Ці можна з берлінскага парку напрасткі трапіць у Беларусь? А ці трэба? Усе сябры твае з’ехалі, ты ж і сам з’ехаў — а замест цябе засталіся прыстойныя, іншых там ужо не чакаюць. Толькі вось маці тэліць: “Ты сегодня заедешь?”
Падземныя пераходы
(фрагмэнт)
…Ніякіх паліцэйскіх ля ўваходу чамусьці не назіралася. А я ж думаў, усім пасольствам паложаны паліцыянт у белай будцы. Нават такім прыдуркаватым. Быццам з пачаткам вайны гэтае непрыкметнае месца адкрылі для ўсеагульнай праведнай нянавісьці. Але й нянавісьці тут не адчувалася. Хіба што стома. Тут не было нічога цікавага, і гэта само па сабе спараджала вусьціш. Невялікі стары будынак за агароджаю меў тры паверхі і быў пафарбаваны ў той адмысловы бэрлінскі зялёны колер, які не пабачыш ні ў гамбургах, ні ў гамэльнах, ні ў гайдэльбэргах. Толькі тут, у горадзе Б. Яшчэ ня верачы, яшчэ нібы ў сьне, я падышоў да брамы і прачытаў, што, па-першае, трэба закрывать за собой ворота, так і прачытаў, з націскам на апошнім складзе: ворота!; па-другое, што гэта амбасада Рэспублікі Беларусь, а па-трэцяе, што тут яшчэ і консульскі, панімаеце лі, аддзел. Праўда, быў яшчэ залаты, забыты, зроблены, відаць, яшчэ сто гадоў таму надпіс па-нямецку высока на фасадзе: Віла Луіза. І гэта выглядала так какетліва і так абсурдна, што я міжволі ўхмыльнуўся.
Вокны вілы былі зацягнутыя белымі бельмамі. Усе, апрача аднаго на першым паверсе — там гарэла сьвятло і цёмны профіль правяраў нейкія паперы. У дворыку амбасады, проста на газоне, падымаў хэндэ хох бэрлінскі мядзьведзь, шэры, аблуплены, на жываце мядзьведзя спляталіся пабляклыя ад часу амаль сьцёртая блакітная стужка эўразьвязу і бура-зялёная паласа, напамін пра колішнія практыкаваньні ў цярплівасьці, пра ацяпляльныя сэзоны эўрапейскай палітыкі.
Натхнёны Луізай, напяваючы старую нямецкую салдацкую песьню, я прайшоўся ўздоўж агароджы, туды і назад. Паглядзеў паўзьверх жываплоту на запыленыя дыпляматычныя мэрсэдэсы ў пустым двары. Nun adje Luise, wisch ab das Gesicht, eine jede Kugel, die trifft ja nicht!.. Дурноцьце нейкае выйшла. Паўсюль мяне чакаў Бэрлін, сапраўдны, свабодны, неспадзеўны, а я трапіў да амбасады дзяржавы, зь якой некалі ўцёк і да якой не адчуваў нічога, апрача агіды й пагарды. Куточак радзімы, кавалачак, маць яе, зямлі быў тут, проста за гэтым нізкім жываплотам. Радзіма жыла на тым баку, як у заапарку: руку працягні — адкусіць. І нідзе не было відаць папярэджаньня: Не карміць радзіму! Хоць маглі б і павесіць.
З брамы амбасады выйшаў мужчына ў адпрасаваным да сьмерці касьцюме і нацягнутай на яго доўгай, чорнай скураной куртцы. Усьміхаючыся, перайшоў вуліцу — і па ягоным голеным славянскім твары было адразу відаць, што мы зь ім суайчыньнікі. Зрэшты, на мяне ён нават не паглядзеў. Пайшоў сабе, нешта нашэптваючы. Можа, нават самі Яго Эксцэленцыя, Сідарэнка А. В., вырушылі на шпацыр па Трэптаў-парку, патрапацца па-рускі з Воінам-Вызваліцелем пра санкцыі і няўдзячных тэўтонаў. А можа, тое быў шафёр Эксцэленцыі ў пошуках алівы. Ці дарадца па культуры, якога адправілі ў краму па аліўкавыя галінкі. Хто ведае.
