Герой белкульту — не ўзнагарода, а выклік ды місія. Мысляр з культурніцкага памежжа мусіць жыць супярэчнасцямі і прамаўляць парадоксамі. Адбыцца як майстар-клас інтэлектуальнага супраціву каланіяльнаму ціску ды побытаваму канфармізму. Валянцін Акудовіч прыўкрасна нязручны і ўзорна правакатыўны. Ці то ў фармаце публічнай лекцыі альбо філасофскага трактата, ці то — на кароткай дыстанцыі эсэ аб істотным.
Беларусь — наш Лёс
Адна з маіх ранейшых кніг мае назву “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”. Пачынаецца яна з наступных словаў:
“Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што у цябе ёсць свая краіна”.
Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага, па сутнасці, жыў нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто.
І яшчэ адна цытата з таго пачатку:
“Прачнуцца ранкам у сваёй краіне... А потым, схапіўшыся за справы, адразу згадаць, што твая краіна не зусім твая, бо куды вока ні кінь — амаль усё табе тут не пасуе: і паноўная мова, і звычаі, і нават ты сам сабе ў не-тоеснасці ўласнай краіне”.
Але вернемся да цяпершчыны...
Адзін беларускі разумнік неяк весела заўважыў: “Пра Беларусь што ні скажы, усё будзе няпраўдай”. Калі парадоксы інтэлектуалаў могуць адлюстроўваць рэальнасць, дык гэта той самы выпадак. Рэч у тым, што беларускае грамадства пакуль не знаходзіць канвенцыйнай згоды адносна хоць чаго — уласнай гісторыі, свайго месца ў сучаснасці, шляхоў праставання ў будучыню... Таму не існуе бадай ніводнай канцэптуальнай тэзы пра Беларусь, якая б не была для некага “няпраўдай”.
Згадаем хаця б гістарыяграфію... Тут мы маем столькі канцэпцый мінулага нашых продкаў, што іх хапіла б на тузін іншых краінаў. На пачатак згадаю адну з найноўшых, якая сцвярджае, што этнічна беларусы — прамыя нашчадкі сваіх балцкіх продкаў. Яны (балты) з’явіліся на нашых землях прыблізна дзесяць тысяч гадоў назад і за гэтыя тысячагоддзі амаль не змяніліся (этнічна), адно што зверху трохі славянізаваліся. Прыхільнікі гэтай ідэі перадусім адмаўляюць наяўнасць хоць якіх (і хоць калі) масавых міграцый на тэрыторыі Беларусі. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць самую розную аргументацыю: ад антрапалагічных замераў да фальклорных матэрыялаў. З усяго гэтага з’явілася і нават трохі замацавалася досыць авантурная тэза: “Беларусы — не што іншае, як славянамоўныя балты”.
Натуральна, што гэтая эўрыстыка абразліва палемізуе з нафталінавай канцэпцыяй расійскай гістарыяграфіі XVIII ст., якая сцвярджае, што этнічнай протаспадчынай рускіх, украінцаў і беларусаў з’яўляецца “стараруская народнасць”.
Факталагічная палітызаванасць гэтай канцэпцыі навідавоку...
Я, бадай, залішне затрымаўся на канфліктах гістарычных канонаў Беларусі (а колькі з іх яшчэ не згадаў!), але адно дзеля таго, каб гэтым прыкладам патлумачыць, што прыблізна падобную сітуацыю мы маем і ва ўсіх іншых сферах: ад культуры да геапалітыкі.
Разам з тым было б вялікай аблудай сумнявацца ў Беларусі як у рэальным суб’екце еўрапейскай гісторыі на той падставе, што яна дазваляе лёгка інтэрпрэтаваць сябе ў розных інтэлектуальных версіях. Дарэчы, апошняе зусім не адмаўляе выразнай адметнасці гісторыі нашай зямлі, прынамсі на ўсім яе летапісным прасцягу. Нават у сітуацыі Вялікага Княства Літоўскага жыццё тут разгортвалася і доўжылася зусім іначай, чым на землях тагачаснай Літвы альбо Украіны. (Не кажучы ўжо пра Рэч Паспалітую ды Расію). Калі ВКЛ улучылася ў Рэч Паспалітую, Літва (сучасная Беларусь) жыла паводле ўласных законаў. У складзе Расійскай імперыі Беларусь сваёй шляхецкай паловай ваявала на баку Напалеона, актыўна ўдзельнічала ў паўстаннях (1831, 1863 гг.), заставалася шматканфесійным краем і нават мела ў Полацку езуіцкую Акадэмію.
Мы можам запыніцца на хоць якім перыядзе ўласнай гісторыі і ўсюды пабачым, наколькі адрозна ад суседзяў пражывалі яго беларусы. А для лянотных да гістарычных экскурсаў прапаную звярнуць увагу на сучаснасць, каб на свае вочы запэўніцца, як беларуская версія дзяржаўнасці розніцца ад польскай, украінскай ці расійскай, а тым болей ад дзяржаўнасці балтыйскіх краін.
На жаль, ёсць у нашай гісторыі адзін непрыемны факт — толькі з гэтым ужо нічога не паробіш. Беларуская нацыя нарадзілася ў вясковай калысцы. А потым у яе была пралетарская маладосць, якая спакваля перарасла ў індустрыяльную даросласць. Карацей кажучы, спадысподу беларусы — спрэс “мужыцкая нацыя”, што і па сёння з’яўляецца нашай сур’ёзнай праблемай. Бо з гэтай адметнасці мы займелі адну вельмі складаную праблему. Бачыце, і вёска, і пралетарыят, як і “мужыцкасць” увогуле паводле азначэння не здольныя сістэмна прадукаваць нацыянальныя эліты. А без адметнай і маштабнай эліты нацыя ніколі не можа быць да канца ўпэўненай наконт сваёй будучыні.
Так, лёс Беларусі ўсё яшчэ для многіх застаецца пад пытаннем. Але мне здаецца, што мы яго абавязкова вырашым. І я нават ведаю чаму. Бо Беларусь — гэта наш лёс. А лёс, як любіў казаць мой нябожчык бацька, і на кані не аб’едзеш...