“Нашы сьвятлівыя целы”. Урывак з рамана Алёны Глухавай, пераклад с французскай Сяргея Шупы.

Айчыннае літаратурнае замежжа — асобная тэма. Вальжына Морт, Вольга Гапеева, Таццяна Заміроўская, Алёна Глухава, Саша Філіпенка... Белліт іншай хуткасці і новай якасці. Нашы кніжкі. Нават калі аўтарка прамаўляе па-французску.

Самотныя метэарыты ўначы

Мой муж перастаў мяне кахаць.

Ён паінфармаваў мяне пра гэта дыстанцыйна ў жніўні 2019-га. Я была ў кавярні ў Менску, ён — у нашай кватэры ў По. Я глядзела на размытыя колеры яго твару, дэфармаванага дрэннай сувязьзю, я ўсё яшчэ знаходзіла яго прыгожым, крыху мэлянхалічным. Да мяне падышоў афіцыянт і папрасіў заплаціць, кавярня закрывалася.

Я выйшла на ходнік, села каля дзьвярэй, дзе яшчэ ўдавалася злавіць вайфай, ператэлефанавала яму. Ты ўпэўнены? Магчыма, гэта было не найлепшае, што можна было спытацца ў чалавека, які толькі што прызнаўся ў сваім некаханьні.

Я спрабавала падладзіць сваю ўнутраную цішыню пад гудкі машын у гадзіну пік. Я хацела быць у нейкім іншым месцы, але больш не магла рухацца. Перамяшчацца значыла б ператвараць цяперашняе ў мінулае. Я хацела б заставацца недзе ў дарозе, у падвешаным стане.

Праз паўгадзіны прыехала мая сяброўка Ірына, я была на тым самым месцы, у яе ў руках былі два кубачкі ад кавы, напоўненыя чырвоным віном. Геамэтрыя гісторый каханьня разладжаная, сказала яна мне, — мы супадаем, але на кароткія моманты, а потым ня ведаем, як сустрэцца зноў. Віно было вельмі кіслым, на вуліцы было холадна.

Ірына ішла побач са мной, мы моўчкі пераходзілі вуліцы, здольнасьць гаварыць вярталася да мяне не адразу, урыўкамі, якія я спрабавала ўхапіць. Нешта адначасова штурхала мяне наперад і цягнула назад, я была чужая сваім рукам і нагам. Ірыніна маўчаньне суцяшала. Яна проста казала мне направа, або чырвонае, пачакаем, бо, відаць, я была не зусім тут.

Адкуль гэты акцэнт? часта пытаюцца ў мяне.

Каб адказаць на гэтае пытаньне, я бяру аркуш паперы і малюю дзьве кропкі: адна — гэта горад Менск, дзе я нарадзілася, а другая — горад, дзе я знаходжуся ў гэты момант — Парыж, По, Сэн-П’ер-д’Альбіньі. Я злучаю гэтыя дзьве кропкі лініяй і запісваю колькасьць кілямэтраў: 2055, 2670, 2037. Прайшло дзесяць гадоў, як я выехала.

Я думаю пра сваю бабулю, якая праехала ўсю Расею на цягніку, ёй было 26 гадоў. Я заўсёды ўспрымала як перабольшаньне тое, як пра гэта звычайна расказвалі ў сям’і. Да таго дня, калі празь некалькі месяцаў пасьля яе сьмерці я раскрыла карту Расеі і патэлефанавала маці, каб спытаць, дзе пачатковы і канцавы пункты. Пены, сказала мама, маленькая вёсачка на мяжы з Украінай, і Хабараўск, на мяжы з Кітаем. Паміж імі — 8173 кілямэтры.

