Ганчарная дэманалогія. Антось Уласенка пра чартаўню ў збанку.

Каталагізацыя звышнатуральнага — справа важная і патрэбная. Бо кожнае спатканне з нячысцікам непазбежна патрабуе абгрунтаванага разумення: хто гэта, навошта і што з ім рабіць? Аўтар відавочна рушыць па слядах знакамітай борхесаўскай калекцыі чароўных жывёл, але дадае сваім даследаванням выдатны лакальны каларыт. Трэба чакаць працягу працы — бо сённяшняя беларуская чартаўня таксама вартая годнай рэпрэзентацыі.

З каталёгу выставы Daemones Ceramici Беларускага эзатэрычнага музэю народнае архітэктуры і побыту *

З прадмовы

...Гліна на беларускіх землях, якія на працягу стагодзьдзяў былі домам ня толькі і ня столькі для людзей, з’яўлялася ад старажытных часоў адным з галоўных матар’ялаў для вырабу посуду. Гэтаму спрыялі ейныя плястычнасьць і вогнетрываласьць, распаўсюджанасьць і лёгкадаступнасьць. У сельскай мясцовасьці гліняным начыньнем актыўна карысталіся да сярэдзіны XX ст., а нярэдка і пазьней. Майстры-ганчары стваралі шырокі асартымэнт посуду самага рознага прызначэньня: для гатаваньня ежы, захоўваньня і пераноскі прадуктаў, сталаваньня і гігіенічных мэтаў. Такое начыньне зьяўлялася неад’емнай часткай інтэр’еру любое сялянскае хаты. Нярэдка ў керамічных вырабах, што выкарыстоўваліся ў паўсядзённым жыцьці, знаходзілі прыстанак розныя духі, genii locorum, у тым ліку дэманы, або чэрці. Яны рабіліся сьведкамі хады часу і эвалюцыі беларускае культуры. Захаваньне ганчарамі архаічных вытворчых традыцый разам са старажытнымі замовамі прыводзіла да таго, што дэманы часта заставаліся зьняволенымі ў посудзе. Гэтыя істоты — героі фальклёру і часьцінка звышнатуральнае спадчыны Беларусі...

...У каталозе пададзеная наступная інфармацыя пра прадметы і істотаў: прадметнае імя (мясцовая назва — па месцы бытаваньня — пазначаецца ў дужках у выпадку, калі яна была зафіксаваная ва ўліковых дакумэнтах), аўтар вырабу, месца стварэньня (паводле тагачаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу), час стварэньня, матар’ял і тэхніка стварэньня (аддзяляюцца кропкай з коскай), памеры (пададзеныя ў сантымэтрах), нумар паводле кнігі паступленьняў музэйных прадметаў, імя дэмана (у дужках пазначаецца, як дэмана называлі інфарманты або пісьмовыя крыніцы), тып вечка...

* Фота В. А. Сібрыкава

Слой

Аўтар невядомы
м. Чашнікі Віцебскай губэрні, Расейская імпэрыя
Сярэдзіна XIX ст.
Гліна; тачэньне, лепка, абпал
Вышыня — 25,9; дыямэтар вусьця — 13,8; дыямэтар дна — 12,5.
КП 5747
Асмалейка (“вялікі губэрнатар дэманаў”)
Бязь вечка

Слой знойдзены ў часе раскопак т. зв. “Чортавых могілак” ля вёскі Асавец Віцебскай вобласьці Міхасём Чарняўскім у 1966 годзе.
Паводле пісьмовых крыніцаў, калі чорта Асмалейку смаліла гарачка, ён зьвярнуўся па дапамогу да селяніна Дзёмкі — самазванага цырульніка і зельніка, — бо ведаў, што той не набожны і дапамагае ўсім стварэньням як сьвятла, так і цемры. Дзёмка выпарыў чорта ў лазьні маладзенькім хмелем, нашмараваў дубовым салам ды прымусіў выпіць палынковага алею зь перцам, а потым і моцныя пігулкі. Асмалейку адпусьціла гарачка, але пачалі даймаць возгры. Дзёмка паклікаў на дапамогу карчмара Шмуэля, і, параіўшыся, яны адрэзалі чорту нос. Тады Асмалейка пачаў скардзіцца, нібыта ў яго ў галаве пяюць сьвяшчкі. Дзёмка і Шмуэль узялі сьвярдло і пракруцілі дзірку ў чортавым лобе. Праз гэта Асмалейка памёр. Каб не гнявіць Люцыпара забойствам ягонага падданага, двойка парубала труп на шматкі, паклала ў слой і пахавала на татарскіх могілках.

