Межы жанраў сёння імкліва размываюцца. Белетрыстыка сыходзіць у нон-фікшн, паэты выдаюць публіцыстыку, банальны штодзённік набірае раманную моц, скрозь эсэістыку прарастае новая паэтыка. Расцярушаная беларуская ідэнтычнасць шукае апірышча ў катастрафічнай штодзённасці. І ператварае яе ў калажныя выказаванні ды гібрыдныя тэксты. “Правільнай” літаратуры больш няма. Час разбіраць міксы ды адхіленні.
Ёсць і я
Як чытаць раман Юлі Арцёмавай “Я і ёсць рэвалюцыя” ў 2024 годзе
З першага выдання кнігі “Я і ёсць рэвалюцыя” часу прайшло зусім няшмат, але гэты час цалкам змяніў прастору, ахопленую ў кнізе, такую знаёмую і блізкую, але ўжо недасяжную і незваротна страчаную. Змяніўся сам сэнс літаратуры, змяніліся спосабы яе існавання, стварэння і прачытання.
Жанр дэбютнай кнігі аўтаркі, якая выйшла ў 2021 годзе, пазначаны як аповесць. Але ў кнігі раманны маштаб — бо ў ёй вытрымліваюцца правілы, амаль кананічныя, як нас вучылі ў школе: прыватнае жыццё на фоне гістарычных падзей, эвалюцыя герояў і г. д. Аповесць, у адрозненне ад рамана, прадстаўляе нам толькі фрагмент, без лініі часу, якая ў добрым рамане знікае за гарызонтам. З лініяй часу ў тэксце Арцёмавай адбываецца менавіта такое прадаўжэнне, а самае цікавае і самае важнае звязана менавіта з часам — з тым, як ім распарадзілася аўтарка, як ён абышоўся з яе творам пасля выхаду ў свет і што ён дазваляе ўбачыць зараз, праз тры гады.
Галоўную гераіню таксама можна назваць тыповай для рамана. Яна пастаянна перад выбарам, што рабіць і куды рушыць далей. Гэта называецца “шукаць сябе”. Стылістыка твора, вонкава простая, без філасофскіх паглыбленняў і доўгіх разважанняў, працуе на тое, каб гэтыя сітуацыі выбару ўзнікалі і вырашаліся лёгка і натуральна. Усё цячэ і адбываецца быццам само сабой. Вось гераіня ў Мінску, вось у Кіеве, вось у Маскве. Упершыню трапляючы ў рэвалюцыю, яна адчувае, што павінна сведчыць: фіксаваць падзеі і паказваць іх іншым. У сюжэце гэтае адчуванне дадзена як рашэнне кшталту “кім быць”: гераіня хоча працаваць у рэпартажнай фотажурналістыцы. Няхітры сюжэтны фокус. Але ён адразу шмат дадае да аблічча гераіні і столькі ж аднімае ад яго — каб не мучыць ні яе, ні чытача маральнымі сумненнямі ды ваганнямі. Кожны раз яна знаходзіцца тут і зараз, у нейкім пункце часу і прасторы, таму што гэтага вымагае рамяство. Абраны занятак сам становіцца шляхам і спосабам узаемадзеяння з тым, што навокал.
Рэчаіснасць сама дыктуе прафесійнай сведцы, дзе быць і што бачыць. Калі ў Кіеве, праз паўгады пасля Майдана робіцца “душно, тошно, скучно и скупо на события”, яна пераязджае. Не вяртаецца ў Мінск. Бо там няма нават ценю надзеі на тое, што паветра зрушыцца і плошчы перастануць быць палямі, на якіх з шэрай пліткі “вылупляюцца мянты”, а з бардовай — амапаўцы.
Здаецца, пазіцыя гераіні цалкам вонкавая, старонняя. Яна не ўплывае ні на што, ні ў чым не ўдзельнічае ў тым сэнсе, што не стварае падзеі, а толькі “трапляе” ў іх. Не гераіня, а персанаж. Або нават проста аптычная прылада, праз якую нам прапануецца глядзець на створаны аўтаркай свет. Гераіня сама ад пачатку абірае такую ролю, бо разумее галоўнае: сэнс збіраецца з дэталяў толькі пры пэўным поглядзе. Яна выбірае глядзець праз аб’ектыў і пабачыць гэты сэнс, сабраць яго самастойна. І нам прапануецца паверыць, што аб’ектыў паказвае “ўсё як ёсць, без шалупіння”. Ну як жа, вось жа яно, я ж бачу на свае вочы, значыць, так яно і ёсць. Але нават самы аб’ектыўны аб’ектыў не паказвае нічога “проста так”. Хаця б таму, што ён некаму належыць, нехта наводзіць яго на той ці іншы аб’ект, нехта выбірае, што, як і калі павінна стаць бачным. Але шалупінне ён адкідае, гэта праўда, бо стварае пэўны погляд. Адзінкавы і суб’ектыўны, ён пераўтвараецца ў велізарную перавагу, у чароўны сродак ад разгубленасці.
