Альгерд Бахарэвіч: вяртанні, знікненні, запазычаны час (урыўкі з новай кнігі “Хлопчык і сьнег”).

“Хлопчык і сьнег” — прыквел “Маіх дзевяностых”. У ёй аўтар расказвае пра сваё савецкае дзяцінства — 1975-1991. Кніга выходзіць па-беларуску сёлета ў выдавецтве “Янушкевіч” у Варшаве.

Парк Горкага

Ніколі не расказвай пра свае слабасьці, інакш імі могуць скарыстацца твае ворагі. Параноя параненага падлетка, якую ты мусіш несьці з сабой праз усё жыцьцё. Літаратура — адна з магчымасьцяў зь ёй разьвітацца. Але я пішу не дзеля тэрапіі. Я пішу так таропка, я мушу пасьпець, бо мой горад памірае. А разам зь ім, кожны дзень, з кожным успамінам, паміраю і я.

У першай палове васьмідзясятых я ўпершыню пабачыў цэнтар свайго гораду з вышыні. О так, гэта было ўсяго толькі нявіннае, невысокае кола агляду ў парку Горкага, але калі гэтае кола, зачарпнуўшы мяне зь зямлі, закруцілася і паволі пацягнула мяне ў вышыню... О, тады мне зрабілася ясна: ні ў лётчыкі, ні ў касманаўты мяне ніколі ня возьмуць. А калі возьмуць, дык таварышы пазбавяцца ад мяне яшчэ ў палёце. Скінуць без парашута.

Гэта быў цудоўны летні менскі дзень, з мамай і татам, з марозівам і “Мурзілкам”. Нядзельная выправа ў цэнтар. Хто прапанаваў пракаціцца на коле агляду? Напэўна, тата. Я з сумневам задзёр галаву, але перад вачыма маімі мільганулі вобразы зь дзіцячага кіно: усьмешлівыя твары, заліты сонцам горад, кучаравыя шаты дрэваў унізе, музыка... Белыя аблокі, нейкія белогривые лошадки... Я ўспомніў, што ў адным фільме герой бесклапотна лізаў плямбір, седзячы на самай верхатуры. А пад ім плыў кудысьці горад.

“Это совсем, совсем не страшно”.

“А можно, я вас это... внизу подожду?”

Тата засмуціўся.

“Ладно, — сказаў я. — Но пообещай, что это не страшно”.

“Обещаю, что будет красиво”.

Сядзеньні на коле агляду былі без кабінак. Адзінае, што цябе страхавала — ненадзейны жалезны ланцуг на жываце. Было такое адчуваньне, што ты сядзіш на карусэлі, якая паволі падымаецца над зямлёй. І вось табе ўжо няма куды ўцякаць. Пад нагамі пустата.

Остановите самолет, я слезу.

Сутаргава ўчапіўшыся ў жалезныя поручні, я заплюшчыў вочы. Бацькі казалі мне штосьці, але я ня чуў. Усё маё цела сьцялася і напоўнілася жахам. Пальцы на нагах і пахаладзелыя пяткі слалі ў мозг несупынныя сыгналы трывогі. Я хацеў паскардзіцца на гэта бацькам, але толькі прамыкаў штосьці. А бацькі, здавалася, нічога не заўважалі. Цяпер яны весела перамаўляліся міжсобку. У іх быў вельмі рамантычны настрой.

Я крыху расплюшчыў адно вока і пабачыў горад, які спакойна сыходзіў у мяне з-пад пятак, і зноў заплюшчыў — так моцна, як толькі мог.

“Олег! Посмотри, как красиво”.

У нейкі момант мне здалося, што калі мы ўсе будзем сядзець нерухома і маўчаць, бяда нас абміне. І тут жа тата са сьмехам пачаў круціць карусэлю.

“Здорово, правда?”

Заплюшчыўшы вочы, я бачыў унізе, на асфальтавай сьцежцы, сваё разьбітае цела. А сам я схаваўся ў чарапной каробцы. Маленькая душа, якая не разумела, за што яе напаткаў такі лёс...