Асмалейка пры жыцьці — высокі, зь несымпатычным абліччам і крывымі рагамі. Кіраваў больш як дваццацьцю легіёнамі духаў.

Адзіны выпадак на экспазыцыі, калі ўнутры керамічнага вырабу месьціцца мёртвы, а не жывы чорт. Існуе меркаваньне, што Шмуэль зь Дзёмкам былі сэрыйнымі дэманазабойцамі. Магчыма, у будучыні нас чакаюць іншыя адкрыцьці.

Гаршкі палявыя (“парнікі”)

Мацей Сымонавіч Саковіч
в. Ляды Магілёўскай губэрні, Расейская імпэрыя
Другая палова XIX ст.
Гліна; тачэньне, лепка, паліваньне, абпал
Вышыня — 17,5; дыямэтар вусьця — 10; дыямэтар дна — 10
КП 13024
Тэбуш і Нэптэнабуш (“д’яўлы”)
Бяроста, воск

Здвоеныя гаршкі, прымазаныя глінай адзін да аднаго, былі знойдзеныя на дне ручаю Дунаю пад Задунайскім мостам у Віцебску.

Паводле мясцовых паданьняў, туды яны былі закінутыя чарталовам Рыгорам Глодам, які завабіў Тэбуша і Нэптэнабуша, заліўшы ў гаршкі гарэлкі. Калі чэрці залезлі ўсярэдзіну і абапіліся, Глод абвязаў вусьці стужкамі бяросты, а потым заліў воскам. Месьцічы пасьля доўгія гады баяліся зазіраць пад мост, чым паспрыялі захаваньню экспанату.

Тэбуш — мізэрны, з босымі казьлінымі нагамі, у капелюшы і фраку. Нэптэнабуш ня мае ні рагоў, ані хвасту. Абодва чарты працавалі ў хаўрусе зь мясцовымі рандарамі: апойвалі і схілялі людзей да п’янства, падвучвалі драпежнічаць і рабаваць цэрквы.

Гладыш (“збанок”)

Аўтар невядомы
м. Мір Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва, Другая Польская Рэспубліка
1920-я гг.
Гліна; тачэньне, глянцаваньне, абпал, задымленьне
Вышыня — 26,2; дыямэтар вусьця — 11,8; дыямэтар дна — 9
КП 16367
Юзік (“нячысьцік”)
Бязь вечка

Гладыш куплены ва ўладальніка Гарасіма Сівохі ў вёсцы Скамарошках Казімірам Машынскім у часе адной зь ягоных этнаграфічных экспэдыцыяў 20-х гадоў.

Сівоха, які ў юнацтве правучыўся паўтраця году ў духоўнай сэмінарыі, называў сябе δαιμονιζόμενος: сьцьвярджаў, што з тузін гадоў таму сустрэў у карчме Юзіка — нячысьціка п’янства і распусты. Ад таго часу чорт шмат гадоў сядзеў у яго на левым плячы, прымусіўшы зрачыся хрысьціянскае веры, прапіць бацькоўскую хату, пабадзяцца па вёсках, аганьбаваць маладую млынароўну і ўцячы перад самым вясельлем.

Урэшце хітрасьцю Сівоха здолеў адужаць Юзіка: нашмараваў гладыш знутры здорам і пачаў нахвальваць чорта: маўляў, з такой зграбнай фігурай і ў збанок праскочыш. Той жа быў упэўнены, што ягоны трыбух, раздабрэлы за гады сядзеньня на плячы, не пралезе ў вусьце, таму сьмела раскапусьціўся на гладышы. Сівоха наваліўся яму на плечы і ўціснуў у нашмараваны гладыш.