Я нясьпешна абышоў па пэрымэтры ўвесь участак. Трэба прызнацца, амбасады заўсёды мяне хвалявалі. Яшчэ ў юнацтве я не бяз зайздрасьці думаў пра іхны закрыты ад непасьвячоных сьвет, пра маленькі сад за брамай, па якім прагульваецца Надзвычайны й Паўнамоцны пад ручку з чарговым госьцем, і пра сьцяжкі на чорных пасольскіх машынах, пра чароўную консульскую пячатку ў шуфлядзе, пячатку, якая можа зьмяняць лёсы і адмыкаць межы. Пра імунітэт, недатыкальнасьць, непранікальнасьць, экстэрытарыяльнасьць — але найбольш: пра кабінэт зь вялікімі вокнамі, камінам і сьцягам у куце. Дзе ты і ёсьць твая краіна.
Дзіўна, але мне не хацелася адсюль сыходзіць. А памятаеш, ціха сказала мне Віла Луіза, той выпадак, вычытаны табой у навінах? У саудаўскую амбасаду ў Стамбуле ўвайшоў мужчына, каб справіць сабе нейкія дакумэнты — і ня выйшаў. Як ня выйшаў? А вось так. Увайшоў і зьнік. Ён быў апазыцыянэр. Кажуць, яго парэзалі на кавалкі і кінулі ў калодзеж у садзе, а сам той калодзеж закапалі. Можа, пара ўключыць тэлефон? Можа, там цябе чакаюць навіны?
Шчыра кажучы, часам я падумваў пра тое, што некалі, калі ўсё зьменіцца, мяне самога прызначаць амбасадарам. Новай Беларусі будуць патрэбныя новыя дыпляматы, дык чаму б ім ня ўзяць мяне: і век досыць паважны, і па-нямецку трохі гавару, і ў калябарацыянізьме не заўважаны, і краіну ведаю. І тады мы з Луізай усё тут пераробім. А пачнем зь мядзьведзя за брамай. Памыем, падфарбуем і перафарбуем. Вызвалім ад абавязку прыкрываць сабой нягеглую дыктатурку. Навучым вітаць гасьцей на нашай мове… І ў кабінэце з камінам і вялікім бел-чырвона-белым сьцягам я напішу пра тое, як стаяў тут аднойчы зімовай раніцай, шмат гадоў таму, як быў тут нікім, хворым, забытым, з затлумленай галавой, і як думаў пра Лупача — і адначасова ўяўляў сябе ў амбасадарскім фатэлі.
Аднак той раніцай мае летуценьні выглядалі насамрэч вельмі сьмешна. Праўда была ў тым, што тэарэтычна я мог увайсьці ў любы будынак у гэтай краіне, у кожныя дзьверы і ў кожную браму. Нават у бундэстаг, нават у канцылярыю канцлера — калі б яму заманулася сустрэцца з дэлегацыяй безыменных беларускіх бадзягаў. Але толькі ня ў гэтую Вілу, толькі не на яе агароджаную жываплотам сьвяшчэнную тэрыторыю. Я быў чалавек бяз пашпарта, яго забралі, калі я падаў прашэньне аб азылі, адзіным маім пасьведчаньнем асобы была скамечаная паперка, у якой гаварылася, што прытулак я атрымаў і чакаю дакумэнты ўцекача.
Што я тут раблю?
