіты, майстры інтэлектуальных імітацый і нашчадкі янкімаўраў запаўняюць культурніцкую прастору, ператвараючы глыбінны пошук і дзіўных аўтараў у штосьці накшталт статыстычнай памылкі. Ігар Бабкоў — самотны самурай у выпаленых палях белкульту. Слаба зразумелы. Ледзь (пра)чытаны. Няясна каму патрэбны. Але ж культурку робяць акурат майстры адхіленняў. Мэтры нябачных рэвалюцый. Далучыцца да іх немагчыма. Лепш проста паслухаць.

    Чытаць далей

  • Людзі на балоце — не прысуд і не дыягназ. Свет ускраін, адбудаваны на мяжы культурніцкіх трэндаў ды моўных плыняў, жыве адкрытым адразу ва ўсе бакі — і стварае непаўторную шматмернасць маргінальнага існавання, якую карціць палічыць сутнаснай беларускасцю. Найлепшае з новага паўстае акурат так — калі тваё памежжа выспявае ў твой тэкст. Ева Вежнавец скажа пра гэта больш.

    Чытаць далей

  • Памежжа — наша другое імя. Паміж трансам і трызненнем. Паміж кайфам і лайфам. Паміж моўнымі плынямі і скрозь вайну слоўнікаў. Ад мары да пахмелля. І наадварот. Часам здаецца, што пісьменства скончылася. Часам здаецца, што яно толькі пачалося. Нармальны аўтар ненармальных часоў: шаленец, шаман, візіянер. Творца трывожных тэкстаў. У якіх лёгка пазнаць сябе. Мы самі сабе хвароба. І самі сабе ратаванне. А літаратура — сведка і саўдзельнік. Як вось тут.

    Чытаць далей