Белліт — адбітак часу. Нават калі летуценна гуляеццца ў ратаванне прынцэс альбо размаўляе з жабкамі. Дзеткі зараз маюць тое, што маюць: дырэктыўна-маралізатарскае чытво, праз плыню якога цудам прабіваюцца годныя кніжкі. Прэмія Цёткі — добрая нагода ўзгадаць пра ўсіх. Аналітычная служба Літрадыё раздае адзнакі.
Цётка №5, або Крынжовы паход унутраных дзяцей
Упершыню Прэмію Цёткі ўручылі ў 2016 годзе. Ад пачатку яе вызначальнай рысай стала дэмакратычнасць: прымаліся кнігі любых аўтараў, незалежна ад палітычных поглядаў. Арганізатары паставілі мастацтва вышэй за дробныя акалічнасці. Але мастацтву гэта не дапамагло.
Пасля пагрому незалежных грамадскіх арганізацый многія культпрацэсы калі не загнуліся, то замарозіліся. Ахвярай прымусовай крыятэрапіі стала Прэмія Цёткі. У 2022 годзе вынікі не падводзілі, але сёлета мусяць назваць пераможцу за 2021 год.
Схемы гульні
Валеры Гапееў, Вера Жыбуль, Надзея Ясмінска, Воля Гапеева — пераможцы Прэміі розных гадоў, яны ж — рэдкія добрыя прыклады. Ёсць і іншыя. Але дзіцячая літаратура ў Беларусі ў стане прыкладна тым жа, што нафтаздабыча: ёсць адзінкавыя радовішчы, за кошт якіх не пражывеш. Ратуе імпарт.
Таму з поўнага спісу ў доўгі трапляюць не лепшыя з лепшых, а тыя, каго можна чытаць, не душачы спазмы ў страваводзе.
Прэмія ўручаецца ў дзвюх намінацыях: “за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў (аўтару, незалежна ад роду літаратуры — проза, паэзія, драматургія) і за найлепшае мастацкае афармленне кнігі (мастаку-ілюстратару кнігі)”. Баг: у адну намінацыю скінутыя кнігі для дзяцей (скажам, катэгорыя ад дашкольнікаў да сярэдняга школьнага ўзросту) і для падлеткаў (старэйшы школьны ўзрост). У ідэальным свеце існаваў бы падзел, прынамсі “ўзроставы”. Сумніўны занятак — параўноўваць вартасці “кніжкі-малышкі” з прыгодніцкім раманам для падлеткаў. На жанры можна махнуць рукой — усё адно маем справу з аўтарскай казкай ці вершамі, якія і паэзіяй не назавеш.
Як паўплываў на дзіцячы белліт 2020 год?
Адказ: ніяк. І гэта нармальна.
Па-першае, калі кніжка выдалася ў 2021-м, пісалася яна напэўна раней. Па-другое, калі б у тэкст для дзяцей улезла палітыка, гэта была б агітка, а не літаратура. Агітак нам хапае і ў “дарослым” белліце. Трэцяе: дзіцячая літаратура апелюе да агульначалавечых каштоўнасцяў — дабро і зло, як сябраваць, любіць і ненавідзець, чаму мы плачам і смяемся і ўсякае такое іншае. Падзеі 2020 года на паняткі такога маштабу ніяк не паўплывалі.
Так, эпас Толкіна аднолькава чытаўся што пасля 1914-га ў Вялікабрытаніі, што пасля 2020-га ў Беларусі.
Выдавецкія прапорцыі
Поўны спіс 2021 года налічвае 26 кніг. Большасць з іх выдалі дзяржаўныя выдавецтвы (“ура” дэмакратыі). Пры большым матэрыяльным рэсурсе ў іх традыцыйна меншая канцэнтрацыя талентаў.