Раптам я ўявіў сабе, як адчыняю гэтыя Ворота..Як заходжу, таропкі і трапяткі, на экстэрытарыяльную тэрыторыю — і… Што і? І бухаюся на калені перад адцьвілым мядзьведзем, перад асьветленым акном зь цёмным профілем, перад павіслым сьцягам, перад усёй гэтай Вілай Луізай, як ліжу пясок перад дзьвярыма: вазьміце мяне назад! Ты прабач, ты прымі свайго сына! Богам прашу, забярыце мяне адсюль! Я так больш не магу. Вось я, перад вамі, голенькі, карайце мяне, кройце на часткі, але не ганіце. Я рву сваё пасьведчаньне, на дробныя шматкі. Прашу прыняць назад. Абавязваюся, прызнаю і схіляю. Абяцаю ніколі зноў і гатовы да. А яны… Выходзяць да мяне, і бяруць за рукі, і гладзяць па галаве, і цалуюць, і вядуць у самыя Луізіны абдымкі, у саменькія гасьцявыя харомы, і топяць лазенку, і наліваюць “Белавескай”, і дастаюць нарачанскі хлеб, і беляшы з Цэнтральнага, і катлеты па-альбанску, і зэфір бледна-розавы, і чакаляду “Презідент”, і “Савецкае шампанскае”, і кумпячок з Камароўкі, і дранічкі, і сьмятанку “Савушкін продуктъ”, і цыгарэтанькі з “Табакеркі”… Не, цыгарэтанькі ня трэба. Гэта лішняе, схавайце.
Але яны не хаваюць. Яны нечакана смурнеюць вачыма і пра нешта расчаравана перамаўляюцца. Некуды зьнікаюць са стала і кумпячок, і зэфірчык, і чакаляда “Презідент”, і шампанскае. Выбачайце, калі ласка, кажуць яны — але ў нас ужо маецца адзін Некрашэвіч Раман Сяргеевіч. Жыве па вось гэтым адрасе, у горадзе-героі Мінску, разам з жонкай, прапісаны ў бацькоў, у экстрэмісцкай дзейнасьці не заўважаны, сілы гартуе, шчыра сябруе ў працавітай вольнай сям’і, робіць рамонт, чэмпіён Менску па настольным тэнісе. Актыўны выбарнік, патрыёт свайго краю і саюзнага гасударства. Удзельнік міждзяржаўнай праграмы, між іншым. Не праграмы, а Праграмы. А іншых Некрашэвічаў Раманаў Сяргеевічаў нам ня трэба. Усялякіх там бэрлінскіх, несапраўдных, пратэрмінаваных. Якія нават пашпарта нармальнага ня маюць, а толькі паперку рваную.
Паперку.
Стоячы ля брамы, я нахіліўся над ходнікам. Усе мае фантазіі ўмомант вылецелі з галавы. Гэта быў недапалак — скручаная цыгарка з тоўстым, прыплюшчаным кончыкам. Дакураная хіба да паловы. Яна ляжала на самым краі тратуару, там, дзе асфальт наваліўся на бурую траву. Адсырэлы шэры недапалак. Да прыпынку пад’ехаў аўтобус, адчыніў дзьверы. Хтосьці выйшаў і стаў побач са мной, нібы ў чаргу на прыём да консула — але зірнуў у тэлефон і пабег у іншы бок. Кіроўца паглядзеў на мяне з пагардай і зьехаў.
Бэрлін — брудны. На чвэрць зроблены са сьмецьця, на палову з тых, хто сьмеціць. Пакрыты плястыкавай каростай, вымазаным у салодкіх соўсах кардонам і нудотнай фольгай. Пад мостам на станцыі Цоо ён сьмярдзіць мачой і спаражненьнямі так, нібы тут прарвала нейкую трубу — але гэта не аварыя, гэта проста яшчэ адзін варыянт свабоды. Бэрлін поўны дзьвярэй і брамаў, перад якімі сотні тысяч людзей кідаюць недапалкі проста сабе пад ногі. І гэтая пасольская брама нічым ня лепшая. Магчыма, тут ён стаяў, Лупач. Нэрвова курыў, перад тым, як пазваніць. Кінуў пад ногі недакурак і ўвайшоў. Я ня знаў іншых людзей, якія б такім манерам скручвалі сабе цыгаркі. Але колькі людзей я тут наогул знаў? Хіба дзясяткі тры… З амаль чатырох, ці колькіх там, мільёнаў.
Я падняў галаву. З акна Вілы Луізы на мяне хтосьці глядзеў. Мне нават на імгненьне падалося, што гэта быў ён, Лупач. Лухта, вядома, што яму там рабіць — але пакуль я трызьніў над акуркам, хтосьці напраўду прыўзьняў белыя жалюзі на акне і назіраў цяпер за вуліцай, за прыпынкам, за брамай, што вяла да ўваходу. У яго руках быў тэлефон — а можа, кніга ці пашпарт? Можа, ахова зацікавілася, хто гэта тут раптам мэдытуе, сярод белага бэрлінскага дня, каля брамы ў Белую Русь? Я рэзка разьвярнуўся і перайшоў вуліцу. Схаваўся за аркай савецкага мэмарыялу — і паволі пайшоў па алеі.
