Калі чалавек засынае, абуджаецца ягоная падсвядомасць. Гэта кіно без цэнзуры, тэкст без рэдактара, нататкі з патаемнай шуфляды прыватнага досведу. “Плынь свядомасці” вынайшлі не амбітныя авангардысты, а пейзане нападпітку ды знясіленыя хатняй працай бабулькі. Не верыце? А вось вам доказ! Паэтка Сабіна Брыло знайшла пшэпустку ў беларускі народны сон.
“Беларускі народны соннік”: штучны інтэлект не мае шанцаў
Першай беларускай кніжкай, якая займела на сваёй цвёрдай вокладцы ўнікальны штамп “Без ужыцця штучнага інтэлекту”, стала навуковае выданне новага выдавецтва “Gutenberg Publisher” (Кракаў). Кніжка, сапраўды, моцна аналагавая: бярэш у рукі — маеш рэч. Прывабны дызайн, прыемная папера, зручныя шрыфты, спакушальная вёрстка… А калі пагартаць і прабегчыся вачыма па назвах раздзелаў, дык аж да нястрымнасці нарастае, так бы мовіць, спакуса кагнітыўная: “Народная проза. Наратывы пра сон”, “Перасцярогі, табу, парады”, “Варажба”, “Як «закладалі на сон»”, “Абміранні” — так і хочацца залезці пад коўдру з ліхтарыкам і цішком ад мужа чытаць да самага ранку.
Аўтар “Беларускага народнага сонніка” — Аліна Высоцкая — прэзентаваная як беларускі этнограф, фалькларыст. “Скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, абараніла магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя”. Больш за дзесяць гадоў вывучае феномен сну ў фальклоры, абапіраючыся на палявыя матэрыялы, сабраныя на Беларускім Падзвінні ў арганізаваных этнаграфічных экспедыцыях і самастойных выправах”. Выданне маркіраванае як навуковае, “пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук Таццяны Васілеўны Валодзінай”. Сапраўды, у падмурку “Сонніка” — навуковая праца аўтара, але гэта не мусіць пужаць “звычайнага чытача”, якога прывабіла назва кніжкі.
Навуковы падыход, структура тэксту, каментары, тлумачэнні, спісы паказальнікаў толькі дапамагаюць глыбей і з большым разуменнем спасцігаць змест. А менавіта — аўтэнтычныя расповеды і тлумачэнні сноў, якія складаюць большую частку кнігі. У прынцыпе, на маркеры акадэмічнасці можна ўвогуле не звяртаць увагі, калі проста хочацца пачытаць “страшныя гісторыі”, альбо мінімалістычныя псіхадрамы з рэальнага жыцця чалавечай душы.
Чытач убачыць, што так званы “народны сон” — звычайна не надта складаны па сюжэце. Носьбіты наратываў — пераважна сяляне, немаладыя людзі. Сюжэты, якія яны расказваюць, часцей за ўсё звязаныя з найважнейшымі ў іх жыцці падзеямі: народзінамі, працай, вяселлем, хваробай, смерцю. Тое, што адбываеца ў сне, яны звыкла разглядаюць як метафарычнае альбо прамое прадказанне. “Памёр у міне мужык. І віджу ў сні: мама мая прышла, у міне печку топіць, а мужык на печке ляжыць. А я так іду з другэй хаты, а ён меня як схваціў за руку і цягнець. Я кажу: “Адпусці руку, куды ты цягнеш, — кажу, — ці ты адурнеў? Ну я вырвала эту руку. Ні прайшла нядзеля — я паламала руку” (З раздзелу “Народная проза. Наратывы пра сон”).
Свае сны людзі пераказваюць простай мовай, з большай альбо меншай эмацыйнасцю. Расповеды запісаныя слова ў слова, перададзены нават фанетычныя асаблівасці маўлення кожнага чалавека. У кнізе спалучаюцца матэрыялы, сабраныя даследчыкамі розных часоў у розных рэгіёнах краіны. У апісаннях сноў і іх тлумачэнняў побач з сучаснымі месцяцца таксама наратывы, запісаныя фалькларыстамі напрыкацы ХІХ стагоддзя, і гэта дадае цымусу. Бо можна ўбачыць, што больш чым за век некаторыя ўяўленні пра сон, яго значэнне і інтэрпрэтацыю сярод людзей не змяніліся. Сніць рыбу, змяю, сабаку альбо дзіця — у народзе тлумачыцца больш-меньш аднолькава што сто год назад, што цяпер.
Сам соннік займае сто трыццаць старонак — каля паловы змястоўнай часткі кнігі. Ён складзены ў традыцыйна алфавітным парадку: знак (сімвал) — і арыгінальныя народныя тлумачэнні з розных крыніц (кожная з іх пазначаная). Канешне, сучаснаму гарадскому чалавеку наўрад ці сняцца каровы, салома, печ ці касьба, але ў сонніку расшыфроўваецца і шмат архетыповых сімвалаў, актуальных прадметаў і з’яваў.
І ўсё ж больш цікавай падаецца другая частка кнігі, якая амаль цалкам складаецца з пераказаў сноў. Асобна выдзеленыя расповеды пра сны-прадказанні (прарочыя сны) і варажбу, ёсць раздзел пра “абміранні” (летаргію). Расказваецца таксама, што рабіць, каб “выклікаць сон”, альбо як зрабіць так, каб благі сон не спраўдзіўся.
“Калі сасніцца нябожчык і будзе клікаць да сябе, то, каб ён адчапіўся, трэба пастукаць у сценку і сказаць: “Нассяру!”. Больш ён не будзе прыходзіць”.
Усяго кніга змяшчае 2153 аўтэнтычныя запісы аповедаў пра сны. Напрыканцы паіменна пералічаныя інфарманты — аўтары аповедаў, сабраных як падчас палявых даследванняў, так і ў архівах. Напэўна, шмат хто з чытачоў можа нечакана знайсці там прозвішча сваёй бабулі, цёткі альбо суседкі.
Чытаць “Беларускі народны соннік”, застаючыся па-за межамі навуковага дыскурсу, не менш цікава, чым чытаць знакамітыя “Тлумачэнні сненняў” Зыгмунда Фройда. Дарэчы, у вялікім спісе літаратуры і крыніц не ўзгадваецца ні адна з кніг Фройда альбо іншых яго паслядоўнікаў, якія сур’ёзна працавалі над тэмай інтэрпрэтацыі снення з гледзішча псіхалогіі, псіхааналізу, лінгвістыкі ды іншых галін гуманітарных ведаў. Ну што ж, герметычны падыход у навуцы таксама мае права быць, тым больш у гістарычна-фальклорным жанры. У рэшце рэшт, кароткая анатацыя на вокладцы сцвярджае, што “Імкненне патлумачыць значэнне сну — гэта адзін са спосабаў спазнання Сусвету, які прапануе беларуская культура”. Нясцерпна хочацца паставіць кропку пасля “Сусвету”, але ж вынаходзіць сваё ўласнае кола — такі цікавы, а галоўнае, бясконцы працэс!
Сапраўды, хочацца працягу. Было б вельмі цікава пачытаць сабраныя наратывы сненняў нашых суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі альбо па-за яе межамі ў цяперашні час і перажываюць яго — кожны па-свойму.
Бо праз людскія сны можна даведацца пра час і народ значна больш, чым праз інтэрв’ю альбо допыт.