Той дзень нічым не адрозьніваўся. Зьезьдзіў у “сельпо” па батон, падмёў, зьеў цукерак. Толькі палез на печ гуляць у тэтрыс, як пачуўся скрыгат весьнічак — прыйшла цётка Ліпа, найлепшая бабавая сяброўка.
Труна
У адлюстраваньні трумо заўважыў сябе, хмурнага, у сонечным пустым пакоі. Старая падлога парыпвала пад нагамі. Волкі пах пылу, печы, старых падушак заспакойваў, нагадваў пра дзяцінства, калі час быў бясконцым і глейкім, поўным сакрэтаў, мараў ды нуды.
Тут праходзілі ўсе мае школьныя вакацыі. Але цяпер прыгадваецца восень, калі дзень кароткі, а часу ў ім — мора. Памятаю, як прачынаўся рана ад гукаў з куханькі: баба ўжо гатавала сьняданак. Умываўся халоднаю вадою з рукамыйніка, насіў ваду, езьдзіў роварам да крамы, гуляў з бабаю у карты, калі тая мела настрой. Нават рабіў, што задалі на вакацыі, бо часу хапала зь лішкам. А заняць вечары чымьсці, каб легчы пазьней за дзявятую, было сапраўды няпроста.
Той дзень нічым не адрозьніваўся. Зьезьдзіў у “сельпо” па батон, падмёў, зьеў цукерак. Толькі палез на печ гуляць у тэтрыс, як пачуўся скрыгат весьнічак — прыйшла цётка Ліпа, найлепшая бабавая сяброўка.
Часта па абедзе яны хадзілі так адная да адной. Пілі каву, гутарылі аб навінах, суседзях, сям’і. Мне хутчэй было нецікава, ды й кавы ніколі не прапанавалі. Гэтым разам размаўлялі ціха, амаль паўшэптам.
— У суботу ж Дзяды, Пятроўна, — сказала Ліпа. — Нашая Ганна, паштальёнка, першы год да Валеркі, сына, пойдзе на могілкі…
— Такі малады ўмёр, страшна падумаць. Яшчэ не было і сарака гадкоў.
— Ой не кажы. Калі маладыя паміраюць — заўсёды бяда.
Яны ўздыхнулі, адпілі па глытку кавы. Некаторы час трывала цішыня. Потым Ліпа спытала:
— А памятаеш Юсту, са сьмілавіцкіх? Як мы ў школу яшчэ хадзілі.
Баба няўпэўнена хітнула.
— Памятаю, што маладую пахавалі яе. Але ж то было так даўно.
— Дык ты ня ўсё тады памятаеш. Мне Галіна заўчора распавяла — яна сяброўкай Юставай сястры была.
Каўтнуўшы яшчэ кавы, цётка Ліпа распачала аповед.
/
Юста, як была малая, шмат хварэла. Пан лекар толькі паціскаў плячыма, а шаптуха Аўгіньня тады ўжо была нябожчыцаю.
А тата Юсты быў добры майстар — стэльмах, сталяр. Дапамагаў і як хаты будавалі, і з мэбляю. І труны рабіў, ня толькі на сваіх памерлых, часта суседзі ў яго замаўлялі. Моцныя, як мае быць, труны выходзілі. І па росьце заўсёды як па мерцы.
Дык вось неяк рабіў новую труну, на нізенькую бабульку з дальшага краю вёскі. То малая Юста як прыпадашная ўпала ля яе й крычэла так, што ажно ў Верхлесе чуваць было. Крычала, што хоча сваю труну, каб тата сам зрабіў, ажно пасінела. Тата паабяцаў, каб супакоіць. Зрабіў труну, паставіў дошкі ў клець. Прастаялі восем год.
На дзявяты год пачалі знаходзіць здохлых куранят, ката, нават трусіка — усё ля тых трунных дошак.
Казалі, Юста пачала сябе дзіўна паводзіць. Яшчэ больш забляклая стала, пад вачыма пачарнела. Прагаварылася сяброўцы, што сьніць сны. Як першы раз былі знайшлі куранё мёртвае, прысьнілася ёй тая труна, толькі ў ёй ляжыць сястрыца ейная. Юста прачнулася ды ў плач: ладзілі яны зь сястрою, ды дзеткі ў той малыя былі, іх шкада. Другі раз, як памерлага трусіка ў клеці былі знайшлі, прысьніла Юста, што маці ў труне ляжыць. Прачнулася знову ў сьлёзах. Бяз маці якое б жыцьцё было? Ні парадку, ні ласкі. Трэці раз, як ката струпянелага было знайшлі, ноччу сьніла Юста тату ў труне. Прачнулася ўся ў поце, сэрца калацілася. Бо грэх вялікі нават думаць пра сьмерць айца.
Сьнілася Юстцы труна яшчэ толькі раз. І сказана было ў сьне, што на ёй грэх і як сама не пакладзецца ў тую труну, то труна кагось забярэ.