Юзік — юрлівы, пражэрлівы, зь вялізным трыбухом; падобны, паводле словаў Сівохі, да істотаў з карцінаў Геранімуса Босха. Нябачны ні для кога, апроч свайго нашэньніка.

Устаўка. Зьнята з выставы: ненадзейны інфармант. Наведнік — сьпірытуаліст зь Ляйпцыгскага тэургічнага інстытуту — праверыў на тагасьветныя эманацыі: чорта ўсярэдзіне няма.

Гаршчок

Карней Палешка
м. Гарадная Пінскага павету Менскай губэрні, Расейская імпэрыя
1850-я гг.
Гліна, жарства, дрот; выцісканьне, тачэньне, абпал, гартаваньне, аплятаньне
Вышыня — 26,5; дыямэтар вусьця — 18,5; дыямэтар дна — 15,5
КП 4022
Барбатас (“шатан”)
Дрэва

Моцна закураны гаршчок быў знойдзены на пагарэлішчы хаты ў канцы вёскі Дзераўной.
Хата, паводле сьведчаньняў мясцовых, належала селяніну Мікіту. Ён жыў небагата і ня меў дзяцей, хоць і быў жанаты. Любіў выпіць і хадзіў па суседках, але за гэта яго не асуджалі: Мікіціха (аніводная з інфармантак не захацела нават згадваць ейнае імя) была, цытата, “як зьмяя, як ведзьма, цьху на яе”. Сьцярджаюць, што бог і царква ёй былі ў сьмех і па тым, як пайшла пад вянец, яна больш ніколі не адведвала храмаў, таму ў іхнай хаце і завёўся “шатан”, зь якім яна грашыла.

Вядома, што Мікіта меў парсюка, якога гадаваў на продаж, але не забіў у мясаед і дачакаўся паста. Мікіціха ж была ласая на кілбасы і аднаго дня ўціхую парсюка парэзала, пакуль муж піў у карчме. Мяса яна так і не пакаштавала: як толькі папаразьвешвала кілбасы сушыцца, яны зьніклі. Калі вярнуўся Мікіта, жонка накінулася на яго, а потым убачыла на печы Барбатаса, які пасьмейваўся ў вусы й даядаў скрутак. Мікіціха выліла свой палкі гнеў на чорта, і той быў вымушаны хавацца — нават выклікаў полымя Апраметнай і падпаліў хату. Мікіціха не адступілася і загнала Барбатаса вілкамі ў кут пры печы. Адзінае, што яму заставалася, — залезьці ў гаршчок, які трапіў на вочы. Агонь чорту нашкодзіць ня мог, але ў гэты момант палаючыя кроквы шуснулі і завалілі Мікіту з жонкай разам з Барбатасам.

Калі вяскоўцы патушылі пажар, на пагарэлішча завітаў мясцовы поп-эвакатар, накрыў гаршчок драўляным вечкам і прачытаў пацеры запячатваньня.

Барбатас — імпазантны, з падкручанымі вусамі і рагамі. Разумее строкат цвыркуноў, брэх сабак і рохканьне сьвіней.

Латушка доўгая

Аўтар невядомы
м. Поразава Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае
Сярэдзіна XVI ст.
Гліна; тачэньне, глянцаваньне, абпал, задымленьне
Вышыня — 10; даўжыня — 45; шырыня — 23
КП 13666
Бэрэнд-Карл Валімонт фон Тызэнгаўзэн (“шляцхіч”)
Бязь вечка

