Аналітычная служба Літрадыё пра тое, чаму “Персеполіс” — не “Беларусалім”.

Ці можа выжыць прыўкраснае пісьменства падчас татальнага калапсу? Калі выказванне ад першай асобы ператвараецца ў грамадскую пазіцыю? Як казаць пра трагічнае ды невыноснае? Ёсць прыклады. Ёсць варыянты. Наша аналітычная служба разбірае механізмы праблемнага графічнага рамана.

Як нам пісаць пасля 2020-га? Досвед “Персеполіса”

Intro

“Меня никогда не интересовали все эти исламские тяжбы, особенно в книгах. Мне они казались надуманными, преувеличенными и мало относящимися к реальности. Но «Персеполис»… это совсем другое”.

Безыменны чытацкі водгук дае яскравае ўяўленне пра графічны раман Маржан Сатрапі “Персеполіс”. Дзякуючы выдавецтвам “Пфляўмбаўм” і “Янушкевіч”, мы можам зараз чытаць яго па-беларуску.

Выказванне наіўнае, узорна абывацельскае: што не датычыць чалавека непасрэдна, гучыць для яго абстрактна, статыстычна абагульнена. Чужое гора не кранае, таму што яно і не гора — толькі карцінка ў тэлевізары, кадр у відэа, якое глядзіш на Юцюбе па дарозе на працу. Страшылка, якая казыча нервы, адначасова прыносячы палёгку: цябе смерць, вайна і астрог абмінулі. “Но «Персеполис»… это совсем другое”. Чаму?

Маржан Сатрапі не расказвае пра Іран, вайну і палітыку — яна расказвае пра дзяўчынку. Дзяўчынка робіцца падлеткам, дзяўчынай, жанчынай. Нявестай. Студэнткай. Эмігранткай. Сабой. Маржан Сатрапі расказала гісторыю чалавека. Адпаведна, гісторыя зразумелая кожнаму з homo sapiens. Вялікая папулярнасць графічнага рамана выкліканая найперш гэтым, а не другаснымі акалічнасцямі накшталт палітычнай актуальнасці.

Пра раман

“Персеполіс” складаецца з чатырох кніг. У кожнай — з дзясятак гісторый. Кожная гісторыя — скончанае апавяданне з завязкай, кульмінацыяй і развязкай. Такім чынам, “Персеполіс” — гэта адначасова графічны раман і зборнік графічных навэл.

Кніга першая расказвае пра дзяцінства Маржан гадоў з дзесяці — узросту больш-менш самастойнага, калі асоба, лічы, склалася. Мы бачым развіццё чалавека праз сутыкненне са знешнім светам. Кожная навэла мае ключавую ідэю.

“Хіджаб” — пра свабоду дзіця, яшчэ не заціснутага сацыяльнымі нормамі. Нездаровыя рэчы выклікаюць у дзіця здаровы смех. Бог для дзіця — суразмоўца і сябар, а не суддзя. Дзіця роўнае богу.

“Ровар” ілюструе духоўны крызіс і канфлікт з богам пасля ўсведамлення, што свет несправядлівы. На “дзіцячую” частку прыпадае аналіз такіх складаных з’яў, як сацыяльная няроўнасць, дараванне і помста, што значыць быць героем ці ахвярай. Канчатковае расчараванне ў богу супадае з пачаткам вайны.

Другая кніга — гісторыя падлетка: сутыкненне з фізічным гвалтам і эскапізм як абарончая рэакцыя, бежанства, хлусня і крывадушша, лжывы патрыятызм, адчайная весялосць як пратэст і зброя супраць абсурду, першая цыгарэта як развітанне з дзяцінствам, бязлітаснасць бюракратыі, якая забівае чалавека, эміграцыя... На гэтым этапе Маржан разумее, што ніводная ідэя не вартая жыцця чалавека. “Лепш бы ён застаўся жывым у турме, чым героем, але мёртвым”, — кажа аднакласніца Маржан пра свайго бацьку. Гэтае прызнанне змяняе свет Маржан.