Я быў у шаленстве. Загінуць вось так, па-дурному, аддацца ў лапы жудаснай вышыні... Мне было сорамна і страшна. А кола, нібы зьдзекуючыся, спынілася. Яно расьцягвала сваё садысцкае задавальненьне. Нашыя сядзеньні з рыпеньнем пагойдваліся ў пустаце — і мне ўвесь час здавалася, што зараз кола скіне мяне, скіне сваю ганьбу, проста возьме, нахіліцца і выкуліць маленькага баязьліўца. Я адлічваў сэкунды. Ну калі ж ты ўжо папаўзеш уніз? Калі?!

Мінула вечнасьць, пакуль мне зноў было дазволена ступіць на цьвердзь зямную. Я крыўдаваў на бацькоў яшчэ месяц.

Наступным разам я наважуся пакатацца на коле агляду толькі праз трыццаць гадоў. Да нас з табой у Парыж прыедзе мая дачка — і я зразумею: як бацька я не магу паказаць ёй свой страх. І я адважна палезу ўсьлед за вамі ў кабіну пякельнага кола на Пляс дэ ля Канкорд. Парыскае кола вышэйшае за менскае... Калі кола пачне круціцца, я ўспомню той летні дзень у парку Горкага. І мне зноў зробіцца страшнавата. Але я прымушу сябе расплюшчыць вочы і паглядзець на Парыж з вышыні.

Гэтым разам ня будзе ніякай панікі. Толькі слабасьць у нагах і галавакружэньне. Проста ты зрабіўся дарослы. Проста цяпер ты сядзіш на месцы таты. І ня можаш, і больш ніколі ўжо ня зможаш перасесьці на іншае.

ЦРУ, ССД і чырвоная стужка

Найлепшая дзіцячая цацка — страх.

Як жа мы ўмелі зь ім гуляць, як умелі выклікаць, як бераглі. Раскажу пра тры вялікія страхі, безь якіх у 80-я жыць было б сумнавата.

Першыя з тых страшных гісторый я пачуў у Дражні ад знаёмых дзяўчат, калі прыяжджаў да бабулі на выходныя. А потым тое самае расказалі і ў школе — нібы ў горадзе і праўда нешта здарылася, і чуткі разносіліся ад раёну да раёну. У такія гісторыі верылася і ня верылася адначасова. Але ў іх не было нічога неверагоднага, ніякай фантастыкі, робатаў, іншаплянэтнікаў, пачвараў... Толькі жывыя людзі — такія самыя, сярод якіх мы жылі. І гэта па-сапраўднаму пужала. Савецкія газэты пра маньякаў і сэрыйных забойцаў да 1987 году не пісалі, але кожны ведаў, што яны ёсьць.

Жыла адна сям’я: мама, тата, маленькая дачка і сын-піянэр. Тата нечакана памёр, а неўзабаве і дачка захварэла. Што зь ёй — ніводзін доктар сказаць ня можа. Аднойчы сын прачнуўся сярод ночы, чуе, сястрычка на кухні плача. Зазірнуў на кухню, а там мама з дачкой сядзяць. Перад імі на стале рондаль, поўны чарвякоў. І мама тых чарвякоў дзяўчынцы на лыжцы дае — кушай, доченька, кушай, ну пожалуйста, ну еще одного. “Не хачу!” — плача дзяўчынка. “А ну ешь!” — шыпіць на яе маці. І дзяўчынка паслухмяна праглынае. Чарвяка за чарвяком. Хлопчыка яны не заўважылі. А ён пазваніў у міліцыю. Міліцыя прыехала і маму забрала. А тыя чарвякі па кватэры распаўзьліся. Хлопчык прачынаецца неяк уначы — і бачыць у цемнаце маму, як яна сядзіць і сьмяецца, цягне да яго руку з лыжкай і шэпча: “Ешь... Ешь... Пока всех не съешь, на улицу не выйдешь…”

