Макс Шчур — сакрэтны еўрапеец сучаснага белліту. Ён жыве на мяжы моваў, стыляў ды трэндаў — і праходзіць іх наскрозь. Пражскі жыхар і шчыры rock’n’rolla, майстар ментальнага фрыстайла і алдовы фанат Канчэўскага з Кэралам — Шчур заняты прыватным дызайнам іншай беларускасці. Яна не мае шанцаў адбыцца мэйнстрымам. Затое, безумоўна, належыць будучыні. Новы раман — адначасова прыватныя мемуары, інтымны дзённік, шумы ў эфіры і партрэт эпохі.
Як той казаў, “хутка ў продажы!” А пакуль – уводзіны ў падзею. Аўтар тлумачыць, што і як там будзе. Навошта? Каб нагадаць пра сябе сталым чытачам і паразумецца з новымі. Гэта не проза ці поза. Гэта вэлкам-дрынк. Падыходзь бліжэй!
Асобнае/асабістае. Уводзіны ў самаспаленне
“Навошта натуральнаму адбору было ствараць мозг, які хлусіць людзям пра іх саміх? Адзін з магчымых адказаў: калі мы верым у нешта, датычнае нас саміх, гэта дапамагае нам пераканаць астатніх, каб і яны ў гэта паверылі. Нам безумоўна прыносіць карысьць — ці, яшчэ дакладней, прыносіць карысьць генам нашых продкаў, зьбіральнікаў і паляўнічых, — калі мы здольныя пераканаць усіх астатніх, што мы ўцямныя, пасьлядоўныя актары, якія трымаюць усё пад кантролем.
Памятаеце таго дзядзьку, чыёй правай паўкулі загадалі хадзіць, і чыя левая паўкуля на пытаньне, куды гэта ён ідзе, адказала, што ён ідзе па газіроўку? Адказ хоць і ня быў праўдзівы, але ўсяляў у гэтага дзядзьку пэўны давер. Ён выглядаў як чалавек, што валодае сабой, а ня проста швэндаецца туды-сюды і вырабляе штосьці бяз дай-прычыны. Параўнайце яго зь іншым дзядзькам, які падаў бы праўдзівейшае сьведчаньне: “Я, па шчырасьці, ня маю паняцьця, чаго я падарваўся і кудысьці шурую. Часам я проста раблю ўсякую фігню з прычынаў, якіх сам не даганяю”.
Калі б вы з гэтымі двума дзядзькамі былі суседзі ў вёсцы зьбіральнікаў-паляўнічых, то з каторым зь іх вы хацелі б пайсьці на паляваньне? З каторым хацелі б пасябраваць? На працягу чалавечай эвалюцыі адказы на гэтыя пытаньні мелі значэньне: калі вас лічылі ня вартым супрацы і сяброўства, вашыя гены апыналіся ў нявыгадзе.
Адным словам, з гледзішча натуральнага адбору вам выгадна, калі вы апавядаеце пра сябе сувязныя гісторыі, апісваючы сябе як рацыянальнага актара, надзеленага самаўсьведамленьнем. Таму заўжды, калі вашыя матывы не даступныя разуменьню той часткі вашых мазгоў, якая камунікуе са зьнешнім сьветам, з гледзішча гэтай часткі мэтазгодна абгрунтаваць вашую матывацыю нейкай прыдуманай гісторыяй”.
Робэрт Райт, “У чым праўдзівасьць будызму”
Акурат гэта — “хлусіць сабе пра сябе саміх” — і робяць людзі, якія ў інтарэсах “генаў нашых продкаў, зьбіральнікаў і паляўнічых” апавядаюць сабе і іншым гісторыі пра сябе і іншых. У тым ліку ўсякія пісьменьнікі.
Навошта? Каб узьняць чалавецтва да свайго недасяжнага духоўнага ўзроўню?
Ды не, іхная мэта больш сьціплая: паказаўшы сябе віртуознымі фабулятарамі, дасягнуць так званага “чытацкага посьпеху” й забясьпечыць распаўсюд сваіх генаў. Ці то непасрэдна ад “першай асобы”, шляхам сэксуальнага кантакту са сваімі прыхільнікамі й прыхільніцамі, усімі разам і паасобку; ці то апасродкавана — гарантаваўшы дзецям і ўнукам іхны прыцягальны статус “нашчадкаў выбітнай асобы” (то-бок статус носьбітаў усё тых жа “пасьпяховых” генаў).
