“Адкуль бяруцца кнігі”. Саша Філіпенка і ўсё ягонае вінаробства.

Беларускасць можа быць рознай — правінцыйнай, калгаснай, траўматычнай альбо гераічнай. У выпадку Сашы Філіпенкі маем досвед беларускай транзітыўнасці. Філіпенка — літаратурны намад, блукаючая еўразорка, літаратурны Індыяна Джонс у пошуках экзістэнцыяльных артэфактаў. Тут усё можа апынуцца авантурай. Публіцыстычным выбухам. Альбо чарговым бестселерам.

Саша Філіпенка — сапраўдная фабрыка прозы. За апошнія дзесяць год ён выдаў шэсць раманаў, найвядомейшыя з якіх — “Былы сын”, “Чырвоны крыж”, “Крэмулятар”. У кожнай кнізе Саша эксперыментуе з формамі і жанрамі. Але пра што б ён ні пісаў — пра юнацтва ў непрытомнай Беларусі, пра жыццё падлеткаў у дзіцячым доме, пра цкаванне журналістаў, пра сталінскія рэпрэсіі або пра дырэктара крэматорыя, — усе ягоныя раманы заснаваны на рэальных падзеях, якія ўражваюць і пужаюць больш за любы вымысел.

У новым выданні падкасту Саша дзеліцца развагамі пра каханне, Мінск як месца сілы, працу фларыстам і няспраўджаную кар’еру кантрабасіста, пра любоў да сына і перманентнае адчуванне трывогі. А таксама распавядае, як гуляе па могілках ды асвойвае авіясімулятар, каб лепш разумець сваіх герояў. Як ідэі раманаў прыходзяць яму цалкам “пад ключ”. Навошта публікуе плэйлісты да сваіх тэкстаў і чаму пісьменніцтва — гэта не пра натхненне, а пра вінаробства.

litradio.by · Адкуль бяруцца кнігі. Саша Філіпенка

Слухаць падкаст на іншых платформах:

Spotify
YouTube
Apple Podcasts
Google Podcasts
Castbox
TuneIn