Калі рэчаіснаць з’язжае з глузду, а штодзённасць робіцца цікавейшай за нашыя прыдумкі, надыходзіць час аўтафікшн. І гэта тая салодкая пастка, пазбегнуць якой надзвычай цяжка. Бо за знешняй лёгкасцю руху ўздагон падзеям хаваецца запыт на глыбіннае разуменне наяўнага. І спакуса сысці ў танную публіцыстыку. Як дасягнуць дакладнага балансу асабістага і глабальнага? Ці не ёсць аўтафікшн чарговай формай аўтарскага самападману? Разбярэмся з Юляй Арцёмавай.
Межы жанраў сёння імкліва размываюцца. Белетрыстыка сыходзіць у нон-фікшн, паэты выдаюць публіцыстыку, банальны штодзённік набірае раманную моц, скрозь эсэістыку прарастае новая паэтыка. Расцярушаная беларуская ідэнтычнасць шукае апірышча ў катастрафічнай штодзённасці. І ператварае яе ў калажныя выказаванні ды гібрыдныя тэксты. “Правільнай” літаратуры больш няма. Час разбіраць міксы ды адхіленні.
Наш новы нон-фікшн — ужо не пра мабільную летуценнасць, гламурнае спажыванне, траблы айцішнікаў, побытавы фемінізм ды ўсе гэтыя смузі-мафіны. Чарговая генерацыя трапіла ў чарговы замес. Бягучы слоўнік: тэрор, смерць, вайна, эвакуацыя. Новыя аўтары — тыя, хто здолеў адбіць сваю траўму ў тэксты. Юля Арцёмава жыве праз вайну. Без пафасу ды гістэрык. Як прысутная ў сэрцы катастрофы ды райтарка, здольная казаць пра невыноснае.