Шлях аналітыка — рушыць у глыбіню тэксту: чытаць патаемнае, прапісваць невідавочнае. Ну і крыху павучаць. Гэтым разам наша аналітычная служба даследуе ценявое жыццё “другасных” жаночых характараў белліту. І выкладае падставовы курс кахання, шчырасці ды незалежнасці.
“Людзі на балоце” — Ганна Чарнушка. “Знак бяды” — Сцепаніда... Беларуская літаратура стаіць не толькі на вёсцы з вайною, але і на магутных жаночых вобразах. Самі згадайце: мадонна-Вераніка Багдановіча, несмяротная Паўлінка Купалы, Ядвіся — “найпрыгажэйшая кветка Палесся” — з трылогіі “На ростанях” Коласа. З сучаснага — (не)святая Марыя ў Сіна (“Лібіда”), “ведзьма” Алаіза ў Мартысевіч (паэма “Сарматыя”) і цэлая банда жанок у Бахарэвіча (“Белая муха, забойца мужчын”)...
Ёсць вобразы другарадныя, не такія відавочныя, не такія вядомыя. Яны таксама заслугоўваюць увагі. Адныя — праз сваю неідэальнасць і заганнасць, якія робяць вобраз жывым і прыдатным да навучання на чужых памылках. Іншыя — адціснутыя ў цень галоўнай пратаганісткай, але па-свойму прыўкрасныя.
Звернем увагу на гераінь, якіх гераінямі называюць нячаста.
Я – першая літара ў алфавіце
Па постсавецкай прасторы вядомае выслоўе “Я — апошняя літара алфавіта”. Праз яго вырасла не адно пакаленне людзей, якія не ўмеюць адстойваць свае інтарэсы. Якім унушылі, што так рабіць непрыстойна і сорамна. Дзяўчат спрабуюць дабіць персанальным бонусам у выглядзе “аксіёмы”, што жанчыну ўпрыгожвае сціпласць. Самаахвярнасць — функцыя “па змоўчанні”.
Пасля такой “навукі” неадольна вабна выглядае вобраз Францішкі, ці проста Франкі, з рамана Элізы Ажэшкі “Хам”. Не ва ўсім яна пасуе як узор для пераймання, так. Але ёсць у характары, апісаным беларуска-польскай аўтаркай ХІХ стагоддзя, рысы, якія варта прышчапіць сабе хоць бы ў гамеапатычнай дозе.
Калі вы не чыталі, сутнасць рамана такая: на шляху сціплага, “рабацяшчага” і ціхага беларускага мужыка трапляецца шумная, вясёлая, дзікая і свавольная жанчына. Мужыку шмат не трэба: свая хата, човен, каб вудзіць рыбу на Нёмане, і каб ніхто не чапаў. “Я чарвяк”, — кажа ён пра сябе. А жанчыне трэба шмат і адразу: увага, каханне, грошы, забавы, уражанні... Спіс бясконцы.
Раман варты прачытання і сёння: эмоцыі ў ім несмяротныя, як і сама гісторыя. Пра вобраз Франкі скажам адно — ён не тое каб станоўчы. Яе напаткае сваё пакаранне, яна дойдзе да свайго “маральнага” фіналу, і ўсё такое іншае, што мусіць быць у рамантычнай літаратуры з псіхалагічным пачаткам.
Затое Франка смелая — гэта безумоўна. Галоўнае, што яе вызначае, — любоў да сябе. Ці не тым і прыцягнула яна забітага, зацюканага рыбака, што ў ёй месціцца з лішкам таго, чаго яму не стае?
Яна выпрасталася, пачырванела, і вочы яе загарэліся.
— Ого! Хай бы толькі паспрабавалі! На лаянку ёсць адлаянка! Я сябе ў крыўду не дам! Я дзяўчына з добрай сям’і. Бацька мой у канцылярыі служыў. Хай толькі мяне хто-небудзь абразіць злым словам, дык я яму так адкажу, што дзесяць год будзе помніць! А пасля хай мяне судзяць... Была я і ў судах! Не спалохаюся!
Ён паглядзеў на яе са здзіўленнем, амаль з жахам, але зноў адвёў позірк, бо гарачы румянец твару дзяўчыны і бляск яе чорных вачэй нібы апёк яго жарам”.
