Павал Касцюкевіч у вышэйшых сферах.

Урывак з новага рамана “Гісторыка-культурны бардэль адваката Велікоўскага”.

Мінскі студэнт Зянон Паштальенка ўсталёўваецца на размеркаванне ў Пасольства Старажытнай Грэцыі ў Рэспубліцы Беларусь, дзе патрапляе ў вір галавакрутных прыгод і стракатых персанажаў.

Пасольскі прыём у мінскай оперы

Лыкнуўшы пару зіхоткіх шоцікаў, Зянон падышоў да балюстрады. Зазірнуў уніз. Ля сталоў варочаўся вір стракатага таварыства Старых Пасольстваў. Рухі таго таварыства падпарадкоўваліся нячутнай, але ўладнай музыцы вышэйшых сфер. То прыходзіла яна да суладдзя рухаў або агульнай статыкі. То ішла хваляй — калі адно і тое ж парыванне ідзе з затрымкай.

Гуд дыпламатычнай тусоўкі, усё роўна як месяцовыя фазы і перыяды сонечнай актыўнасці, увагналі Зянона ў зменены стан. Гэтыя цырыманіяльныя перасоўванні па залі нагадвалі стрымана-жарсныя танцы вогнепаклоннікаў або моцна перакручаныя па эпохі Адраджэння. Святло і цені накідалі на твары дыпламатычнага корпуса Старых Пасольстваў макіяж, прыхоўвалі адпрыродныя рысы.

Адусюль ляцелі гукі сармацкіх мазурак і паланэзаў. Мелодыі гарманізаваліся з адметнымі строямі — камзоламі, ліўрэямі,тунікамі. Дзівосныя, перасыпаныя дыхавічнымі гукамі, мовы. Смол-токі, што шапотка накочваліся і сплывалі, як акіянскія хвалі. Выбухі весялосці ад запісных блазнаў. Мілагучныя лёсткі ад штатных падпявал абвівалі суразмоўцу кусцістай пачцівасцю.

Тут, у фае, дыпламаты Старых Пасольстваў усяляк падтрымлівалі камунікацыю, нібыта тая п’яная шлёндра, якая вось-вось паваліцца. Туса адчайна чаплялася за словы, нібыта маўчанне немінуча нясло апаплексічны ўдар абодвум суразмоўцам.

Водар абдушанага пахошчамі і абмазанага прыціркамі таварыства ўздымаўся да ноздраў Зянона ўсё роўна, як дым ахвяры да ноздраў месапатамскага бажка. Сюды на балюстраду падымаўся з фае пікантны жар целаў, распалены дзяржаўнымі таямніцамі і здрадамі.

Са спускам Зянон замарудзіў.

Зянона нудзілі ўсе гэтыя старапасольскія духі, у чыіх нутрах ўсё не так, як звонку. Вабіў іх лад жыцця і думак. Іх грацыёзныя паходжванні па мінным полі. Іх пачцівыя прамовы, у якіх чуваць трайное дно. Усе гэтыя нацыянальныя балахоны, якія мусілі трансляваць спрадвечную прыстойнасць, а насамрэч — хавалі прасторныя поласці з каменнем за пазухай, а ў столках халатаў і світак тоілі джала кінжала. Іх найлепшыя намеры, якімі брукуецца дарога ў пекла. Гуманітарныя ўчынкі, што робяцца выпадкова, па недаглядзе.

Зянон гатовы быў даць руку на адсячэнне, што вось проста зараз, тут унізе, якія тры метры пад ім, гучалі прапановы, якія вырашалі лёсы асобных людзей і нават цэлых мас. Прычым, хутчэй за ўсё, — не ў лепшы бок.

Недзе там, за сценамі оперы пагружаўся ў сутонне тысячагадовы горад, які большасць адведзеных яму эпох пражыў гэтаксама шэра і будзёна. Яго стомленыя насельнікі як і сто, і пяцьсот гадоў таму кіраваліся дадому, каб у цішы і нудзе чатырох сцен закруціцца ў коўдру мрояў і сукрытых жаданняў. Там за вакном, у кожным кутку згушчаўся несправядлівы, нудны, але звыклы і ўтульны лад рэчаў. Але ж тут, за грунтоўным муром опернай цвярдыні, адлясканай чарнакніжнікам Лангбардам, фальшывы дзень толькі разгараўся.

Бліскаючы ўсімі адценнямі і фарбамі, ён усхвалявана абяцаў неймаверныя прыгоды і спаўненне мрой. Зянона працяла думка, што яго сёння ўсё ж узялі ў абарот мацнейшыя за яго сілы, надзеленыя магутай і ўладай. Аднак сілы іншай масці. Зусім не тыя, што кіравалі тэрыторыяй у дзвесці тысяч квадратных кіламетраў за вокнамі оперы. А ён, Зянон, магчыма, сёння атрымаў сваё шчаслівае размеркаванне (пардон, пардон!) у іншае вымярэнне. Насуперак кону не стаў гарматным мясам дзяржаўнай палітыкі.

Ад усяго гэтага наслання карцін і думак у Зянона закруціла галаву. Зачмурыліся глузды. Аднак яго плечы выпрасталіся. А галава, вечна выцягнутая наперад, самавіта падалася назад. Думкі супакоіліся, вярнуўшы душу на месца.

Разам з палёгкай прыйшла жалезная пэўнасць: вось яно, Божа! — тое, чым ён хоча займацца. Прагне сутвом! Зянон падумаў, што абавязкова старацьмецца на новым месцы працы. Ажно будзе выскокваць са сваіх штонцаў. Хаця б дзеля ўсіх тых аднакашнікаў, якім пашэнціла значна менш.

Зянон адчуў, што зараз во пралятае па-над тымі каардынатамі, ў якія хоча прызямліцца і застацца. Дзе яго прыхлопне сваім нясвежым экзэмплярам “З рук у рукі” толькі камендантша Смерць. Ягоныя рукі міжволі раскінуліся ўшыркі. Зянон адчуў, што вось-вось адарвецца і залунае па-над мармуровымі, пакрытымі чырвонай дарожкай, прыступкамі фае мінскай оперы.

Магутны ток пачаў бегчы па венах. Кончыкамі валасоў Зянон адчуў, як акунаецца ў чароўны свет мінскай дыпламатыі. У вір падзей, інтрыг і жыцця. А ўсялякая дробяза кшталту прагі дабрабыту і відзежа трохзоркавага гатэлю — распушчаюцца ў невараці.

Упершыню пасля дзядзькавай смерці пікіраванне на мулкую зямлю з вундеркіндскіх вышынь ужо не падавалася Зянону такім трагічным.

Павал Касцюкевіч (1979, Мінск) — пісьменнік, перакладчык сучаснай ізраільскай, брытанскай і амерыканскай прозы. Скончыў псіхалагічна-сацыялагічны факультэт Тэль-Авіўскага акадэмічнага каледжа, вывучаў рэкламную справу. У 2008 годзе вярнуўся ў Мінск. Першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу апавяданняў “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012). Біблііст і асіёрылаг-аматар. Выдаў кнігу эсэяў пра суплёт беларускай і блізкаўсходняй культуры і гісторыі “Бульба ў райскім садзе. Беларускі праваднік па Старым Запавеце (ТаНаХу)” (2018). Пераклаў творы Курта Вонегута, Этгара Керэта, Джэрома Клапкі Джэрома, Амаса Оза, Дугласа Адамса, Мэндэлэ Мойхер-Сфорыма, Мэіра Шалева і Эліз Манро.