Тут было зусім ціха, толькі нейкія маладыя італійскія левакі-турысты сядзелі на бэтонным краі, зьвесіўшы ногі, і ляніва перакідваліся словамі і чыпсамі. Падысьці б да іх, гыркнуць па-русскі, па-хазяйскі — упэўнены, выцягнуліся б у струнку і выканалі б любое маё жаданьне.
Гіганцкі салдат на пастамэнце, відавочна, пачуваўся нядобра. І ўжо даўно. Ён быў у акружэньні — без надзеі на падмогу. Бэрлін атачаў яго з усіх бакоў, Бэрлін даўно перамог яго і ўсіх ягоных генэралаў — але салдату не хацелі ў гэтым прызнавацца. Вось ён і трымаўся за апошні пляцдарм. Мне на хвіліну зрабілася блага, душна, млосна. Я прысеў на прыступку. Здавалася, кожная бяроза і кожны куст маюць тут вайсковае званьне не ніжэйшае за лейтэнанта. Бясконцыя барэльефы з цытатамі Сталіна цягнуліся паўзь мяне, нібы вагоны на чарговы фронт. На пабляклых фота пад мутным шклом малады харошы Пуцін прагульваўся па парку з вэтэранамі. Варта было выйсьці адсюль — і з сотняў часопісных вокладак і плякатаў на мяне зірнуў бы плахой Пуцін, страшны, сапраўдны, але тут усе былі маладыя і харошыя… І мёртвыя. Усе, акрамя мяне.
Сьпінай я адчуў, як там, ззаду, салдат падняў свой шматмэтровы меч. Як занёс яго над маёй беднай галавой. А можа, проста сонца зайшло за хмару. Кончыкам мяча ён дакрануўся да маёй патыліцы. Халодны дотык апёк мяне — і я азірнуўся. Там, пад нагамі салдата, у малахітавай шкатулцы ляжала яйка, а ў ім іголка, а ў іголцы сьмерць. Дзяўчынка ў салдатавай руцэ глядзела пустымі вачыма на пусты парк.
І ўсё ж: адкуль гэтая блізіня, у чым яе сэнс? Амбасада месьцілася проста насупраць гэтага мэмарыялу. Магчыма, там, пад зямлёй, там, дзе я цяпер ішоў, быў падземны ход, і ў выпадку чаго ўвесь пэрсанал пасольства перабег бы пад ахову бронзавага монстра. А можа, усё было прасьцей: мэмарыял пад бокам, каб бліжэй было хадзіць у траўні на сьвяткаваньні, ні бэнзын ня трэба траціць, ні аліву. А можа, сам Наздвычайны, сам Паўнамоцны начамі наведваў Салдата, памаліцца і атрымаць чарговыя інструкцыі. А можа… Можа гэта Каменны госьць-мечаносец апоўначы сыходзіў з пастамэнта, пераступаў празь бярозкі і пліты, праз арку, праз вуліцу, навісаў над Луізай, клаўся на яе сваім трыццацітонным целам — і гэтым актам любові мацаваў баявое сяброўства братэрскіх народаў…
На імгненьне мне падалося, што я зноў у Менску. Занадта шмат навокал было знаёмых мне зь дзяцінства знакаў, занадта мала прасторы для супраціву. Здавалася, я зараз выйду з гэтай аркі наўпрост да Парку Перамогі, да Стэлы, да Музэя, я ўжо чуў шэлест шэсьцьдзясят дзявятага, шум вясны, халодную шорсткасьць аўтобусных сядзеньняў, ужо адчуў, як пахне слота перад “Каронай”, дзе мы з табой выйдзем — і зойдзем, і купім смажанай рыбы.
Я уключыў тэлефон. І ён адразу ж зазваніў. Італійцы змоўклі і ўсе разам зірнулі ў мой бок. Гэта была мая мама. І яе голас адразу разьвеяў усе чары. Хоць, здавалася, усё мела быць наадварот.
