Услед за маршамі, мітынгамі ды эвакуацыямі непазбежна надыходзіць час тэкстаў. Падзеі мінаюць, каб адбіцца ў нашай свядомасці рэхам вербальных канструкцый. Слоўнік не паспявае за рухам гісторыі. Але мае права прамовіць ёй наўздагон. Новы “Ператрус у музэі” — нешта большае за “чарговага Бахарэвіча”. Аўтар вызначаецца на мапе шалёнай эпохі. І запрашае нас у саўдзельнікі.
“Ператрус у музэі” — складанка з шаснаццаці апавяданняў і прадмовы аўтара, аб’яднаных тым, што былі напісаны ў эміграцыі ў аўстрыйскім Грацы. Галоўная тэма — падзеі ў Менску ў 2020-м і 2021-м годзе, але ёсць там і апавяданне пра расейскае ўварванне ва Украіну, і некалькі цалкам лірычных аповедаў.
“Ператрус у музэі” стаў своеасаблівым дазволам пісаць мастацкую прозу пра падзеі 2020 года. Канешне, мастацкія празаічныя кнігі пра беларускія пратэсты выходзілі і да “Ператрусу...” (“За летам Ідзе зіма” Алены Церашковай, зборнік “Расцяжэнне”), але неафіцыйна лічылася, што пісаць пра гэта рана. Бахарэвіч выхадам сваёй кнігі сказаў, што ўжо не рана, ужо можна.
“Таму што найлепшы адказ карнікам і судзьдзям, якія забараняюць і зьнішчаюць кнігі, — напісаць новыя вершы, раманы і апавяданні, бяз страху і цэнзуры, загостранныя, як нажы, дакладныя, як сэкундныя стрэлкі, злыя, як нашыя праклёны ў ранішнім змроку чужых гарадоў”.
Прадмова аўтара
Кніга напісана ў жанры магічнага рэалізму. Часам, чытаючы “Ператрус у музэі”, успамінаеш “Апошнюю кнігу пана А.”. Але чым больш паглыбляешся ў зборнік, тым меней успрымаеш яго як прыдуманыя казкі.
Аднак “Ператрус у музэі” для мяне перш за ўсё вельмі асабістая, прыватная кніга, у якой шмат любові, кахання і пяшчоты. Нягледзячы на вельмі жорсткія апісанні рэальнасці, настолькі знаёмай, што не здзіўляе нават яе магічны бок. Калі чытаеш пра ўчынкі служак дзяржавы, аўтаматычна фіксуеш іх у памяці, каб астатняе сваё жыццё быць сведкам і расказваць пра гэтыя падзеі іншым.
“Таму што я хачу, каб сьвет ведаў — нават пасьля нашай сьмерці — што было ў Менску ў 2020-м і 2021-м. Як мы жылі там, што адчувалі, як нам балела, як мы сумняваліся і верылі, як міналі нашыя дзіўныя дні — дні людзей, у дом якіх аднойчы прыйшла гісторыя”.
Прадмова аўтара
Адной з асноўных тэм зборніка з’яўляецца каханне, але гэта не толькі каханне да жанчыны, гэта каханне да чалавека, каханне да горада, дому, людзей. Калі вы сочыце за жыццём і творчасцю аўтара хаця б па яго профілі ў Фэйсбуку, то прачытаеце “Ператрус у музэі” як аўтафікшн.
“Як сталася, што я пражыў столькі гадоў, ня ведаючы, што ты — мая жонка? Мне падавалася тады, што я толькі што выйшаў на сьвятло, і гэтае сьвятло ішло ад цябе, а ўсё, што было раней, — гэта былі нейкія блуканьні ў поцемках, суцэльныя натыканьні безвач на людзей і прадметы, няўклюдныя спробы жыцьця, пошук твайго прыхаванага, блізкага паху”.
“Іхная Н”
Яшчэ адной асаблівасцю кніжкі з’яўляецца тое, што чытачу прыйдзецца яе не проста прачытаць, але і расшыфраваць. Таму што амаль у кожным апавяданні схавана рэчаіснасць, рэальныя людзі і падзеі, якія адбыліся ці то з аўтарам, ці то з кожным з нас ў сучаснай Беларусі.