Тытан індустрыі — выдавецкі дом “Звязда”. Калі так можна назваць выдавецтва, якое нарадзіла 8 дзіцячых кніг за год (новых твораў, не перавыданняў ці перакладаў). Дзіўным чынам у іх лік трапіла кніга Лаўрэна Юрагі “Замак з люстраной залай” — суцэльнае прызнанне ў любові ВКЛ. Наўрад ці б такое атрымалася сёння. Рыцарскія сантыменты не ўпісваюцца ў мілітарысцкую ідэалогію таталітарнай дзяржавы.
Таксама вартая ўвагі кніга Алены Масла “Таямніца закінутай хаты”, хаця асобныя тэксты выклікаюць пытанні (пра што пазней). Штосьці ўцямнае можна выцягнуць з кнігі Раісы Баравіковай “Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў”, калі адкінуць салодзенькія інтанацыі, ад якіх зводзіць сківіцы, і дадаць дынамікі ў сюжэт (на ўсю кнігу — ніводнай кульмінацыі, голы стэп, а не фабула). Што да астатніх кніг “Звязды” — гэта чыстая некрафілія.
Наступны рэкардсмен — “Беларусь”: шэсць выданняў, з якіх тры — адной аўтаркі, Таццяны Дамаронак. Кнігі ў яе правільныя да зубоўнага скрогату: што да каштоўнасцей, і да герояў, і да маралі… Адна бяда: чытаць гэта немагчыма. Нават Біблія для дзяцей цікавейшая — там, прынамсі, ёсць прыгоды.
Трэцяе месца ў “Кнігазбора”. Цяпер, калі ў выдавецтва ўзніклі, скажам так, праблемы, утвараецца прыкры прагал. Так, у поўным спісе прадстаўленыя ўсяго 4 выданні “Кнігазбора”. Але ад агульнай колькасці на сезон гэта 15%. А калі казаць пра якасныя кнігі — адсотак увогуле гіганцкі. Іх можна пералічыць пайменна: “Кніжка пра зубы” Анастасіі Крачкоўскай, “Кусь-Кусяндра” Надзеі Ясмінскай і “Жэнька, каралева мышак” Валерыя Гапеева.
Незалежны дзіцячы белліт прадставілі таксама Янушкевіч (2 кнігі), “Папуры” і “Галіяфы” (па адной). Кнігі Янушкевіча таксама ў ліку лепшых за сезон: “Адкуль прылятае сыр” і “Дзе расце пячэнне” Святланы Татарнікавай — узорнае спалучэнне карысці, густу і займальнасці. Ад “Галіяфаў” у спіс трапіў пасрэдны раман-хорар “Замак на ўзгорку” Аляксандра Хацкевіча. Ад “Папуры” — кранальная гісторыя пра сабачку, які шукаў зорку, а аказалася, гэта ззяе святло дзіцячай душы (“Сабака і зорачка”, Святлана Рабава).
Астатнія кнігі належаць “Мастацкай літаратуры”, “Адукацыі і выхаванню” і “Чатыром чвэрцям”. У “Чвэрцях” выйшла кніга Алега Грушэцкага “Рыцар Янка і каралеўна Міалана. Таямнічае каралеўства” — сярэдняя, калі казаць пра мову. Але поўная сюрпрызаў у ідэйнай плоскасці, назавем гэта так.
Пра што кнігі?
Адказаць дапамогуць два ракурсы: сюжэтны і ідэйны.
Усе сюжэты пераказваць негуманна, абмяжуемся пералікам асноўных тыпаў.
- гісторыі пра жывёлак (Татарнікава, Аракчэева, Рабава),
- пошук чароўных артэфактаў (Грушэцкі, Шчукіна),
- гісторыі з перамяшчэннем паміж светамі (Шчукіна),
- падарожжы (Баравікова),
- гісторыі пра мілых пачварак (Ясмінска, Бучынская),
- змаганне з монстрамі (Грушэцкі, Конеў, Хацкевіч),
- адухаўленне прадметнага свету (Мікалаеў, Пшонік, Дамаронак),
- прырода (Дамаронак, Баравікова, Пазнякоў, Фралова),
- “нафталінавы раялізм” — гісторыі пра прынцаў з прынцэсамі (Хадасевіч, Баравікова, Грушэцкі),
- свет дарослых вачыма дзяцей (Гапееў, Масла, Фралова).
