Цікавей за ўсё з літаратар/камі, якія не ведаюць, што яны літаратар/кі і мусяць выдаваць тэксты. Чалавек проста жыве як можа. Спявае што хоча. Ладзіць маленькія спектаклі. Вырабляе песенькі — то смешныя, то няшчасныя, розныя. Танчыць пад свой унутраны джаз. І раптам кніжка. А потым яшчэ. І ты нібыта пісьменніца. І час адказваць за базар. Света Бень — фантастычная Бенька — сёння распавядзе, як усё так выйшла.
Света Бень — паэтка, сонграйтарка, музыка, акторка і тэатральная рэжысёрка. А таксама ўважлівая назіральніца за людзьмі, вандроўніца па кнігах і снах, натхнёная даследчыца штодзённасці — усё жыццё для яе няспынны творчы працэс.
Менавіта творчасць — адзінае ратаванне ад бясконцага болю. Альбом “Прыём”, які Света Бень запісала разам з кампазітаркай Галяй Чыкіс, — пра чалавечую крохкасць, пра жах, безнадзейнасць і касмічную прыгажосць гэтага свету. І кожны канцэрт ператвараецца ў калектыўны сеанс пражывання нашай усеагульнай траўмы. Большасць тэкстаў альбома былі напісаныя даўно, але ў іх містычным чынам прарываецца адчуванне і прадчуванне сённяшніх падзеяў. У апошнія 10 год боль знутры і звонку толькі нарастае, таму аўтарка часам злуецца, калі сябры больш любяць ранейшыя жыццярадасныя песні часоў “Срэбнага вяселля”.
У новым выданні падкасту Света Бень распавядае пра каханне, якое, нягледзячы ні на што, жыве ў кожным вершы, пра дачок, якія для яе найлепшыя сябры і крытыкі, пра тэрапеўтычнасць паэзіі і веру ў людзей, якія па сваёй прыродзе добрыя.