Пісьменніцкі позірк Паўла Анціпава абсалютна пазбаўлены драматызму. На жыццёвыя падзеі, нават сумныя, на сябе самога ды іншых персанажаў ён глядзіць іранічна. Таму ягоныя кнігі заўжды чытаеш з лёгкай усмешкай і настальгіяй.
Раманы “Верхом на звезде” і “Куда-нибудь приезжать, что-нибудь делать и уезжать” пераносяць нас у атмасферу “нулявых” і 2010-х, дзе пануюць маладосць, літтусоўка, адважнае безграшоўе і непераадольнае жаданне стаць пісьменнікам.
У новым выданні падкаста Павел распавядае, як нататкі і дзённікі дапамагаюць яму ўскрыць закансерваваны час, чым ён суцяшае сябе, калі крыўдзіць прататыпаў сваіх тэкстаў, чаму для яго важна пісаць пра самае асабістае і балючае — у тым ліку пра бацьку і сына. А вось на пытанне пра каханне не адказвае, бо хоча зрабіць яго матэрыялам для наступнай кнігі.