Гэта расказвалі ў школе на пераменках, расказвалі ў Дражні ў кустах, расказвалі ў разьдзявальнях у басэйне, расказвалі дома, зачыніўшы дзьверы, расказвалі ў піянэрлягеры. Гісторыя пра чарвякоў была такой жудаснай, што мяне цягнула на ваніты, я зь дзяцінства баяўся чарвякоў. Але была ж і клясыка — вядомая ўсяму Савецкаму Саюзу і нават, згодна з дасьледаваньнямі, некаторым краінам сацлягеру. Пра “гроб на калёсіках”, пра “чорную руку” — з вусьцішным вершам, ад якога кроў стыла ў жылах, як нафта ў сапсаваным дывэрсантамі трубаправодзе “Дружба”:

“Черная рука уже в автобусе едет.
Черная рука уже в подъезде.
Черная рука уже в лифте подымается.
Черная рука уже возле дверей.
Черная рука звонит в звонок…”

Малыя, чуючы такое, пачыналі ціха, бездапаможна плакаць. Старэйшыя мужна трымаліся, грукаючы ад жаху зубамі. Ты слухаў — і з кожным словам усё выразьней уяўляў: твой аўтобус “дзявятку”, Шабаны — Серабранка, твой пад’езд, твае дзьверы, гук твайго званка...

“Отдай свое сердце!” — крычаў раптам апавядальнік, усе сутаргава ўздрыгвалі і ўскрыквалі. А праз імгненьне ўжо з палёгкай рагаталі — але і ў гэтым рогаце былі ноткі сьвежага, жывога жаху. Бо чорная рука і праўда магла існаваць. Ты мог забыць пра яе на той час, калі вакол былі людзі. Але варта табе было застацца аднаму ў кватэры, асабліва цёмным зімовым вечарам, калі ў трубах вые вецер і за акном адна чарната, як гісторыя пра руку ўспаміналася, і ты ішоў праверыць, ці замкнёныя дзьверы, і ня мог засяродзіцца на любімай кнізе, бо ўсё прыслухоўваўся да ліфта: можа, яна ўжо там, тая рука?..

Мяне пачалі пакідаць аднаго дома, як толькі я пайшоў у школу. Амаль адразу ж ува мне пасяліўся страх. Кожнага разу, калі я апынаўся сам-адзін у цёмны час сутак, мне праз гадзіну пачынала здавацца, што дома ёсьць нехта яшчэ. Што гэты нехта хаваецца ў ванным пакоі, што гэты нехта ходзіць там, на кухні, што гэты хтосьці невымоўна жудасны торгае ручку зачыненых дзьвярэй, уключае ваду, перабірае доўгімі чорнымі пальцамі жалюзі ў калідоры, скрабе пазногцямі акно... Ты стараўся не глядзець нікуды, апрача старонкі кнігі, якую чытаў, не разумеючы ўжо ні слова. Ты сядзеў і набіраўся сьмеласьці. А потым усё ж не вытрымліваў. Табе рабілася сорамна за свой страх. Ты ж быў хлопчык. Мужчына! А калі б побач з табой сядзела за сталом Канстанцыя Банасье? Ты таксама дрыжаў бы ад жаху і ўдаваў, што чытаеш? Не! І тады ты рабіў глыбокі ўдых, а на выдыху распачынаў гучную песеньку. Скажам, “Пара-пара-парадуемся на своем веку!”

І з гэтай песенькай (голас па—здрадніцку дрыжаў) ты ішоў правяраць, хто ж там дыхае за сьцяной, хто ходзіць, хто скрабецца. Ты ведаў, што дзьверы надзейна зачыненыя, што ў замку з гэтага боку тырчыць ключ — і ўсё ж табе было вельмі страшна. Ты ўключаў тэлевізар, каб заглушыць страх. Ты запальваў паўсюль сьвятло — і з заміраньнем сэрца адсоўваў фіранкі, жалюзі, адчыняў дзьверы... Нікога.
Ад знакамітых садысцкіх вершыкаў так страшна не рабілася. Але сьмешна было так, што ты плакаў ад рогату, плакаў і спаўзаў пад стол.

