Вершы для тубыльцаў і мігрантаў. Макс Шчур слухае сваю цішыню.

Макс Шчур — асоба і з’ява, беларускі бадхісатва ў палёх невідавочнай еўрапейскасці. Наш чалавек у Празе. Раманіст, (пост)паэт, перакладчык, рокмэн і кінаман, культурны актывіст з Кэралам, Гінзбергам ды Абдзіраловічам у галаве і несупынным пошукам невыноснай лёгкасці быцця ў сэрцы. У лепшым жыцці белкульт выглядаў бы менавіта так.


КРЫТЫКА МУЗЫЧНАГА РОЗУМУ

Постпаэзія, 2022 – 2023

Keep It In The Ground

у свой час я перайшоў на нерыфмаваную постпаэзію
як на экалягічна чыстую энэргію слова
і зрабіў слушна
у эпоху перавырабу таннай раскошы вольны верш патрэбны як паветра
таму калі вы карыстаецеся рыфмаю дзеля рыфмы
лепш пакіньце яе ў нетрах мовы
як газ і нафту ў зямлі
хай ляжыць
магчыма аднойчы прыйдзе нехта каму яна спатрэбіцца болей за вас
каб выказаць нешта хай немудрагелістае але сапраўднае

16.06.2022

Зноў цёплыя мнехалупіцкія
то бок верасьнёўскія дні

знаёмая студэнцкая прага інтэрнацкага сэксу

кожны дзень мае іншыя адбіткі аблочных пальцаў

23.09.2022

Гэта бадай мала вядомы факт
але тым ня менш
спадар Алесь Бяляцкі
апроч усіх сваіх заслуг —
адзіны чалавек
за якога я ў сваім жыцьці
аддаў голас на выбарах
(у менскі гарсавет
у 1995-м годзе)

урэшце нарвэжцы
падтрымалі мой выбар
з чым іх і віншую

09.10.2022

Раніцай прамені і цені
цесна абгортваюць будынкі
танюткім цэляфанам
нібы хочуць адправіць іх камусьці
па пошце

Скрозь шкляныя трафарэты дзьвярэй
наносяць на ўнутраныя сьцены пад’ездаў
вытанчаныя амаль нябачныя
татуіроўкі

Запалка эякулюе
ў пасудзіну сьвечкі

Узіраюся ў сонца
спрабуючы пазнаць у ім рысы
ядзернага выбуху

23.10.2022

К. П.

Пасьля бурлівага разводу
мая былая жонка Беларусь рэдка завітвае ў госьці

здаецца мы ня бачыліся зь ёю жыўцом
з таго самага дваццатага году
калі я зноў па п’яні безвынікова яе дамагаўся

з таго часу постсэкс быў толькі па перапісцы
у лепшым выпадку па скайпе

а тут яна раптам сёньня заявілася
гэтым разам у тваім вобразе
кроў з малаком жывая й здаровая
гаваркая
ўва ўсёй сваёй вечна юнай красе
са знаёмым пахам памінальнага абраду
які так ёй пасуе
напярэдадні ночы расстраляных
і Гэлаўіну

маўляў нядаўна зноў выйшла замуж
гэтым разам за ўкраінца
жыве пачаргова ў Варшаве і ў Вільні
зарабляе як дызайнэрка і як айцішніца
зь сінявокай сястрой-блізьнём па-ранейшаму сварацца за палітыку

і захацелася нават не вяртаньня не
захацелася новага мядовага месяцу зь ёю
як тады
калі мы зь ёю былі яшчэ маладыя
і закаханыя

26.10.2022

Паўлу Баркоўскаму зь сям’ёй

Маці гарадоў
пчаліная каралева
ў ёй мільёны ейных клонаў
яна раздае іх
у добрыя сэрцы

зімовае сьвята
вясновыя настрой і надвор’е

“Колькі ў вас тут беларусаў?”

У мяне асабіста
тут і цяпер
на чатырох болей

З вамі мяне ў пяць разоў больш
чым звычайна!