Безумоўна, Бахарэвіч не мог напісаць звычайную кнігу пра пратэсты. Для яго, аднаго з самых паважаных сучасных беларускіх аўтараў у свеце, гэтая задача была б вельмі простай. На мой погляд, пану Бахарэвічу было важна задакументаваць тое, што адбывалася ў яго жыцці і жыцці яго краіны, але зрабіць гэта па-мастацку і па-майстэрску, па-бахарэвіцку. І расшыфроўка Бахарэвіча надае яшчэ адзін сэнс чытанню кнігі, таму што яе даводзіцца чытаць паралельна з пошукам інфармацыі.
Канешне, немагчыма расшыфраваць усё тое, што зашыфраваў аўтар, ды і тое, што атрымаецца разгадаць, можа выявіцца не зусім правільнай адгадкай, але ясна адно: вам трэба будзе над кнігай працаваць. Тады перад вамі паўстане і пазнавальны высокапастаўлены міліцыянт, і вядомая беларуская пісьменніца (цікава, канец серыі яе гістарычных кніг Альгерд Бахарэвіч прадказаў ці ён пра гэта ведаў?), і журналісты, і прапагандысты, і загінулы падчас пратэстаў, і вядомы мастак, і многія іншыя.
“Нам усім ёсьць што хаваць — нават тым, хто сёння прагне праўды і адплаты. Ёсьць пытаньні, на якія лепш не шукаць адказу. Я ведаю, што ніколі не змагу патлумачыць ні сабе, ні вам — чаму я вярнуўся сюды, дзе няма мяжы паміж вечнай вясной і вечнай безданьню”.
“Ператрус у музэі”
Тупагаловыя патрыярхальныя чыноўнікі, якія лічаць, што могуць брудна шуткаваць з жанчынамі таму, што ў іх ёсць крэсла і партрэт на сцяне; нахабныя прадстаўнікі сілавых структур, якія ўяўляюць сябе рэмбамі і грэчаскімі багамі; людзі з памерлаю душой; настаўнікі, якія нічога не чуюць і напэўна не бачаць і не гавораць. Усе гэтыя цёмныя вобразы ўвесь час “спрабуюць намацаваць нагамі дно”, але відавочна — у іх не атрымліваецца, таму што з кожным апавяданнем дно апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, набліжаючыся да царства мёртвых.
І на іншым беразе ракі Стыкс застаюцца тыя, хто паўстае з магіл, каб “далучыцца”; хто падчас уварвання ў кватэру грае адрэпетаваную п’есу на піяніна; хто ўцякае ад сілавікоў, трымаючыся за рукі; хто чуе расейскія ракеты, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Светлых вобразаў у кнізе няшмат, і ў большасці апавяданняў гэта не галоўныя героі, але яны ёсць. Мяркую, што аўтар пісаў “Ператрус у музэі” перш за ўсё, каб задакументаваць жах і жорсткасць, тэрор і тупасць, гвалт і гісторыю.
“...ён ехаў і маліўся, каб людзей каля Стэлы сабралася сёньня шмат, ня менш чым мінулым разам. Тады яны ўкрыюць яго, тады будзе ня так страшна, ён пройдзе разам зь імі — калі іх будзе сто тысяч, наўрад ці на іх нападуць”.
“Прачытай гэта шэптам”
Канешне, не абышлася кніга і без самага вядомага жанру пратэсту ў цёмныя часы — сатыры, і такіх яе сродкаў, як гратэск, іронія, сарказм, алегорыя, пародыя і іншыя.
“Ліля паглядзела на мяне з жахам. Ёй зусім не хацелася, каб Макраштаньнік запомніў яе як прадавачку гумовых гімлераў. А ён раптам, апусціўшы вочы, спытаў пра цану. Я назваў.
«А давайце так, — шырока ўсьміхнуўся ён раптам. — Махнёмся, як кажуць. Вы маю кніжку з аўтографам маеце. А я ад вас гэты сувенір... Аўтограф на ім можаце не ставіць, я вас і так запомню»”.