Слова “геній” нездарма зьвязанае са словам “гены”. Маецца на ўвазе якісьці “прыроджаны талент”. Быццам талент — гэта штосьці, што атрыманае ў спадчыну і, у сваю чаргу, можа быць у спадчыну перададзенае. Лішне казаць, што такая спадчыннасьць таленту, у большасьці выпадкаў, ёсьць сярэднявечным забабонам фэадальнага паходжаньня. То-бок такой жа хлусьнёй, як і аповеды пісьменьнікаў.
Дарэчы, сутнасьць прасьвятленьня геніяльнага (не пабаюся тут гэтага слова) юнака Лётрэамона, аднаго зь нямногіх сапраўдных геніяў, палягала менавіта ў гэтым: ён убачыў свой падман (сама-падман) як падман. Убачыў свой флірт зь пеклам як звычайнае какецтва з рэштаю чалавецтва. Яму стала сорамна за сябе, і, як чалавек сумленны, ён прызнаўся ў хлусьні: напісаў “Poésies”. Пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам. Чым, безумоўна, зусім не пацешыў гены сваіх продкаў. Бо калі самагубства ёсьць пратэстам, то пратэстам перадусім супраць “прыгнёту” з боку генаў, супраць біялягічнага дэтэрмінізму — які, як любы прыгнёт, існуе найперш у галаве.
Але вернемся да тэмы.
Гэтым распушэньнем і страсеньнем сваіх паўлінавых пёраў, якое нязьменна агаляе іхныя зады, займаюцца ўсе пісьменьнікі, гэтым усё жыцьцё займаюся і я. Але ў гэтай кнізе, падумаў я, можа, ня варта ўсё-ткі хавацца за супэр-зьвязнымі “прахалоднымі гісторыямі” пра сваю “выбітную асобу”, а даць лепш слова самім тым самым генам, “у інтарэсах” якіх я свае гісторыі апавядаю?
Або яшчэ іначай: калі гены прымушаюць мяне апавядаць гісторыі, то чаму я не магу разок іх прымусіць апавесьці іхную ўласную гісторыю?
Апошнім часам я чытаю ўсё менш бэлетрыстыкі — магчыма, менавіта таму, каб за чужымі ўявамі й штучнымі прымроенымі вобразамі не забыцца на праўдзівыя, то-бок перажытыя, уявы й вобразы ўласныя. (Пра розьніцу між уяўленьнем і памяцьцю гл. у Сьпінозы.)
Сучасная бэлетрыстыка, збудаваная на зыбучым пяску цалкам прадказальных індывідуальных імагінацый, здаецца мне ўсё больш і больш камэрцыйнай, то-бок забаўляльнай, а наконт забавы я магу сказаць толькі тое, што Барыс Барысавіч у сваёй песьні пра Эўфрасіньню: хопіць забаўляць мяне, інакш я завыю.
Гэтая кніга, нягледзячы на назву і абраную тэму, не спадзяецца забаўляць нікога, апроч мяне самога.
Зьмест (і, адпаведна, стыль) гэтай кнігі — чыста гутарковы. Яго ўтварае ўсё тое, пра што так любяць размаўляць у барах і пабах мае чэскія і наагул эўрапейскія знаёмыя. (Скажу вам па сакрэце, што менавіта дзеля гэтага — а ня дзеля нейкай там культывацыі дэмакратыі, як спрабаваў пераканаць сябе і іншых Кант, — бары з пабамі (пары з бабамі!) і створаныя. Гэта ня што іншае, як храмы калектыўнай настальгіі.) Слухаць іхныя ўспаміны пра маладосьць — найвялікшая катарга.
Паколькі я ня п’ю і ня маю з кім схадзіць у бар, я апавядаю свае ўспаміны пра маладосьць сам сабе — то-бок, выбачайце, вам.
Навошта нам даецца столькі ўспамінаў? Што нам зь імі рабіць? Які зь іх толк? Магчыма, яны маюць нейкае прызначэньне? Тое ж, што і сны? Магчыма, гэты мэханізм прадугледжаны прыродай дзеля таго, каб нам папросту не было сумна жыць? Магчыма, з разьвіцьцём тэхналёгій забавы здольнасьць памятаць падзеі свайго жыцьця пачне занепадаць? Як і здольнасьць сьніць?
