Кожная генерацыя наноў вучыцца гаварыць. І гэта заўжды трывожна. Бо страшна схлусіць. Няёмка збочыць. А застацца ў матрыцы — яшчэ горш. Сталець у эпіцэнтры шызы — справа амаль невыносная. Аднак непазбежная. Новыя галасы гучаць скрозь шумавыя плыні лайкаў і фэйкаў, агучваюць банальнае, каштуюць недасканалае, жывуць другасным. Каб аднойчы — як пашчасціць — стацца падзеяй.
Я — прадстаўніца пакаленьня зумераў
Настальгія па часе, у якім не жыла.
Я — прадстаўніца пакаленьня зумераў.
Пакаленьня, якое знаёма з тэкстамі песьняў ДДТ гэтак жа добра, як з творчасьцю Bіllіe Eіlіsh.
Пакаленьня, якое ведае, як пахнуць савецкія кватэры, але аддае перавагу лофту.
Пакаленьня, на маладосьць якога прыйшлася пандэмія й (зноў) вайна.
Пакаленьне, якому пастаянна даводзіцца выбіраць.
Пакаленьне, якое ня можа працаваць і вучыцца без музыкі на фоне.
Пакаленьня, якое настолькі добра знаёма з канфэрэнцыямі ў зуме, што загадзя пачало настальгаваць па жывой камунікацыі.
Пакаленьня, якое ўсё яшчэ ўмее карыстацца кнопкавымі тэлефонамі, але ўжо не ўяўляе раніцы без стужкі ў Інстаграме.
Пакаленьня людзей, якія пачынаюць забываць, як пахне кніжны пыл. Пакаленьня, якому ў чарговы раз адказваць за памылкі сваіх бацькоў.
Пакаленьне тэхналёгій. Пакаленьне глабалізацыі.
Я — прадстаўніца пакаленьня праклятай літары Z. Такі лёс упаў на мае плечы.
Выбару, як заўсёды, не было.
Дзіцё сталіцы
У дзяцінстве бабуля пазнаёміла мяне зь лесам.
Ды хіба я дзіцё сталіцы пасьля гэтага?
Яна пазнаёміла мяне зь лесам і бяздонным возерам.
У гэтага возера глыбокая душа. Настолькі глыбокая, што ніхто ня бачыў. Зазірнеш углыб — там чарнота. Яно ніколі не раскрывала сваіх сакрэтаў.
Санстанцыя не параіла б купацца ў гэтым возеры: у яго вадзе завышанае ўтрыманне жалеза.
Але мая бабуля так не лічыць: яе вучылі тут плаваць. Яе вучылі плаваць у бяздонным возеры!
А потым усё жыцьцё там плавала я.
Галіны елак былі маімі шырмамі. Мурашы бачылі кожную частку майго аголенага цела. І ўпотай атрымоўвалася сарваць пару дурніц, што дражніліся ў ценю паміж каранямі хвоі.
Яшчэ я ведаю, што трэба глядзець пад ногі, каб не наступіць на зьмяю; боты й курткі апранаюцца зусім не ад холаду, а ад кляшчоў; і ягады зьбіраюцца хутчэй, як толькі запоўніш дно.
Сёньня я сустрэлася зь літоўскім лесам: “Ці падобны ты да майго лесу?” — спытала я.
Аблашчаныя марскім брызам сосны толькі загадкава ўсьміхнуліся. А я ўзгадала сваё бяздоннае возера.
Ды хіба я дзіцё сталіцы пасьля гэтага?
Майму добраму сябру
Часам трэба ўмець чытаць праз словы.
Часам умець праз.
Трэба чытаць словы.
Ёсьць людзі, якіх нельга так проста выпусьціць са свайго жыцьця. Бывае, людзі спыняюць камунікацыю, бо не вытрымліваюць адлегласьці. Бывае так, што ў рэшце рэшт разыходзяцца інтарэсы. А можа, яны раптам асэнсавалі, зь якім паўдуркам стасаваліся ўсе гэтыя два гады. Але здараецца й ня так. Здараецца маленькая недарэчнасьць, дробязь, якая разлучае двух вельмі блізкіх і патрэбных адзін аднаму людзей. Нібыта гэтага не павінна было, не магло ніякім чынам і ні пры якім раскладзе справаў адбыцца. Але адбылося. Адбылося, і вось вы зараз абодва ў розных краінах з новымі людзьмі, якіх вы называеце сябрамі, і новымі тараканамі ў галаве.
І вось прайшло 10 месяцаў з моманту, калі мы апошні раз бачыліся й, напэўна, год, як мы нармальна размаўлялі. І ніхто з нас ня ведае, калі мы ў наступны раз пабачымся, абдымемся. Былі спробы, але — вось недарэчнасьць! — ён зьязджаў, у яго справы.
А сёньня я іду на вакзал, каб ехаць у Варшаву. Не да яго — праездам у Бэрлін. На душы сумотна, зьязджаць чамусьці ня хочацца. Іду па вакзале, і раптам — стаіць ён. Яшчэ сэкунда — і ён заўважыць мяне таксама. Павярнуўся.