…Размаўляючы з мамай, я ніколі не казаў ёй праўды. Ніводнага слова. Праўда магла яе забіць. Я занадта любіў сваю маму, каб казаць ёй праўду, бо праўды ёй і так хапала. Праўдай было тое, што яна засталася там, зусім адна. Праўдай было тое, што памёр тата. Праўдай быў я сам — вінаваты сын, які аднойчы кінуў яе проста пасярод халоднай, глыбокай, цёмнай старасьці, а сам паплыў да берага. Бо яшчэ меў сілы, бо не хацеў тануць разам зь сям’ёй, разам зь яе надзеяй. Як жа так выйшла, як здарылася гэтае раптоўнае караблекрушэньне? Гэтае пытаньне яна задавала мне кожнага разу, але без мэтафар, без эпітэтаў і тропаў, простымі словамі, як магла. Мая простая, выраслая ў прыватным сэктары, мянчанка ў першым пакаленьні, мая мілая, змучаная мама — і я маўчаў, хоць ведаў адказ.
Што я мог ёй сказаць? Што я наогул мог? Толькі сядзець на беразе і назіраць, як яна паволі, год за годам, ідзе на дно. І суцяшаць яе — фальшыва, тэатральна, ненатуральным, нежывым, чужым голасам, паўтараючы тое, у што ня верыў сам.
Яна пыталася, ці ўсё ў мяне добра — і я пасьпешліва адказваў: так, усё нармальна, хоць усё было ненармальна, усё было хістка, абсурдна, было балюча, часам да цемнаты ў вачах, усё было так дрэнна, што кожную раніцу я прачынаўся, дзівячыся, што яшчэ жыву. Яна пыталася, ці ўсё добра ў нас — і я мыкаў ёй проста пасярод чарговай сваркі з табой, калі мы, як учадзелыя, крычалі адно на аднаго і гулялі ў нянавісьць: усё выдатна, мама, так, мы разам, усё цудоўна, усё ціхамірна, усё лепш за ўсіх. Яна пыталася, ці ўсё добра ў цябе — і я кідаўся запэўніваць, што ўсё прыўкрасна, што ты шчасьлівая і здаровая, хоць кожную ноч, адплюшчваючы вочы, бачыў перад сабой тое самае сьвятло смартфона, бачыў, як цябе душыць бяссоньне, як катуе крыўда, як ты ў разгубленасьці, у паўсьне бязгучна нашэптваеш сабе згубную калыханку: мы што, так і пражывем тут… памрэм тут…?
Мама пыталася: калі ты ўжо вернешся? І я пачынаў нешта вярзьці пра веру, пра тое, што мы абавязкова яшчэ абдымемся, што трэба яшчэ трохі пацярпець, ператрываць цемру. Яна пыталася, ці памятаю я бацьку — і я, раззлаваны, чуў хрыпаты ад хваробы татаў голас у галаве і казаў: ну вядома, мама, я не забываю, як я магу забыць, вось перада мной на стале татава фота. Праўда? — зьдзіўлялася яна раз за разам. Праўда, мама. А памятаеш, пыталася яна, як мы…
Дача. Як нам добра было тым летам.
Вада. Журавель. Камень. Вось што я памятаў.
Кожнага разу тое самае. Яна ня ведала, што я працую экскурсаводам. Я казаў ёй пра гэта шмат разоў, але яна адразу ж забывала. Забывала — і сама ладзіла мне падчас кожнай размовы экскурсію па ўласнай памяці, а я хадзіў там, сярод яе ўспамінаў, і ківаў, і рабіў выгляд, што бачу ўсё гэта ўпершыню. Употай я чакаў, калі яна зьмірыцца і прыме тое, што адбылося. Але яна не прымала і не пагаджалася. Мы проста ўдзельнічалі ў страшным і сумным рытуале, і я ня мог зь яго ўцячы, ня мог парушыць правілы. А яна не хацела, яна мусіла рабіць балюча сабе і мне.