Дети в подвале играли в гестапо.
Зверски замучен сантехник Потапов.

Чамусьці гэтае двухрадкоўе падабалася мне больш за ўсё. Можа, сваёй рыфмай — я ўжо тады цаніў незвычайныя, нечаканыя хады ў літаратуры. Была ў ім нейкая літаратурная элегантнасьць, у гэтым кароткім вершыку. Так ён і жыў сярод нас, у страшылках і падвалах соцыюму, першы савецкі постмадэрнізм. Так мы да яго прызвычайваліся — і калі ён быў легалізаваны на прасторах былой імпэрыі, мы не спужаліся. Мы адразу прызналі ў ім свайго. Постмадэрнізм быў як хлопец, зь якім мы вучыліся ў адной школе. Ён гаварыў так, што ня трэба было нічога тлумачыць.

Маленький мальчик доллар нашел.
С долларом этим в “Березку” пошел.
Долго папаша ходил в комитет.
Доллар вернули, а мальчика — нет.

Усё нашае дзяцінства было суцэльным постмадэрнам.

Напрыклад, гэтая гарадзкая легенда, вядомая ўсім школьнікам 70-80-х.

З пэўнага часу ўсе мы, шабаноўскія дзеці, пачалі зьвяртаць увагу на нумары легкавікоў, што сноўдалі па нашых вуліцах, — легкавікоў не такіх шматлікіх, як цяпер, але ўжо і зусім ня рэдкіх для савецкага гарадзкога краявіду. Увага нашая и наш неспакой тлумачыліся проста. У савецкіх гарадах дзейнічала таемная арганізацыя пад назваю ССД. І расшыфроўвалася назва так:

Члены арганізацыі езьдзілі на чорных волгах. І нумар гэтых злавесных машын заўсёды складаўся зь лічбаў і трох літар: ССД. Члены банды спыняліся ў сваіх легкавіках каля школ — і, дапільнаваўшы нейкага небараку, піянэра або піянэрку, клікалі яго падысьці. Дзіцяці прапаноўваліся цукеркі — або яго прасілі дапамагчы. Ці проста абяцалі паказаць нешта дужа цікавае. Няшчасны піянэр садзіўся ў машыну — і зьнікаў назаўсёды. Ні бацькі, ні міліцыя не маглі яго больш знайсьці. Не зусім зразумела, хто ж тады распаўсюджваў інфармацыю пра тое, што рабілі потым з ахвярамі члены ССД, але гэта было вядома кожнаму без выключэньня. Савецкіх дзяцей катавалі — самымі рознымі спосабамі. Самым жахлівым быў такі. Дзяцей прымушалі зьлізваць гаўно з сырога, толькі што адсечанага сьвінога капыта.

ССД ня ведала ні літасьці, ні шкадаваньня. З аповедаў вынікала, што галоўным у ССД зьяўляецца высокі мужчына ў доўгім скураным плашчы і гітлераўскай фуражцы. А яго памагатыя — бяскрыўдныя з выгляду бабулькі, з тых, што сядзяць ля пад’ездаў і гандлююць кветкамі і семкамі ў пераходах. ССД калясіла па горадзе ў чорных “волгах” і шукала здабычу, узіраючыся ў дзяцей праз танаванае шкло. У патрэбны момант мужык у плашчы і бабулькі дзейнічалі хутка — ніхто зь мінакоў ніколі ня мог перашкодзіць ім завабіць новую ахвяру ў салён “волгі”. Міліцыя таксама была бясьсільная — аповеды пра ССД намякалі, што ў арганізацыі было прыкрыцьцё сярод гарадзкога начальства. Дый міліцэйскія “жыгулі” былі дзіцячай машынкай супраць д’ябальскай “волгі” зь яе магутным рухавіком. Замучаных дзяцей знаходзілі ў пад’ездах і на пустках, у падвалах і на будоўлях. І каля кожнага трупа ляжала паперка з трыма вялікімі чорнымі літарамі:

Памятаю, неяк выпадкова нас, школьнікаў-пяціклясьнікаў, падслухаў настаўнік працы. І накінуўся абурана: “Вы что, дурные? Не понимаете? Всю эту херню придумывает специальный отдед ЦРУ! А потом предатели и шпионы, которых к нам забрасывают, дурят молодежи головы! Отравляют ваши мозги!”

