Кактэйль “Каліфорнія”. “Адкуль бяруцца кнігі” з Андрэем Хадановічам.

Андрэй Хадановіч не першы год нязменна паспяхова бароніць свой статус нацыянальнага здабытку і літаратурнай суперзоркі. Яго так шмат, што часам хочацца адпачыць ад гэтай бурлівай дзейнасці. Але ж не! Аўтара не спыніць, не стрымаць. Варта чакаць новых цудаў. Бо дагэтуль, побач з арыгінальнымі вершамі, ужо здарыліся пераклады Боўі і Коэна, перапевы “Ласкового мая”, мантажны распіл канона белліту, сеткавыя лекцыі, “Купалінка” a capella і оперныя лібрэта. Дзе ў гэтым персанальным шоу месца для кніжак? Маем шанец даведацца.

Андрэй Хадановіч — паэт-інтэлектуал-геданіст. Што б ні ўяўлялі сабой ягоныя тэксты: сентыментальныя карцінкі дзяцінства, постмадэрнісцкія пазлы з цытат, хуліганскія жарты, любоўныя лісты, падарожныя дзённікі або нататкі таткі — усе яны паходзяць са шчырага захаплення жыццём. Аўтар даводзіць, што паэзія можа расці не толькі з болю, але і з радасці. Са шчасця быцця, якім ён гатовы падзяліцца з чытачом. Што праўда траўматычны час усё ж накладае свой адбітак: апошнія вершы Хадановіча нашмат менш гуллівыя. Але ўсё адно грэюць і даюць надзею.

У новым выданні падкасту Андрэй Хадановіч распавядае пра дзяцінства пад грукат бацькавай друкаркі, пра самы паэтычны час — Каляды. Пра вершы, што пісаліся ў сне і ў ранішнім пахмеллі, пра жонку і дачку, а таксама пра тое, чаму ад прапыласошвання да пытанняў жыцця і смерці — паўтары метафары.

litradio.by · Андрэй Хадановіч / Адкуль бяруцца кнігі

Слухаць падкаст на іншых платформах:

Spotify
YouTube
Apple Podcasts
Castbox
TuneIn