Так адбывалася год за годам. Але гэтым разам усё здарылася інакш. Магчыма, таму, што мамін голас быў нейкі на дзіва ясны і спакойны. А магчыма, праз тое, што я так доўга не курыў і ўжо зусім адурэў ад гэтага змаганьня з самім сабой. А можа, таму, што думкі мае былі занятыя гісторыяй з Лупачам, усімі гэтымі пагрозамі, папярэджаньнямі…
— У мяне ўсё нармальна, — сказаў я. — У цябе як? Як здароўе?
Ты лекі п’еш? Абавязкова пі, не забывай.
Што б яшчэ такое сказаць? Што б сказаць такога, што было б правільна? Па-сыноўскаму? Інтымна і пяшчотна, клапатліва і шчыра? Што разарвала б гэты круг? І пры гэтым — не параніць, не пакрыўдзіць…
— Уяўляеш, мама, — загаварыў я, мяняючы голас, як дрэнны актор. — Я ў Трэптаў-парку. У тым самым. Іду па ім. Адчуваньне такое, быццам… Ну, ня важна.
— В каком парке?
— Трэптаў. Памятаеш, ты мне расказвала. Калі я быў малы. Пасьля сваёй камандзіроўкі ў Германію. Што вас вадзілі да помніка. Да Салдата… Усю вашу дэлегацыю.
— Не, не помню, не помню я такого. Я была в Германии?
— Так. Напэўна, у васьмідзясятым ці ў восемдзесят першым. У цябе ёсьць стары альбом з фоткамі. У чырвонай вокладцы. Паглядзі неяк, успомні.
— Ты ко мне сегодня заедешь?
— Заедзеш?
Я выйшаў з парку. Жоўты бэрлінскі аўтобус падкаціў да прыпынку. Засланіўшы на момант амбасаду, адчыніўшы дзьверы. Кіроўца непрыязна зірнуў на мяне і зьехаў.
— Я хотела сказать, приедешь…. Совсем дурная стала. Когда ты приедешь?
— Ты ж ведаеш. Мама, ты ж ведаеш, што я не магу.
— Ты занят? На работе? Прости, я тогда вечером перезвоню.
— Я не заняты, — сказаў я. — Не, я не на працы. Я ў парку.
— Почему ты не приезжаешь? — спытала мама задуменна, у яе голасе не было ні сьлязы, ні ляза, толькі ледзяная, адзіная, апошняя думка. — Нет, я все понимаю. Но почему ты не тут? Не со мной… Не знаю. Не могу понять. Как так все получилось, сын? Жизнь пролетела. Папы нет больше. Ты там. Далеко. Я одна тут. Почему так? Сама с собой говорю каждый день, и не понимаю.
— Таму што мы ўсе мусім плаціць, — сказаў я раптам і сам спужаўся таго, што прамовіў, спужаўся свайго нечакана разьюшанага, чужога голасу. Але мяне было ўжо не спыніць. Я гаварыў і гаварыў далей, і адчуваў, што ачышчаюся ад нейкага камяка ў горле. Нечаканая палёгка сутаргай прайшла празь цела.
— Таму што мы ўсе плацім! — амаль крыкнуў я, разумеючы, што так нельга, што парушаю правілы і тэхніку бясьпекі. — Таму што бацькі мусяць плаціць за тое, што некалі выбралі дзецям такую будучыню. Гэта ж вы яе выбралі для нас. Калі вы дзесяцігодзьдзямі кармілі пачвару, верылі ёй, песьцілі яе, чаго тады нам хацець цяпер? Чаго вы чакалі? Гэта такая расплата, разумееш?
— Что ты такое говоришь. В чем отец был виноват? В чем я провинилась?
— Мама…
Дарэмна я пачаў гэта. Дарэмна! Калі ўжо мне так хацелася пагаварыць пра віну, трэба было пачынаць зь сябе. З таго прыяцеля, зь якім мы некалі, у дзяцінстве, нырнулі ў цёмнае вадасховішча пад Менскам… Я быў невінаваты. А віна засталася. І вось я сам выклікаў яе прывід — і цяпер ненавідзеў сябе за гэта.
