Глобус Глобуса. Амаль юбілейнае.

29 верасня мастаку і літаратару Адаму Глобусу спаўняецца 65 год. Да гэтай даты на рэдакцыйную пошту прыйшоў ліст ад Нарцысы Замалодчыкавай. Яна паразмаўляла з пісьменнікам напярэдадні юбілею і зрабіла з гэтай размовы невялічкі тэкст. Прапануем яго вашай увазе.

БАЛАНСЫ І ГАРМОНІІ
АДАМА ГЛОБУСА

Частка 1. Дом

Я дома, і ў мяне ўсё добра.

А дом для мяне — блізкія людзі. Людзі, з якімі я жыву, якіх я люблю і якія любілі мяне.

Чалавек нараджаецца, і яго любяць проста так. За тое, што ён ёсць. З часам яго любяць усё менш і менш. Але ён пачынае больш любіць. Жанчын, дзяцей, унукаў.

Дом — гэта людзі.

Увогуле я лічу, што мы не зусім самі па сабе. Для мяне чалавек — гэта яго сям’я, яго дом і блізкія. Частка мяне ў маім бацьку, а частка — у дачцэ. Гэта таксама Я.

Мы нараджаемся, і мы яшчэ частка маці і ў нейкай ступені — бацькі. Безумоўны працяг дзеда і бабулі.

Спакусліва сказаць: “Я цэнтр сусветаў”. А я кажу: “А вось ты не цэнтр сусветаў, ты працяг”.

Частка 2. Літары

Недзе ў інстытуце, калі я пачаў пісаць, з’явіўся Адам Глобус.

Вырашыў, што ганарар будзе блытацца. Такая чыста тэхнічная праблема, бо па-руску і я, і бацька запісаны аднолькава — Адамчик В. В.

Для мяне заўсёды прыкладам быў Пікаса. Яго бацька таксама быў мастаком, і даволі паспяховым. Таму Пікаса вырашыў, каб не блыталі яго з бацькам, узяць прозвішча маці.

Да таго ж у беларускай літаратурнай традыцыі ў большасці пісьменнікаў псеўданімы. І Колас, і Купала, і Танк.

Я не вельмі арыгінальны ў гэтым, але галоўнае тое, што раўнавага для дзвюх сямей у маім імені. Тым больш мне заўсёды здавалася, што маці занадта многа ахвяравала дзеля мяне і брата, дзеля бацькі і сям’і.

Частка 3. Толькі не гавары маёй маме

Сям’я — найвялікшая каштоўнасць.

У сучасным прагрэсіўным свеце такая непапулярная думка. Не кожны згодзіцца, што сям’я — аснова чалавецтва.

Мы звыклі ўспрымаць, што асоба можа канфліктаваць і ўступаць у нязгоду з асяроддзем. Але справа ў тым, што калі асоба ўступае ў канфлікт, то асноўная падтрымка яе — сям’я.

Чым мацней дзяржава, тым больш жорстка яна ставіцца да сямейных каштоўнасцяў.

Мне важна, каб сям’я была ў прыярытэце. Я ўвесь час разглядаю старыя фотаздымкі з маімі прадзедам і прабабкай. Малюю іх, імкнуся пачуць іх галасы, што яны мне падкажуць… Яны больш важныя і больш значныя, чым я.

Частка 4. Анёл

Мне бліжэй за ўсё ідэя, што свядомасць складаецца з чатырох частак.

Адна частка — рэлігійная. Кожная чацвёртая думка ў цябе пра рэлігію. Думка тая можа трансфармавацца. Можа быць паганскай, будыйскай ці хрысціянскай. Рознай, але яна рэлігійная. Галоўнае, што ёсць прыняцце нечага больш значнага, чым чалавек.

Яшчэ адну частку свядомасці займае ўсё, што звязана з эротыкай, сэксуальнасцю і працягам роду.

Для мяне яны раўназначныя. Там дзе скончыцца рэлігія, там можа пачацца эротыка. А ўжо там, дзе скончыцца эротыка, то пачнецца мастацтва.

Мастацкае бачанне свету — яшчэ адна чвэрць нашай свядомасці.

А апошняя частка — рацыянальнасць — матэматыка і навука. Чалавечыя думкі пра тое, што свет можна паправіць і ён стане лепш.

Калі людзі пачынаюць сцвярджаюць, што ў іх усе думкі толькі пра рэлігію ці толькі пра навуку… мяне такія людзі палохаюць.

Таму што ўзнікае дысбаланс, няпраўда.

Частка 5. Адзінота на стадыёне

Калі мне робіцца сумна з пісьменнікамі, то іду да мастакоў. А калі з імі сумна, то я іду да рэстаўратараў. Калі сумна з рэстаўратарамі, то я іду да бібліятэчных супрацоўнікаў.

Калі мне сумна ці я разумею, што не надта патрэбны, то я сыходжу. Я не люблю гэтак званай “зацятай” вайны за ордэны, прэміі і званні. Таму што я магу сесці, намаляваць малюнак і прадаць яго.

Частка 6. Play.by

Калі акно квадратнае, то вітраж павінен быць квадратны.

Калі акно круглае, то і вітраж туды патрэбны круглы.

Таму ў час малявання трэба ўяўляць кватэру, у якой будзе вісець твая карціна.

Напісаць ці намаляваць трэба так, каб малюнак ці тэкст не забанілі, не заблакавалі ў Фэйсбуку.