Кожнае пакаленьне мае сваю Belle epoque. Гэта папросту яго неад’емнае права. Як даказаў Ўудзі Ален.
Belle epoque майго пакаленьня заслужыла гэтую назву ня меней за тую, клясычную Belle epoque, што, як лічыцца, скончылася ў жніўні 1914-га года.
Толькі дзе яны, гістарычныя межы нашай уласнай Belle epoque? Мяркую, мала хто з тых, хто нарадзіўся ў сямідзясятыя, будзе спрачацца зь цьверджаньнем, што пачатак гэтай прыўкраснай эпохі трэба шукаць недзе ў 90-х.
А вось калі яна скончылася? У 2001, 2008, 2014, 2020, 2022?
Я пагадзіўся б з 2014-м годам — ужо дзеля зручнасьці. Годам акупацыі Крыму. Годам, калі я кінуў піць.
Аднак дзеяньне гэтай кнігі заканчваецца недзе ў 2006-м годзе. То-бок з вашага дазволу я буду лічыць, што мая асабістая Belle epoque скончылася раней, ужо ў 2006-м. Воляю выпадку, разам з выданьнем маёй першай “дарослай” кнігі (“Раньні збор”, Стакгольм, 2006 г.). Эпоха шчасьця, адпаведная эпосе ананімнасьці.
Такім чынам, пэрыяд, якога тычыцца мой аповед, — меней за сто гадоў. Зь іх непасрэдна перажытыя мною ўсяго 29.
Дзяцінства майго пакаленьня — гэта сьвет, пра які засталося ня так і шмат доказаў. Найперш — візуальных. Збольшага гэта доказы чорна-белыя й нерухомыя. Хіба толькі ў якой-небудзь Амэрыцы ў 1970-х ужо былі папулярныя ручныя хатнія кінакамэры. А на нашым баку Атлянтыку ў нашых дзяцінствах яшчэ панавала адносная цемра і цішыня.
Да якой мы ў прынцыпе прывыклі. Да шэпту старонак. Сьвет для нас усё яшчэ павінен (павінен?) фіксавацца пераважна ў словах. Чым я тут і займаюся, за няўменьнем лепшага.
Дзяцінства майго пакаленьня — страчаны кантынэнт, зьніклая Антлянтыда. Быў, дарэчы, такі прыгодніцкі фільм, які паказвалі ў вясковым кінаклюбе, “У пошуках Атлянтыды”. Ня памятаю, чыёй вытворчасьці. Фільмы пра аквалянгістаў адзін час даволі-такі рулілі.
Кінарэжысэры — Фэліні, Ален, Бэргман, Бэрталючы, Труфо — вымушаныя былі аднаўляць сьвет свайго дзяцінства постфактум, штораз з даволі сумнеўным посьпехам. Параўнайце іхную сытуацыю зь дзяцінствам тых, хто нарадзіўся ўжо ў трэцім тысячагодзьдзі: яно ў іх ад самага пачатку зафіксаванае на відэа і аўдыё, захаванае ў аблоках электроннай памяці, недзе на сэрвэрах, што месьцяцца недзе на астравах, як тое Кашчэева яйка зь іголкай.
Бедны Пруст не дажыў да гэтых прыўкрасных часоў. Застаўся верны сваёй Belle epoque, якой нідзе, апроч ягонай памяці, ужо не існавала.
У вузкім сэнсе, гэта кніга пра тое, якім было каханьне і сэкс, умоўна кажучы, да Тындэру — больш за тое, на парозе Тындэру і Фэйсбуку. Што цікава, Фэйсбук быў ад пачатку таксама задуманы як прота-Тындэр: інструмэнт для пошукаў полавага партнэра. А ператварыўся — для некаторых — у інструмэнт для пошукаў сэнсу жыцьця.
Мяне, дарэчы, усё яшчэ няма на Тындэры. (Або проста: “Мяне няма”.) Я безнадзейны выкапень.
То-бок ня маю патрэбнай кваліфікацыі для напісаньня гэтай кнігі.
Хаця ўсім нам ёсьць што сказаць на тэму сэксу. Сэкс, як і рэвальвэр Кольта, — вялікі ўраўнавальнік.
