Я — іголка. Наста Кудасава пра разарванасць быцця і суворую нітку верша.

Катастрафічнасць — нязменная тэма. Старонка ўсё не (пера)гортваецца. Смешна рабіць выгляд, што не баліць. І немагчыма харчавацца адно сваёй тугой. На гэтых арэлях ляціць новая вершаванка Насты Кудасавай. Тут усё не так. Безнадзейна і пераможна. Адчайна ды пяшчотна. Аўтарка рызыкуе, грае жорстка і ні аб чым не шкадуе. Гэта тэксты надзвычайнага стану. Лірыка глабальнага трындзяца. Па якой калісьці нехта будзе вывучаць наша сённяшняе невыноснае беларускае шчасце.

​​***

Тое, што нас не забіла, нас робіць чужымі.
Родныя ніці тупымі нажніцамі поруцца,
І аддаляецца бераг... Драпежны ажыннік
Запаланіў наша бездапаможнае ворыўца.
Мо я таму і сталею так цвёрда і колка,
Гэтую дзірку ў балючых грудзях выгадоўваю...
Буду сшываць берагі нам. Цяпер я — іголка.
Родная нітка ўвайшла ў маё цела сталёвае.

​​***

Людзі ў палоне, людзі ў палонцы гора,
За ледзяной сцяной дарагія людзі...
Злы сцэнарыст жыцця напісаў нам хорар
І свой пачварны фільм безупынна круціць.
Жах увагнаў у крэсла, жах знерухоміў —
Ні перарваць паказ, ні пакінуць залю.
Так і дранцвеем у перадсмяротнай коме.
Ці ёсць канец у сеанса, нам не сказалі.
Лепей заплюшчу вочы, няхай мне сніцца,
Быццам канчаецца ноч і не ныюць раны.
Людзі з палону ідуць мне насустрач быццам...
Кожны — жывы, здаровы, уратаваны.

ЖАДАННЕ

Я гладзіла спінкі няўрымслівым водам Дняпра,
Касматым лясам казытала імхоў падпашкі.
Так шмат было гора, ды ўсё-такі — болей дабра
Адмераў мне хтосьці спагадлівы і бязважкі.
Усё, чаго б толькі я ні пажадала знайсці,
Ён шчодра даваў мне — хіба ж наракаць я стану?
Адно засталося жаданне: паспець пры жыцці
Убачыць паўночнае ззянне і смерць тырана.

​​***

Прывыкай спакваля да сукатай кавенькі ўспамінаў,
абапрыся на цупкую памяць і руш пакрысе...
Мы ішлі родным полем — яно аказалася мінным.
І таму — прывыкай — у жывых застануцца не ўсе.
Можа, дзічкамі ўзыдуць з парэпаных паданак веры...
Хай ім вольна расцецца на любай да болю зямлі!
Я кульгаю з радка на радок па пустэльнях паперы.
Нарываюць пад мулкаю кульбаю слоў мазалі.

​​***

Сонца жар-птушкай садзіцца за далеч пагоркаў.
Сонца, пабудзь, затрымайся, падстаў мне плячо...
Як ні гукну “дзе мой край” — у адказ пахне хлёркай,
пахне бетоннай падлогай, крывёй і мачой.
Вось твае сімвалы, мой незабыты і страшны,
Вось твая пайка і вечная шконка твая.
Сонца ўзыходзіць жар-птушкай над новай парашай,
цісне ў грудзях перапоўнены болем валляк.

СТАКРОТКІ

Не стакроткі — стакраты
спавіваюць мае берагі...
Для каго сто трыццаты,
для каго — трыста сорак другі.
Так аракул — артыкул —
затыкае нязгодным раты.
Ні малітвай, ні крыкам
не прабіць гэты мур глухаты.
Здубянелі ў віхурах
непатрэбныя струны дабра —
гэта час таўстаскурых,
гэта тых залатая пара,
тых, хто ў замках лядашчых
чалавечыя жыцці крадзе.
Хай вам поперак пашчаў
стане гэты наедак з людзей!
Хай зямля вас не прыме —
Бог суддзя вам і Бог адвакат...
А мы выйдзем — жывымі,
з поўным сэрцам стакротак, не крат.

​​***

Краю мой, хто табе робу турэмную выкраіў?
Зашмаргай цісне праклятая вузкая пройма.
Тут у пашане цяпер непрыкрытае прыкрае.
Гора бяжыць напярэймы да страху ў абдоймы.
Гора фарсіць дзіраўём, недамеркамі хваліцца,
Гора ўгрызаецца ў цела тваё дзікай зграяй...
З тонкіх варсінак надзеі прадзецца па каліўцы
Вопратка вольнага крою для вольнага краю.

​​***

Аказалася, столькі гадоў мы ішлі па вадзе,
Ігнаруючы покліч здаровага сэнсу — схавацца.
Мы так верылі ў казкі, што баяў нам Дзед-Барадзед,
Мы ляцелі ўсе разам да зор на чале з Пацам-Вацам...
Ды схапіла радзіма за горла да хрусту ў касцях,
Увагнала па вочы ў зямлю — палюбі ці ўдавіся!
Расцякаецца сцежкай крывавай па снезе мой сцяг...
Я іду па вадзе, Беларусь.
Я знайшла твае высі.

Наста Кудасава — паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Аўтарка шасці паэтычных кніг, лаўрэатка некалькіх літаратурных прэмій.