“Як мне вярнулі ружовага Гімлера”
Безумоўна, гратэскам можа здацца і закон з апавядання “Мір камарам”, калі за з’ехаўшых дзяцей тэрмін павінны адсядзець іх бацькі. Першыя звесткі пра замену пашпартоў у Беларусі таксама здаваліся гратэскнымі, як і суд над з’ехаўшымі, а потым і памерлымі, але зараз усё гэта — рэальнасць. Таму апавяданне вельмі лёгка ў адзін дзень можа ператварыцца з мастацкага тэксту ў публіцыстычную нататку, напісаную паводле рэальных падзей.
“«Ды вы не перажывайце. Гэты новы закон — ён жа гуманны. Падумайце самі».
«Ды які ж гуманны, — заплакала жонка. — Дзе ж гэта, каб бацька за дачку...»
«Затое адседзіце — і ўсё, свабодзен, — залапатаў задаволена сьледчы. — За дачку адсядзець — гэта ж бацькоўскі абавязак, можна сказаць. Вашая ж віна таксама ёсьць. Што вы так за ёй дрэнна глядзелі»”.
“Мір камарам”
Хацелася б асобна сказаць пра мову зборніка, але, здаецца, усе ведаюць, што па тэкстах Бахарэвіча можна вывучаць беларускую мову. І нягледзячы на “палітычнасць” большасці апавяданняў, у іх усё роўна шмат мастацкіх сродкаў і лірыкі.
“Хто мы? Яблыкі ў чужых руках — ці нажы? Істоты з тонкай скурай — лёс якіх дагэтуль вырашаюць звар’яцелыя цары і няправедныя судзьдзі. Лепш не трапляцца ім на вочы. Лепш няхай яны ня ведаюць пра наша існаваньне. Вядзіце нас далей, скураныя боты вандроўнікаў, чым далей ад іхных царстваў. Толькі вежа з гадзіньнікам на вяршыні гары — наша абарона ад іхных крывавых дарог, іхных крывавых мараў, іхных залатых кратаў, іхнага бабілёнскага бязьмежжа. Мы — нашая скура. Мы — іхная кара”.
“Сьмерць судзьдзі”
“Ператрус у музэі” — кніга, якая робіць вас саўдзельнікам. Не з-за таго, што вы чытаеце патэнцыйна экстрэмісцкае выданне, а з-за таго, што прачытаць і абдумаць яе мала — вам трэба здабыць тое, што схаваў аўтар. Не думаю, што Альгерд Бахарэвіч карыстаўся эзопавай мовай з-за няздольнасці пісаць у адкрытую. Я ўпэўнена: ён хацеў, каб яго чыталі, думалі, разважалі, гадалі, шукалі, пыталі і знаходзілі адказы.
Гэта кніга створана для дыялогу, для размоў у чытацкіх клубах, на кухнях, у барах. І толькі дзякуючы нашаму шматгалоссю, мы зможам разам знайсці адказ на самае балючае пытанне сусветнай літаратуры — “Што ж так хацеў сказаць аўтар?”.
Скончу эпіграфам, якім Альгерд Бахарэвіч пачаў “Ператрус у музэі”, і які стане першай вашай расшыфроўкай:
Bin ich verurteilt, so bin ich nicht nur verurteilt zum Ende, sondern auch verurteilt mich bis ins Ende hinein zu wehren.
верасень, 2023 г.
Вольга Касцюк — беларуска, жыве ў Новай Зеландыі. Піша на рускай, беларускай і англійскай мовах. Скончыла філфак БДУ (Мінск), два курсы Маі Кучарскай у Creative Writing School (Масква), удзельнічала ў воркшопе Кэры Раян (WLAG), у лабараторыі фем-пісьма “Расцяжэнне”, у семінары Ганны Севярынец “Беларуская класіка па літарах: павольнае чытанне ад Беларускага калегіюма”. Апавяданні апублікаваныя ў зборніку “Расцяжэнне”, у фем- і квір-часопісе FEMINIST ORGY MAFIA, Tint Journal (Austria), PEPPER Magazine (USA), у зiне “ЭББ 2. Что мы наделали?”, у часопісах “Дактиль” ( Казахстан), “Незнание” (Расея) і інш.