Трушны рокмэн ідзе па нажы. Наш рок прарастае скрозь асфальт, харчуецца правінцыйным сплінам ды класікай еўрадэкадансу, міксуе мітынговую гаворку з філфакаўскім снабізмам. Шчыра збочвае і артыстычна заганяецца. Калі што, гэта зусім не пра музыку. Тут пра глыбінны выбар. Вось гэта — жыццё. Вось гэта — смерць. А гэта — мае вершы. Адкуль? Адтуль. І нават не спрабуйце паўтарыць.
Уладзь Лянкевіч — паэт-музыка. І творчы працэс абедзвюх гэтых праяваў непадзельны. Вершы часта сыходзяць у зонгі гуртоў TonqiXod, “Люты Сакавік”, “Сіндром Самазванца”, а мелодыка неадрыўная ад сэнсаў. Паэзія Уладзя Лянкевіча калючая, няроўная, яна фіксуе тахікардычную пульсацыю сённяшняга часу. Па жыцці ж Лянкевіч прытрымліваецца прынцыпу “глядзець наперад і не азірацца”.
У новым выданні падкасту Уладзь распавядае пра страх вады, якой на вокладцы ягонай кнігі 70 адсоткаў. Пра Менск, што заўжды побач як адсутная велічыня. Пра вершы, напісаныя пасля зняволення. Пра хваробу і выцясненне кепскіх успамінаў. А таксама пра тое, як, дзякуючы Андрэю Хадановічу, у юнацтве пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай і адкрыў для сябе няпафасную беларушчыну.
Слухаць падкаст на іншых платформах:
Spotify
YouTube
Apple Podcasts
Google Podcasts
Castbox
TuneIn