Асобна вылучым галіну рэлігійную, ці містычную, дзе сюжэт будуецца вакол веры\веравання, а героі сутыкаюцца з боствамі (Конеў, Хацкевіч, Гапееў). Такія гісторыя маюць імаральны фундамент, і ці адносіць іх да дзіцячай літаратуры — пытанне.
Цяпер да сутнасці
Сюжэт пакінем на паверхні, больш нас цікавяць ідэі. Тут вымалёўваецца цікавая карціна, часам — клінічная.
Часцей за ўсё аўтар абірае простую дарожку — пратораную, добра ўтаптаную: расказвае пра дабро і зло, змаганне за справядлівасць, сяброўства і іншыя рэчы, якія дзецям убіваюць гвалтам. Пхаюць збітыя ісціны між самкнёных зубоў, не раўнуючы лекі з варэннем. Варэнне калі не пакрылася плесняй, то засахарылася.
Баравікова летуценна расказвае ў пустату фантазіі пра траву і кветкі. Пшонік даказвае, што нельга гуляць у камп’ютарныя гульні, а то правалішся ў віртуальнасць і не вернешся. Мікалаеў цягам цэлай старонкі расказвае, што такое шчасце і як яго правільна спажываць, дзелячы людзей на добрых і нядобрых. Дамаронак з непераўзыдзеным занудствам апісвае прыроду, падмацоўваючы эфект мараллю. Без жартаў: яна кожны аповед заканчвае абзацам з маральным дыстылятам. Запаветы ад Таццяны. Амінь.
Яшчэ страшней, калі гэтыя людзі пачынаюць апісваць дзяцей. Галіна Пшонік, напрыклад, расказала ў “Бліскучай краіне” гісторыю пра дзяўчынку, якая хацела “адарвацца напоўніцу” на летніх канікулах, аказалася на востраве, дзе спраўджваюцца жаданні, а потым збегла з яго, бо хто застанецца — дэградуе. Сапраўды, нам відавочна не стае людзей з прафесійным выгараннем, сіндромам самазванца і заніжанай самаацэнкай. Трэба культываваць сорам за адпачынак на вакацыях.
Сумніўня ідэі ў “Байках ды казках бабкі Параскі” Таццяны Атрошанка. Яйка, лежачы ўнутры курыцы, праз ейную адкрытую дзюбу бачыць сініцу, зайздросціць ёй, выпадае з мамкі і разбіваецца (што?.. так). Гусак павучае жыццю суседзяў і праходзіць шляхам Апулея: ператвараецца то ў свінню, то ў асла. Бабру выбілі зубы супляменнікі за тое, што ён непрыемны.
Сюрпрыз падрыхтавала Алена Масла. Увогуле ў кнізе “Таямніцы закінутай хаты” тэмы небанальныя: цэннасць інтэлектуальнай працы, каштоўнасць гуманітарыяў (інтэрпрэтацыя казкі пра Музыку Багдановіча), розніца паміж ганарыстасцю і годнасцю, гісторыя пра зайздрасць і дараванне, спорт і здароўе, асалода чэснай працы… Выбіваюцца з шэрагу гісторыі пра смерць вёскі і пра тое, што трэба любіць дзяцей (бадай, упершыню сустракаю культывацыю апошняга ў дзіцячай кнізе). А вось і сюпрыз: прытча пра хмарку, якая хацела падарожнічаць, збегла цішком ад мамы, а калі вярнулася дадому, даведалася, што мама ад тугі памерла. На псіхолага адкладвай з маленства, не ашыбешся.