Рома.
Паліна.
Сусьвет спыніўся відавочна ў гэты момант.
Пульс павысіўся. Рукі затрэсьліся. Рома дастаў цыгарку й пачаў паліць. Няёмкая размова кшталту “як справы?”, “а сам ты як?” І больш няма пра што паразмаўляць. А ўнутры пусташ. Унутры мяне разадралі, перавярнулі з ног на галаву, забралі найкаштоўнейшае з маіх каштоўнасьцяў, адарвалі ад сэрца, зрабілі дзірку, і кожны дзень я зашывала гэтую дзірку так старанна й цяжка. І ў адно імгненьне яе, аказалася, можна разарваць. І стаяць на вакзале з пахам цыгарак. І слухаць, што я папрыгажэла. І стрымліваць сьлёзы.
Рома — мой сябра зь вялікай літары. Мужчына, повар, які сьпёк торт-безе, што так доўга ў мяне не атрымоўваўся, мой псыхоляг (можа, і не заўсёды добры), мой настаўнік, маё плячо, на якім можна было паплакаць і на якім я плакала не раз, мой мэнэджар, да якога зьвярталіся хлопцы, якім я падабалася, мой заступнік, чалавек, які дагаворваў фразу, якую я пачынала й парадзіраваў мяне лепш, чым хто-кольвек, чалавек, зь якім размова пачыналася на Кастрычніцкай і ня скончвалася на прасьпекце Пераможцаў, чалавек, які ў мяне верыў, чалавек, які заўсёды ўмеў падабраць словы, чалавек, які разумеў, што мне трэба, чалавек, якога раптам не стала.
Столькі лайна мы адзін аднаму нарабілі апасьля, але добрае дагэтуль чамусьці перакрывае ўсё дрэннае.
— Я праўда сумаваў і хацеў сустрэцца й паразмаўляць. Нават калі гэта й не ўзаемна... Надвор’е...
— Ром, цябе няма ў маім жыцьці. І не было ўжо доўга.
— І не было. Астатнія таксама так думалі.
— І?
— Што і?
— Думалі, і што потым?
— А потым пачаў пісаць камусьці пакрыху. Але зараз у малюткай дэпрэсіі. Хацеў сустрэцца з табой, ды вось ты зьязджаеш.
— Ну сустрэнемся ж яшчэ?
— Так.
— Я спадзяюся, гэта шчыра?
— Шчыра.
— Але ты разумееш, што ўсё залежыць ад нас?
— Разумею.
Потым доўгія абдыманьні, мае сьлёзы, яго “Паліна Шайко!”
І вы ўяўляеце, аказалася, ня толькі закаханыя могуць такія сцэны ўчыняць.
***
Trust is like the middle of the ocean
Can’t see the bottom, but I’m floating here, supported
— Я разумею, што ты ня ведаеш, на што падпісваесься, камунікуючы са мной, але мне страшна сапсаваць твае мазґі.
— Я ня ведаю, але ныраю ў акіян з аквалангам. Ныраю, таму што цікава, а ў якасьці балона з паветрам у мяне ты, і я табе давяраю.
— А калі замест акіяну там лава, абрыў?
— Ня ведаю, але я сягаю ў тое, што бачу.
Пяшчота
Электрычнае сьвятло пасярэдзіне пустога пакою лянотна
сьцякае з валасоў на мае аголеныя грудзі.
Уначы я апранаюся ў цыгарэтны дым. Ён выплывае з тваіх вуснаў.
Мне падабаецца, што ты курыш менавіта цыгаркі, не мяшаючы іх зьедлівы пах з
прыкра салодкімі вадкасьцямі.
Дым блытаецца ў маіх валасах, і яны навечна ўпітваюць усе рэчывы, якія толькі
людзі прыдумалі курыць.
На жаль, “навечна” цягнецца два дні, пакуль я зноў
не памыю валасы.
