Назоўнае і вінавальнае. Артур Камароўскі пра трапяткую летуценнасць быцця.

У гэтым цыркусе пераходнага перыяду з ніадкуль у нікуды нам застаецца няшмат. Позірк і подых. Хуткаспелае шчасце. Менскае лісце і варшаўскія трамваі. Пячатка ў пашпарце. Чужыя кватэры. Яблык напалам. Падманная бяспека і неадваротнасць развітання. А яшчэ почырк паэта, здольнага дадаць усяму гэтаму трохі сэнсу.

;

гэта было даўно
да таго як мы плавалі ў вечнасці
стукалі ў дзверы
каб выйсці —

ты была соллю і ружаю
і малаком
(мы пілі яго
не адчуваючы смаку) —

нам выдалі зыркія грошы
і пукаты рэльеф
мы за іх ухапіліся

выйшлі

рупліва навобмацак
поўзалі ў крохкім сусвеце
пазначаючы слінай хады
ўказальным давалі імёны —
рэкам і горам

(рыбка ў рацэ ды не)

што расказаць табе пра гэты горад?

ён не малы й не вялікі
а роўны сабе
пунсовыя шчокі яго
відаць з вышыні
я люблю дакранацца да яго
няўрымслівых пальцаў
цалаваць падэшвы
дзьмуць на ранкі (як ты на мае)
яго падзяляе
заўсёды халодная
плынь горкіх слёз
ягонае цела гарачае
нібы сонца ніколі адсюль не сыходзіць
ён ідзе да мяне
бы сабака
сядае на калені і слухае словы

я кармлю яго соллю
і ён ідзе следам

(ці яна?)

горад дзе кожная літара
распілаваная пілою вайны
прарастае
нарцысам

;

лепшыя вершы пішуцца на вашай скуры
каб пасля быць выпхнутымі вонкі

(таму ён так часта мяне цалуе
нібы хоча іх рас- дыхаць
і вы- чытаць)

у дзяцінстве вы дыктавалі мне
крокі і ўдыхі
але ўрэшце мне ўдалося
вы- лечыць вы- лецець

і цяпер я дзіўная рыбіна
што памірае сярод бетону
(зрэшты ўсе мы выйшлі з вады
паміраць)
у гэтым месцы
створаным каб вы- дыхаць

больш за ўсё я люблю паміраць
у скверы Багдана Вадзічкі
вы- зіраючы круглым вокам
створаны Кштыштафам
сілуэт майго бацькі
даўно вы- ветраны
і забыты

(таму я заўсёды шукаў яго
сярод іншых мужчын)

хоць і ведаў
што ён заснуў
і яму не хапіла паветра ўдыхнуць
каб прачнуцца

я пішу свае вершы
прадзіраюся праз карані
вы- дыхаю
і яны разлятаюцца галубамі
па чужых падаконнях маёй краіны
за- зіраюць у вокны
маўчаць

;

а сярод ночы раптам спрабуеш пачуць
што пакуль застаешся —
цешыцца гэтай дрыготкай нотай
акордам
тым
як пахне сырая зямля напрадвесні
як ён спіць цераз прорву ў два крокі
ад твайго асобнага ложка

пачуць
як яно ткнецца
навыперадкі з табою
пакуль ты перамагаеш

дакрануцца рукою паслухаць
палічыць палячыць
бестактоўна сачыць за танцам
трапяткога сочыва

так шмат існуе дзеясловаў ва ўсіх нашых мовах
і кожны з іх недастатковы
каб уваскрасіць лёд

(cor cordis)
толькі назоўнае
і вінавальнае

мне б хацелася разабраць камяні
да празрыстага пылу
з крывяністых фабрык па вытворчасці вечнасці

разбудзіць яго ранкам
трымаючы мёд на губах
сказаць

вось
гэта ўсё што засталося ад смерці
дзе б яна ні была

;

