Загрузка…

Сеня Стасюкевіч. Пяшчотнае і злоснае.

Сеня Стасюкевіч, гістарыня і даследчыца мястэчковасці, звяртае ўвагу на тэму перыферыі і ўскраіны. Аўтарка пастаянна апынаецца не ў тым месцы і не ў той час, прапускаючы цягнік, які вязе ў вялікую гісторыю. Тым не менш, паэтка адчувае, як наступствы гэтай гісторыі ўплываюць на ўсіх вакол.

Гэта выклікае і экалагічную трывогу (але хутка не застанецца ні гарачага чакаляду, ні бярозавага соку, ні нават вады), і вострае адчуванне дысанансу з часам, які ўзнікае ў цэнтры і ў апошнюю чаргу дасягае перыферыі. Рэвалюцыя, дастаўленая да парога кур’ерам, саступіла месца іншаму ўспрыманню адлегласці, адчуванню неабходнасці змен. Іх можна толькі прыняць, але нельга прынесці самастойна. Але маўчанне, якое навязалі суб’ектцы гэтых тэкстаў эміграцыяй, з’яўляецца спосабам звярнуцца да іншых — істот, якія таксама маўчаць, якія ніколі не гаварылі і ў якіх «няма голасу». Прыняўшы іх рэгістр і іх саматычную мову, Стасюкевіч пашырае сферу смутку і трывогі да планетарнага неўрозу, які пачынае выдзіраць калючкі з рук азёр і пячор.
Рэдактарка — Ліза Херэш

* * *

разрыў затамкі сэрца крата
ізноў ня вытрымала

каленную рэпку трактара
здала ў ламбард

цемечка каровы
аднесла на ловы

першую грыўку, зубкі грабяшка
пакінула ў сутарэннях гаража

адно не патэлефанавала
наконт закрутак на зіму

пакрыўдзіла

маргарынавы завод
міргае ўначы

і з гэтага вынікае толькі тое
што мы не ўмеем шыць

песьня адчаю

ад гэтых сьлёзаў мае вочы сталі зусім вялікімі

нагрувашчваюць процьмы меркаваньняў у інтэрнэце

а я веру толькі зямлі зямлі зямлі

веру, што нас ніколі не падзяліць

але хутка не застанецца ні гарачага чакаляду, ні бярозавага соку, ні нават вады

магчыма, нават нацыяналізму (але не дакладна)

калі б я жыла ў цэнтры горада, рэвалюцыі прыносілі б мне на сподачку, а я б толькі працягвала руку ў расчыненую фортачку і сьціскала іх моцна

але я заўжды ня ў той час ня ў тым мейсцы unlike гаўрыла прынцып

мёртвыя сабакі згрызаюць мае зрэнкі, калі я хаджу па дражэ або па страўсіных яйках

навошта мне самая яскравая блакітнасьць вачэй пры адсутнасьці функцыяналу?

нарэшце вырашаюся ўзяць у рукі зброю

у кватэры галоўнае — вільготнасьць паветра
і абавязкова, каб алоўкі былі завостраныя

ундесопр

нечакана скончыліся ўсе памады,
высахлі, проста як чаплі,
нечакана спалі ўсе шалі з паясьніцаў,
і нам няма больш чым грэцца

зараз тут усё запэцканае алівай,
нельга зьбіраць ураджаі ліпавага цьвету
і вужоў ня бачылі з пазамінулага лета

чэрствыя насоўкі, тугія пярсьцёнкі —
зьніклі ў студнях
тут людзі абіраюць не разьбірацца з пачуцьцямі

але калі раптам у гэтай сітуацыі табе захочацца зрабіць маё шчасьце ступеньню вымярэньня — я дазволю, не пабягу

сьнег шчыпле лагодную скуру кажаноў
ледзякі зьвісаюць са стаматалёгій, як зубы
і трамвайны пыл прыліпае да нашых дыхніцаў

тут забараняюць сітуацыі, якія выглядаюць лепей, чым адчуваюцца

мнеманічная дзяржава —
калі трэба завучваць, значыць гэтага няма

мы тут сядзем
будзем сушыць карэньне дзьмухаўцоў

* * *

але што калі я пакінула ўсю сьмеласьць там?

сьціснула, сьцішыла, закаркавала

мары разьбіваюцца аб келоіды
да абезвадненьня. сьнегам за каўнер

моль, што ліпіць на бухматым кусьце ажынаў, па ўласным жаданьні зьняволіўшая сябе ў цемру і сьляпую турму, нырае ў жгут. суправаджае яе велічэзны статак вусеняў

зьбіваючы старога сказаў, што я вітаю прэзідэнта ЁН аддае маёмасьць без ахвяры Гравітацыя Зоры Сьнег

злы званар кідае жонку ў павуціньне расколінаў, калі ён перамагае

мёртвыя багоўкі на зубах з чырвоных становяцца радзімкамі

ныркі калядных гірляндаў раз’язджаюцца ў шпагат

нарэшце шпарка няшчасна ўсе гэтыя словы сапраўды прыходзяць мне ў галаву ў момант пісьма

валасы лушчацца, мароз робіць дыханьне грубейшым

не заўважаю, як кавалак айфонаўскага шкла падае мне ў вячэру і гісторыя кая пачынаецца наноў

Я-САПРАЎДНАЕ закапанае пад купай прачытаных кніжак разгубленых пісьменьнікаў, філёзафаў, вар’ятаў

гэта магло б трываць бясконца, але я кладуся спаць. смеласьць мая там.

на ўскрайках гольфавага поля

канюшына падобная да гальфістаў,
бесклапотных, зь пяшчотнымі непашкоджанымі галёнкаступнямі —
іх лёгка пераблытаць з ватнымі дыскамі

твае вушы ўваўрэлі ад навушнікаў,
трывожны хлопчык, напісаны каліграфічным почыркам,
з блакітным лакам на пазногцях

ножка ровара трапляе ў шчыліну паміж дошкамі, як абцас,
рукі мае — усё ў мошках лабавое шкло

стаім пад сонцам
засмагваем пад самалётамі

ён — памятае ўсе паролі напамяць
я — часта фатаграфую тое, у чаго няма права голасу

наводдалі зьвіняць буйкі
улетку ўсе дзьвярныя ручкі запэцканыя спфкамі
акрэсьленыя расьцяжкі воданапорнай вежы

бясконцасьць заключаная ў вандроўцы да мейсца, у якое ня хочацца вяртацца

у любімых ляжанках сабакаў, жменях сэрца, спартыўных сэкундамерах —

я знаходжуся паўсюдна

litradio.by · Сеня Стасюкевіч. Пяшчотнае і злоснае.

Сеня Стасюкевіч — паэтка ў прозе, гістарыня. Выпускніца школы маладога пісьменніка (2023), удзельніца лабараторыі «Карані / Лісце». Публікавалася ў фем-архіве «Расцяжэнне» і зборніку «Карані / Лісце». Жыве ў Мінэсоце.