Трэцяя кніга — самая супярэчлівая: юнацтва гераіні ў Аўстрыі. Частка самая самотная і адчайная, хаця і самая далёкая ад вайны і зверстваў ісламскіх фанатыкаў. Дзяўчына застаецца адна, без блізкіх і роднай культуры. Аповед Маржан пра аўстрыйскі побыт, пра заходнееўрапейскую моладзь крытычны. У ім бачыш агульную крытыку еўрапейцаў за іх інфантыльнасць, разбэшчанасць і легкаважнасць (што найперш звязана з дэвальвацыяй слова: пэўна, кожны з нас хоць раз ды пакепліваў з “глыбокай занепакоенасці” Захаду). Смешна выглядаюць пафасныя развагі юнакоў пра смерць, якую тыя бачылі толькі ў кіно; пра пакуты, уяўленне пра якія яны ўзялі з напышлівых тэкстаў Сартра.

Зрэшты, гэта праблема не столькі Заходняй Еўропы, колькі чалавечай дурасці.

Маржан сутыкаецца з пранізлівай адзінотай, і гэты матыў сугучны матыву аповесці Анкі Упалы “На заснежаны востраў”. У тэкстах іранкі і беларускі аднолькава гучаць разгубленасць, крыўда і безабароннасць. Адзінота аказваецца больш страшнай за тэрор: “Халера з ёй, маёй асабістай і грамадскай свабодай. Мне вельмі трэба вярнуцца да сябе”. Крызіс ідэнтычнасці — ужо не іранка, яшчэ не еўрапейка — змушае Маржан вярнуцца дадому.

Заключная кніга раскрывае сталенне асобы. Набірае моцы фемінізм: Маржан бачыць, што ў іранскай жанчыны апрача фундаменталістаў ёсць іншы вораг — патрыярхат. Ён нават страшнейшы, бо апаноўвае нават лібералаў.

“Гэта не іранскія мужчыны, а мужчыны наогул. Два гады таму я сустракалася з іспанскім дыпламатам. Знешне ён нібы лепш паводзіцца, але па сутнасці тое ж”, — кажа сяброўка Маржан. “Але толькі тут усе законы на іх баку”, — кажа сама Маржан.

Смех і смерць

Між яскравых цытат самая важная — гэтая:

“У той вечар я зразумела адну важную рэч: мы шкадуем сябе тады, калі нашыя няшчасці яшчэ можна трываць. Але калі ліміт перавышаны, адзіны сродак вынесці невыноснае — гэта смяяцца”.

Маржан смяецца праз усю кнігу. У дзяцінстве смех карнавальны, нічым не абмежаваны. Смех маленькай Маржан — сродак спазнання свету. Як святло, адбіваючыся ад паверхні, робіць яе бачнай, так з’явы жыцця робяцца бачнымі, калі Маржан з іх смяецца.

У падлеткавым узросце смех — сродак пратэсту і спосаб перажыць невыноснае. У юнацтве смех Маржан трагікамічны, яна смяецца з сябе і соцыуму, і толькі сарказм не дае ёй зламацца. У сталасці прыходзіць разуменне: смех — жыццёвая неабходнасць. Смех і смерць — процілегласці, на якіх вырастае “Персеполіс”. Як чорны і белы колеры графікі рамана.

Аўтарка аднолькава высмейвае азвярэлых фундаменталістаў і інфантыльных дэкадэнтаў Захаду; тых, хто баіцца эмігрантаў, і тых, хто абагаўляе сваю нацыянальнасць; тых, хто лічыць вайну чымсьці свяшчэнным, і тых, хто ігнаруе яе наяўнасць...
Маржан высмейвае глупства чалавека і зло ў яго розных праявах — незалежна ад гендару, нацыі, часу.

Чаму гэта менавіта раман?

Комікс — гэта дзеянне ў карцінках. Графічны раман — літаратура ў карцінках. Дзеянне не ёсць літаратурай, і як стакроць паўтаралася, літаратура — гэта не пра што, а як.

