Зараслава Камінская нясе цемру ў заплечніку. Урывак з кнігі “Па-Той-Бок. Старыя лялькі, новыя гульні”.

Дзеянне ў гэтай кнізе адбываецца па той бок і па гэты. Па гэты бок — таямнічае знікненне дзяўчыны і з’яўленне новых дадзеных, якія могуць перавярнуць уяўленне пра беларускія традыцыйныя лялькі. А па той бок — тыя ж лялькі выконваюць свае магічныя абавязкі: абараняюць гаспадароў, дапамагаюць змагацца з нячысцікамі, але часам і самі ператвараюцца ў злыдняў. І як заўжды, калі дачытаеце кнігу, зможаце вырашыць, па які бок — вы.

Чорныя лялькі ў маім метро

У дзяцінстве тое, што я магу спусціцца пад зямлю, здавалася мне дзівам. І ўвесь падземны сусвет, нябачны на паверхні, уяўляўся чароўным: мармуровыя лёхі і таемнае жыццё, схаванае ад усіх, быццам бы яго няма. І цябе няма, пакуль ты там.

Першы раз мы з Мірай трапілі ў метро ў класе пятым, падчас школьнай паездкі ў Менск. І гэта ўразіла больш за цырк, больш за Тэатр юнага гледача і кола агляду ў парку Горкага.

— Як у казцы, — сказала Міра, а я ўзяла яе за руку, калі эскалатар на Кастрычніцкай павёз нас глыбей у падзямелле.

Так, раней гэта было падобна да казкі, а зараз для мяне спускацца пад зямлю, пад горад, пад вуліцы і праспекты, пад паркі і дрэвы, — было падобна да падарожжа ва ўласную падсвядомасць, бо там я зануралася ў думкі, якіх не было на паверхні. Гэта быў быццам бы свет бясконцай рэфлексіі, створаны для таго, каб у нас было месца, дзе можна пабыць сам-насам з сабою. Бо тут няма за што зачапіцца воку — уся рэклама праз дзень робіцца незаўважнай — нельга глядзець у акенца вагона, бо там толькі цемра, і застаецца думаць, узірацца ўнутр сябе і там шукаць штосьці цікавае, каб прабавіць час.

Але мне ўзірацца і рэфлексаваць не падабалася, таму я ўнікала гэтага ўсімі магчымымі спосабамі — музыка, падкасты, кнігі. Зараз вось збіралася прачытаць раздрукоўкі, якія адфоткала ў кватэры Міры, — адфоткала, бо аркушы на нейкую там экспертызу забраў Глеб.

Заходжу ў вагон і саджуся на лаву каля дзяўчыны ў байцы. Насупраць яе ўладкавалася старэнькая бабка ў хустцы і з кійком, і яны абедзве глядзяць перад сабою так, каб не перасекчыся позіркамі.

Дастаю айфон, знаходжу фоткі ў фотагалерэі. Відавочна, што гэта тэкст з сайта — тыповая вёрстка, вынаскі, разбіўка. Павялічваю фотку, каб было зручней чытаць, і пачынаю:

“У беларусаў навука рабіць лялек перадавалася з пакалення ў пакаленне. На жаль, сапраўдных навуковых даследаванняў ці пісьмовых сведчанняў пра гэта амаль не засталося — задакументаваныя толькі ўспаміны людзей, якія самі рабілі лялек ці назіралі абрады, у якіх галоўную ролю адыгрывала лялька”.

Набіраю ў пашуковіку частку першага сказа, каб знайсці сайт, адкуль гэты артыкул. Гугл памарудзіў, падвіс, бо ўсё ж інтэрнэт у метро не хуткі, патупіў-патупіў — і нічога не выдаў. Не знайшоў старонкі, дзе б сустракалася такая фраза. Ну добра, яшчэ паспрабую пазней.

“Дзеля таго, каб адшукаць інфармацыю пра лялек і зразумець тую ролю, якую яны адыгрывалі ў народнай культуры, ладзіліся адмысловыя этнаграфічныя экспедыцыі. Сумна гэта канстатаваць, але ў 1930-я збіральніцкая дзейнасць была поўнасцю прыпыненая (адноўлена яна будзе толькі ў 1960-я — 1980-я гады, але і тады музеі абыдуць увагай народную ляльку). Нельга нават уявіць, якая спадчына была страчана ў выніку, бо згубленыя гісторыі тых, хто бачыў народных лялек яшчэ дзевятнаццатага стагоддзя. Апошняя вядомая экспедыцыя ладзілася мастацтвазнаўцамі Расійскага музея этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу якраз у 1930-я: калекцыя беларускай народнай лялькі, сабраная падчас яе, амаль сто год знаходзіцца ў зачыненых фондах музея і чакае сваіх даследчыкаў. Магчыма, менавіта там і захоўваецца галоўная таямніца, якая б дазволіла спасцігнуць народную душу.