Сёньня я ўяўляю сваю бабулю ў цягніку, чорныя і сінія ночы, дні з пахмурным небам, ідзе дождж або сьнег, часам ёй трэба зацягнуць фіранкі, каб схавацца ад сьляпучага сонца, што зьяўляецца ніадкуль. Яна глядзіць, як прабягаюць лясы, у гэтым рухомым краявідзе яна, магчыма, спрабуе ўявіць сваё будучае жыцьцё, пра якое яна ня мае ніякага ўяўленьня. Напэўна, яна ўпершыню ехала ў такое далёкае падарожжа, гэта былі ўцёкі. Ня ведаю, ці яна ўзяла з сабой дастаткова цёплага адзеньня, колькі ў яе з сабой было грошай. Якія размовы яна вяла зь іншымі пасажырамі? Ці мусіла яна хлусіць, каб не прызнацца ў галоўнай прычыне свайго падарожжа, ці назвала яна сваё сапраўднае імя?

Адкуль твой акцэнт? Гэтае пытаньне вядзе мяне ў розныя месцы, але вельмі часта я бачу лес: гэта начны лес, я бягу празь яго, адчуваю вогкі туман, бачу вельмі высокія сосны. Я ведаю, што іх ствалы ахоўваюць мяне, гэтыя далёкія вершаліны, трэба падняць галаву і заставацца так, пакуль не забаліць шыя, я магу лічыць зоркі, злучаць іх у новыя сузор’і.

Калі я адчула, што мне зручна быць у падвешаным стане? Я села на цягнік зь Менску ў Вільню, потым самалёт, перасекла паветраную мяжу Францыі і засталася там. Я ня думала, што гэта здарыцца, так адбылося. Мая француская мова недасканалая, і ў мяне ёсьць акцэнт. Часам мяне не разумеюць, я складаю дзіўныя, няясныя фразы, размаўляю ня вельмі гучна. Гэта бянтэжыць тых, хто да мяне зьвяртаецца, гэта патрабуе ад іх большай увагі.

Магчыма, гэтая моўная дысфункцыя служыць для таго, каб нас перапыніць. Неразуменьне — гэта добры пачатак: мы спыняемся і спрабуем быць сапраўды тут.

За тры месяцы да таго, як даведацца, што мяне больш не кахае той, хто ўсё яшчэ быў маім мужам, я здала на правы. Урокі язды прыпалі на той момант, калі мне трэба было неяк сябе накіраваць, і правы былі надзейнай мэтай. Вадзіць аўтобус было маёй марай, сказала мне Сара, мая інструктарка, яна звала мяне прыгажуня, калі я ціснулася да машын, прыпаркаваных справа. Ты маеш нешта супраць іх гаспадароў? ласкава пыталася яна ў мяне.

Я стану кіроўцай турыстычнага аўтобуса, прызналася яна мне, а потым, не зьмяняючы напрамак голасу, дадала: трэба тармазіць, перш чым зьніжаць перадачу, тармозіш. Я павярнулася, зьдзіўленая, я забылася пра кругавое скрыжаваньне, якое цяпер праяжджала. Трымайся справа, я спрабавала адначасова ўключыць паваротнік, сачыць за іншымі машынамі і прытармазіць, увесь час нешта выпадала ў мяне з-пад увагі, нешта я ня ўлоўлівала.

Уяві сабе, я буду езьдзіць у падарожжы — у Польшчу, у Партугалію, можа, паеду ў тваю краіну, як яна там называецца? Гэта было крананьне зь месца ўгору, мая нага дрыжала над тормазам, я спадзявалася, што Сара гэтага не заўважыць. Можаш аддыхацца, сказала мне яна, калі спынішся на сьвятлафоры, расслабся. Мае рукі сьціскалі руль.

За пяць месяцаў да таго, як той, хто яшчэ быў маім мужам, паведаміў пра сваё некаханьне, мы вырашылі зрабіць перапынак. Я ўявіла сабе нашы целы свабоднымі, як яны бягуць, расьцьвітаюць у палях, паветраныя бурбалкі. Мой муж усё яшчэ кахаў мяне, ці, прынамсі, так думаў. Мы прыпыніліся, часовы адпачынак мог бы выратаваць наш шлюб, сказалі мы сабе, нам патрэбны час. Мы не ўдакладнілі ні колькасьці, ні зьместу гэтых тыдняў паасобку.

