Лісты ад лісця. Вольга Касцюк пра складанку дэкаланіяльнага беларускага пісьма “Карані / Лісце”.

Самавызначэнне — заўсёды трабл і выклік. Бо непазбежна трапляеш у пастку хісткай мовы, недадуманай ідэнтычнасці і невідавочнага прызначэння свайго расцярушанага жыцця. Магчыма, гэта прага свабоды. Магчыма, так выглядае дэкаланізацыя. Ці штосьці яшчэ. Чужыя маркеры не спрыяюць агучцы (не)прамоўленага. Але што я без іх? Таму і агляд чарговай складанкі атрымаўся адпаведны: шматмоўны шэпт агульнага лісця. Абяры сабе цытату.

Маўчанне. Шоргат. Спевы. Практыкі вызвалення

Нам, з рэйкамі замест вэнаў, ня страшна пад коламі.
лусінэ маскалюнец, “Шэсьцьсот словаў пра маю сям’ю”

Зборнік дэкаланіяльнага беларускага пісьма “Карані / Лісце” — вынік працы фемінісцкай пісьменніцкай лабараторыі, арганізаванай архівам “Расцяжэнне” і літаратурным зінам “Фігуры”. Гэта не толькі спроба пераасэнсаваць гісторыю Беларусі як калоніі, але і спроба дэкаланізаваць Беларусь. У зборніку кожная аўтар:ка праводзіць дэкаланізацыю на свой лад. Нехта дэкаланізуе пры дапамозе беларускай лацінкі, палескага дыялекту ці беларускай рускай мовы. Хтосьці спрабуе асэнсаваць гісторыю сваёй сям’і на фоне сусветных гістарычных падзей. Іншыя адракаюцца ад класічнай формы прозы ці паэзіі і звяртаюцца да гібрыднага жанру мастацтва ў шырокім яго сэнсе. Творы зборніка — гэта лісце, якое вырасла дзякуючы караням, што запусцілі ў балоцістую беларускую глебу аўтар:кі. Нягледзячы на сваю рознасць, тэксты-лісце шамацяць ва ўнісон і запрашаюць да аднаго — дыскусіі па дэкаланізацыі Беларусі.

Котачка
Гэта што ў цябе, дэкаланіяльнае пісьмо такое?
А чаму яно такое палітычна хуёвае?
А іншага няма!
Нічога няма
Я з беднай маленькай краіначкі

Вікторыя Грабеннікава, “Краінка”

Вокладка зборніка гаворыць не толькі пра шматгалоссе аўтар:ак праекту, але і пра яго шматмоўе: разам з імёнамі пісьменн:іц назва зборніка прадстаўлена на мовах, якімі карысталіся аўтар:кі ў сваіх творах. Беларуская, грузінская, украінская, польская, руская, нямецкая, палескі дыялект, інданезійская, англійская. Такое рознагалоссе гаворыць не толькі пра вялікі геаграфічны ахоп пражывання беларускіх аўтар:ак, але і пра тое, што Беларусь існуе на сусветнай літаратурнай мапе і з’яўляецца часткай сучаснага глабальнага дэкаланіяльнага працэсу.

А што ўвогуле можа здарыцца
з чалавекам за тры хвілінкі? Эміграцыя.

Ліяна Каханоўская, “Дзіцячая чыгунка”

Увогуле, дэкаланізацыя заўсёды звяртае асаблівую ўвагу на мову. І многія творы ў зборніку “Карані / Лісце” напісаны адначасова на некалькіх мовах, у некаторых тэкстах ідзе зварот да памежных выяўленняў, у іншых мовы каланізатара перапрысвойваюцца альбо дэкаланізуюцца. Так, расейская мова становіцца беларускай рускай мовай.

ты хочешь, чтобы я отказалась от русского языка
бросила нож под ноги, подняла руки вверх, словно
сдаваясь
продемонстрировать дружелюбность намерений?

Юля Артёмова, “Нож”

Канешне, беларуска-рускамоўнае пытанне пастаянна актуалізуецца на старонках “Карані / Лісце”, таму важна адзначыць, што двухмоўныя творы зборніка чытаюцца вельмі арганічна і з’яўляецца добрым прыкладам існавання плаўнага пераходу ад рускай мовы да беларускай.

Ты говорила, что оно родом из дома твайго дзяцінства, дзе гучала толькі мова. Калі мы прыязджалі на лецішча, ты размаўляла з суседзямі па-беларуску.
Арина Карпович, “Бабушка”

Часам тэксты зборніка пераходзяць не на лямант, а на бязмоўе, яны адмаўляюцца ад мовы, не расейскай, рускай ці беларускай, а ад мовы ўвогуле. Гэта нагадвае адзіночныя маўклівыя пікеты, калі адным фактам пратэсту аўтар:ка можа сказаць больш, чым калі б яна нешта гаварыла ці выкрыквала.