Я нарадзілася ў Беларусі
Я нарадзілася й вырасла ў Беларусі. Куды б я ні зьехала, якое б грамадзянства ні атрымала на працягу жыцця, гэтая акалічнасьць застанецца са мной назаўсёды. Гэта акалічнасьць, ад якой я не магу адмовіцца. Гэта акалічнасьць, якая зрабіла мяне часткай беларускай супольнасьці, і на дадзены момант дае магчымасьць адчуваць сябе беларускай, бо
Ты беларус, калі ты вырас на вершах Янкі Купалы й Якуба Коласа, і дагэтуль ня можаш іх адрозьніць,
Ты беларус, калі так і не зразумеў, навошта вучыў беларускую мову, але яна ўжо недзе ў падсьвядомасьці, і чамусьці ты ведаеш, што такое “валошка”,
Ты беларус, калі табе праўда вочы коліць,
Ты беларус, калі ведаеш, куды вядуць “знакі бяды”,
Ты беларус, калі ў Вільні сустрэў больш беларусаў, чым у Беларусі,
Ты беларус, калі зьязджаеш вучыцца ў іншую краіну зь пякучым болем у сэрцы, альбо зьязджаеш не за тым, каб вучыцца, і з болем ня толькі ў сэрцы,
Ты беларус, калі спазнаў пяшчоту Максіма Багдановіча,
Ты беларус, калі ня ведаеш, дзе знаходзіцца крыж Ефрасіньні Полацкай,
Ты беларус, калі табе дагэтуль ня ўсё роўна,
Ты беларус, калі цябе называлі “недаробленым маскальскім”,
Ты беларус, калі хоць бы аднойчы лічыў сябе нашчадкам Радзівілаў,
Ты беларус, калі кожны год чакаеш перамен,
Ты беларус, калі жывеш “у цэнтры Эўропы” і ўсё яшчэ не зразумеў, чаму гэтым трэба так ганарыцца, і чаму толькі гэтым,
Ты беларус, калі тваю краіну абмінуў каранавірус,
Ты беларус, калі плакаў з-за пачуцьця несправядлівасьці, болю, крыўды, бездапаможнасьці. Плакаў, а ў нядзелю хадзіў шпацыраваць,
Ты беларус, бо толькі ў тваёй краіне людзі гавораць на трасянцы,
Ты беларус, калі “ашчушчэньні” ўжо не тыя,
Ты беларус, калі лічыш Адама Міцкевіча сваім паэтам,
Ты беларус, калі гатовы бескарысліва дапамагаць людзям,
Ты беларус, калі можаш за дзень пераехаць у іншую краіну,
Ты беларус, калі любіш сваю радзіму за штосьці, што вышэй за любыя абставіны,
І, так, ты беларус, калі ўжо няма чаго баяцца.
Рэжым
Мне здаецца, людзі гэтак жа ігнаруюць рэжым,
як халоднае надвор’е зь ветрам увесну,
упарта апранаючы лёгкія пальто:
зімовая куртка ж даўно складзена на верхнюю паліцу,
і так шмат намаганьняў, каб яе дастаць.
Вайна й кавярні
Калі на ўроках па гісторыі мы праходзілі войны (што, як прынята, адбывалася даволі часта), мяне заўсёды вельмі цікавілі нататкі людзей пра тое, як яны ў гэты час хадзілі ў кавярні, чыталі ґазэты, апраналі прыгожае адзеньне, нават калі ў нейкіх ста кілямэтрах ад іх шла вайна. Страшная, невыбачальная, пакутлівая вайна. Людзей не лічылі — іх катавалі, зьнішчалі, а дзесьці сядзелі такія ж людзі й за кубкам кавы чыталі пра гэта навіны з ґазэт. Гэты факт ніколі не ўкладаўся ў мяне ў галаве. Мне заўсёды здавалася, што, калі ідзе вайна, вайна ідзе паўсюль, вайна забіваецца ў кожны дом, у кожную шчылінку, у жыцьцё кожнага чалавека.
А зараз чэрвень 2023-года. Чалавецтва так і не пазбавілася ад прысутнасьці вайны ў жыцьці, і вось вайна ідзе ў суседняй краіне. Аказалася, вайна сапраўды кранае жыцьцё кожнага чалавека. Але даведалася я пра гэта, седзячы ў бары й размаўляючы з брытанцамі.
Вайна ідзе з народам, мову якога я цудоўна разумею, і разьвязана людзьмі, на чыёй мове я таксама магу размаўляць. Вайна ідзе без асаблівых прычын, але ідзе ўжо паўтара гады — і ніхто не спыніць. Вайна ідзе ў краіне чалавека, які сядзіць насупраць мяне й едзе ў сваю краіну праз тыдзень. А зараз мы сядзім у бары, п’ём піва й чытаем навіны з тэлеграм-каналаў. Ці зьмянілася нешта? Толькі тое, што зараз я цудоўна ўяўляю тых людзей з кавай у кавярні.
Вайна стала штодзённасьцю.
Доўг за маю прыгажосьць
Боль пранізвае кожную мышцу майго жывата й сьпіны. Чамусьці сцёгны вельмі цягнуць уніз, да зямлі, а я ўпарта не даю крыві праліцца. Іду купацца ў мора.
Кожны месяц аддаю прыродзе доўг за сваю прыгажосьць. Гэта яна карае мяне за тое, што не згаджаюся з прапанаванай мне рэпрадуктыўнай роляй і не працягваю свой род, як робяць усе іншыя жывыя істоты вакол мяне. Яна абнуляе ўсё, што назапашвалася ў маім арганізьме за 28 дзён, а потым запускае працэс зноў.
Мы можам прыдумаць бясконцасьць законаў і правіл, па якіх будзем жыць, але правілы, усталяваныя ў нашых арганізмах прыродай, значна вышэй за ўсялякую такую бязглузьдзіцу. Адзіная цыклічная зьява ў маім жыцьці.
Раз на “месяц” змагаюся з прыродай, ведаючы, што ніколі не выйграю.
Паліна Шайко. Нарадзілася ў Мінску ў 2004 годзе. Скончыла Ліцэй БДУ. Цяпер жыве ў Вільні і вучыцца ў ЕГУ. Робіць праект пра беларускую літаратуру “Што хацеў сказаць аўтар?” і працуе.