Зьехаў
не туды
не тады
не да тых
ня з тымі

каб быць сёньня тут
з вамі

26.12.2022

Часам гледзячы незалежнае амэрыканскае кіно
я згадваю што ў маладосьці бадзяўся па кантынэнце
ў надзеі сустрэць гэтую
шалёную немаральную адвязаную разбэшчаную пітушчую праміскуітную
дзеўку якой-заўгодна нацыянальнасьці
абы зь пірсінгам і татуіроўкамі
і каб не зусім ужо дурнаватую й страшнаватую
шукаў яе ў кожным горадзе
зазіраў у вочы кожнай міначцы
якая адпавядала гэтаму апісаньню
я так хацеў быць зь ёю шчасны
прынамсі на адну ноч
але замест яе знаходзіў
адно толькі
каханьне
каханьне
каханьне

27.01.2023

Старыя сшыткі

1.

Пажыўшы ў гэтым вашым
лічбавым антрапацэне
пазнаёміўшыся зь сімі-тымі інтэрнэтавымі геніямі
пераканаўся
што найцікавейшы для мяне суразмоўца
гэта я сам на пераломе тысячагодзьдзяў
краінаў і эпох
у пару маёй апантанасьці занатоўкамі
ў звычайных папяровых сшытках

Прыкладам
прыемна знайсьці месца ў сшытку
момант у часе
калі прыдумаў назву “Другарад”
(Drew-harad)

Сьціраю старой шчоткай плесьню са старонак
вось і яшчэ адну прафэсію асвоіў
рэстаўратар
сябе самога

Мусіла нешта здарыцца
сшыткі мусілі заявіць свой пратэст
зьвільготнець сплесьнець зчарнець
каб я імі ўрэшце заняўся
гэтак жа як мусіла пачацца вайна
каб я адрэдагаваў раман
усяму свой час

Можа гэта і ёсьць той сапраўдны фільм
у стылі Грынэўэя
які я так хацеў зьняць?

Ніякіх мне ня сорак пяць
не дурыце галавы

Self-preservation project

Палова маіх сёньняшніх думак
ужо ўтрыманая ў тых нататніках

Дваццаць гадоў бухаў і чакаў
пакуль зьявіцца інтэрнэт
і фотаапарат

Нататнік: ідэальны жанр
да якога я ўсё жыцьцё імкнуўся
і якім з самага пачатку валодаў
абсалютна свабодны
абсалютна праўдзівы
ніякіх табе “твораў”
на сумежжы літаратуры, кіно і фота
шкада што я гэтага тады не разумеў
ці проста баяўся дазволіць сабе гэтак думаць

як казаў таварыш Гегель
разьвіцьцё вяртаецца ў ранейшую стадыю
на новым узроўні

паралельна пішу гэты верш
пра тое як мне ўсё паралельна
татальны рэалізм

выпадкова знайшоў мэйл сяброўкі з Грузіі
зь якой пазнаёміўся 25 гадоў таму

даздымаў першы сшытак
з Гашэкам і Яграм
акурат скончылася батарэя
усё ў гэтым сьвеце ня проста так

2.

Сам Час
расшыў мае сшыткі
рассунуў ногі
каб прымусіць мяне ўрэшце туды зазірнуць

тэлефоны людзей
якія ўжо не жывуць

збольшага хатнія
мабільных яшчэ мала
дзевяноста восьмы год

праз гадзіну-паўтары фатаграфаваньня
ўжо спрабую
зрабіць фотку
тыкаючы пальцам не ў экран
а ў сам сшытак

трапляюцца шэдэўры
“зрок у наручніках акуляраў”

плесьня ператварыла мае нататнікі
ў артэфакт
у духу Шванкмаера

здаецца, што пасклейваліся акурат тыя старонкі
на якіх няма нічога цікавага

3.

Плесьня зраўняла мае сшыткі ў гадах
няма розьніцы дваццаць ім гадоў ці трыццаць
з Чэхіі яны ці зь Беларусі
напісаныя лацінкай ці кірыліцай

што б я ні здымаў
фільм каляжы сшыткі
праца з камэрай прыносіць мне
фізычную асалоду

сёньня зьняў Generation Europe
нататнік-біблію
ў якую я верыў
калі зьяжджаў

Адзін сшытак —
гадзіна фатаграфаваньня

Датаваныя тэчкі з фатаздымкамі сшыткаў
як музычныя альбомы

Пакуль жонка гуляе зь сяброўкай дзяцінства
я гутару зь сябрамі юнацтва

4.