Як Маржан Сатрапі расказала сваю гісторыю? Дасціпна, лаканічна, без эўфемізмаў. Тут сваю ролю, падобна, адыграў досвед Маржан як дзіцячай аўтаркі — аўтаркі найскладанейшай літаратурнай формы, пасля, хіба што, цвёрдых паэтычных формаў.

Пераклад Алены Карп з французскай (мова арыгінала) бліскучы. Беларускі тэкст з аўтэнтычнай карцінкай выглядаюць не проста гарманічна: узнікае адчуванне, што так было адпачатку. “Работа без швоў”. Алену Карп не чутно, толькі Маржан Сатрапі. Гэта вялікая ўдача: часцей даводзіцца чытаць Эдгара По з голасам Ганны Янкуты ці Букоўскі з інтанацыямі Юлі Цімафеевай.

Вяртаючыся да каштоўнасці рамана

Каштоўнасць рамана ў яго шматмернасці. “Персеполіс” можна прачытаць дзясяткамі спосабаў. Дасягнуць такога ўзроўню выказвання аўтарцы дапамагла адстароненасць. Маржан піша пра сябе літаральна, але не заломвае рукі, не пасыпае галаву попелам і не патрабуе сабе ўвагі і слязлівага спачування.

Выключна важнае мастацкае ўменне — падняцца над матэрыялам. Без гэтага ім не авалодаць і, адпаведна, не стварыць задуманае.

Маржан Сатрапі не змяншае ахвяру свайго народа, дакладней, яго часткі — сваіх аднадумцаў. Але і не ўзводзіць гісторыю іранцаў у шэраг абсалютных каштоўнасцяў. Ісламская рэвалюцыя — толькі кропля ў гісторыі іранцаў. Тым больш — персаў. І ўжо тым больш — чалавецтва.

“Персеполіс” удала дэманструе, што для моцнага мастацкага выказвання не патрабуюцца завоблачны пафас, вера ў сваю выключнасць і драма на мяжы з гістэрыкай.

Чаму гэта важна для беларусаў

“Персеполіс” — узор формы, у якой ужо цяпер, не чакаючы дзесяцігоддзяў аналізу, можна сказаць пра балючае. Пра зло і глупства ў праявах, з якімі сутыкнуліся мы.

Для эпічнага асэнсавання (буйной празаічнай формы) беларускія аўтары не саспелі. Прынамсі, не прыходзіць на розум мастак такой сілы, які б праз тры гады пасля сацыяльнага катаклізму змог бы ўсё асэнсаваць, адкінуць лішняе і стварыць мастацкую рэч — не агітку і не хроніку.

Замест 1979 года з Ісламскай рэвалюцыяй можна ўзяць 2010-ы са снежаньскай Плошчай. У 2020 годзе беларускай гераіні будзе акурат сямнаццаць, калі браць за адлік пачатковую школу, як у рамане Сатрапі. Гэта будзе такая ж гісторыя сталення на фоне маральнага раскладання палітычных элітаў і эканамічнага — краіны. Хопіць нашай гераіні і гендарных праблем: згадаем асаблівасці гінекалогіі ў дзяржаўных паліклініках ці словы гуллівых прафесароў “вуз — выйти удачно замуж”. Скажам проста: паралеляў больш чым дастаткова.

Што да пытання “пазыкі”, прыклады ёсць. “Гарэзлівы пацалунак” Евы Вайтоўскай “спісаны” з мангі. Па схеме “Графа Монтэ-Крыста” зробленая кніга Валера Гапеева “І ніхто не пойдзе пакрыўджаны”.

І яшчэ: удалы фармат для апісання найноўшай гісторыі не азначае, што ён лёгкі для выканання. Ці не асноўная кампанента “Персеполіса” — гумар. Без яго ірана-французскі “Персеполіс” непазбежна ператворыцца ў айчынны “Беларусалім”.