Гэтая жанчына не баіцца нічога і нікога. Прыярытэт — яна сама. І сябе самую яна не стане ўскладаць на алтар чаго-кольвек, нават мацярынства. Канечне, калі ўзвесці гэтыя рысы ў максімальную ступень, мы атрымаем монстра. Але, паўтаруся, самі па сабе і ў здаровых прапорцыях яны неабходныя для паўнавартаснага жыцця ў цяперашнім грамадстве. Не толькі жанчыне.
Цаніць сябе, любіць сябе, не адмаўляць сабе ў жаданым — урок ад Францішкі з “Хама” Элізы Ажэшкі.
Анёл жаночага сяброўства
Наступны тэкст, да якога мы звернемся, — поле фантазіі Мележа, з якога выйшлі сотні даследаванняў, спектаклі, фільмы і мемы... “Людзі на балоце”, канечне. І лакаматыў між персанажаў — Ганна Чарнушка. Вось пра каго варта пісаць: адчайная, шчырая, разумная, моцная... Мэры Сью рэалістычнай традыцыі ў беларускай літаратуры. Прыгажуня, спартоўка, камсамолка.
Але сёння нас цікавіць не яна. Нас цікавіць Хадоська.
На гераіню яна не цягне: сарамлівая мышка, Ганнін хвосцік, якая нават хлопца падабрала за ёю. Наіўная да дурнаты, паверыла і ледзьве не загінула. Так сабе ўзор. Але, як заўсёды, ёсць свае “але”.
Хадоська ані дурная, ані наіўная, ані слабая. Яе падвяла залішняя мяккасць у характары. Крыху б больш цвёрдасці, і яна б не саступіла Яўхіму ў ракавы для яе дзень. А калі б вырашыла саступіць свядома, то рашучасць дапамагла б адстаяць свае правы. І калі не сілком зацугляць бацьку нечаканага дзіця, то, прынамсі, вырашыць праблему цывілізавана, а не з рызыкай для жыцця.
А колькі сілы патрэбна, каб пасля ўсяго жыць навідавоку ў людзей, якія, канечне, усё ведаюць. Тры гады пасля сваёй асабістай трагедыі Хадоська прабыла сам-насам. І пасля ўсяго яшчэ вінаваціла сябе, што не спачувае дарагой сяброўцы, калі ў той памерла маленькая дачка: “Божачко, злая я, злая, — каялася з адчаем яна. — Што мне рабіць, парай, памажы мне, божачко! Няма дабраты ў мяне. Не магу забыць, не магу!” Дзе была ўвесь гэты час дарагая сяброўка — пытанне.
Хадоська — літаратурны характар накшталт Сэмуайза Гэмджы, які суправаджае Фрода на шляху да гібелі ці трыумфу, незалежна ад фіналу — заўжды да канца. Яна не можа абараніць сябе, але дзеля сябра загіне. Калі б Ганна прапанавала ёй разам пакінуць Курані і пашукаць долі ў горадзе, ці хаця б у блізкіх Глінішчах, тая б, думаю, не адмовілася. Траўма зрабіла яе не такой мяккай, але не змяніла сутнасць Хадоські.
У абдымкі Яўхіма яе падштурхнула не пожадзь ці спартыўны інтарэс, а глыбокае і самае чыстае пачуццё. Любіць з такой сілай і такой чысцінёй — дар, не кожнаму дасяжны. Характар Хадоські — ідэальна высакародны. Яна лепш загіне, чым запляміць сваё імя. Хадоська і Ганна дублююць дуэт Мелані Гамільтан — Скарлет О’Хара (“Знесеныя ветрам”).
Сябраваць і любіць шчыра, заставацца чыстай у памкненнях, не камянець сэрцам — урок ад Хадоські з “Людзей на балоце” Мележа.
Быць сабой каштуе дорага
Трэцяя гераіня нашага аповеду найбольш блізкая да статусу менавіта Гераіні. Больш за тое — мае рэальны прататып. Размова пра Алену Кіш, мастачку-прымітывістку, вядомую “райскімі” дыванамі. А дакладней, пра ейнае літаратурнае ўвасабленне ў аповесці Зараславы Камінскай “Русалкі клічуць”.