“Зачем им это?” — спытаў хтосьці.

“Ну как зачем? Чтобы наш Советскій Союз ослабить! Раньше такого не было. Раньше, если б кто услышал, что вы тут такое несете, вас бы сразу куда надо — и к стенке! За антисоветскую агитацию. Тот, кто такие басни слушает, — просто дурак и предатель. А тот, кто рассказывает, — враг!”

Усе прыціхлі, разважаючы, ці не перабольшвае “трудовик”. Нас, савецкіх школьнікаў у чырвоных гальштуках, з партфэлямі — і раптам “к стенке”. За што? У такое нешта ня верылася. У кожным разе, зьлізваць гаўно са сьвінога капыта падавалася ўсім нам горшаю карай за расстрэл.

“Ладно. Я никому не скажу, — памякчэў наш настаўнік. — Но чтоб больше я такого не слышал”.

На мяне тая тырада не зрабіла асаблівага ўражаньня. Што сапраўды зацікавіла — дык гэта згаданы настаўнікам “спэцыяльны аддзел ЦРУ”. “Вось бы працаваць у нечым такім”, — падумаў я з зайздрасьцю. Сядзіш сабе ў кабінэце зь пішучай машынкай і прыдумляеш жахлівыя гісторыі. А табе за гэта яшчэ і грошы плацяць. Даляры. Даляры я тады бачыў толькі ў кіно. Савецкія рублі падаваліся мне прыгажэйшымі. На савецкіх рублях быў Ленін. Леніна ў 1985-м яшчэ любілі. Вот восстанет ленин, ленин нас рассудит... — прыходзіла мне ў галаву тымі днямі. Ленін быў справядлівы, Ленін быў за народ. Хоць і бабуліна выслоўе ўспаміналася: Ленін сказаў дзяліцца, Сталін сказаў сваё імець. Бабуля ўпершыню пачула гэта ў канцы 30-х і пранесла дзіўны афарызм праз усё жыцьцё.

Мне падабалася глядзець на савецкія рублі на сьвятло. З таго часу, як бацька патлумачыў мне, што такое вадзяныя знакі. Мне яны падаваліся нейкім цудам, і я з павагай думаў пра таго чалавека, які іх вынайшаў. У грашах была таямніца. Мяне на ўсё жыцьцё ўразіла пачутая ў тыя часы гісторыя пра Леніна, які пісаў з турмы лісты малаком, мачаючы пяро ў чарніліцу, зробленую ім з хлеба. Лісты можна было прачытаць, толькі паклаўшы іх пад лямпу. Зразумела, я, як і шмат хто з маіх аднагодкаў, паспрабаваў змайстраваць такую чарніліцу і напісаць таемны ліст гэткім спосабам. Ды нічога з гэтага ня выйшла. Ці то малако было разбаўленае, ці то лямпа нейкая няправільная, ці то цярплівасьці не хапіла дачакацца, калі ж на белым лісьце зьявяцца знакі... Ці то такі спосаб працуе толькі ў турме. А ў бацькоўскай кватэры, без жандараў і кайданоў, хоць літар малака і бохан хлеба вазьмі — толькі накрышыш і разальеш, мама заўважыць, будзе сердаваць… Давядзецца з анучай па падлозе поўзаць.

А можа, проста трэба было быць Леніным. Не чалавекам. Богам. Леніным мне быць не хацелася. Больш за ўсё мне хацелася мець фотаапарат з чырвонай стужкай.

