Зараслава Камінская піша нязмушана і свабодна. Здаецца, яна можа ўсё: зрабіць байопік наіўнай мастачкі, выдаць калекцыю настальгічных страў ці стварыць беларускі гатычны раман. Але колькі каштуе падобная творчая свабода і адкуль прыходзіць натхненне? Зараслава адкажа за ўсё.
Дзеянне ў гэтай кнізе адбываецца па той бок і па гэты. Па гэты бок — таямнічае знікненне дзяўчыны і з’яўленне новых дадзеных, якія могуць перавярнуць уяўленне пра беларускія традыцыйныя лялькі. А па той бок — тыя ж лялькі выконваюць свае магічныя абавязкі: абараняюць гаспадароў, дапамагаюць змагацца з нячысцікамі, але часам і самі ператвараюцца ў злыдняў. І як заўжды, калі дачытаеце кнігу, зможаце вырашыць, па які бок — вы.