Усе вядомыя нам даследаванні расказваюць пра “белую” магію: пра абрадавых лялек, якія выкарыстоўваліся ў магічных рытуалах, і пра лялькі-абярэгі, якія рабіліся, каб абараніць сваіх гаспадароў; таксама захаваліся звесткі пра звычайных, гульнявых лялек, якімі гуляліся дзеткі. Чароўныя лялькі, абрадавыя і абярэжныя, дапамагалі лячыць хваробы, расціць ураджай, знаходзіць шлях, выганяць нячысцікаў з хаты, захоўваць шлюб, зберагаць набытак.

Звестак пра “чорную магію” і чорных лялек не засталося. Але мы ведаем: дзе белае, там заўжды павінна быць чорнае, бо дзе святло, там і цень.

Як доказ гэтага, нядаўна знойдзенае даследаванне невядомага аўтара “Чорныя лялькі ў хатах Віцебшчыны”, якое павінна стаць сенсацыяй у навуковым свеце, бо дае нам уяўленне пра зусім іншы спосаб выкарыстання лялек — не на карысць, а на шкоду”.

Дзверы вагона зашыпелі і зачыніліся, і я заўважыла, што праехала палову шляху, побач няма ні дзяўчыны, ні бабкі, а мне выходзіць праз чатыры прыпынкі.

“У даследаванні, як і ў папярэдніх працах такога тыпу, задакументаваныя сведчанні пра выкарыстанне лялек у абрадах, але сведчанні зусім іншага кшалту. Інфарматары прыводзяць прыклады таго, як лялькі рабіліся саўдзельніцамі, ці, дакладней сказаць, галоўнымі дзеючымі асобамі забойстваў і іншых цёмных рытуалаў. Напрыклад, выкарыстоўваліся лялькі, каб звесці з розуму.

“Мая бабуля расказвала, што калі яна была зусім маленькая, жыла ў іх вёсцы адна жанчына. Муж у яе быў прапойца, біў яе, дык пакутавала яна, бедная. А дзяцей у іх было як гароху, драбнюткія, як пачне той выпівоха сваволіць, дык бягуць яны да суседзяў: “Татка мамку б’е, татка мамку б’е!” Плачуць, за рукі хапаюць, каб суседзі дапамаглі. А што суседзі зрабіць могуць? Натаўкуць яму ў карак, ён супакоіцца, а праз тыдзень ізноў яны прыбягаюць, у вакно стукаюць: “Татка мамку б’е, татка мамку б’е!”

І вось аднойчы ён яе ледзь не забіў: тыдзень на ложку ляжала, зубы з крывёю выхарквала. Спалохалася яна тады, ды не за сябе, а за дзетак, бо як памрэ яна, то з нелюдзем гэтым застануцца. Бегчы няма куды, куды ж яна з маленькімі падзенецца. Няма чаго рабіць, пайшла да ведзьмы. А тая навучыла: вазьмі мужаву старую кашулю ды накруці з яе ляльку, а як будзеш рабіць галаву, то засып туды зямелькі з могілак, дзе нядаўна магілу вырылі.

Так жанчына і зрабіла. І на наступны дзень прыходзіць мужык яе з працы і расказвае: “Іду з поля, цёмна стала, і чую крокі — ідзе нехта за мною. Паварочваюся, стаіць чалавек не чалавек, мяшок не мяшок, з мяне ростам, увесь чорны. Я перахрысціўся — і ён перахрысціўся! Я пабег — і ён за мной пабег! Вось-вось дагоніць, чую, гніллю як са склепа пахне. Але людзі мне насустрач выйшлі, дык і ён знік”. Расказаў — і адразу за дзверы, у карчму, страх свой заліваць. І там усім расказваў, як нехта чорны за ім хадзіў, а ўсе з яго рагаталі, што да чарцей дапіўся.

Тое насланнё з ім да хуткай смерці і засталося. Скардзіўся, што ўначы з дому не выйсці, паўсюль Чорны за ім ходзіць. А пасля і ўдзень пачаў хадзіць, усё рукі цягне, быццам ухапіць і ўцягнуць хоча. А праз тыдзень мужыка ў сажалцы знайшлі, утапіўся. Напэўна, збегчы хацеў ад пераследніка свайго, сляды ў вадзе заблытаць, толькі не выйшла нічога, Чорны ўцягнуў яго-такі.

А жонка з дзецьмі ў хаце засталіся, і самі з гаспадаркаю спраўляліся ці талака дапамагала. І лепей ім было, чым з такім бацькам”.

Зоя Нікіфіраўна, вёска Аляхнішкі

Шмат гісторый прысвечаныя таму, што “чорная” лялька рабілася галоўным інструментам у змаганні з жорсткімі панамі.

“Быў у нашай вёсцы вельмі люты пан. Дзевак псаваў, мужыкоў на стайнях да крывавага поту розгамі засякаў. Паехаў неяк гэты пан на паляванне і белую пальчатку ў лесе згубіў.