Менавіта такая прылада зрабілася прычынай масавай гістэрыі, што апанавала савецкія школы ў 80-х, — ад Менску да Уладзівастоку.

Дапусьцім, вы школьнік. Ці, што яшчэ горш, школьніца. І вось вы прыходзіце на ўрокі, а ўся кляса ўжо ў зборы і спалохана шэпчацца: у Чудзянкова сёньня з сабой фотаапарат. “Ну і што?” — кажаце вы. “Як што? — адказваюць усе. — У яго ж ня проста фотаапарат. А фотаапарат з чырвонай стужкай! Понимаешь?

У Чуденкова фотик с красной пленкой!

Чырвоная стужка — яна такая, што на ёй усіх людзей можна голымі пабачыць. Усіх! І цябе, і нас, і настаўніц!

“Ня можа быць, — думаеце вы з трывогай. — Не існуе ніякай чырвонай стужкі. Як гэта — голымі? Ён праз адзеньне здымае, ці што? Лухта нейкая”. А потым, падумаўшы, успомніўшы тэлевізійныя перадачы, прыгадаўшы артыкулы ў часопісе “Наука и жизнь”, дзе рэгулярна пісалі пра неверагодныя адкрыцьці і тэхнічныя дасягненьні, — вы разумееце. Разумееце, што ўсё магчыма. Што вось, японцы, напрыклад. Яны і не такое прыдумалі. Кажуць, у іх ёсьць маленькія тэлефоны, якія можна насіць з сабой і перамаўляцца па іх з кім захочаш. У любую хвіліну. Дастаў тэлефончык з кішэні і пазваніў. Калі такія цуды ўжо недзе існуюць, дык чаму б не існаваць і чырвонай стужцы?

Хоць тут, ясен перац, не Японія. І ўсё ж, і ўсё ж...

Як і ўсе твае аднаклясьнікі, на ўроку ты ўпотай пазіраеш на Чудзянкова. Той удае, што ніякай стужкі ў яго няма, але, вядома, гэта ён проста прыкідваецца. Вунь як пазірае на ўсіх — насьмешліва, фанабэрыста, бясстрашна, зьдзекліва... Адчувае сваю перавагу. І вось ты ўжо ліхаманкава думаеш, у якіх ты стасунках з Чудзянковым. Здаецца, у нармальных. Ну, можа, пранясе. За што яму цябе фоткаць? Адкуль у яго тая стужка... Ён жа мудзіла. Але адказ прыходзіць сам сабой. У Чудзянкова ж бацька нядаўна ў ВНР езьдзіў. За граніцу. Відаць, там і купіў.

Ты спрабуеш прыгадаць, якія на табе майткі. Чыстыя? Чорныя? Дакладна? Або мама зноў белыя выдала… Ты так таропка зьбіраўся, што й ня памятаеш. Ну не хапала яшчэ, каб на стужцы ў Чудзянкова ты быў у белых майтках. Ну ня можа ж быць, каб цалкам — голым? Майткі ж тая стужка прыбраць ня можа? Голы — гэта ж не абсалютна голы, а...

Ты цішком абмяркоўваеш гэтае пытаньне зь сябрамі. І вы прыходзіце да несуцяшальнай высновы, што на стужцы майтак ня будзе. Обана... Усе там апынуцца голенькімі. Зусім. Без трусов!

Гучыць званок. Чудзянкоў цягнецца да партфэля. Усе заміраюць. Ён дастае нейкі футарал і хавае на грудзях. Падымае руку... Кляса напаўняецца дзявочым віскатам. Дзяўчаты бягуць у прыбіральню. Хлопцы, пабляднеўшы, адварочваюцца. Нехта просіць Чудзянкова — дай паглядзець, а? Махнёмся? Ты мне паглядзець — а я табе нож. Вайсковы. Дэсантны. Дзядзька з войска прыцягнуў. Махнёмся, а, Чудзянкоў? Ну махнёмся? Э-э-э, убери камеру!..

