Ганна Янкута — гэта пісьменства адкрытых магчымасцяў і непрадказальных перспектыў. Кожным разам здаецца, што з аўтаркай усё ясна, — але ж не. Ганна любіць рызыкаваць. Пасярод нашай расхістанай самавызначальнасці і сумнеўнага геапалітычнага прызначэння, магчыма, так і трэба рабіць літаратуру: штораз стартаваць упершыню. Упарта не пагаджацца з уласнай абмежаванасцю. І час ад часу яе перамагаць.
Працягваем друкаваць нататкі Ганны Янкуты з экзістэнцыяльнай аргентынскай вандроўкі наўздагон чужому мінуламу і ўласнай ідэнтычнасці. Лёс — гэта сухое лісце і блёклыя фоткі, блытаныя размовы і кульгавы слоўнік. Ды твой апошні аўтобус невядома куды.
Памяць — гэта рух праз падзеі і сітуацыі, з якіх мы наўздагон таму, што адбылося, складаем пэўныя патэрны. І лічым іх мінулым. Кожны крок па-за межы відавочнага — прыгода з непрадказальным фіналам. Кожная спроба паразумецца з чужым жыццём — рызыкоўны досвед асабістага самавызначэння. Дык што і каго шукае Ганна Янкута ў чужой аргентынскай зямлі? Запытайцеся ў мрояў Борхеса. Ценяў на могілках. Старых архіваў. Ці запіленай кружэлкі з тваім эмігранцкім танга.