Беларуская рэвалюцыя 2020-га і вайна Расіі супраць Украіны адгукнуліся шматкроць у паэзіі і прозе, перакладах, эсэ. І зноў паўсталі пытанні пра суадносіны крызіснай рэчаіснасці і літаратуры. Ці фіксуе, ці адлюстроўвае, ці стварае пэўны погляд? Ці ёсць увогуле месца для літаратуры пасярод паламаных лёсаў, перарваных жыццяў? І ці мае права пісьменнік рабіць з трагедыі аб’ект для назіранняў і фантазій?
Здаецца, што гэтыя пытанні вечныя і існуюць столькі ж, колькі існуе мастацтва. Але не заўсёды гэта працуе ў адным кірунку: падзея — і водгук на яе ў літаратурным творы. Бывае, што літаратура апярэджвае час. Тады кажуць пра інсайты, прадказанні і прадбачанні. І трэба прачытаць тэкст ад пачатку і да канца, каб падумаць, ці маем мы ў гэтым выпадку нешта падобнае. Раман Юлі Арцёмавай з’явіўся ў выніку ўмення бачыць і супастаўляць, адкрыта і як быццам незацікаўлена, але на самай справе вельмі эмацыянальна, бо ўсе назіранні кладуцца блізка да сэрца ці зыходзяць з яго. Пачуццёвы свет — гэта таксама сродак назірання, нічым не горшы за аб’ектыў фотаапарата і нічым не больш суб’ектыўны за яго.
Большая частка непрацяглага аповеду звязана з асабістай гісторыяй маладой дзяўчыны — з тым “я”, якое кахае, размаўляе і сябруе, развітваецца, і сустракаецца, і развітваецца зноў. Ужо ў адным гэтым, пры новым прачытанні, усяго праз тры гады, можна бачыць знак мінулага часу. Бо зараз цяжка ўявіць нейкае прыватнае жыццё, адасобленае ад рэвалюцыі і вайны, некранутае і ціхамірнае. Гераіня зусім не такая. І час у рамане далёка не ідылічны. Напружанне адчуваецца пастаянна, але нават сама магчымасць такога прыватнага існавання, з вяршыні 2024 года ўжо здаецца нязвычнай. Хаця б дзеля гэтага твор варта перачытаць — каб успомніць страчанае пачуццё “нармальнасці”, якое напаўняе сюжэт і рухае яго. Успомніць без настальгіі, а якраз крытычна. Ну так, можна было дзяўчыне з Мінска вучыцца і працаваць паміж сталіцамі дзяржаў, якія ніколі ўжо не будуць у ранейшых адносінах, — тых, што некаторымі па звычцы называліся сяброўскімі, а іншымі прымаліся проста па змоўчванні. І так, можна было атрымаць раненне на Майдане, а потым паехаць у Маскву. І не задавацца пры гэтым пытаннем выбару. Усё гэта была перадкатастрафічная “нармальнасць”. І ўменне захаваць у такім агульнапрынятым полі змоўчвання здольнасць разумець і прадбачыць — асаблівае ўменне.
Пра спраўджаныя ці няспраўджаныя прадбачанні я скажу пазней. Спачатку падзялюся адным сэнсам, які, як мне здаецца, тэкст набыў ужо толькі зараз, калі наш агульны час падзяліўся на “да” і “пасля”. Як мы не заўважалі ненармальнай, крызіснай “нармальнасці” ў краіне і вакол яе з канца 1990-х, так і цяпер, здаецца, ужо цалкам прынялі ўмовы новай незавершанай катастрофы: усё стала палярным і як быццам немагчыма існаваць па-за межамі выбару. Ёсць падзеі — і ёсць мы ў іх, залежныя ад іх. Раманны аповед Арцёмавай нагадвае, што ёсць і “я”.
Факты і вымысел
“Я” ў рамане не аўтабіяграфічнае, і гэта невідавочна. Да першага выхаду твора ў свет звестак з біяграфіі Юлі Арцёмавай шырокай публіцы было вядома няшмат. Яе вершы — адзін беларускамоўны, прысвечаны Вільні, і падборка рускамоўных — былі надрукаваны ў зборніку фіналістаў конкурсу маладых літаратараў, прымеркаванага да стагоддзя газеты “Наша Ніва”. Зборнік называўся “In Вільня veritas” і выйшаў у пасляюбілейным 2007 годзе. Значна пазней аўтарка скончыла школу пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў, пісала і друкавала апавяданні. Атрымала юрыдычную адукацыю.
Вядомых біяграфічных фактаў і твораў было няшмат, каб са з’яўленнем рамана ў 2021 годзе чытачы пачалі ўпэўнена суадносіць гераіню з аўтаркай. Гэта падказваў вобраз і дэталі, якія былі пазнавальнымі, а таму наўпрост суадносіліся з рэчаіснасцю. Але гэтая праўдападобнасць дасягалася не капіраваннем сваёй уласнай гісторыі, а працай над фактамі, якія выбіраў аўтарскі аб’ектыў, і над стылем, які вытрыманы і вывераны ад пачатку і да канца. У інтэрв’ю, што пачалі з’яўляцца пасля выхаду рамана, аўтарцы не раз даводзілася адмаўляць аўтабіяграфічнасць і тлумачыць, што праца над тэкстам доўжылася чатыры гады і, збіраючы матэрыял, ёй сапраўды даводзілася быць прафесійнай назіральніцай, пільнай і нераўнадушнай. Прыватная гісторыя гераіні цалкам прыдумана пісьменніцай. Аднак, можа быць, у аповедзе адчуваецца падабенства роляў: аўтарка назірала і адбірала матэрыял для твора і гераіня робіць, па сутнасці, тое ж самае.