Аповесць не такая вядомая, як папярэднія тэксты. Яна выйшла асобнай кнігай у серыі “Пункт адліку” ў 2017 годзе: гэта серыя дэбютных кніг, якую прыдумалі Павел Анціпаў і Юля Цімафеева і рэалізавалі пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў.
“Русалкі клічуць” — гэта лепшы на сёння тэкст Зараславы Камінскай, хаця наступную ейную кнігу “Калядны стол” і адзначылі трэцяй прэміяй Гедройця.
Алена Кіш тут грае зусім не галоўную ролю. У аповесці дзве сюжэтныя лініі, якія перасякаюцца ў розных часавых плоскасцях, ажно пакуль у фінале не злучацца. У сучаснасці ёсць Ліза, якая шукае дыван Алены Кіш. У мінулым ёсць Марыля, якая шукае асабістага шчасця ў галодным, жорсткім паваенным часе. Яна прымае дома Алену Кіш, вандроўную мастачку, якую іншыя высмейваюць і цкуюць за лад жыцця і “іншасць”.
Як бачым, Алена тут гераіня трэцяга парадку, гэта першае. Другое — гэта ўсё ж мастацкі вобраз, які не варта разглядаць як дакументальны. Напрыклад, пытанне пра смерць мастачкі застаецца пытаннем: адныя крыніцы сцвярджаюць, што яна скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся; другія — што гэты няшчасны выпадак. Зараслава надае гісторыі містычнае вымярэнне.
Чым яшчэ адметная аповесць: яна дасціпна раскрывае з’яву, якую даследуе і з якой змагаецца фемінізм, і якой у літаратуры не надаюць асаблівай увагі, — размова пра мізагінію. Тут трэба дадаць, што адны і тыя ж падзеі ў аповесці чытач можа трактаваць па-рознаму: або прымаць містычнае вытлумачэнне падзей, або палічыць містычны бок за “аздобу”, а верыць у рэальнае.
Зараз будзе прыклад-спойлер: калі невядомыя нападаюць на Марылю і пабіваюць яе камянямі, мы можам прачытаць тут дзве гісторыі адначасова — або русалкі існуюць і помсцяць Марылі за ейнае шчасце быць любімай; або жанчыны з плоці і крыві, самыя звычайныя дзеўкі-аднавяскоўкі, зрываюць злосць і помсцяць за нешчаслівае жыццё, недалюбленасць, адзіноту і страх больш шчаслівай жанчыне. І вось што цікава: як ні чытай сцэну, яна пра адно – пра помсту ўдачлівай суперніцы. Гэтую сцэну варта разглядаць з псіхолагам: чаму жанчыны помсцяць жанчыне, а не свету, які пазбавіў іх шчасця? Чаму яны злуюцца не на мужчыну, які абраў не іх, а на жанчыну, якую абралі? Магчыма, адказ у нянавісці да сябе. Я кепская, таму мяне не любяць. А раз кепская я, то і яна — такая ж. Яна таксама не заслугоўвае любові.
Што ж, пакінем гэта на правах гіпотэзы і вернемся да Алены Кіш.
Яна застаецца як бы наводдаль, асобна ад усіх. У трактоўцы Камінскай мастачка таксама жадала сямейнага шчасця, але... Ці магла б Алена пабудаваць сям’ю, наступіўшы сабе на горла? Кінула б маляванне, не бадзялася, а засталася жыць у сям’і сястры, шукала б мэтанакіравана мужа. Зажылі б сваім домам, хоць бедна, але як усе. А там і дзеці. Сцерпіцца-злюбіцца.
Калі сур’ёзна, насамрэч невядома, што прычына, а што наступства. Ці Алена не магла пайсці замуж, бо патэнцыйных жаніхоў пужалі ейныя захапленні і лад жыцця, ці маляванне нарадзілася як сублімацыя: раз няма “асабістага шчасця”, я яго намалюю (нагадаю, размова пра вобраз Алены з кнігі “Русалкі клічуць” — пра думкі і матывы рэальнай Алены Кіш фантазіраваць не бярэмся).
Так ці іначай, Алена выбрала застацца сабой.
Урок ад яе: не здраджваць сабе, нягледзячы ні на што. Ні “прынц”, ні мізагінія не павінны цябе змяніць. Толькі тваё ўласнае жаданне.