Знайшла тую пальчатку маленькая дзяўчынка і дамоў забрала. Кажа сваёй сястрычцы:

— Паглядзі, што я знайшла, вось што пан наш на ручках носіць.

Сястра дзеўка дарослая была, разумная. Узяла пальчатку ды аднесла вядзьмарцы — жыла ў нас у лесе старая бабка, што хваробы загаворвала ды жывёлу лячыла. Не было за ёю ніколі граху якога смяротнага, але ж надта ліхі пан быў. Ды і дзяўчына прасілася: “Выратуйце, бабачка, дапамажыце, хутка і мяне ў палац свой забярэ, мучыць будзе”.

Пагадзілася бабка, але слова з дзяўчыны ўзяла: як паміраць буду, прыйдзеш да мяне і шклянку з вадою з маіх рук прымеш, сілу маю сабе забярэш. Бо не было ў бабкі той ні дзяцей, ні ўнукаў, а як вядзьмарцы няма каму сілу перадаць, дык вельмі страшна памірае.

Пагадзілася дзяўчына: незайздросны лёс — вядзьмаркаю быць, але лепей хоць да чорта ў пашчу, чым да таго пана ў палац.

Узяла тады бабка пальчатку, матузкамі яе неяк абкруціла, і атрымаўся чалавечак — ножкі-ручкі, але галавы няма. Пайшла яна на перакрыжаванне дарог, а што там рабіла, невядома, пэўна, з нячысцікам дамаўлялася. І дамовілася.

А ў палацы панавым якраз новы мур ставілі. Пайшоў пан мужыкоў ганяць: “Што вы камяні крыва ды коса кладзяцё? Чаго мне бруду нарабілі?” І неяк ён пад той мур падышоў і штурхануў што, а тут самы вялікі камянюка бах на яго! Галаву і раструшчыў, як кавун. Без галавы яго і пахавалі. Прыехалі замест яго пан з пані, пляменніцай старога пана, дык і нічога вёска зажыла, нікога новыя паны не крыўдзілі.

А гісторыю гэту я ведаю, бо мне яе бабуля мая расказвала. Так, маўляў, сястра яе вядзьмачкаю стала”.

Марта Паўлава, вёска Халамер’е

Магічная лялька заўжды выступала пасрэднікам паміж гэтым светам і тым: праз яе прасілі патайбочныя сілы аб дапамозе, з ёй перадавалі пасланні даўно памерлым, да яе звярталіся як да акумулятара моцы, што назапашвае патайбочную энергію. І энергія гэта можа быць выкарыстана з добрымі ці, як мы бачым на гэтых прыкладах, злымі намерамі.

У даследаванні прыводзяцца цікавыя гісторыі пра лялек, у якіх пасрэдніцкая функцыя з’яўляецца асноўнай — гэта так званыя “чорныя брамнікі”. Яны былі не проста “пасрэднікамі”, а дапамагалі перамяшчацца паміж тым светам і гэтым. Вядзьмар пакідаў такую ляльку замест сябе, а сам выпраўляўся ў патайбочнае падарожжа. І пакуль яго душа вандравала, шукала адказы, размаўляла з памерлымі, лялька жыла жыццём гаспадара і, напрыклад, завіхалася па гаспадарцы:

“Забалеў неяк у нашага Яўхіма зуб. І завітаў ён да ведзьмака, каб зуб загаварыў ці адвару якога даў. Гукаў-гукаў, але ніхто не азваўся. А ён дахаты вярнуцца ну ніяк не можа, бо зуб так круціць, хоць ваўком вый. Пералез Яўхім цераз плот, зазірнуў у вакенца, мо спіць гаспадар, дык каб пабудзіць.

Вядзьмар, сапраўды, ляжаў з заплюшчанымі вачыма на ложку, а над ім стаяла лялька і нейкім…”

Мой прыпынак, калі ласка, пакіньце вагоны. Яшчэ засталося восем старонак, але і таго, што прачытала, дастаткова, каб здагадацца, што ляжыць у маім заплечніку, спавітае ў махрасты ручнік. Напэўна, гэта і ёсць “чорная лялька” — адна з тых, якія маглі забіць чалавека. Дакладней, пра якіх верылі, што яны могуць забіць чалавека. Цікава, яе ўвогуле можна кранаць рукамі ці на мне зараз нейкі праклён? Напэўна, адказ на наступных васьмі старонках.

Зараслава Камінская. Пісьменніца, аўтарка кніг “Русалкі клічуць” (прэмія “Дэбют”) і “Калядны стол. Некулінарная кніга” (прэмія Цёткі і трэцяе месца прэміі Гедройца). Нарадзілася ў Наваполацку, жыла ў Менску, зараз ў Буэнас-Айрасе. Плануецца, што трэцяя кніга аўтаркі хутка выйдзе ў выдавецтве Рамана Цымберава. Але калі сама аўтарка зможа ўзяць яе у рукі — пытанне, бо аўтарка будзе знахадзіцца ад яе па той бок акіяна.