Не, ты не ўцякаеш і не баішся. Ты ведаеш, што ніякай чырвонай стужкі ў прыродзе няма. Але было б цікава, калі б такую вынайшлі. Ты сядзіш і ўяўляеш сабе чырвоную стужку. І ружовае фота той адзінай, з бантамі, што сядзіць за тры парты ад цябе. Вось бы паглядзець на яе голую. Але больш нікому, нікому, нікому ў сьвеце не паказваць.

Сьляды на сьнезе

Жыцьцё — чарада нашых зьнікненьняў. Колькі разоў можна зьнікнуць, пражыўшы адно жыцьцё?

Ён толькі што быў тут, гэты хлопчык. На стале ляжыць разгорнутая кніга з плямамі ад варэньня. На крэсьле вісіць школьная форма. У куце валяецца футбольны мяч. На ложку сядзіць сабака, вушасты спаніэль са смутнымі бліскучымі вачыма. Каля сьцяны стаіць дыплямат з бліскучымі ручкамі, зь якім хлопчык ходзіць у школу, дыплямат пахне школьнымі калідорамі: семкамі, хлёркай, мокрай анучай... Ён толькі што быў тут, гэты хлопчык. У ванным пакоі, у плястыкавым кошыку, ляжаць ягоныя майткі і шкарпэткі. На аленевых рагах у перадпакоі — шапка, якую ён так і не надзеў. На кухні вячэрае сям’я: тата, мама, малодшы брат. Яны ведаюць, што адбылося. Ён толькі што быў тут — і нават не разьвітаўся. Але яны маўчаць пра гэтае здарэньне. Так прынята ў іхным Родзе. Калі-небудзь ты мусіш зьнікнуць, пакінуўшы замест сябе кагосьці іншага. Падобнага да цябе — і ўсё ж іншага. Ён зойме тваё месца за сталом. І ўсе прывучаць сябе думаць, што ён — гэта ты.

Усе ведаюць законы зьнікненьня, але маўчаць. Гэтага вечара чакаюць у кожнай сям’і — і спадзяюцца, што ён не надыдзе ніколі. Але ён надыходзіць, ён заўжды надыходзіць. Яны сядзяць за сталом і ядуць грэчку з сасіскамі. На мікрараён апускаецца зімовы вечар. На аднаго хлопчыка ў сьвеце зрабілася менш, але пра гэта не прынята гаварыць уголас. Павячэраўшы, яны становяцца перад замерзлым шклом і слухаюць, як на вуліцы падае сьнег.

Я быў; мяне ня стала; прыйшоў іншы. Калі падыхаць на шкло, у небе будуць добра відны Месяц і Марс. А яшчэ школа, паліклініка, аўтастаянка, ледзяная горка, на якой ганяюць на санках маленькія саплівыя сызыфы. Агні далёкай Магілёўскай шашы і два шэрагі невысокіх дрэваў.

Там, унізе, на вуліцы, ад пад’езда ў цемру, ад ліхтара да ліхтара, цягнецца па сьнезе чарада сьлядоў.

Ён толькі што быў тут, гэты хлопчык. Памахаем употай яму рукой, каб ніхто ня бачыў. Яму нельга абарочвацца. Час прыйшоў. Ліхтары гаснуць. Падае сьнег.

Грац, 2021

Альгерд Бахарэвіч — беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Аўтар больш чым 20 кніг прозы, а таксама кнігі вершаў. Раман “Сабакі Эўропы” прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкай літаратурай і забаронены. У сакавіку 2023 пад забарону трапіла яшчэ яшчэ адна кніга Бахарэвіча, “Апошняя кніга пана А.”. Раманы і эсэ перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, польскую, расейскую, францускую мовы. Публіцыстыка публікавалася ў Frankfurter Allgemeine Zeitung, Die Presse і іншых выданьнях. Напрыканцы 2020 году Альгерд Бахарэвіч разам з жонкай, літаратаркай Юляй Цімафеевай, пакінулі Беларусь. Некалькі гадоў жылі ў Аўстрыі. Цяпер жывуць у Швайцарыі.