Ад плесьні сшыткаў рукі чорныя
нібы ад вугалю

здабываю энэргію зь мінуўшчыны
тушу пажар памяці

Хаджу па яе калідорах
на сэкунду ўключаю сьвятло полыску ў кожным пакоі
правяраю ці сьпяць успаміны

здаецца, цішыня
але некаторыя толькі прыкідваюцца, што сьпяць
а некаторыя зь іх папросту галосяць як неслухмяныя пацыенты
ў вар’ятні
і ня ведаеш чаго такога ім прапісаць
мо яшчэ раз проста перапісаць іх
у іншы сшытак
пасяліць у лепшай навейшай старонцы

няўжо другую палову жыцьця давядзецца правесьці
за перапісваньнем яго першай паловы

Чаму б і не

калі няма магчымасьці падарожнічаць у будучыню,
заўжды можна падарожнічаць у мінулае

5.

Стаяць і служыць сваім сшыткам
выблёўваць на іх белае сьвятло полыску
разгладжваць іхную старэчую скуру
ужо падзадзяўбло
дый сьпіна баліць
старасьць ня радасьць

гэтая стома — толькі мэтафара таго
як я за гады
стаміўся сам ад сябе

першая і лепшая палова майго жыцьця
была аналягавай
цяпер я яе дыгіталізую
падганяю пад другую палову
хаця можа варта было б зрабіць наадварот
і засунуць другую — дыгітальную — палову
ў аналы

калі трэба пакараць чалавека
зрабіце яго творцам
ды яшчэ й плённым
і прымусьце яго ўсё жыцьцё
пераймацца ягоным творчым даробкам

задзяўбло
колькі можна
творчасьць творчасьць
як той бацька
быццам у жыцьці няма нічога больша каштоўнага

пасьля кароткага раману са сваім колішнім атманам
і яго анатоміяй
вяртаюся да анатмана

31.01. — 10.02.2023

Ляжу
лячу
як гоначная машына
віражамі сну
кніга вершаў у руках нахіляецца
то ўправа
то ўлева

