Калі б калючы дрот меў голас, ён бы спяваў пост-рок. Калі б трындзец мог танчыць, гэта быў бы брэйк-данс. Калі б твой айпад апынуўся сумленным грамадзянінам, ён нон-стоп крычаў бы адзінае “Дра-а-а-стуй, чужая мілая!” А калі б попел нашага лёсу спакусіўся б на вершаванку, атрымаліся б вершы Уладзя Лянкевіча.
Промні
“у гэтым горадзе сонца сонца амаль няма”
А.П.
купляю штораз ежы менш
каб голад выганяў з кватэры часцей.
самота ва ўсім.
ці памагло б, калі б мяне касірка абняла?
быць можа далонь закране
калі будзе рэшту даваць?
бязлюдны востраў, але ж мы тут
паскудны монстар зацягне ў кут
я сёння навін не чытаў
галоўнае само даляціць.
цела доўгай белай хмары расколецца
як века крышталёвае труны.
хай промні ўшчэнт пасякуць
мой горад імжы ды хаўтур
так рэдка сонца і дзьмухаўцы
самазабойца адклаў на потым
суіцыд
гора горада сонца — уласна сонца тут няма
слабасць горада хмар — вострыя промні прамяні
промні прамяні промені промні прамяні
промні прамяні помні памяні
les fleurs du mal
каб мяне не знайшлі, маю два варыянты
ці насамрэч памру, ці прыкінуся мёртвым
але гэты пад’езд надта цесны для трунаў
я самотна ляжу затаіўшы дыханне
уваходзіць туман праз разбітую шыбу
на падлогу, як пыл, на мне асядае
хтосьці кінуў камень, камень стаўся ядомым
я насамрэч памёр ці прыкінуўся мёртвым?
я выплыву на бераг
кветка расце ў рэбрах
вялікі брат мне не брат
мяне пільнуе неба
на табе не сыходзіцца
касцюм чалавека
покаецца па швах
ты страціўся
парасплёскваў сваё
дачакаўся гукавога сігналу
не выдам сакрэтаў
таямніца не лезе праз горла
вочы шклянеюць
сляпы дождж залівае
праз прачыненыя дзверы
у пакой запаўзае гара
жыхары свежых паданняў шапталі
зямля кладзецца не пухам
а цісне грудзі
ды неяк па-свойску, нібы кот
вуркоча, вуркоча, вуркоча
а ўстаць усё адно не дае
і кожны шнар на твары
ён твой
ён цёплы
і кожны шнар на целе
ён успаміны
ён ружавее
пульсуе з мінулага ў цяпер
выпадковая сустрэча ў перадапошнім бары
апынаешся на кватэры, выяўляецца, сябра
не кажы мне штораз дзякуй
у нас так не прынята
я адчуваю сябе беспадстаўна пахваленым
о гэты няўдзячны сорам
пах лісця пад нагамі пажухлага
змяшаны з гукамі ў навушніках
тут глеба нясмачная
і прарастае толькі
(назву яшчэ не прыдумаўшы)
лёд
варожае святло знадворку падступны кідае цень
пакрэсліў сцены і паўзе — узорная пагроза поначы
хто ты? навошта? чаму? адкуль?
хто ты? не маўчы
папярэдні свет у яміне гніе, гіне
мяне ў глыбiні зацягнуць імкнецца марна
покуль застаецца са мной мая любімая
несумяшчальная са смерцю траўма
як маланку як выбух як золак
непрытомным ужо неаднойчы
ты сустракаеш свой лёс
ён цябе абыходзіць наўкола
аглядае бы ўпэўніцца хоча
ці не прадзёўб навылёт
за агульным нячутны твой сковыт
да лядоўні йдзеш ранены моўчкі
і прыкладваеш лёд
цяпер мера поспеху
калі ты не трапіў на здымак
цябе не запомнілі
не апазналі
ніхто не затэгаў
ты рады
ты не цікавіш нікога
сорамна іншым прызнацца
твая няёмкая мара
быць другарадным персанажам
ізалятар у разрэзе
самы бяздарны комікс
працуе групоўка мастакоў-наймітаў
бяруць па чарзе са стосу
раскрэсленыя старонкі
увапхнулі твае абрысы ў ніжні квадрат
да раніцы
на заўтра з парай-тройкай такіх жа плямінаў
перакінулі ў квадрат паверхам вышэй
а тады ўправа
потым на іншы аркуш
і так старонак пятнаццаць
яшчэ адпачатку было ясна
што ты тут зусім недарэчы
чыста кампазіцыйна
але гэта табе ясна
а ў іх творчы працэс
і г.д.
у адпаведнасці з прынятымі нормамі
з улікам папярэдне праведзенага аналізу інфармацыі
згодна з запытам на адрас адпаведнай службы
у вызначаны тэрмін было прынята рашэнне
аб немэтазгоднасці прысутнасці вышэй названых фізасобаў
у акрэсленых каардынатах у сувязі з патэнцыйным парушэннем
цэласнасці бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва
у выпадку нязгоды вы маеце права абскардзіць
дадзеную пастанову цягам 10 каляндарных дзён
якія папярэднічаюць дню ўваходжання пастановы ў сілу
але
пастанова ўваходзіць у сілу
зараз
проста цяпер
зараз
!
Уладзь Лянкевіч — беларускі паэт і перакладчык, музыкант гуртоў Tonqixod, luty sakavik, Syndrom Samazvanca. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, а таксама Беларускі Калегіум. Аўтар кнігі паэзіі “70% вады”. Перакладае паэзію і прозу на беларускую з ангельскай, французскай, украінскай і іншых моў.