— Ніхто ні ў чым не вінаваты! — мая рука пацягнулася туды, дзе звычайна ляжалі цыгарэты, і не знайшла, і пачала хапаць мяне за горла, дзерці бараду. — Я ня гэта хачу сказаць. Проста… Проста гэта вы абралі нам такую будучыню. Ня мы, а вы. І вось яна прыйшла. Нічога не рабіць, калі навокал несправядлівасьць, страх і гвалт — гэта таксама выбар. Разумееш? Калі нічога не рабіць — за гэта абавязкова заплацяць і тыя, хто не рабіў, і іхныя дзеці. Магчыма, не адразу, але заплацяць. І вось час прыйшоў. Мы плацім за тое, што не змаглі нічога зьмяніць у той будучыні, што абралі для нас вы. Дзякуючы вам тыран дажыў да старасьці, дзякуючы вам ён мае сілу і ўладу — біць, зьнішчаць, гнаць, прыніжаць. А вы што думалі, усё так проста? Што можна проста жыць, заплюшчыўшы вочы? Так? Дык вось не. Мы тут, далёка ад вас, найперш таму, што вы самі запраграмавалі гэта. Таму, што былі дарослымі, вучылі нас, як жыць, казалі, што нам ваша свабода, вы маладыя і наіўныя, а нам парадак трэба і каўбаса, каб вас карміць і адвучыць ад дурных думак. І ў саміх не хапіла розуму, каб распазнаць Зло. Вось і атрымалі. Сваю адзіноту і нашу беспрытульнасьць. Гэта проста справядлівасьць, мама. Гэта ўсё справядліва і заканамерна. Мне страшна, мама, разумееш? Ня толькі табе там страшна. Мне страшна тут. Я не магу пражыць тваё жыцьцё, у мяне ёсьць сваё, разумееш мяне? Я не магу пражыць чужое жыцьцё ні за кога. Я хачу пражыць сваё, хоць неяк, але на свабодзе. І сам. Мне ня так шмат і засталося. Мне ўжо пяцьдзясят, разумееш? Мы ўсе жывем у будучыні, мама!
Яна нічога не адказвала. Магчыма, яна ўсяго гэтага ня чула. Можа, сувязь перарвалася, падумаў я з надзеяй. Такое часта бывала. Але яна ўсё, усё чула. Яе дыханьне было так блізка, што я ледзь стрымаў сьлёзы.
— Дарэчы, — сказаў я, намагаючыся супакоіцца. — Я ўжо месяц не куру.
Маўчаньне.
— Хачу пражыць крыху болей, — працягваў я нерашуча, спрабуючы ўціснуць паміж намі ўсьмешку. — Каб мы з табой… Яшчэ сустрэліся.
— Знаешь, — прамовіла мама неяк вельмі павольна. — В последнее время я думаю… Думаю, надо было тебя тогда по-другому немножко воспитывать. Тогда бы и сейчас все иначе было. Вместе были бы. Как все. Как все нормальные люди.
— Нармальныя?
— Надо было тебя в строгости воспитывать. Не разрешать этого всего… Книжки, гитарки… Цыгарэткі… Все эти твои друзья-знакомые… И эта мова твоя. Кто б мог подумать, куда она заведет. Ты когда родился, мы с папой такие счастливые были. Нам и в голову не могло прийти, что все вот так кончится. Что ты вот таким вырастешь. Что против пойдешь. Надо было проще с тобой. В голову тебе вбить, что нельзя против власти идти. Что главное на свете — семья, родные. Что надо жить, работать. А не книжечки эти твои, карты старые. И не мова эта…
Вядома, наконт мовы яна мае рацыю, падумаў я, адчуваючы, як замерзла рука. Як ты можаш быць блізкі людзям, зь якімі ты размаўляеш на розных мовах? Ты ніколі ня будзеш сваім там, дзе гавораць па-іншаму. Дык чаму ты чакаеш любові і разуменьня ад маці, мову якой ты адрынуў? Твая краіна застанецца такой назаўсёды, як бы ты ні марыў яе зьмяніць. Пакуль ты не гаворыш яе мовай — у цябе няма там блізкіх людзей. Яны ня стануць цябе слухаць.
