Мігранцтва — не выбар, а шанец. Квіток, каб збегчы ад таго, што падавалася лёсам. Адзінай магчымай формай жыцця, ад якой засталіся адно рэшткі ўспамінаў ды вуголле былых сантыментаў. Павел Анціпаў вырабляе лірычны постнонфікшн уздагон мінулай эпосе. Гэта прыватныя зацемкі з тых берагоў, дзе нас ужо няма. А памяць працягвае падманваць ды мроіць. Магчыма, так і здараецца літаратура.
Павел Анціпаў практыкуе літаратурны фрыстайл. Дзе ўсё нібыта пра сябе, а насамрэч пра космас. Ягоныя гарадскія апокрыфы і лірычныя сола на падкручаных нервах не паспяваюць надакучыць, бо аўтар спяшаецца жыць далей — і цягне чытача за сабой. Гэтым разам — у той Мінск, якога больш ужо ніколі не будзе.