Сэкс — асноўная, калі не адзіная прычына таго, што мы ўсе на нейкі час зьявіліся і сустрэліся тут, у гэтым сьвеце. Дзеля чаго? Сярод іншага, дзеля таго, каб заняцца сэксам і ў сваю чаргу стаць прычынай іншых, новых, будучых зьяўленьняў і сустрэч.
З гэтай прычыны для многіх з нас сэкс сапраўды ператвараецца ў сэнс, у мэту жыцьця. Хацелася б верыць, што я да гэтага ліку не належу, — і ўсё ж, калі ў мяне ў сувязі з зацяжным крызісам сярэдняга веку ўзьнікла патрэба нейкім чынам асэнсаваць сваё жыцьцё (апавесьці пра яго супэрзьвязную гісторыю!), я пастанавіў зьвярнуцца менавіта да тэмы сэксу.
Кажуць, мужчыны думаюць пра сэкс кожныя трыццаць сэкунд. Спадзяюся, гэтая кніга пераканае вас у тым, што гэта вельмі сьціплая ацэнка.
Непрыстойна дзяліцца прыватным... Цікава, ці застаецца пасьля сьмерці нешта прыватнае? Калі так — то нашто яно трэба і каму? Абсалютна прыватнае — гэта абсалютнае нішто, яго проста няма, бо няма больш той прыватнай асобы, якой яно асабіста належала.
Калі пасьля сьмерці прыватнае мне не спатрэбіцца — то навошта яно мне цяпер?
Любая праўда заўжды ёсьць крышачку непрыстойнай. Асабліва калі яна абвяргае нейкія папярэднія ўстоі.
Гэтая кніга пабудаваная храналягічна, але я не хацеў бы, каб вы чыталі яе лінэарна — лепш неўпарадкавана, хаатычна, уроскід, урыўкамі: так, як я яе пісаў. Навошта вам трымацца храналёгіі — каб перажываць усё тое, што перажыў я, ад пачатку да канца? Па-мойму, у гэтым няма сэнсу: гэта ўсё адно не дапаможа вам стаць мной. Хіба не дастаткова, што гэта ўсё ўжо аднойчы было перажытае мною? Не: я хацеў бы, каб вы ўваходзілі ў гэтую кнігу дзе й калі заўгодна, як да сябе дамоў, і гэтак жа выходзілі зь яе на адвольнай старонцы, без усякай боязі, што нешта прапусьціце. Ну, прапусьціце — і што? Ня трэба ніякага дыктату, дыктоўкі, ніякіх аўтарытэтаў і аўтараў — адчувайце сябе ў гэтай кнізе вольна.
Гэтая кніга, па сутнасьці — анты-АІ тэкст. Прынцып яе пабудовы — рэндамнасьць, неўпарадкаванасьць чалавечага досьведу. Дао, калі заўгодна. Вольная плынь. Ўу-ўэй. Ліючаяся форма.
Усё астатняе можна імітаваць.
Не сумняюся, што аднойчы АІ навучыцца пісаць і ў гэтым стылі. Але ці навучыцца яно ня проста пісаць, але яшчэ і нешта паведамляць — новае, дагэтуль нечытанае, — that is a question.
Гэтую кнігу я нікому не вінаваты. Яна — не абавязковая.
Як і жыцьцё, дадасьць дасьціпны чытач.
Макс Шчур — паэт, перакладчык, празаік. Нарадзіўся 5 снежня снежня 1977 года у Берасці. Выдаў сем кніг вершаў і шэсць кніг прозы, за адну з якіх — раман “Завяршыць гештальт” (2015) — атрымаў Прэмію Гедройца. Пераклаў на беларускую мову “Алесіны прыгоды ў Цудазем’і” і “На тым баку Люстра” Льюіса Кэрала (2016) і іншыя творы сусветнай літаратуры, пераважна паэзіі. Пераклаў на чэшскую раманы “Роджаныя пад Сатурнам” Віктара Вальтара (2021), “Libido” Іллі Сіна (2022) і “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец (2023). Як адзін з перакладчыкаў удзельнічаў у чэшскіх выданнях “Выбранага” Максіма Багдановіча (2017), “Фарбаў паралельнага свету” Міколы Дзядка (2018), эсэ “Адвечным шляхам” Ігната Абдзіраловіча (2022). Жыве ў Празе.