Між намі настала цішыня, я паехала жыць да ракі, у Бізанос, да Анаіс. Я верыла, што магчымы нейкі абходны шлях, на які можна вярнуцца недзе ў іншым месцы, як падабраць прадмет, які ўпаў на зямлю, абцерці пыл, пакласьці на ўстойлівую, гарызантальную, новую паверхню.

У жніўні 2018-га мы паехалі ў адпачынак у гішпанскую Краіну Баскаў, наступнае лета мы правялі асобна. У Бэрмэо я крычала на вуліцах, хацела навучыцца сьпеву чайкі — напружанае горла, сагнуты гук, муж трымаў мяне за руку. Табе сорамна? — спыталася я ў яго. Не, працягвай. Чайкі, якія мне адказвалі, былі падлеткамі, я даведалася пра гэта пазьней, у іх было іншае апярэньне. Кахацца ў ваннай было непрактычна, але больш нідзе не было дзьвярэй. Было вельмі горача.

У верасьні 2019-га, праз паўтара месяца пасьля яго тэлефоннага званка, я канчаткова пераехала да Анаіс. Я адкрывала сябе з прадметамі, якія мне больш не належалі, асабліва ўначы. Калі гэта адбывалася, я спрабавала затрымаць дыханьне, доўга выдыхаць, гэтаму навучыў мяне муж. Раней мы гэта рабілі удваіх, самотныя мэтэарыты ўначы — целы, што страцілі раўнавагу. Адзін з нас спрабаваў злавіць другога, але часам абое падалі адначасова.

Ты забылася паставіць на ручны тормаз, сказала мне Сара, трэба гэта рабіць, калі мы на схіле. Я не магла спыніцца, мая пяшчота ўсё яшчэ заставалася ўключаная.

Кватэра Анаіс была каля могілак, я пачала падымацца каля 4-й гадзіны раніцы. У 6 гадзін, калі мы сустракаліся на кухні, мы гаварылі пра вібрацыі паветра або прабелы паміж словамі. Мяне цікавілі найдрабнейшыя рухі жыцьця. Часам мы глядзелі на нейкага птаха насупраць акна — ён разгортваў крылы і заставаўся так, не адлятаючы, некалькі хвілін, у нерухомым стане. Можа, ён прываблівае самак, меркавала мая сяброўка, або гэта чалавек, толькі мёртвы?

У той час Анаіс, паэтка і акторка, пісала кароткія тэксты аб прадметах без краёў і вершы, якія яна называла заблытанасьцямі. Заблытаць для яе азначала парушыць звычкі, штодзённыя аўтаматызмы. Недарэчнае пытаньне, крыку чайкі дастаткова, каб абудзіць чалавека перад табой, казала яна, паспрабуй, гэта ажыўляе ўсё нанова.

Той восеньню пасьля званка я часта адчувала боль і шкадаваньне. Часам я сядала на гарадзкім ходніку і заставалася так некалькі хвілін, перамяшчэньне майго цэнтра цяжару супакойвала мяне. Я дасьледавала даступныя мне позы цела і сілу заблытанасьці, пра якую расказала мне Анаіс.

Я выявіла, што мінакі лёгка прыстасоўваюцца да зьмены краявіду, яны абыходзілі мяне, іхнія вочы не спыняліся на мне, іх абыякавасьць была такая мяккая.

З гэтым сьветам нешта ня так, сказала мне неяк адна жанчына каля рынку, у яе з торбы тырчалі неразрэзаныя стрэлкі парэю.

Алёна Глухава. Пісьменніца, нарадзілася ў Мінску, жыве і працуе ў Францыі. Кнігі: “Dans l’eau je suis chez moi” (“У вадзе я дома”), “De l’autre côté de la peau” (“З іншага боку скуры). Фільм “Notre endroit silencieux” (“Наша ціхае месца”), Перформансы “Théorie du bortsch” (“Тэорыя баршчу”) і “Certains oiseaux ne savent pas lire” (“Некаторыя птушкі не ўмеюць чытаць”). Сайт: alionagloukhova.com.