Хто робіць кніжкі? Вядома, райтары. А яшчэ? Рэдактары. Друкары з выдаўцамі. Чытачы (разумныя). І, натуральна, дызайнеры. Дызайнер — перакладчык ды сааўтар. Саўдзельнік падзеі чытання. Таму што дызайн — не абгортка для тэксту, а ягоная падтрымка і прамоцыя. Дадатковае вымярэнне аўтарскага выказвання. І школа зроку для тых, каго вабіць нябачнае. Хочаш больш? А вось паслухай!
Трэнды дызайну нараджаюцца ў сферы тэхналогій, каб потым доўгімі шляхамі трапіць у культурніцкія праекты. Праваднікі гэтых трэндаў у беларускім культурным асяроддзі Саша Пажытак і Ігар Юхневіч завіталі ў падкаст “Каля літаратуры”. І распавялі, як гістарычныя траўмы беларусаў паўплывалі на “духоту белорусского дизайна”, як адрозніць з’явы імпульсныя ад рэзанансных і як трапіць кніжнай вокладкай у Zeitgeist.
Размова склалася нібыта дыджэй-сэт: няспешна, але ўпэўнена героі вагаюцца на хвалях разважанняў. Ад глабальных праблем да прыватных міжсабойных спрэчак, ад функцыянальнага мінімалізму да саламяных павукоў, ад праблемы нязручнай вокладкі да таго, як прыцягнуць увагу ў інстаграме. Слухайце і натхняйцеся.