знадворнае і ўнутранае
спаміж
берагам левым і правым
на кончыку лёду я чую
хрусткае водгулле рэха

так сыпле мяцеліца слоў
на падушку трывання
пакуль ён гуляе пальцамі
над рэкамі музыкі

кладзе ў мае рукавы
варшаўскае лета
podręcznik miłości

ловіць дыханнем
мурашыныя песні

я ведаю гук
калі падае шышка сасны
на твар моху
як клічуць ліпеньскія ліхтары
жамяру
як яго скура прачынаецца
і пазяхае
як памерлыя вітаюць жывых
як уцякае возера
за бабуліным агародам

я ведаю гук
калі спее ў горадзе вішня
і смягне
як перамаўляюцца ногі маіх мужчын
у кароткіх шортах
што хоча прамовіць вада
левага боку Віслы праваму
ведаю гук здымных чужых кватэраў
гук самалётаў

я магу перакінуць мост
з ніадкуль у нікуды
і ён будзе дыхаць
пакуль не прачнецца мядзьведзь

пакуль тыя хто хоча вярнуцца
вернуцца
пакуль застануцца тыя
хто хоча застацца

пакуль спаміж цішыні
нашыя стрэлы не змокнуць
і не лягуць у шырокай траве
пяшчотныя ўздыхі
рамо

;

there wasn’t enough
каб прачнуцца саспелай восенню
побач з печчу
дзе нараджался цеста

а цяпер мы ідзём далей
збіваючы ногі ў пыл
па здранцвелых дарогах вайны

і вакол гэтай горкі
круцяцца дзеці —
забытыя і нічые

напэўна так выглядае канец —
малако кардамон разынкі вачэй
чорнае прада з чырванню літар
спелыя вішні на тратуары
цемра моста і ўздыхі трамваяў
усё
што мы можам схаваць
ад вартавых у кішэні

вецер сядае на пераноссе
і пазяхае

я кладу ў далоні табе
водар вуліц
пахі паслядажджавых праспектаў
вечнае лета
вусціш маўклівай цемры
і пошчак світання

трапяткі бергамот
vrai з rue boudreau
будзе сцежкаю да мяне

пакуль свет захлынаецца
ў роспачы і немаце
я ўдыхаю
цябе

;

адсюль вылузаюцца
мае жоўтыя трамваі
і бягуць
пераскокваючы скрыжаванні
нібы мурашы

тут лёгка згубіць і згубіцца
але дзякуй правай назе —
выпаўзаеш шчаслівы і сонны
ў скарышэўскі
ляжаць у траве зазіраючы небу ў твар

(тонкая нібы паветра
тоўстая нібы сукно)

што ляжыць паміж намі?
выкшталцонасць Варшавы
тбіліскія вінаградзіны
львоўская вастрыня
мінскае лісце

малюск майго цела
спрачаецца з гэтым светам
перамагае

нам застануцца
шнары
раны
ямы

мы —
забытыя дзеці
заблытаныя і нямыя —
языкамі намацваем выйсце
там
дзе нічога няма

толькі вечнасць травы
мурашыная песня
горад — спелы яблык
падзелены папалам

і ён —
жоўтае зерне трамвая

Артур Камароўскі — паэт, мастак, перакладчык, рэдактар, куратар. Удзельнік ВІА “Красный Борщевик”, рэдактар інтэрнэт-часопіса TAUBIN. Аўтар паэтычных кніг “Вада пачынае жыць” (2020, прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча), “Corpus Vile” (2023) і “Я і ёсць забаронены сцяг” (2023). Перакладае з польскай, украінскай і шведскай моў. Удзельнік шматлікіх міжнародных арт-фестываляў і выстаў: Performensk (Мінск, 2019), Carbonarium (Кіеў, 2019), Now (Тбілісі, 2021), THE BLUE OF HIGH ZENITHS (Тбілісі, 2024), Archipelago | Soil Salt Flour (Тбілісі, 2023).