Акно квадратнае і вітраж квадратны.

Нас вучылі ў інстытуце падпарадкоўвацца і не лічыць гэта знявагай. Бо ты ўсё роўна мусіш падпарадкоўвацца... эканамічнай сітуацыі, сямейным абставінам. Дык атрымлівай з гэтага радасць.

Частка 7. Дамавікамерон

Калі б не ў Беларусі, то я б хацеў нарадзіцца ў Рымскай імперыі.

Па-першае, у мяне прозвішча Глобус — цалкам лацінскае.

Па-другое, калі я прыехаў у Рым, то адчуў сябе сваім. У Калізеі мне нармальна. Я іду па Рыме, а ў мяне там пра дарогу запытваюцца.

Імперыя, якая вынайшла архітэктурную форму аркі, якая стварыла аквідукі. Іх непаўторныя літаратурныя і скульптурная шэдэўры.

Я лічыў, калі Еўропа аб’ядноўвалася, то ў школах трэба было ўвесці лацінскую мову. Англійская мова добрая, але яна прайграе лацінскай.

Вергілія трэба вярнуць.

Зараз час англійскай мовы, але я лічу і бачу, што іспанская мова прэтэндуе на званне міжнароднай мовы. Таму што гэта мова Паўднёвай Амерыкі. Лацінская :)

Частка 8. Смерць — мужчына

Самы галоўны абавязак сучаснага беларускага пісьменніка — мова. Захоўваць яе, вывучаць, даследаваць і ўдасканальваць. У параўнанні з усімі суседзямі вакол нас, то ў Беларусі моўнае пытанне — number one.

Бо пісьменнік той, хто працуе са сваёй мовай, шануе яе і зберагае. Пакуль мы жывём і пішам на ёй, то і мова наша жыве.

Беларускай літаратуры на рускай мове не існуе. Таму што няма рускай літаратуры на беларускай мове. Тыя, хто кажа, што яны беларускія пісьменнікі, якія пішуць па-руску, тыя робяцца проста рускімі пісьменнікамі. І да беларускай літаратуры ніякага дачынення не маюць.

Пакуль мы пішам па-беларуску, ёсць беларускі свет.

Таму і Адама Міцкевіча можна аддаць нашым сябрам з Захаду і пакінуць у спакоі. Тым больш што ў нас ёсць свой Міцкевіч. Нічым не горш.

Частка 9. Сшыткі

Усім літаратурам нечага не хапае. І заўсёды хочацца кожнай культуры нешта да сябе дадаць, раскрыць.

Калі ты нешта дадасі да сваёй роднай літаратуры, то яна будзе квітнець і расці. Кожнаму важна няспынна ўзбагачаць, напаўняць літаратуру тым, што актуальна ў краіне і свеце.

І я перакананы, што няма ў свеце літаратурнай формы, якая б не легла ў рэчаіснасць беларускай літаратуры. Проста, можа, яшчэ не знайшоўся чалавек, які б ажывіў іх у нашай мове.

Частка 10. сУчаснікі

Я ніколі не думаў, што Караткевіч стане класікам беларускай літаратуры. Тады ніхто пра яго так не думаў, з асяроддзя. Бо Уладзімір Сямёнавіч быў такі любімец дзяцей і пісаў аповесці для дзяцей. А ўсе прэміі атрымлівалі Быкаў і Мележ. Вось яны лічыліся вялікімі.

А потым усё змянілася... І так усё змяняецца ўвесь час.

Таму калі ты назіраеш вось гэтыя метамарфозы бясконцыя, то не застаецца месца зайздрасці. Бо сёння вялікі адзін, а заўтра — іншы.

Зайздрасць — форма любові, але нейкая крывая, якую трэба параўняць.

Мне даспадобы верыць у сябе і сваю зорку. Што ў мяне ёсць свая зорка, мне трэба да яе ісці і яна мне дапаможа. Я думаю, што гэтая вера для чалавека вельмі важная, рэлігійная нават.

Трэба проста прыняць, што ты свой шанец не прапусціш. Усё тваё да цябе дойдзе, як бы там ні было.

А калі ты робішся вядомым, не істотна — сусветна вядомым ці адносна, то трэба ісці да дзяцей. Вучыць іх спяваць, маляваць, пісаць. Бо калі б Джон Ленан ішоў з дзецьмі, то яго б не застрэлілі.

Частка 11. Парк

Канструктыўная крытыка існуе, але такі погляд на рэчаіснасць з’яўляецца пэўным светапоглядам. Я такім людзям не зайздрошчу.

І калі Кант называе свой твор “Крытыка чыстага розуму”, то я б не хацеў мець такі погляд на жыццё.

У кожнага пісьменніка павінна быць кропля крытыкі, ну каб проста не ператварыцца ў графамана, але мусіць быць мяжа. І ў мяне гэтая крытычнасць ёсць, але я навучыўся балансаваць. Паміж крытыкай і прыняццем.

[Частка 12. Досціпы]

У мяне ніхто ніколі не пытаўся, а ці люблю я апалонікаў.

Ведаеце, а я ў дзяцінстве так іх любіў! Прыходзіў на балота, яно называлася Захар’яш. Яны там плаваюць… харошыя.

Я іх так люблю. І вось ніколі ніхто не запытаўся, ці люблю я апалонікаў.

Таксама можаце паслухаць падкаст “Адкуль бяруцца кнігі” з Адамам Глобусам.