19.02.2023

Крытыка музычнага розуму

іду з трэніроўкі
бачу знаёмага музыку зь сябрамі
вы куды? на канцэрт
то я з вамі
цэнтар сучаснай музыкі
каштоўная аўдыё- і бібліятэка
звычайная кватэра зь вялікай рамантычнай прыбіральняй
адкуль адкрываецца від на двор
такія прыбіральні я ўпершыню напаткаў на захадзе
трыццаць гадоў таму
памятаю гэтае ўзрушанае напружаньне ў жываце
вось тут спраўляюць патрэбу свабодныя людзі
творцы
не саромеючыся сваёй чалавецкасьці
віно да музыкі
музыка пад віно
музыкі дзьмуць у свае даўжэзныя цыбукі
слухачы ў свае маленькія шкляныя люлькі
у саксафоне яўна нехта жыве яго выпускаюць памалу
асьцярожна каб не ўкусіў
у нібы наўмысна прадугледжаных доўгіх паўзах
чуваць гурчаньне ў страўніку
галасы суседзяў
грукат дзьвярэй
шоргат алоўка
сьлізганьне маёй рукі па паперы
вечаровыя сьпевы птушак
калі б музыкі ўключылі сэмпл з галасамі птушак
гэта вядома быў бы кітч
безгустоўнасьць
а так норм
у птушак няма інструмэнтаў
як і ў паэтаў
добра музыкам хавацца за сваім рыштункам
расчахліў віялянчэль і ўсе адразу пазнаюць
у табе дзеяча мастацтва
мастакі хаваюцца за мальбэртамі
фатографы за фотаапаратамі
кіношнікі за кінакамэрамі
пісьменьнікі за лэптопамі
акторы за сваімі пэрсанажамі
у паэта з інструмэнтаў адзін нататнік
і ўсё ж я адчуваю сябе тут як дома
з мокрым ад поту кімано ў заплечніку
з мокрай ад сопляў насоўкай
нашто мне творчая стыпэндыя
мне дастаткова схадзіць на канцэрт
у перапынку дзяўчаты разабралі хлапцоў
выйшлі на цыгарэту
усё як у кінаклюбах маёй маладосьці
побач у тэатры ідзе англамоўная п’еса
паводле гучнага рову актораў яўна шэксьпір
у другім аддзяленьні
аўстраліец гвалтуе саксафон ўоргалаўскай бляшанкай
што цяпер робіць гінзбэрг?
мабыць зайздросьціць саксафону
і цымбалы можна прымусіць сьпяваць як фрэза
калі прыставіць да іх маторчык ці электрабрытву
нехта з вуліцы фатаграфуе наш асьветлены акварыюм
поўны дзіўных формаў жыцьця
раптам на тэлефон прыходзіць паведамленьне
на фронце загінуў анархіст знаёмы сяброўкі
клапаны саксафону клапаюць
клапаны сэрца ўжо не
ars longa vita brevis
музыка ператвараецца ў рэквіем
у саўндтрэк дакумэнтальнага фільма
ў жудасную пародыю вайны
на ўсходзе іншыя забавы
там падавай не віно а чысты адрэналін у вялікіх дозах
і пакуль тут гучыць экспэрымэнтальная музыка
там саліруюць гранатамёты й зэніткі
і я пытаюся ў сябе а калі б усе творцы адмовіліся ад ганарараў
ад выданьня кніг часопісаў і каталёгаў
прадалі саксафоны й апаратуру
ці можна было б набыць прынамсі адзін-два байрактары

27 — 28.04.2023

Месяц — уціснутая ў неба
разжаваная жуйка
з адбіткам вялікага пальца

стары параплаў на прычале салютуе дню
апошнім сонечным залпам
левага борта

будынкі скінулі жоўтыя штаны
і засталіся ў падштаніках ценю

кажуць уначы будзе ядзерны ўдар
у Jazz Dock’у граюць замежныя зоркі

03.05.2023

Макс Шчур (5.12.1977, Берасце) — паэт, перакладчык, празаік.

Кнігі вершаў: “Амфітэатар” (1999), “Раньні збор” (2006), “Амальгама” (2010), “Modus bibendi” (2012), “Летні час” (2014), “Адрасная кніга” (2017), “Arytmie” (2019); прозы: “Там, дзе нас няма” (2022, Прэмія Юхнаўца 2004), “Ліст, знойдзены на папялішчы” (2011), “Kulturtréger” (2013), “Завяршыць гештальт” (Прэмія Гедройца 2016), “Упырхлікі” (2017), “Галасы” (2017), “Кінараман” (2019).

Пераклаў на беларускую мову кнігі Льюіса Кэрала “Алесіны прыгоды ў Цудазем’і” і “На тым баку Люстра” (“Evertype”, 2016), выбраныя творы Эгана Бонды “Запрашэньне на вячэру” (“Логвінаў”, 2013), выбраныя вершы Эмілі Дыкінсан (2017), Томаса Стэрнза Эліята (2018), “Сьпеў пра мяне” Уолта Уітмена (2018), “Дгамападу” (2021) і іншыя творы сусветнай літаратуры, пераважна паэзіі.

Пераклаў на чэшскую раманы “Роджаныя пад Сатурнам” Віктара Вальтара (2021), “Libido” Ільлі Сіна (2022) і “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец (2023). Як адзін з перакладчыкаў удзельнічаў у чэшскіх выданнях “Выбранага” Максіма Багдановіча (2017), “Фарбаў паралельнага свету” Міколы Дзядка (2018), эсэ “Адвечным шляхам” Ігната Абдзіраловіча (2022).

Былы рэдактар інтэрнэт-часопіса “ЛітРАЖ” — litrazh.org, цяперашні рэдактар сайта abdziralovic.com. Сталы аўтар літаратурнага альманаха “Беларус”. Жыве ў Празе.