Інтэрв’ю Юліі размеркавалі факты і мастацкі вымысел, і зараз пра асобу пісьменніцы вядома значна больш. Яна расказвала, як яе ўразіла, што пратэсты 2006 года засталіся незаўважанымі тымі, хто ў іх не ўдзельнічаў: нічога не зрушылася ні ў Мінску, ні ў мінчанах. Як сачыла разам з усімі за ўкраінскім Майданам 2014-га. І як рэвалюцыя 2020-га, у якой апынулася пісьменніца, не стала для яе творчым “матэрыялам” і была нават “не сумяшчальна з творчасцю”.
Жыхарка “плошчы Перамен”, удзельніца пратэстных вулічных маршаў і сведка трагічных падзей, Юля Арцёмава аддзяліла творчае “я” ад рэвалюцыі (“Я перажывала падзеі не як пісьменніца, а як усе жыхары нашага двара”). Вымушаная з’ехаць ад пераследу ва Украіну і заспетая там вайной, пісьменніца быццам пачала паўтараць крокі сваёй гераіні і апынацца ў самых жывых — трагічна жывых — месцах.
Мне здаецца важным пісьменніцкае ўменне знаходзіць час, месца і спосаб выказаць свае назіранні. Уменне і сумленне, якое заўсёды ведае, калі лепш трымаць сваё “я” на адлегласці ад тэксту, а калі наблізіць ці аддаць яму голас цалкам, дазваляючы літаратару ў сабе толькі надаваць выказанаму форму твора. Час патрабуе дзённікаў і дакументаў, хронік, а не раманаў. І ўсё ж нават у такой фіксацыі хай застаецца шанс не забыцца, нагадаць сабе пра магчымасць сябе самога, свайго прыватнага і ўнутранага, не запоўненага шалёным знешнім светам цераз край.
Пра 2020 год Юлія напісала і апублікавала аўтабіяграфічнае эсэ ў форме дзённіка.
“Этот текст я могу написать только от первого лица. По-хорошему, я бы не стала его никому показывать — дневниковые тексты не предназначены для чужих глаз, а этот текст больше всего похож на дневник. Но нам (не)повезло — мы живем в такое время и в таком месте, когда наши воспоминания становятся дневниками, а дневники — документами. Наши балконы и окна превращаются в трибуны, наши тела становятся свидетельствами и доказательствами преступлений. Буквы, которые ты давишь из себя через силу, потому что у тебя, как и у многих, адняло мову, твой голос охрип, но он все еще есть и поэтому он должен, обязан звучать. А значит, я не могу не опубликовать этот текст”.
Пазнаць мінулае, прадбачыць будучыню, пачуць цяпер
Пасля выхаду рамана ў 2021 годзе гаварылі пра тое, што ў фінале пісьменніца прадказала беларускую рэвалюцыю. Сама яна сказала, што гэта “выпадковасць”, што час прозы пра падзеі 2020 года яшчэ не прыйшоў, усё яшчэ надта блізка і балюча: “Трэба час, каб аддзяліць сябе ад гэтай гісторыі”.
Любыя прагнозы пацвярджае ці абвяргае толькі час. Як спатрэбіліся фота, якія зрабіла гераіня рамана, — для іх прыйшоў час, і яны зноў апынуліся на вокладцы, — так, магчыма, прыйдзе час правяраць прагнозы рамана зноў. На жаль, пакуль нагоды для спраўджвання былі толькі трагічныя. Як сказаў калісьці, яшчэ “да ўсяго” Альгерд Бахарэвіч, “калі хочаш быць рэалістам, мусіш пісаць фантастыку”. У той размове абмяркоўвалі раман “Апошняя кніга пана А.” і мелася на ўвазе апісанне ізаляцыі, якая падчас пандэміі каронавіруса стала рэальнасцю: людзі збіраюцца разам і расказваюць казкі, а вакол — жахлівы, небяспечны свет.
Ёсць кнігі актуальныя, ёсць прарочыя, а ёсць такія, якія ўпісваюць хаду жыцця ў бачны парадак рэчаў. Не ўсім бачны, а толькі тым, хто бачыць шырэй за сваё кола і спрабуе зразумець, што адбываецца.
Думаецца, раман “Я і ёсць рэвалюцыя” з такіх кніг.
І галоўная ідэя, якая паўстае з такога погляду: акрамя падзей, ёсць і “я”. Ёсць час і месца быць і сведчыць, — гэта пра адказнасць і каштоўнасць кожнага “я”. “Я і ёсць”, “я” ёсць ва ўсім, што адбываецца. І “я” буду — аб’ектывам, героем, удзельнікам. Адказным стваральнікам таго, што ў маіх сілах.