І яшчэ крыху прыўкраснага
Мая “любімая” дзіцячая аўтарка — Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Ні сезону не абыходзіцца без ейных кніжак, поўных незамутнёнага сексізму. Яна бясконца расказвае пра “каханне” ў найгоршым выглядзе: мужчына-герой ратуе безабаронную пані. У 2021 годзе Хадасевіч пераўзышла сябе: выдала кніжку, у якой былі асобна гісторыі для дзяўчат і хлопчыкаў. У новай кнізе Хадасевіч “Загадка прынцэсы Агнэсы” ўсе казкі прывязаныя да шахмат (падобна, хтосьці паглядзеў “Ход каралевы”). Канва адна: герой і гераіня гуляюць у шахматы, а потым жэняцца.
Хадасевіч не ўсведамляе заганнасці светапогляду, які насаджае. У адной з казак наўпрост гаворыцца, што за прынцэсай даюць шыкоўны пасаг, так што можна было б падумаць, што жаніхі яе не любяць, але прынцэса стройная і прыгожая. Так што ўсё нармальна, можна не перажываць. Пра адноснасць самой катэгорыі прыгажосці не дапускаецца нават думкі.
Супярэчлівая кніга Іны Фраловай “Вясковыя вакацыі”. Камар-прадпрымальнік зламаў абцас бота, пакуль радасна танчыў з прычыны добрага прыбытку; аўтар гэтаму рады, зламаны абцас азначае пакаранне. Няблага для рыторыкі 1930-х. Дзіўна ў 2023 годзе.
У лепшых савецкіх традыцыях Фралова абвяшчае байкот круасанам: “Да смаку сняданак мне просты і наскі”.
Ветэраны і малькі —
У чужыя акіяны
Эмігрыруюць з ракі.
Сос! Маўкліваму народу
Не хапае кіслароду.
Мог быць геніяльны верш, але насамрэч гісторыя пра сома, які стаў геймерам і забыўся пачысціць сажалку.
Фралова ставіць небанальныя пытанні: як жыве чалавек пасля таго, як зробіць зло? Куды сыходзіць пасля смерці? І адначасова ў тэксце процьма слядоў вялікайчыннай прапаганды. Злыя палякі, якія б’юць дзяцей за беларускую мову. І ні слова пра расейскую інтэрвенцыю: нават у Сібір людзей высылалі, па версіі Фраловай, “за польскім часам”.
Сумніўная мараль у бяскрыўднай з выгляду казцы Наталлі Бучынскай “Ква-Фея, Кваканцыя і «жабіны вочкі»”. У чароўным каралеўстве жыве цмачаня; сталеючы, яно выяўляе адмоўныя рысы характару: сквапнасць, жорсткасць, крыважэрнасць. Мясцовая чараўніца думала і прыдумала: зачаравала цмачаня, каб яно перастала расці. Застыўшы ў дзяцінстве, яно пазбавілася адмоўных рысаў. То бок, у адказ на выклікі і праблемы сталення Бучынская прапануе інфантыльнасць.
На дэсерт — кропля этнічнай нянавісці: маці застрашвае дзіця, што тым, хто кладзецца спаць галодны, сняцца цыганы.
Што па мове?
У бальшыні выпадкаў мова дзіцячых кніг бедная, прымітыўная. У кожнай другой — русізмы і калькі (накшталт “прывесці сябе да ладу” — літаральны пераклад “привести себя в порядок”). Стылю як такога няма, затое з лішкам напхана эпітэтаў. Дыялогі дубовыя. Пра псіхалагізм часцей за ўсё казаць не выпадае (але гэта ўжо не пра мову, канечне). Прыклад: у Шчукінай хуліган, які самасцвярджаецца праз фізічную моц і гвалт, сочыць за галоўнымі героямі, пераапрануўшыся ў адзенне старэйшай сястры.
Сустракаюцца неадэкватныя пасажы. “У канцы верасня выправяцца ў дарогу і іншыя вадаплаўныя птушкі. Белыя лебедзі развітаюцца з роднымі мясцінамі ў сярэдзіне кастрычніка” (з вамі быў тэлебарометр, не пераключайцеся).