— Вот, голуби на крыше опять разошлись, — сказала мама. — Гуркают и гуркают, с самого утра. А я тут одна. Кстати, к тебе тут на днях друг заходил.
— Які яшчэ друг? — спытаў я, спыніўшыся.
Усе мае сябры былі ў эміграцыі. Калі, вядома, у мяне наогул яшчэ былі сябры. Усе, хто застаўся ў Менску, забылі мяне. Яшчэ да таго, як я зьехаў.
— Ну твой, — сказала мама. — Я не помню. Может, со школы. Что-то мне рассказывал. Я не поняла ничего. Пьяный, видно, был. Ну или выпивший. Я его в квартиру не пустила. Через цепочку говорила. Ты ж сказал никого не пускать. А я думаю: а что у меня брать? Кому я нужна?
— Які сябар, мама? Добра, што не пусьціла. Але ён назваўся?
— Записал мне тут на бумажку… Сейчас найду. Куда ж ее положила… Подожди. Вот. Некрашевич Роман.
— Мама, — сказаў я. — Ты ведаеш, як мяне завуць? Ты не маўчы, ты скажы зараз жа, падумай і скажы. Маё імя і прозьвішча. Мама? Чаму ты маўчыш?
— Я и подумала, — сказала мама разгублена. — Что не сходится что-то. Но он же написал. И мне дал, через цепочку. Я и взяла. Машинально как-то взяла.
— І што ён яшчэ сказаў? Сказаў, нашто прыходзіў?
— Сказал… Сказал, что еще зайдет. На следующей неделе.
— Ты не пускай яго, чуеш? — я загаварыў гучна, націскаючы на кожнае слова, так, каб яна спужалася, так, каб зразумела, што я не жартую. — Не пускай яго. Ні ў якім разе. Гэта махляр. Я ж табе расказваў, што ў вас там па кватэрах махляры ходзяць. Ім нельга верыць.
— Он мне и паспорт показал, — сказала мама. — Я еще удивилась, зачем. Сует, прямо через цепочку. Я сразу и подумала, што мошенник. А потом подумала, что видела его где-то. Что это друг твой. Имя же знакомое…
— Імёны розныя бываюць. Колькі аднафамільцаў на сьвеце. Мы ж не адны ў Менску Некрашэвічы. Не пускай яго ў кватэру. Скажы, што ў міліцыю пазвоніш. А лепш наогул не адчыняй і не гавары зь ім. Калі наступны раз заявіцца, проста… Проста не гавары, і ўсё.
— Он не друг? Может, ты его забыл… Может, он помочь хотел. Может, про тебя вспомнил. Такое ведь бывает. Твой старый друг… сябар… Я и подумала, что он друг… Прости меня, глупую.
— Няма ў мяне там сяброў, — сказаў я. — Нікога ў мяне там няма.
Нікога ў мяне там не засталося. Адно толькі мае дзіцячыя страхі. Адно толькі дахі, каб уцякаць, адно толькі пахі, каб прыпякаць памяць, адно толькі нашы з табой успаміны пра нашае маленькае шчасьце, пра нашу з табой звонкую адзіноту. Дача, вада, лодка. Адно толькі магілы, адно толькі цені. Адно толькі мулкае жаданьне зрабіцца кімсьці іншым, большым, чым гэты горад мог мне дазволіць. Згаслыя згадкі друзлых цягліц — напэўна, мы памяталі гэты горад так, як паралізаваныя памятаюць, што такое катацца на ровары ці плаваць. Ня так ужо й мала — але ніводнага жывога твару. Нікога.
— Нікога, — паўтарыў я. — Толькі ты адна ў мяне там засталася. Цалую, мама. Пазваню табе, калі з усім разьбяруся. Але ты не пускай яго, ясна? Запомні. Не пускай і не гавары зь ім. Гэта махляр. Ён небясьпечны. Скажы суседзям, каб званілі ў міліцыю. Добра? Дамовіліся? І не забывай выключаць пліту і замыкаць дзьверы! Я разьбяруся!
Новая кніга Альгерда Бахарэвіча “Падземныя пераходы” выходзіць у выдавецтве “Янушкевіч” 28 жніўня 2026 году. Замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва.