Так адным ранкам знайшлі Юсту ля той самай клеці… Ляжала там, маладая, прыгожая, бялёсая — такая ж самая, як хадзіла апошнія тыдні перад сьмерцю.
Што цікава: як харанілі яе, то кудысьці зьніклі амаль усе цьвікі з гаспадаркі, ледзьве хапіла, каб гроб забіць. Хаця ж тата яе майстар, у каго, як ня ў яго, быць цьвікам?…
Гаравала ўся сям’я, а сама больша маці. Паўсюль у хаце хадзіла са здымкам Юсты: гатуе — то паставіць ля печы, перад сном — ля ложка пакладзе рамку. “Зорачка мая”, — усё прыгаворвала.
Дык уяві сабе, Пятроўна, на першыя Дзяды пасьля пахаваньня прыходзіць маці на могілкі ды бачыць — цьвік ляжыць ля крыжа. Як нібы Юста з таго сьвету перадала. Той ноччу пабачыла яна сон з дачкою. Юста прыйшла й кажа: “Хопіць мяне за сабою цёгаць, павесьце куды на сьцяну, на цьвічок, мне тут сьлізка ды халодна ад сьлёзаў, што на мяне крапаюць”.
Так яны тады й зрабілі…
/
Пра што размаўлялі старыя далей ня памятаю, але яшчэ доўга моўчкі ляжаў, ці то крыху спалоханы, ці то проста задумлівы. Перад вачыма ўсё стаяла тая труна ў цёмнай клеці.
Калі цётка Ліпа пайшла да сябе, баба ўлучыла тэлік ды прылягла. Я слухаў манатонныя гукі тэлевізыі, зьмешаныя з бабіным пасопваньнем, і паволі, сам не заўважыўшы як, праваліўся ў сон.
/
У тым сьне я самотна хадзіў па пустой хаціне. Там не было ані мэблі, ані посуду, ані вокнаў. Сеўшы на ровар, паехаў да крамы, але яе не знайшоў.
З прыгорку даносіліся галасы. Я йшоў на іх і неўзабаве апынуўся на вясковых могілках, што хаваліся ў цяністай дуброве. Блукаўшы па сьцяжынах, я ўглядаўся ў пліты, чытаў прозьвішчы ды імёны і ў момант іх забываў. Маю ўвагу прыцягнуў стары крыж, абвязаны ручніком ды сьвянымі стужкамі. Пад крыжом стаяла старая, але дабротліва змайстраваная рамка з фотаздымкам. На ім пекная маладая кабета насупраць тканага дывана. Твар быў спакойны і пусты, толькі вочы выдавалі цень парухі.
Раптам я заўважыў срэбнае зіхаценьне ў зельлі збоч крыжа. Нахіліўся й дастаў з травы навюткі цьвічок. Складана патлумачыць чаму, але я хутка схаваў той цьвік у кішэню ды сьпехам адышоў ад могілак і рушыў далей сьледам галасоў.
На самым ускрайку дубровы я нарэшце сустрэў людзей. Невялічкі натоўп быў пераважна з маіх сваякоў. Выглядала сустрэча дзіўна. Усе гаманілі, елі, чаркаваліся на пустцы на краю могілак. Я знайшоў усіх: маці з татам, стрыечных братоў, дзеда, нават цётку Ліпу і іншых суседзяў. А бабы не было відаць.
Я разгублена праходзіў углыб натоўпу, а людзі маўкліва глядзелі на мяне й час ад часу лопалі па плячу.
Баба стаяла наўзбоч і паглядала на радзіну. Калі ўбачыла мяне, то лагодна ўсьміхнулася. Я падышоў. У ейных руках была блакітная бляшаная скрыня з-пад печыва.
— Што тут адбываецца? І што гэта ў цябе?
Баба нічога не адказала, проста адкінула вечка скрыні. Усярэдзіне ляжала складзеная хустка, плястыкавы руды грабянец ды грошы, шмат, мо з трыста тысячаў. Я толькі быў хацеў запытаць нешта яшчэ, але баба перапыніла.
— Не пераймайся, саколік. Скрыні гэтай маёй яшчэ доўга не ўбачыш. Пакуль валасы срэбныя ня стануць, як той цьвічок. А зараз аддай яго.
Я выцягнуў зь кішэні цьвік ды закінуў у скрыню. Баба зачыніла вечка — і я прачнуўся.
/
Бабу пахавалі на ўскрайку той самай дубровы.
Потым у цішыні вярнуліся да хаты. Тата закурыў на ганку, маці пайшла ставіць імбрык. Я зайшоў у вялікі пакой. Тая самая блакітная скрыня з-пад печыва стаяла на палічцы трумо. Я не адважыўся яе адчыніць, бо ведаў, што там пуста.
Скразьняк паварушыў фіранкі, і цёмная тканіна, што завешвала люстэрка над трумо, сасьлізнула долу. У адлюстраваньні заўважыў сябе, хмурнага, у сонечным пустым пакоі. На скроні паблісквала сівая пасма.
Варшава, жнівень 2026