Найстарэйшы экспанат на выставе; з прыватнага збору спадара, які пажадаў захаваць інкогніта і даў дазвол на экспанаваньне ў рамках выставы.
Паводле легенды, у 1550 годзе Жыгімонт ІІ Аўгуст гасьцяваў у койданаўскім маёнтку Радзівілаў. У часе бяседы ён загадаў свайму прыдворнаму чарнакніжніку Яну Твардоўскаму выклікаць магутнага дэмана на пацеху гасьцінным гаспадарам. Той выканаў загад. Калі ў накрэсьленым на падлозе гасьцёўні пэнтаклі зьявіўся самавіты чорт, Твардоўскі спытаўся ягонага імя і зычным голасам закамандаваў рабіць розныя штукі. Той адно крыва пасьміхнуўся: “Я Бэрэнд-Карл Валімонт фон Тызэнгаўзэн, шляхціч зь пятага кола Апраметнай. Шляхта не працуе!” Твардоўскі, будучы знаным д’ябалістым, не разгубіўся: “Добра. Ты больш ніколі ня будзеш працаваць. Нават пальцам не паварушыш. Але караля і шаноўных гаспадароў пазабавіш”. Ён прамовіў заклён, і чорт падняўся ў паветра і паляцеў проста ў латушку з рэшткамі запечанае гусі на стале. Там ён выцягнуўся ва ўвесь рост, нібыта скуты нябачнымі ланцугамі, якія не дазвалялі яму ні найменшага руху.
Пераз стагодзьдзі латушка з застылым чортам захоўвалася ў маёнтку Радзівілаў. Яна забаўляла бяседнікаў нароўні са шматлікімі “задумамі”, якімі славіліся радзівілаўскія кухары. У ХІХ ст. латушка патрапіла ў прыватны збор зьбіральніка эзатэрычных рэчаў, дзе знаходзіцца дагэтуль. За ўвесь час ніхто ня здолеў зьняць з фон Тызэнгаўзэна заклён пана Твардоўскага: ані заклінальнікі дэманаў з Анэнэрбэ ў часе нямецкае акупацыі, ані інвакатары зь Беларускай дэманалягічнай акадэміі ў часе акупацыі савецкай.
Бэрэнд-Карл Валімонт фон Тызэнгаўзэн — цыбаты, ссушаны, у чорным убраньні. Мае невялікія чорныя рожкі, вострыя кіпцюры, капыты замест ступняў і калматы хвост.

Гляк

Аўтар невядомы
в. Крэва Смаргонскага раёну Маладэчанскай вобласці, БССР
Сярэдзіна XX ст.
Гліна; тачэньне, лепка, паліваньне, абпал
Вышыня — 23,5; дыямэтар вусьця — 3,5; дыямэтар дна — 12
КП 16704
Жупел (“д’ябал у малодшым камандным чыне”)
Газэтны корак

Паводле ягоных паказаньняў, Жупел — д’ябал у малодшым камандным чыне — за правіну быў выпраўлены Люцыпарам з Апраметнай у БССР чыніць зло. Там ён уладкаваўся галоўным спэцыялістам аддзелу народнае адукацыі ў Маладэчанскі аблвыканкам. Неўзабаве Жупел пераканаўся, што беларусы даюць рады чыненьню зла і безь ягонае дапамогі. Чорт жахнуўся бясконцым праявам нянавісьці, здрады, гвалту і глупства ды спаняверыўся. Усё часьцей сярод працоўнага дня ён стаў на колькі гадзінаў хавацца ў гляку, што стаяў у сэрваньце на калідоры, каб ня бачыць навакольнага цемрашальства. Неяк у часе такіх хованак сакратар аблвыканкаму цішком выйшаў з кабінэту, прыкрываючы бутэльку, узяў гляк, пераліў у яго самагон, закаркаваў скручанай газэтай і паставіў на месца.

Калі Жупел — галоўны спэцыяліст — зьнік, не адзначыўшыся на прахадной, і колькі дзён не зьяўляўся на працы, усчаўся гармідар. У выканкам выклікалі этэрных віжаў з акультнага вышуку, якія і знайшлі Жупла, а таксама высьветлілі, што ён быў чортам. Каб не падымаць шуміхі і не дыскрэдытаваць савецкае ўлады, даставаць чорта ня сталі: яго дапыталі ў гляку, які потым перадалі ў фонды Музэю, а сакратара аблвыканкаму звольнілі па артыкуле. Справа была рассакрэчаная толькі ў 1980-х гадох.

Жупел — падцягнуты, са сьпіленымі рагамі, што хаваюцца за чорнымі, бы ў грака, валасамі.

Антось Уласенка — пісьменьнік. Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Менску. Друкаваўся ў выданьнях “Дзеяслоў”, “Мінкульт”, “ПрайдзіСвет”, “Літаратурная Беларусь” і інш. Аўтар кніг “Новая Зямля: Куканія” (2021) і “Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх” (2022). Жыве ў Вільні.