“Яго оперны выгляд прымусіў дзяўчынку паверыць, што праз які момант густы бас выканае арыю Мефістофіля. Чырванеючы геранямі, сарамліва прывіталіся вокны”. Што да чаго, няясна, але ясна, што аўтар старанна практыкуецца ў метафарах.
“— Аёечкі! У мяне столькі спраў! Столькі спраў!” — голасам бабкі прамаўляе 10-гадовая дзяўчынка.
Ну і гэтак далей.
Лепшыя работы і галоўныя праблемы
Пара абзацаў для тых, хто прагартаў тэкст у канец.
- “Адкуль прылятае сыр?” і “Дзе расце пячэнне?” Святланы Татарнікавай — ідэальнае спалучэнне фармату і зместу, узорная гармонія тэксту і малюнка;
- “Кніжка пра зубы” Анастасіі Крачкоўскай — рэч не мастацкая, але безумоўна патрэбная; кніжка, якая дае важныя веды ў цікавым і даходлівым фармаце, а галоўнае — забівае страх перад стаматолагамі;
- “Кусь-Кусяндра” Надзеі Ясмінскай — разглядае важную тэму агрэсіі і аўтаагрэсіі ў дзіцячай псіхалогіі, паказвае чытачу, што злавацца — нармальна, не трэба даводзіць сябе да неўрозу ў памкненні быць пазітыўным;
- “Жэнька, каралева мышак” Валерыя Гапеева — адзначаныя трэцяй прэміяй Гедройця гісторыі сталення, іншасці і ўзаемадзеянне дзіця з соцыумам.
Другім шэрагам ідуць “Замак з люстраной залай” Лаўрэна Юрагі (насамрэч, кніжка не дзіцячая, хутчэй, гэта жанравы зборнік гістарычных апавяданняў); “Таямніца закінутай хаты” Алены Масла (не тое каб дзіцячыя аўтарскія казкі на арыгінальныя тэмы); “Сабака і зорачка” Святланы Рабавай (гісторыя не столькі выбітная, колькі кранальная — асабліва ў спалучэнні з ілюстрацыйным матэрыялам) і “Рыцар Янка і каралеўна Міалана. Таямнічае каралеўства” Алега Грушэцкага — за сугучнасць некаторым рэаліям.
- мова неадэкватная;
- ні заяўленаму ўзросту чытача, ні часу, у якім кніга напісаная, ні акалічнасцям, у якіх жывуць чытач і аўтар;
- дзеці ў тэкстах нежывыя;
- ці прыдумана-ідэальныя, ці проста бяздарна злепленыя; гэта нават не маскі дэль артэ — гэта пачварныя големы;
- аўтары пішуць бязмэтна, дакладней, мэта ў іх — напісаць кніжку, а для каго, наколькі якасна, ці цікава гэта чытаць — не істотна;
- творчай імпатэнцыі спадарожнічае прага павучаць (падобна, тут існуе прамая карэляцыя).
Гумар, бунт і свабода — вось што напраўду важна ў дзіцячай літаратуры, і акурат гэтага да слёз не стае дзіцячаму белліту; катастрафічна бракуе стваральнага абсурду, хаосу, з якога нараджаюцца сусветы. Замест іх маем плакаты, брашуры і гісторыі хваробаў.
Магчыма, праблема палягае глыбей, чым у ляноце ці бяздарнасці аўтараў. Магчыма, справа ў тым, што іх уласныя ўнутраныя дзеці альбо мёртвыя, альбо моцна хворыя, скалечаныя пракруставым ложам таталітарызму і савецкай спадчыны. Магчыма, эпігонства — сімптом страху перад новым, нечаканым і “няправільным”, і яны абіраюць мову плаката — бяспечную і адобраную Дарослым у хромавых ботах, з вусамі і пугай.
Але гэта экстралітаратурны чыннік, пра які мы разважаць не будзем.