Не плачешь просто снится не плачешь не говоршь фотографий не осталось у меня давно нет слов не т остант гоаов офтог
Т., “Сезоны”

Калі вы чыталі папярэдні зборнік лабараторыі “Расцяжэнне”, які быў прысвечаны тэме траўмы і эміграцыі, то лёгка заўважыце, як гэтыя дзве складанкі з рознымі, здавалася б, тэмамі, вельмі звязаныя паміж сабой. У нейкі момант прыходзіць разуменне, што першы зборнік павольна перацякае ў другі і “Карані / Лісце” — гэта не што іншае, як арганічны працяг 2020 года, пра які пісалі аўтар:кі першай лабараторыі.

Аўтар:кі адмаўляюцца ад традыцыйных для дамінуючай культуры формаў. Яны звяртаюцца да кросжанравасці, гібрыднасці, якія даюць больш свабоды і магчымасцей.

Безумоўна, найбольш настальгічнымі момантамі “Каранёў / Лісця” можна назваць знаёмыя, але, мабыць, забытыя беларускія вобразы, традыцыі, забабоны, захаванне якіх і захаванне памяці пра якія таксама з’яўляецца часткай працэсу дэкаланізацыі.

Цікава, што ў зборніку шмат гаворыцца пра рэлігію, веру і царкву. Напэўна, гэта звязана з традыцыйным беларускім асяроддзем, у якім мы выраслі і, можа нават, расцём. У той жа час вельмі беларускі вобраз касцёла побач з царквой выклікае прыемную настальгічную ўсмешку.

Нацыянальная ідэнтычнасць — яшчэ адна тэма зборніка. Хто я? Беларус:ка? Чаму я тады гавару / пішу / сню на рускай мове? Дарэчы, аўтар:кі зборніка ў сваіх тэкстах адказваюць на гэтыя пытанні па-дэкаланіяльнаму.

Я была беларуской, напісанной русскім языком, і потом, уехав із Беларусі, я стала переводом на англійскій, в котором есть десяткі сносок і поясненій контекста, но іх нікто не чітает.
тони лашден, “Место болі”

бабуля з дзядулем глядзяць навіны.
навіны — на рускай, для рускіх.
рускія й мы таксама, здаецца.
здаецца, няма нас увогуле.

astrenalo, “Grandma з дедушкой”

Яшчэ адным цікавым момантам зборніка стаў зварот да местачковасці і тутэйшасці, спроба асэнсаваць гэтыя дзве беларускія ідэнтычнасці. У сваім разважанні пра местачковасць і тутэйшасць сеня стасюкевіч балансуе на мяжы з акадэмічным пісьмом, ад якога, здаецца, катэгарычна адмаўляецца дзеля пісьма дэкаланіяльнага.

местачковасьць — пераход ад тутэйшасьці. існаваньне ў новай геаграфічнай прасторы са зьмененымі маральнымі ўсталёўкамі. гэта ўжо не вясковае сьветаўспрыманьне, але яшчэ й не гарадзкое. я на мяжы, я — стан пераходу.
сеня стасюкевіч, “местачковая кудзеля (разважаньне)”

Скончыць хацелася б яшчэ адной цытатай:

Твой дом разбурыцца, гаспадар. Твой дом праглыне багна. Косткі нашых людзей вернуцца ў глебу.
Словы нашай мовы вернуцца ў паветра.
Мы пабудуем дамы з зёлак, шэптаў і птушыных спеваў.

Маша Г., “Мы пабудуем дамы”

Спампаваць

Вольга Касцюк — беларуска, жыве ў Новай Зеландыі. Піша на рускай, беларускай і англійскай мовах. Скончыла філфак БДУ (Мінск), два курсы Маі Кучарскай у Creative Writing School (Масква), удзельнічала ў воркшопе Кэры Раян (WLAG), у лабараторыі фем-пісьма “Расцяжэнне”, у семінары Ганны Севярынец “Беларуская класіка па літарах: павольнае чытанне ад Беларускага калегіюма”. Апавяданні апублікаваныя ў зборніку “Расцяжэнне”, у фем- і квір-часопісе FEMINIST ORGY MAFIA, Tint Journal (Austria), PEPPER Magazine (USA), у зiне “ЭББ 2. Что мы наделали?”, у часопісах “Дактиль” (Казахстан), “Незнание” (Расея) і інш.